Нарысы па беларускай літаратуры XX ст

Нарысы па беларускай літаратуры XX ст

Для старэйшага школьнага ўзросту
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 438с.
Мінск 2010
122.89 МБ
1 Куляшоў, А. Крылы.— Мінск, 1985. С. 190.
праблемы свабоды, дзяржаўнасці, вайны, справядлівасці і несправядлівасці — тое, што закранае анталагічныя асновы чалавечага быцця і агульначалавечыя жыццёвыя каштоўнасці. Такі аб’ект паэтычнага асэнсавання патрабуе актывізацыі мастацкай думкі, падключэння ўсіх духоўных магчымасцей чалавека з апорай на багацце і мудрасць гістарычнага досведу народа.
Індывідуальны стыль, відаць, асабліва яскрава праяўляецца там, дзе паэт якраз і закранае вечныя тэмы і пытанні чалавечага быцця. «Новая кніга» А. Куляшова, яго зборнікі «Сасна і бяроза» (1970), «Хуткасць» (1976) і іншыя сталі вельмі важным этапам беларускай паэзіі паводле філасофскай праблематыкі, канцэптуальнай завершанасці, характару ідэйна-мастацкага абагульнення і ўнутранай насычанасці лірызму. Яны вызначылі важнейшыя рысы яе стылявога аблічча і ў многім абумовілі філасофска-аналітычныя тэндэнцыі. Аўтар імкнуўся да глыбокага і ўсебаковага асэнсавання складаных жыццёвых з’яў, раскрыцця маральна-псіхалагічнага досведу сучасніка, яго духоўных магчымасцей. Лірычнае перажыванне ў А. Куляшова — спавядальнае паводле сваёй існасці. У асобе яго героя («Я — трэці свет...») скрыжоўваюцца і злучаюцца прыватнае і агульнае, мінулае і будучыня, прастора, час, эпохі.
Каб зразумець свой час, неабходна адчуць дыханне вечнасці: усё часцей бачым паэта ў роздумах — над мінулым і будучым, марамі і рэчаіснасцю, чаканнямі і іх ажыццяўленнем. Пільна ўглядаецца ён у мінулае, у перажытае, пераносіць адтуль у наш час вобразы мінулых дзён, каб адчуць агульнае ў сваім лёсе і лёсе іншых. У гэтай сістэме асабістых душэўных і паэтычных «каардынат» набываюць глыбокі ўнутраны змест словы і пра «былых тысячагоддзяў дні», і пра будучыню — «нязгаснага жыцця працяг». Стагоддзі і дзесяцігоддзі, увесь жыццёвы шлях і кароткія імгненні хуткацечнага жыцця становяцца часткамі ўсёабдымнага і шматмернага прасторавачасавага зместу яго кніг. Усё гэта патрабавала ўзбагачэння мастацкага досведу і сродкаў выразнасці. А. Куляшоў быў цвёрда перакананы: «Ніхто, ні эпік, ні лірык, ні паэт-трыбун,
не мае права быць у працяглым палоне адных і тых жа тэм і набытых ім паэтычных сродкаў. Крыўдна бывае за талент мастака, калі ім з верша ў верш эксплуатуюцца адны і тыя ж росы, вясёлкі, крыніцы, васількі, шумныя вятры, бары, струны, хвоі і інш. Хоць, здаецца, паэт не стаіць на месцы, стварае на аснове набытых вобразаў разнастайна магчымыя варыянты іх, але такі рух мог бы быць і больш шпаркі»1.
Даўно вядома і не раз паўторана, што стыль — гэта чалавек, а паэзія — адбітак чалавечых перажыванняў. На паэта ўплывае сам час, а на паэзію — яго формы. Паэтыка А. Куляшова новая і адначасова старая як свет. Навацый, якія б кідаліся ў вочы, у яго не знойдзем. Вечнасць тэмы адпавядае традыцыйнасці формы.
Я, ўлюбёны ў жыццё, не скаруся пагрозе На праводзінах тых, на памінках старых. Выйду з лесу і стану ў зімы на парозе Дрэвам я, што лістоў не губляе сваіх.
Я трымаў іх з вясны, да вясны датрымаю, He развею па свеце, не кіну ў бяду, Дружным гюшукам іх новы май прывітаю I з адзінаю просьбай на дол упаду:
— Адгукніся, вясна, мне зязюляй з-за рэчкі, Дай яшчэ раз прыпасці да любай зямлі I каштанаў сваіх незгасальныя свечкі Над маёй адшумеўшай вясной запалі!..2
«Пра восень»
Тут надзвычай абвострана адчуванне жыцця, перад якім нішто нават страх смерці.
Стыль Куляшова звяртае на сябе ўвагу гарманічнай зладжанасцю і ўраўнаважанасцю жыццёвых і паэтычных ісцін. Строгі лад верша, ёмістасць перажывання, мастацкая завершанасць вобраза дае магчымасць паэту заставацца і касмічным, і асабістым, інтымным адначасова. Паэзія А. Куляшова насычана глыбокім драматызмам. У яго творах знаходзім незвычайную канцэнтрацыю зместу, думкі і пачуцця.
1 Куляшоў, А. 36. тв.: У 5 т. Т. 5.— Мінск, 1977. С. 432.
2 Куляшоу, А. Крылы. С. 191.
Сцвярджае час: заўжды жыццю на змену Прыходзіць смерць, для ўсіх — адзін закон, I некалі жыццёвую арэну Пакіне род людскі на схіле дзён.
Ты клічнік ставіш, час!
А я — пытальнік:
А што, калі закон парушыць той
Мой слаўны род і вынайдзе — стваральнік — Жывы бялок, што злучыцца з вадой I дзікаватым племем неўміручым Расселіцца па ўсіх мацерыках?..1
Есць падставы сцвярджаць, што ў яго паэзіі мастацкае пазнанне злучаецца з навуковым. У свой час А. Эйнштэйн прызнаваўся, што Дастаеўскі (які, як вядома, называў свой рэалізм «фантастычным») даў яму болып, чым вышэйшая матэматыка Гаўса. Гэты кантакт паміж імі адбыўся, відаць, на нейкім светапоглядным узроўні і быў абумоўлены адзінствам духоўных «звышзадач», якія стаяць перад кожным з іх. Пазнанне свету, шляхі сацыяльнага і маральнага прагрэсу, сусветная гармонія і чалавек, яго лёс, адносіны да будучага — усё гэта вельмі хвалявала і Дастаеўскага, і Эйнштэйна, якога захапляў складаны дэтэрмінізм у паводзінах герояў рускага раманіста (вядомае «раптам»). Свет Эйнштэйна меў патрэбнасць у новым, больш глыбокім узаемапранікненні аб’ектыўнага і суб’ектыўнага, у новым — чалавечым! — вымярэнні сувязей паміж з’явамі, якія адкрывала навука.
Ідэі Дастаеўскага і Эйнштэйна, іх думкі і адкрыцці пэўным чынам уплываюць на характар сучаснага мастацкага мыслення. Іх адлюстраванне знаходзім і ў «Новай кнізе» Куляшова — паэта, які надзіва глыбока адчуваў адзінства свету і гістарызм яго развіцця, усеагульную сувязь з’яў.
Хацеў бы век, які ўжо на зыходзе, Забраць мяне з сабой, а я руку Гарачую працягваю прыродзе — 3 дваццатага ў трыццатае стагоддзе2.
1 Куляшоў, А. Крылы. С. 209.
2 Куляшоу, А. Зо. тв. У 4 т. Т. 3,— Мінск, 1967. С. 66.
Гармонія інтэлектуальнага і эмацыянальнага пачаткаў з’яўляецца стылеўтваральным цэнтрам паэзіі А. Куляшова. «Новая кніга», а таксама зборнікі «Сасна і бяроза», «Хуткасць» і іншыя намнога абагацілі асацыятыўныя магчымасці беларускай паэзіі. А. Куляшоў, як і П. Панчанка, стаў прызнаным майстрам разгорнутай асацыятыўнай метафары, вельмі актыўнай у адносінах да часу, здольнай пранікнуць у існасць з’явы. У вершы «Сасна і бяроза» такая метафара бачыцца нам у касмічным вобразе сасны і бярозы, якія трымаюць на сваіх каранях зямны шар: «А што, як Зямлю нашу выпусцяць з рук // Сасна і бяроза?» Думка паэта накіроўваецца ў касмічныя далячыні, якія трансфармуюць жыццёвыя ўражанні ў духоўнае адзінства асаблівай уласцівасці, нараджаючы свае «паэтычныя» прасторавачасавыя і маральныя вымярэнні: паэзія Куляшова сцвярджае глыбіню і маштабнасць думкі, роўнай свайму стагоддзю, блізкай яго трывогам і клопатам. Верш паэта адзначаны «крутым рытмам» сённяшняга дня, у якім, аднак, аўтару бачацца і рысы вечнага, устойлівага. Ен красамоўна сведчыць аб тым, наколькі абнавілася пачуццё часу і прасторы ў яго кнігах і як абагацілася яго лірычнае «я», здольнасць па-новаму ўспрымаць рэчаіснасць паміж будучым і былым. Паэту быццам бы прыходзіцца жыць і ў сённяшнім, і ў мінулым, якія як бы перамешаны ў яго свядомасці. Гэта яго духоўная пазіцыя, якая, грунтуючыся на ўсім перажытым, давала магчымасць глыбей зразумець рэчаіснасць, дапамагае ўбачыць жыццё ў руху, у змяненнях, успрымаць яго як працэс.
А. Куляшоў адмаўляў статычнасць быцця ў імя яго руху, барацьбы процілегласцей, парыву да бясконцасці. Збліжэнне розных душэўных планаў, проціборства пачуццяў падкрэсліваліся скразной рыфмоўкай, пераносамі, павелічэннем страфы да размераў вялікага сінтаксічнага перыяду, рознымі формамі гукавой інструментоўкі.
Сэнсавая ёмістасць стылю А. Куляшова асабліва ўзрасла ў яго творах канца 60-х — пачатку 70-х гг. Гаворачы пра верш «Ужо даўно абрус зімовы...», А. Кучар, спыняючыся на радках «Яму, без мовы, як называць вясну вясной?», вельмі дакладна адзначыў, што аўтар «даўно адмовіўся ад устарэлых
і ўжо зааўтаматызаваных формаў паэтычнасці, калі спяванне птушкі, шум лесу, бег ручая, толькі названыя, былі і паэтычнымі катэгорыямі. Цяпер інакш. Мала сказаць, што лес маўчыць. Як аб прыроднай з’яве, гэтым будзе сказана ўсё. Паэзія з’явіцца ад іншага. Лес нямы. Ен паўстае перад намі як жывая істота, якая пакутуе ад сваёй нематы. А яму без мовы нельга назваць «вясну вясной». Вось у гэтым радку і галоўнае. Здаецца, гэты нямы як бы корчыцца ад натугі, каб выкрыкнуць ёмкае, агністае слова “вясна”»1.
Немату лесу дапамагае пераадолець зязюля, якая абуджае яго сваім кукаваннем. Гэтаксама, хоча сказаць паэт, і чалавечая прысутнасць у свеце надае яму сэнс і разумнасць. А. Куляшову была ўласціва незвычайная шырыня грамадскіх сувязей чалавека з жыццём, гісторыяй, светам. Паэта хвалююць лёс свету і лёс асобнага чалавека, тэма памяці, часу, радзімы. Ен шукае асноваўтваральныя духоўныя каштоўнасці, на якіх грунтуецца нармальная, асэнсаваная чалавечая жыццядзейнасць і якія здольны зберагчы асобу ў драматычных абставінах канца XX ст.
Выдатная старонка сучаснага беларускага паэтычнага эпасу — паэмы А. Куляшова. Ён многага дасягнуў у пошуках вялікай поліфанічнай формы, якая адпавядае духу сучаснасці. Паэма «Варшаўскі шлях» прысвечана памяці выдатнага рускага паэта А. Твардоўскага, з якім А. Куляшова яднала яшчэ з 30-х гг. моцная дружба. Лёс А. Твардоўскага складаўся вельмі драматычна і адбіў у сабе драматызм і складанасць самога часу. Пра гэта расказваецца ў паэме. Вобраз рускага паэта намаляваны з вялікай любоўю — гэта чалавек «з душой жняі, з рукамі каваля», разумны і добры. У паэме шмат рэмінісцэнцый з яго твораў: «а ўсё ж, а ўсё ж», «за даллю даль», «запоўнены таварышамі бераг» і інш. 3 эмацыянальнага боку паэма не толькі не пазбаўлена прастаты і непасрэднасці — яны ў ёй дамінуюць. Тут у А. Куляшова не знойдзем якіх-небудзь штучных «эфектаў». У той жа час — і гэта галоўнае — яна глыбока прасякнута філасофскім настроем, жаданнем разгадаць паэ-
1 ЛіМ. 1969. 31 студз.
тычны феномен і «таямніцу чалавечага быцця», зразумець прызначэнне чалавека.
Хан ісціны старэюць з году ў год, Хай сэрца разрывае гук жалезны, А ты за ўсё ў адказе, мой балесны, За справу, за дзяржаву, за народ1.
У паэме адлюстравалася арганічная сувязь паэзіі з светаадчуваннем сучаснага чалавека, вострае пачуццё асабістага дачынення да лёсаў усяго чалавецтва.
Паэт апеляваў да чалавечага розуму. Вядома, разумны, рацыянальны пачатак у паэме не зводзіцца да адных афарызмаў. Значэнне ідэйных і маральных каштоўнасцей аўтар імкнецца вызначыць з дапамогай дакладнага, свабоднага ад якіх-небудзь упрыгожванняў верша. Ён узнімае пытанне аб перспектывах чалавечай цывілізацыі, аб лёсе яе духоўнай і матэрыяльнай культуры, аб пераемнасці, развіцці маральнага пачатку. Паэма адзначана шырынёй і пранікнёнасцю сацыяльна-гістарычнага і філасофскага погляду на свет.