Нарысы па беларускай літаратуры XX ст

Нарысы па беларускай літаратуры XX ст

Для старэйшага школьнага ўзросту
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 438с.
Мінск 2010
122.89 МБ
Да Стральцова ён не падобны. У П. Макаля свая інтанацыя, свой лірычны пульс, які забяспечваецца сродкамі як «сабранага», так і «свабоднага» верша.
Калі б пачаць нанова, усё было б не так... Я абмінуў бы пасткі бед, якія мяне падпільноўвалі. Як абмінуў бы?
Людзі яшчэ не стварылі карту, якая б пазначыла мясціны бед і катасроф, што нас падпільноўваюць... Дзень мой заўтрашні, абміні калдобіны. стромы і камяні1.
«Калі б пачаць нанова...»
Адчуваецца рука майстра, які ўмее падпарадкаваць форму задачам зместу. Ды формы, па праўдзе сказаць, тут і не відаць — яна ўся перайшла ў змест, прытчу, малітву, сагрэтую шчырасцю і душэўным цяплом. Паэзія П. Макаля моцна звязана з сучаснасцю, для выяўлення якой паэт шырока выкарыстоўвае ўмоўна-асацыятыўную вобразнасць, сродкі іроніі і сатыры, розны тып верша. «Не будзе перабольшаннем сказаць,— пісаў ён,— што наш век — гэта пераважна век думкі. Маштабнасць мыслення, філасафічнага роздуму над жыццём, шырыні мастацкіх абагульненняў — вось чаго патрабуе ад лірыкаў час»2.
1 Макаль, П. Асенняя пошта лістоты.— Мінск, 1987. С. 63.
2 ЛІМ. 1962. 22 верас.
Вядома, П. Макалю не чужая і пластыка, але не ў ёй самой па сабе справа — яна падначалена больш агульным паэтычным ідэям. Ён здольны ўзбуйняць рэчаіснасць, мастацкі вобраз у яго паэзіі развівае свае асацыятыўныя магчымасці. Узрастае роля метафары, раскаванага верша. Рэчаіснасць абагульняецца ва ўмоўна-асацыятыўных сімвалах.
Талент паэта-філосафа рэдкі, таму што для гэтага мала аднаго эмацыянальнага пачуцця жыцця, мала ўмення пісаць вершы, думаць вобразамі... Патрэбна сталасць светапогляду, які, у сваю чаргу, становіцца актыўным у эстэтычным плане — дабратворна ўплывае на развіццё майстэрства.
—	Вы адкуль?
—	Мы — ад куль.
Мы — з вайны.
Мы — званы.
Мы — дамы.
Мы — дымы.
Каміны.
Камяні1.
Рыфма ў паэта скіравана на выяўленне ўнутранай формы слова. Яна змястоўная па сваёй эстэтычнай існасці.
Лірычны герой П. Макаля — чалавек з вострым зрокам і пачуццямі. Аднак у вершах паэта няма таго характэрнага, скажам, для А. Пысіна і М. Стральцова «абвалакваючага», адухаўляючага лірызму, які ўключае ў сферу свайго прыцягнення ўсе прадметы і з’явы навакольнага свету, усе адчуванні.
Умоўнасць у яго, аднак,— пры ўсёй нечаканасці формы — рэдка супярэчыць зместу, таму што накіравана на асэнсаванне пэўных рэальных з’яў. Сумяшчаючы малое з вялікім, звычайнае з незвычайным, ён па-свойму абжывае свет, умее знайсці незвычайны ракурс, пераасэнсаваць семантыку слова і ў многім дабіваецца жадаемага выніку. «Бор, як роздум, глыбокі»,— гаворыць ён, смела спалучаючы ў адным вобразе вельмі аддаленыя паняцці.
Мова яго — афарыстычная: «мае радкі — працяг маёй рукі», «мой лес — мой лёс», «...пасланнік поля — хлеб»,
1 Макаль, П. Поле.— Мінск, 1978. С. 53.
«робат-лектар» і «ў травы забіраюць правы»; «вытокі — вытокі»...
Філасофска-інтэлектуальная паэзія мае свае — лірычныя (думка-перажыванне) — аргументы і доказы, якія грунтуюцца на глыбокім засваенні чалавечага досведу. Гэта добра відаць у Анатоля Вярцінскага (н. у 1931 г.), паэзія якога звязана з развіццём псіхалагічна паглыбленага, аналітычнага стылю. Маральнае быццё чалавека, свет яго духоўнай дзейнасці — вось што асабліва цікавіць паэта. Ён робіць упор на думку, не баючыся пры гэтым ні сухасці, ні празмернай разважлівасці. Многія яго вершы накіраваны на даследаванне, аналіз якой-небудзь праблемы. У гэтым сэнсе вельмі характэрны верш «Данайцы», у якім аўтар выступае супраць атаясамлівання пільнасці з падазронасцю, а таксама такія творы, як «Бяссрэбранікі», «Дзівак-чалавек», «Хунвейбіны», «Я фільм глядзеў...», «Дзве паралельныя прамыя», «Высокае неба ідэала» і інш. Вярцінскаму блізкі аўталагічны прынцып, які вядзе да збліжэння паэзіі з прозай. Аднак «празаізацыя» верша не прыводзіць у яго да змяшання мовы паэтычнай і празаічнай, хоць мова паэта «графічная», «лагізаваная» — у процілегласць, скажам, «жывапіснаму» В Барадуліну.
А. Вярцінскі ахвотна і часта звяртаецца да слова «нявобразнага», звычайнага, будзённага. У гэтым праявіўся своеасаблівы антыэстэтызм паэта.
Людзі простыя гадаюць, знаць жадаюць і пытаюць. што людзі вялікія ядуць. А людзі вялікія тое ядуць, што людзі простыя ім дадуць. Яшчэ гадаюць людзі простыя, на чым вялікія людзі спяць, хаця ткуць самі коўдры і просціны, хаця самім даводзіцца слаць...
Ах, простыя людзі, простыя людзі, калі вам усё зразумела будзе?1
«Людзі простыя гадаюць...»
1 Вярцінскі, А. Выбранае.— Мінск, 1973. С. 127.
Эстэтычная рэальнасць ствараецца тут з дапамогай «нявобразнай» мовы, «простых» слоў, што ўзмацняюць натуральнасць і канкрэтнасць душэўнага жэста паэта. Праўда, у інтарэсах «справы» ён захоўвае страфічную будову верша, рыфму (некалькі спрошчаную: ядуць-дадуць), стварае своеасаблівую атмасферу наіўнасці, якая садзейнічае ідэйна-маральнаму «завастрэнню» ўнутранай праблематыкі твора, робіць болып выразнай і даходлівай асноўную думку.
У некаторых творах паэта ёсць нешта ад трактата, прытчы, навелы. Элементы паэтыкі іншых жанраў пераасэнсоўваюцца і становяцца прыёмамі вершаванага маўлення.
He дражніце гусей,
не дражніце гусей.
Гусі будуць крычаць яшчэ галасней.
Гусі любяць, каб іх шанавалі:
яны, гусі, Рым ратавалі.
Каб не гусі, загінуў бы Рым, каб не гусі, дык пала б імперыя. He дражніце гусей, а спявайце ім гімн: «Гусі белыя, гусі верныя...» Стаўце чучалы іх у музей...1
«Не дражніце гусей»
Гусі ў дадзеным выпадку — гэта той камандна-бюракратычны апарат, які жыве сваімі ўяўнымі заслугамі і не церпіць іншых да сябе адносін, як толькі павага і пакланенне.
Інтанацыя паэта набліжаецца да жывой канкрэтнай гаворкі, хоць і не пазбаўленай пэўных паэтычных умоўнасцей. Сувязь са старажытным антычным сюжэтам надае вершу інтэлектуальную глыбіню і ставіць саму сітуацыю ў пэўны гістарычны рад.
Часта паэт звяртаецца да лагічнай аргументацыі.
He называйце ракеты крылатымі.
Такім эпітэтам іх называць — гэта амаль што паэтызаваць. Тут памяркоўныя занадта мы. Пакінем прыметнік гэты за рэчамі, за тымі справамі чалавечымі, з якімі здаўна стасуецца ён:
1 Вярцінскі, А. Хлопчык глядзіць,— Мінск, 1992. С. 254—255.
крылаты вецер, крылаты звон, крылатая мара, вера крылатая, крылатая муза, крылаты Пегас...1
«Не называйце ракеты крылатымі...»
Стылістыка верша адзначана мноствам «нявобразных» выказванняў. Паэт даволі часта звяртаецца да паняційнага мыслення, апускае падрабязнасці. Аднак у лепшых сваіх вершах ён пераадольвае пэўную «аголенасць» думкі, сцвярджае прыналежнасць чалавека да чужога лёсу, да трывог і радасцей іншых людзей.
Афарыстычная ёмістасць, бляск доказаў, нечаканасць супастаўленняў, рацыяналістычная аголенасць думкі цэняцца сёння нароўні з музычнымі і пластычнымі магчымасцямі верша. Такая тэндэнцыя добра праглядваецца ў творчасці А. Вярцінскага, калі звярнуць увагу на яго схільнасць да некаторай «лагізаванасці» пісьма. Гэта ўласціва і некаторым іншым паэтам, у якіх знаходзім прыкметы такога ж «лагізаванага» мыслення, якое, аднак, не збядняе жыццёвую змястоўнасць іх мастацкага стылю.
Ёсць у нас і такая з’ява, як «навуковая паэзія». Яе ўзоры знаходзім у творчасці Аляксея Русецкага (1912—2000), якому, дарэчы, у маладосці давялося працаваць у навукова-даследчай лабараторыі. Той час, напэўна, і прыгадаўся яму ў вершы «Муза ў белым халаце».
Мушу зноў працаваць на старой пасадзе, пешчу зноў загрубелыя рукі я, усміхаецца Муза мне ў белым халаце — лабарантка мая...
Я асуджаны бачыць, бы вокам рэнтгена, нават рэбры красы.
He бянтэжыць і гэтым мяне прафесія: там, дзе зрок ламае сваё вастрыё, мне б адкрыць новы край і дзіва тваё, о паэзія!2
1 Вярцінскі, А. Хлопчык глядзіць. С. 281.
2 Русецкі, А. Два колеры жыцця.— Мінск, 1973. С. 73.
Само паглыбленне нашых ведаў аб прыродзе, такім чынам, становіцца прадметам паэзіі. Што гэта дае? Адзін з вершаў А. Русецкага так і называецца — «Адкрыццё».
Нядаўна,
з майго пальца ўзяўшы кроў і сок з далоні клёна, біяхімік адзнаку нашай крэўнасці знайшоў: здаўна з зялёным другам сваякі мы...
Гэтае «сваяцтва» вельмі важнае для паэтычнай канцэпцыі А. Русецкага.
Адзіны ў нас жыве гарэння дух, што бачыцца ў двух колерах прывычных, але ўзвіхрыцца сіверам кастрычнік — палае барвай мой зялёны друг.
Пафас паэтычнага адкрыцця, заўважце, уплывае на гучанне верша, мяняе яго рытміку і інтанацыю, «збірае» яго, пераадольваючы празаічную адвольнасць.
Нібы сцягі, мне дрэвы агнявыя шумяць аб нашай крэўнасці лісцём... Мы ўсе — чырвоныя, і, як стыхія, мы неадольныя, бо мы — жыццё!1
Чалавек — частка прыроды,— сведчыць філасофская навука. Паэт даводзіць гэта сваімі мастацкімі сродкамі пазнання жыцця.
Фарміруючы свой стыль, ён шырока выкарыстоўвае навукова-тэхнічную лексіку, не баіцца набліжэння да «прозы». Аднак яго духоўны досвед звязаны не толькі з камернай прасторай навуковых лабараторый, а галоўным чынам набыты ў шырокім свеце жыцця, што значна павышае цікавасць да яго творчасці.
Паэт і сёння не адрываецца ад зямлі, нават калі імкнецца спасцігнуць паэтычны змест навуковых ведаў і законаў. У вершы «Праметэй», які мае падзагаловак «Паводле К. Ціміразева»,
1 Русецкі, А. Два колеры жыцця. С. 74.
таксама выкарыстаны ў пэўным сэнсе навуковы сюжэт. Аўтар адштурхоўваецца ад старажытнай легенды аб Праметэі, які ўхапіў у багоў нябесны агонь. Да гэтага часу людзі карыстаюцца ягоным агнём.
Жменя промняў густых, пяцярнёю змахнутая з неба, на зялёнай зямлі адкладаецца рупна ў запас кольцам дрэва, арэхам і збожжам янтарным для хлеба — адбываецца дзіўнае дзіва пры нас, вакол нас.
А як першым марозам на досвітку восень павее і рассыплецца сонечным спектрам па дрэвах агонь — вецер часу на дол зрыне, кіне тады Праметэя, але ён зноў да неба зялёную ўзніме далонь1.
Паэт пераасэнсоўвае міф, адкрываючы ў ім спрадвечны і вечна актуальны сэнс.
Цікавы ў філасофскім плане верш А. Русецкага «Язычнік» (1979), у якім паэт згадвае далёкага прашчура.
Каля Дняпра, знайшоўшы пень ад зломленай асіны шэрай, і першы дзень і пяты дзень ён працаваў разцом, сякерай.
У ценю дрэў ён шчыраваў, дзед барадаты, ў стружцы белай, і Бога ўзнікла галава з абліччам цвёрдым, скамянелым.