Нарысы па беларускай літаратуры XX ст

Нарысы па беларускай літаратуры XX ст

Для старэйшага школьнага ўзросту
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 438с.
Мінск 2010
122.89 МБ
Сапраўдная паэзія не абыходзіцца без рамантычнага пачатку, які закліканы адлюстраваць багацце асобы, высокі палёт думкі і пачуцця.
Рамантычныя сферы былі падуладныя — хоць і некалькі ў іншым плане, чым У. Караткевічу,— Кастусю Кірэенку (1918—1988). Узвышаныя тоны заўсёды дамінавалі ў эмацыянальным спектры гэтага паэта. Напор страсцей, выбух эмоцый, напружанасць псіхалагічных сітуацый характэрны самым першым яго кнігам. He зменшылася гэтых якасцей у яго і ў 70—80-я гг., але яны сталі, здаецца, болып строгімі, асэнсаванымі. Паэт усім сваім лірычным пафасам сцвярджаў высокі лад пачуццяў, адказнасць перад часам і нашчадкамі. Аўтару амаль неўласцівыя паўтоны, адценні. Калі звон, то аглушальны, раса — цяжкая, навальніца — бязлітасная, удар — люты, хмара — чорная і г. д. I ў гэтым таксама бачыцца своеасаблівасць яго стылю, у якім арганічна злучыліся драматычны філасофскі і песенны пачаткі.
Пры ўсёй шырыні творчага дыяпазону паэта напорысты, валявы, рамантычны стыль складаў, на наш погляд, галоўную своеасаблівасць яго творчай індывідуальнасці. Апорныя паняцці яго лірычнага пафасу — Радзіма, маці, родны край, жыццё, чалавек... За гэтымі выключна багатымі па сваім сацыяльна-эстэтычным змесце сэнсавымі адзінкамі для паэта заўсёды стаялі вялікія духоўныя каштоўнасці, якія прыходзілася абараняць і адстойваць у суровых бітвах.
Узвышана-рамантычнаму стылю нярэдка спадарожнічае небяспека паэтычнага штампа, вядомага спрашчэння і абяднення лірычнага характару. He пазбегнуў гэтага і К. Кірэенка — нярэдка на першы план у яго выступаў тэмперамент
ва ўрон гарманічнаму злучэнню эмоцыі з думкай. У сталай стадыі творчасці паэт у многім пераадолеў гэты недахоп. Дзіўная прыгажосць родных рэк, зямлі, жыцця поўніла сэрца паэта высокімі пачуццямі і многае вызначала ў яго светаадчуванні. Я сказаў бы нават, што духоўны светапогляд К. Кірэенкі грунтаваўся менавіта на гэтым ідэальным баку жыцця, на замілаванні натуральным, спрадвечным яго ходам.
I ўсё ж няма шчасліўшай долі, Чым жыць, яшчэ раз — жыць. Глядзі,
Вунь кружыць птах над полем —
Так будзе й век кружыць1.
«Iўсё ж няма шчасліўшай долі...»
Тут таксама выяўляёцца «кут бачання» паэта — так ён успрымаў жыццё, чалавека ў ім. I гэта не нейкае сузіральнастатычнае ўспрыманне — яго жывіла ўласцівая рамантызму ненатольная прага пазнання.
Спрадвечнае не выключае часовага, сённяшняга, актуальнага — пра гэта ідзе гаворка ў вершы «Анкета паэта». Хоць ён адрасаваны сябрам-паэтам, аднак не памыліцца той, хто зразумее верш як інтымны ліст яму асабіста.
Ці бачыў, ці стрэў ты, паэце, сёлетні крыгалом?
Ці слухаў
пчалы на дасвецці звонкі ўзлёт над вуллём?
Ці вёў праз агністую лотаць
каня —
з быстры напаіць?
Ці бачыў, як вучацца лётаць крыжанкі — аж крылле звініць?2
Такія радкі, мне здаецца, павінны знайсці дарогу ў сэрца кожнага, нават таго, хто, на жаль, і не вельмі здольны так непасрэдна, так востра і свежа адчуваць і суперажываць гэтым цудоўным праявам жыцця.
1 Кірэенка, К. Надзея.— Мінск, 1985. С. 109.
2 Тамсама. С. 76.
Будучы вельмі эмацыянальным, унутрана ўзрушаным, паэт умеў узгадніць эмоцыю з думкай, ураўнаважыць два гэтыя паэтычныя пачаткі, якія жывілі яго вобразнае ўяўленне.
Форма лірычнага, у дадзеным выпадку ўзвышана-рамантычнага маналога надзвычай умяшчальная, рухомая, багатая на разнастайнасць інтанацый. Аўтар карыстаўся ёю ў вершах, дзе яго асоба і асоба лірычнага героя зліваліся паміж сабой (паэма «Трыпутнік» і інш.). Яго паэзія ўспрымаецца — як гэта і мае быць — глыбока асабістай, аўтабіяграфічнай. Але ў асабістай эмоцыі тоіцца агульназначны змест, чуецца выразнае грамадскае гучанне. Чытаючы «Сіні вырай» (1976), «Вёсны веснаваць» (1979), «Дэкрэтам сэрца» (1983), «Надзея» (1985) і іншыя яго кнігі, заўважаеш новыя бакі яго рамантызму. Відаць, як узмацнілася любоў да ўсяго жывога, безабароннага. Усё часцей герой бачыўся на лоне прыроды. Лірыка К. Кірэенкі ў лепшых творах — калі ўжыць сучасны выраз — раскрывала «дадатковыя рэзервы» маральных запасаў аўтара, скарбніцу яго душэўных набыткаў і сведчыла аб жыццяздольнасці самой рамантычнай плыні ў сучаснай паэзіі.
Паэзія К. Кірэенкі, па сутнасці, звернута да ідэальнага ў чалавеку. Ен пераўтвараў рэчаіснасць у гарманічнай адпаведнасці з уласцівым яму рамантычна-ўзнёслым ідэалам, і гэтая акалічнасць у многім вызначыла спецыфіку вобразнасці і характар моўных сродкаў якія выяўляюць драматызм і экспрэсію яго лірыкі, яе эмацыянальнасць, глыбіню сацыяльных абагульненняў. «Маладыя сны», «лятункі вясны», «праменны гай», «пяклівы след», «мройны далягляд», «непасільная мука», «агнёвая песня», «гаючая вада», «жыццядайная сіла», «праменная казка», «шчодры свет», «чароўны лік» — у К. Кірэенкі ўся гэтая вобразнасць выступае як нешта вельмі прыдатнае і арганічнае для яго. У каго іншага яна б і не ўспрымалася, а тут дарэчы — з усімі сваімі мастацкімі «лішкамі» і перабольшаннямі.
Рамантызм К. Кірэенкі якраз і быў абумоўлены асаблівасцямі яго светаадчування, глыбінёй эмацыянальнага пранікнення ў навакольны свет, імкненнем зрабіць яго больш багатым на чалавечнасць. У эмацыянальным спектры заўсёды
пераважаў узнёслы тон, які праяўляўся ў грамадзянскім пафасе гэтага паэта, у вастрыні і напружанасці псіхалагічных сітуацый, уласцівых яго творам.
Знаходжанне ў межах адной стылявой плыні, як бачым, не паслабляе індывідуальнай арыгінальнасці і непаўторнасці мастака. Хутчэй наадварот: садзейнічае іх творчаму выяўленню.
Стылявая дамінанта творчасці такога паэта, як Янка Сіпакоў (н. 1936 г.), таксама змяшчаецца ў рэчышчы рамантычнай плыні. 3 рамантызмам яго лучыць ідэалізаванаабагульнены погляд на рэчаіснасць.
«Характары паэзіі і прозы Я. Сіпакова,— лічыць В. Іпатава,— існуюць і ў канкрэтным часе — і ў Часе ўвогуле. Маці, якая, згубіўшы на вайне мужа і дваіх дзяцей, вярнулася на роднае папялішча, каб нанава будаваць жыццё,— вобраз не новы ў літаратуры, але паэт надзяліў яе непаўторнай жыццёвай канкрэтнасцю часу, і мы ўспрымаем яе перш за ўсё як вобраз менавіта Партызанскай Маці («Сяўба») і ў той жа час бачым у ёй збіральны вобраз усіх тых незлічоных жанчынславянак, што прыходзілі на зруйнаваную зямлю, каб упрыгожваць яе зноў і зноў...»1
Творчасць Я. Сіпакова — разнастайная паводле жанраў і тэм — адлюстроўвае шматаблічча чалавечага жыцця. Асаблівую ўвагу аўтар удзяляе сучасніку, яго непарыўнай сувязі з гісторыяй, узаемаадносінам з грамадствам і прыродай, актыўна шукае нетрадыцыйныя сродкі паэтычнага выяўлення.
Паэт умее перадаць усхваляваны стан чалавечай душы, хараство і прывабнасць рамантычнага ідэалу.
Раніца. Сонца. Ралля.
Трава ўся ў pace — як плача.
Неба. I навісь галля... Дзе я ўсё гэта бачыў? Туман. Рачулка. Лугі. У кожнай расіне — па промню. Краскі — яшчэ без смугі...
Адкуль я ўсё гэта помню?2
1 ЛіМ. 1978. 13 студз.
2 Сіпакоў, Я. У поудзень, да вады,— Мінск, 1976. С. 13.
Узвышаючы чалавека і ідэалізуючы яго, Я. Сіпакоў не адыходзіць ад праўды жыцця, і ў гэтым заслуга сучаснай рамантычнай паэзіі, у тым ліку маладой.
Непаўторную рамантычную афарбоўку маюць таксама і галасы іншых сучасных беларускіх паэтаў розных пакаленняў. Асобныя рысы рамантычнага стылю без цяжкасці можна было б адшукаць у М. Танка, П. Панчанкі, А. Вярцінскага, В. Зуёнка, В. Коўтун, У. Някляева, М. Мятліцкага, Л. Галубовіча, В. Шніпа і іншых, глыбіннай існасцю сваёй творчасці звязаных, аднак, з «нерамантычнымі» стылявымі плынямі.
Безумоўна, у творчасці некаторых паэтаў можна знайсці і элементы псеўдарамантызму. Гэта небяспечна. Важна, каб рамантызм не страчваў ад прыроды ўласцівую яму экспрэсію, падмяняючы яе рамантычнымі эфектамі.
Лірычна-публіцыстычная плынь
Размова пра рысы апавядальнасці і рамантызму ў сучаснай беларускай паэзіі падводзіць да думкі аб узмацненні яе сацыяльна-палітычнага гучання, што асабліва кідаецца ў вочы на сённяшнім этапе. Сёння паэзія не можа абысціся без звароту да публіцыстыкі, якая не абмінае простых формаў, часта характарызуецца выкарыстаннем мовы «дакладнай і голай» і абапіраецца на непасрэдны «рух» пачуццяў. Сучасная публіцыстычная паэзія грунтуецца на фактах, яна насычана фактамі, у якіх і заключаецца яе ідэйная і эмацыянальная сіла. Зрэшты, гэта не ўпершыню — у беларускай паэзіі, трэба сказаць, заўсёды адчуваліся публіцыстычны струмень і тэндэнцыйнасць, звязаныя з барацьбой за сацыяльнае і духоўнае вызваленне народа, за ператварэнне «краёвай» свядомасці ў нацыянальную. Жывыя старонкі такой «барацьбянай» паэзіі, звернутай да шырокага дэмакратычнага адрасата, знаходзім у палемічнай літаратуры XVI — першай палавіны XVII ст., у дакастрычніцкай творчасці Янкі Купалы, Якуба Коласа, А. Гаруна, Г. Леўчыка... Дастаткова прыгадаць хаця б такія напісаныя ў розныя гады палемічныя вершы Купалы, як
«Ворагам Беларушчыны», «Я не для вас...», «Адповедзь», «Не рвіся к багатым», «Роднае слова» (1910), «Апекунам», «Блізкім і далёкім», «Мая вера», «Адшчапенцам (заходнім)» і інш.
Сённяшнюю гаворку пра лірычна-публіцыстычную плынь у беларускай паэзіі даводзіцца пачынаць з Пімена Панчанкі (1917—1995), які займаў тут вядучае становішча. Р. Шкраба на гэты конт трапна заўважыў: «П. Панчанка піша толькі пра тое, што ўскалыхнула яго самога, прымусіла мацней біцца сэрца, вывела яго з раўнавагі. Неабыякавасць, пачуццё асабістай зацікаўленасці, імкненне давесці свой погляд, падзяліцца самым патаемным з другім чалавекам — у гэтым і ёсць адзнака сапраўднай паэзіі:
Я вершы пішу, бо душа ўстрывожана любоЎю і болем за кожнага з вас1.
ГІ. Панчанка — сапраўдны паэт-грамадзянін, які валодаў жыццёвым і мастакоўскім досведам. Характэрнае для 60— 70-х гг. і асабліва ў сярэдзіне 80-х узрастанне публіцыстычнасці, моўнай напружанасці верша асабліва адчувалася ў яго. Паэт сучаснасці — такое вызначэнне за ім замацавалася даўно і трывала. Некаторыя могуць запярэчыць: а як жа інакш, ці магчымы сапраўдны паэт па-за сваёй эпохай, па-за часам? He, вядома. I ўсё ж у Панчанкі сувязь са сваім часам была асабліва нераўнадушная, асабліва абвостраная, што адбілася на ўсім жанрава-стылявым, мастацкім абліччы яго паэзіі, яе эмацыянальным ладзе. Кнігі яго — не толькі яркі летапіс жыцця, але і глыбокае раскрыццё духоўнага свету сучасніка, зацікаўленая размова аб яго спадзяваннях і клопатах. Вастрыня пастаноўкі сацыяльна-маральных пытанняў у яго творах прасякнута глыбокім лірызмам і па-сапраўднаму грамадзянскай страснасцю.