Нарысы па беларускай літаратуры XX ст

Нарысы па беларускай літаратуры XX ст

Для старэйшага школьнага ўзросту
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 438с.
Мінск 2010
122.89 МБ
1 Полымя. 1948. № 3. С. 113.
2 Тамсама.
Галоўнай віноўніцай таго, што ў першае мірнае дзесяцігоддзе з’явіліся творы, у якіх Вялікая Айчынная вайна быццам пераваёўвалася: паказвалася з меншай крывёю, стратамі, ахвярамі, цяжкасцямі,— была тэорыя бесканфліктнасці. Яна жорстка рэгламентавала, якім быць савецкаму чалавеку ў стасунках з ворагам, як ён павінен сябе паводзіць у той ці іншай сітуацыі. Бесканфліктнасць звязваюць перш за ўсё з творамі пра сучаснасць. Іх, напрыклад, меў на ўвазе вядомы ў свой час тэарэтык У. Ярмілаў калі разважаў пра актыўна адмоўнага героя: «вядома, магчымы і такія творы, рух сюжэта якіх звязваецца з адмоўным персанажам, які спрабуе весці «наступленне». Аднак у такіх выпадках абавязкам мастака з’яўляецца паказаць, што «наступленне» адмоўнага героя — толькі ўяўнае наступленне, таму што, на самай справе, у сілу аб’ектыўных прычын нашай сацыялістычнай рэчаіснасці, гістарычнае наступленне вядуць нашы станоўчыя героі, наш савецкі народ, які ідзе пад натхняльным кіраўніцтвам вялікага Сталіна да камунізма... Той станоўчы пачатак, які з’яўляецца вядучым, наступальным у самой нашай рэчаіснасці, павінен іграць ролю вядучага і наступальнага пачатку і ў мастацкім творы»1.
Вайна, бясспрэчна, досыць спецыфічная тэма. Актыўны адмоўны герой тут запраграмаваны ўжо самой сутнасцю падзей. I ўсё ж пісьменнік, які звяртаўся да гэтай тэмы, не мог беспакарана парушаць кодэкс правілаў, што і як трэба паказваць. Думаецца, у гэтым прычына, чаму вобразы ворагаў і здраднікаў амаль скрозь былі карыкатурнымі, чаму савецкі чалавек выглядаў рыцарам без страху і заганы, чаму на старонкі твораў не дапускалася «горкая» праўда вайны.
Пануючая на пачатку 1950-х гг. сістэма поглядаў на літаратуру і мастацтва была з часам, безумоўна, асуджана і адкінута. Аднак, як паказала жыццё далей, не зусім поўнасцю. Водгулле яе не-не ды і адчуваецца ў ацэнцы твораў, у саміх творах. У 1960—1970-я гг., напрыклад, яна нагадвала пра сябе страхам перад складанымі і вострымі праблемамі сучаснасці,
1 Знамя. 1951. № 7. С. 165-166.
згладжваннем супярэчнасцей сацыялістычнай рэчаіснасці, залішняй бадзёрасцю і аптымізмам у поглядзе на чалавека і стан свету. Праўда жыцця ў творах пра сучаснасць часта падпраўлялася, рэтушыравалася, жаданае выдавалася за рэальнае.
У сувязі з гэтым бачыцца асаблівая роля «ваеннай» прозы, прынамсі, у беларускай літаратуры. Яна несла праўду абставін і чалавечых характараў на вайне, яна часта выходзіла на матэрыяле мінулага да актуальных маральных праблем сучаснасці. Аднак рух літаратуры да праўды і ў час так званай хрушчоўскай адлігі не быў лёгкім. Нейкія падзеі, сітуацыі, пісьменніцкае бачанне ваеннай рэчаіснасці аспрэчваліся, не прымаліся. Толькі на змену закідам папярэдняга дзесяцігоддзя пра скажэнне рэчаіснасці і чорную фарбу прыйшлі іншыя.
«У той час, на стыку пяцідзесятых і шасцідзесятых,— піша I. Дзядкоў пра першапачатковую рэакцыю на прозу «суровых лейтэнантаў»,— некаторыя крытыкі... старанна даказвалі, што малодшаму камандзіру, а тым больш салдату, акопнікам, не дадзена бачыць і разумець болып таго, што ахоплівае іх вока. I таму ад іх мог схавацца і прадбачлівы разлік вышэйшага начальства, і сэнс будучай атакі, і тады яны часта адчувалі сябе статыстамі, якія выконваюць нейкі незразумелы ім, бессэнсоўны манеўр. У выніку карціна бою перанасычалася змрочнымі фарбамі, ад яе веяла песімізмам»1. Крытыкі, якім была не даспадобы так званая акопная праўда, праўда «пядзяў зямлі» ў творах Рыгора Бакланава, Юрыя Бондарава, Васіля Быкава і некаторых іншых аўтараў, былі ўсур’ёз заклапочаны, што «эмпірычныя назіранні» над «акопным» жыццём могуць засланіць ад чытача «вялікую праўду» вайны. Так расійскі крытык Г. Броўман, расчараваны быкаўскай аповесцю «Атака з ходу», хацеў бы бачыць у прозе «сінтэзныя маштабныя абагульненні, якія выходзяць за межы ўзводнай траншэі ці акопа, аднаго байца», і заклікаў да «ўзнаўлення ісціннай праўды падзей, якія ўзрушылі чалавецтва»2.
1 Дедков, Н. Васнль Быков.— Москва, 1980. С. 31.
2 Знамя. 1969. № 3. С. 223.
В. Быкаў шмат зрабіў, каб данесці да сучасніка ва ўсёй паўнаце і канкрэтнасці праўду вайны, спачатку на фронце, a з часам і на акупіраванай тэрыторыі. Гаворачы пра творы так званай другой хвалі ваенных празаікаў, прадстаўніком якой ён з’яўляецца, пісьменнік падкрэсліваў, што «галоўным у аповесцях і раманах было ўсё ж з нечаканай паўнатой выяўленая псіхалогія салдата ў баі... У іх (творах.— Т. Г.) мы знаходзім складанасць, якая ўражвае ўяўленне, і сапраўдны цяжар ваеннага лёсу, самаадданасць і гераізм — увесь комплекс праўды самай крывавай, але і самай справядлівай з войнаў, што выпалі на долю нашага народа»1.
Іншыя пісьменнікі, да якіх вайна павярнулася перш за ўсё гадамі акупацыі, змаганнем у падполлі, у партызанскім атрадзе, сумленна і праўдзіва пачалі мастацкае даследаванне блізкага ўласнаму жыццёваму досведу тэматычнага пласта. Пры ўсім тым, што пра змаганне беларускага народа з фашысцкімі акупантамі літаратура пачала гаварыць яшчэ ў 1940-я гг., тут таксама існавалі «зоны замоўчвання». Напрыклад, абыходзілася складанасць абставін, у якіх апынуліся людзі, вымушаныя жыць пад ворагам, няпростасць і трагічнасць іх існавання. Недаацэньвалася, а на самым пачатку і зусім не заўважалася, роля так званага пасіўнага супраціўлення, калі чалавек не станавіўся партызанам ці партызанскім сувязным, але ўнутрана не прымаў ворага.
Глыбокае і новае асэнсаванне ў параўнанні з 1940— 1950-мі гг. атрымала праблема народнага патрыятызму, які з асаблівай сілай выявіўся ў гады Вялікай Айчыннай вайны, у творах I. Навуменкі, I. Чыгрынава, I. Пташнікава. Героі іх раманаў, аповесцей у сваіх паводзінах і памкненнях кіруюцца не толькі жаданнем помсціць захопнікам. I ў часы цяжкіх выпрабаванняў, як паказваюць пісьменнікі, жыццё людзей напоўнена самым розным клопатам, але гэта ніколькі не змяншае таго істотнага, значнага, што адкрылася ў чалавеку, хутчэй — наадварот, высвечвае і падкрэслівае яго.
1 Быкаў, В. Праўдай адзінай. С. 143.
Раманны цыкл I. Чыгрынава, трэцяя і чацвёртая часткі якога («Свае і чужынцы», «Вяртанне да віны») з’явіліся ў 1980-я гг., нараджаўся як нязгода з уяўленнямі папярэдніх дзесяцігоддзяў пра мірнага жыхара акупіраванай тэрыторыі. У інтэрв’ю карэспандэнту тыднёвіка «Літаратура і мастацтва» празаік зазначаў: «...Пра актыўнае супраціўленне мы гаворым і пішам шмат, а пра тых, хто быў у тыле, але не прымаў непасрэднага ўдзелу ў баях, быццам і саромеемся гаварыць. Але ж не ўсе маглі ўзяць у рукі вінтоўку. I хто не мог, гэта не значыць, што ён не ўдзельнічаў у барацьбе»1.
I. Чыгрынаў не быў тут адкрывальнікам нечага зусім новага, невядомага раней, але ён завастрыў праблему, сутыкнуўшы два розныя падыходы да разумення патрыятызму — прамалінейны, спрошчаны і разважлівы, народны. У самым пачатку першага рамана «Плач перапёлкі» адбываецца спрэчка паміж цэнтральнымі героямі твора старшынёй калгаса Радзівонам Чубарам і яго намеснікам Дзянісам Зазыбам. Чубар лічыць сапраўдным патрыётам таго, хто ўсё кінуў і падаўся ўслед за Чырвонай арміяй, іншымі словамі, стаў бежанцам. Зазыба ў якасці контраргумента прыводзіць народную выснову-прымаўку: «Хто з роднай зямлі ўцякае, той ворага не перамагае». Героі спрачаюцца якраз пра тых, хто наўрад ці стане партызанам, пра сваіх аднавяскоўцаў — старых, жанчын, дзяцей.
Патрыятызм у час вайны мае два зыходныя моманты: любоў да сваёй зямлі і нянавісць да ворага, прычым апошняе вырастае з першага. Голае, адасобленае ад каштоўнасцей роднага свету пачуццё нянавісці, якім, дарэчы, «гарэлі» героі многіх твораў пачатковага этапа асэнсавання Вялікай Айчыннай вайны, было не лепшым кіраўніком у барацьбе з ворагам. Як паказвае I. Чыгрынаў, ідэйны патрыятызм Чубара прыносіць больш шкоды, чым карысці, ён робіць адну памылку за другой: падпальвае зжатае верамейкаўцамі жыта, забівае пакутніка-ваенурача, абвінавачвае ў здрадзе сумленных людзей. Гэты герой пад уздзеяннем ваенных падзей праходзіць
1 ЛіМ. 1979. 19 чэрв.
складаную душэўную эвалюцыю: з чалавека-вінціка, які добра адчуваў сябе толькі ў калектыве, дзейнічаў у адпаведнасці з загадамі і дырэктывамі, ён становіцца асобай. Пісьменнік паказаў, як змяняецца чалавек, калі яму ёсць што і каго абараняць, калі ён мае не толькі «вялікую», але і «малую» радзіму. У чацвёртым рамане Чубар гіне. Гіне, аднак, не як ідэйны партыец і прадстаўнік савецкай улады, якім паўстае на старонках першых твораў цыкла, а як абаронца сваёй зямлі і свайго народа. Найперш з Чубарам, з яго светапогляднай эвалюцыяй звязана назва рамана «Вяртанне да віны».
Дзянісу Зазыбу правільна зарыентавацца ў складанейшых абставінах пачатку вайны дапамагае любоў да роднай зямлі, вера ў людзей, сярод якіх нарадзіўся і жыў. Такая трактоўка патрыятызму дазволіла пісьменніку інакш паглядзець на тых беларускіх жанчын, мужчын, падлеткаў, якія не маглі змагацца са зброяй у руках, выразна ўбачыць іх свабодалюбства і незалежнасць, іх любоў да роднай зямлі і адданасць савецкай уладзе.
Праўда жыцця, якую адстойвалі ў творах пісьменнікі, выяўлялася і ў тым, што народныя нянавісць і гнеў, спарадзіўшыя масавы партызанскі рух, павінны былі выспець, што звычайны працаўнік, чалавек ад зямлі, мусіў прайсці праз няпэўнасць, нерашучасць, што вельмі многае ў апошняй вайне было нечаканым і незразумелым. Адкрытая ў літаратуры, яна, праўда жыцця, станавілася нормай. Поруч з ёй здаюцца анахранізмам творы, героі якіх ніколькі не вагаюцца, ні ў чым не сумняваюцца, з першых хвілін вайны ведаюць, што ім трэба ісці ў партызаны, быццам ідэя і тактыка партызанскай барацьбы не нараджалася самім жыццём, а была распрацавана і адрэпеціравана Генеральным штабам задоўга да нападу фашысцкай Германіі на нашу краіну.
Галоўныя героі аповесці Міколы Ваданосава «Дзень — і ўсё жыццё» сустрэліся на шосты дзень вайны, ужо паспеўшы сутыкнуцца з ворагам, пабачыць смерць таварышаў. I вось размова хлопцаў: «Многія нашы паляглі, а я... ледзь ногі вынес.I дадаў цішэй: А вінтоўку, гранату і патроны не кінуў, прынёс,
начамі толькі і ішоў. Каля падваліны закапаў. Вось табе, браткапаэт, і “краіну нашу ў крыўду не дадзім