Нарысы па беларускай літаратуры XX ст

Нарысы па беларускай літаратуры XX ст

Для старэйшага школьнага ўзросту
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 438с.
Мінск 2010
122.89 МБ
Пісьменнік-рамантык не проста ўзнаўляў гістарычныя падзеі, ён вызваліў іх ад налёту будзённасці. Тое ж адбывалася з літаратурнымі персанажамі. Рамантыка цікавілі асобы неардынарныя, выключныя. Пры гэтым творца ўлічваў асаблівасці чытацкага густу. He сакрэт, што ў творах на гістарычную тэму чытача прывабліваюць дынамічнасць сюжэта, займальнасць інтрыгі, самабытны каларыт эпохі, экзотыка. Можна зразумець і жаданне чытача ўбачыць у творах незвычайнага героя, якога не сустрэнеш у наш час, надзеленага такімі вартасцямі, як вернасць ідэалу, высакароднасць,
шляхетнасць, самаахвярнасць, адданасць Бацькаўшчыне, рыцарскае служэнне «Прыўкраснай Панне».
У драматычных творах У. Караткевіча праглядаецца пэўнае адзінства, якое лучыць іх у цыкл. Гэтыя чатыры п’есы: «Званы Віцебска», «Маці ўрагану», «Кастусь Каліноўскі», «Калыска чатырох чараўніц» літаратуразнавец Адам Мальдзіс прапанаваў лічыць драматычнай тэтралогіяй.
П’есы пералічаны паводле храналогіі тых гістарычных падзей, якія яны адлюстроўваюць. Атрымліваецца, што кожны твор уводзіць гледача ў новае стагоддзе, пачынаючы ад XVII. У кожным стагоддзі драматург вылучае крызісную, сімптаматычную падзею: паўстанне ў Віцебску і забойства Іасафата Кунцэвіча; крычаўскае паўстанне пад кіраўніцтвам Васіля Вашчылы; паўстанне Кастуся Каліноўскага; юнацтва Купалы і пярэдадзень «нашаніўскага» Адраджэння. Драматург вылучае кульмінацыйныя эпізоды беларускай гісторыі, якія вызначалі лёс нашай дзяржавы.
Адным з такіх момантаў была сітуацыя ў Беларусі напрыканцы XVI — у пачатку XVII ст., адлюстраваная ў п’есе «Званы Віцебска» (1977, паст. 1974). Наша краіна разам з Рэччу Паспалітай апынулася ўцягнутай у ланцуг кровапралітных войнаў. Абвастрыліся сацыяльныя і рэлігійныя супярэчнасці, іпто было нязвыклым для краіны, дзе спрадвеку пільнаваліся прынцыпу верацярпімасці. Берасцейская царкоўная унія (1596) не зняла, а часам узмацняла гэтыя супярэчнасці. Далучэнне вернікаў да ўніяцтва, здаралася, набывала гвалтоўны, прымусовы характар. Адным з такіх дзеячаў быў, паводле версіі У. Караткевіча, Віцебскі і Полацкі арцыбіскуп Іасафат (Ізахват) Кунцэвіч.
Вобраз Кунцэвіча ў п’есе «Званы Віцебска» быў пазбаўлены арэолу святасці. Аднак нельга сцвярджаць, што драматург прытрымліваўся толькі афіцыйнай версіі гісторыкаў і вывеў Кунцэвіча як цалкам адмоўнага персанажа. Пісьменнік знайшоў фарбы, каб паказаць і жорсткую волю, і сумненні, і яго балючыя перажыванні. Вобраз атрымаўся супярэчлівы, скрозь драматызаваны, як і павінна быць, калі аўтар пераасэнсоўвае мінуўшчыну. Асабістая драма Кунцэвіча — гэта
драма яго ідэі, пераканання, што «чыя ўлада, тая і вера», што ўладары маюць права вырашаць лёс народа, не пытаючыся яго згоды.
He менш складаны, не пазбаўлены ўнутранай супярэчнасці і той «персанаж», што проціпастаўлены вобразу Кунцэвіча,— просты люд, які віруе на вуліцах старажытнага Віцебска. На пачатку п’есы гэта — нізы горада, шматгалосая людская стыхія, у якой часам мільгаюць абліччы прамоўцы, юродзівага, святара або блазна. Вобраз грамады асацыіруецца з меркаваннямі вядомага філосафа Міхаіла Бахціна пра жывое «народнае цела», «карнавалізаваную» грамаду. У. Караткевіч выбудоўвае масавыя сцэны праз дыялог, які ўвогуле датычыцца важных, усеагульных пытанняў, але ў якім знаходзіцца месца і смеху, жарту, моцнаму слоўцу:
Палачанін. Яны яшчэ раз хочуць свой каляндар рымскі ўвесці. Каб было на дзесяць дзён наперад ад нашага. Дзесяць дзён жыцця кожнага з нас украсці. Каб перад Богам не ведалі, як сказаць, што мы ў іх рабілі. Забылі, як мы, палачане, ужо хрысцілі іх за гэтыя дзесяць дзён доўбнямі.
Навум Воўк. Кіньце вы пра калдуны ды календары. Справу кажыце.
Мамка (выйшаўшы з шалаша). А ў храме, а пане мой божа. Я пабыла на Прачыстую, то закаялася. Пань і паннаў голкамі колюць і за паню з падкручаннем шчыкаюць.
I л я. Ну, гэта табе невялікая бяда.
Мамка. Змоўч, non, нахабная твая пыса. Хто, як не брат твой, у Заручаўі, напіўшыся, вакол Уваскрасенскай царквы на казле са спяваннем сто другога псалма ездзіў?! Вось за такіх і зваліўся на нас Ізахват1.
У выказваннях людзей з натоўпу нямала бязладнага, ірацыянальнага; іх бунт цяжка назваць усвядомленым. Дзейнічае стыхійны пратэст вольнай па сваім духу грамады супраць прымусу, гвалту.
Гвалт спараджае гвалт, зло спараджае зло — вось адна з галоўных маральных высноў твора.
1 Караткевіч, У. 36. тв. У 8 т. Т. 8. Кн. 1.— Мінск, 1990. С. 122, 123. (Далей творы У. Караткевіча цытуюцца паводле гэтага выдання.)
У. Караткевіч вылучыў вобразы асобных паўстанцаў: Сцяпана Пасіёры, Марцыяна Ропата, Вольхі, Багусі, Ілі. Яны выглядаюць болып як прадстаўнікі натоўпу, чым самастойныя, надзеленыя яркай індывідуальнасцю асобы.
Пошук нацыяналызага характару ў драматычных творах У. Караткевіча меў працяг.
Рэха віцебскіх званоў стагоддзем пазней адзавецца крывавымі падзеямі ў Крычаўскім старостве — менавіта так успрымаецца кампазіцыйная сувязь паміж п’есамі «Званы Віцебска» і «Маці ўрагану» (1985, паст. 1988), экспазіцыя якой таксама ўяўляе сабой крызісную сітуацыю, што можна параўнаць са сціснутай да агюшняй мяжы спружынай.
У сярэдзіне XVIII ст., калі адбываецца дзеянне п’есы, у Рэчы Паспалітай назіраўся глыбокі крызіс улады і дзяржаўнасці. Магнаты, аддаючы цэлыя рэгіёны пад апеку арандатараў, асуджалі гэтыя вобласці на беззаконне. Пры гэтым няшчадна прыгняталася амаль усё насельніцтва краю — ад сялян і мяшчан да дробнай шляхты і святароў. У такой сітуацыі апынулася Крычаўскае староства, фактычна аддадзенае на рабункі братам Іцкавічам.
Аўтар зноў выбірае панарамны спосаб паказу падзей паўстання. Ёсць у творы і масавыя, і нават батальныя сцэны. Дзеянне штораз пераносіцца то ў палац князёў Радзівілаў, то ў карчму, то ў шляхецкі маёнтак, то на поле бітвы. Траі ічныя эпізоды чаргуюцца са сцэнамі, у якіх пераважае смех, часам грубаваты народны гумар. Смехавая, карнавальная стыхія звязана перадусім з вобразамі карчмаркі Магды і яе каханка Лаўрэна Каўбасы, якія выконваюць у творы амплуа блазнаў.
На першы план вылучаюцца дзве асобы — Агна і Васіль Вецер. Цікава, што ў лік цэнтральных персанажаў не трапіў нават Васіль Вашчыла, натхняльнік і кіраўнік паўстання.
У адрозненне ад яго Васіль Вецер — чалавек далікатнага, вытанчанага душэўнага складу, высокаадукаваны, схільны да самааналізу інтэлігент, гуманіст. Паўстанне распачынаецца якраз у той момант, калі Вецер бярэ шлюб з Надзеяй, у якую бязмерна закаханы. I вось у момант найвялікшага чалавечага
шчасця прыходзіць вестка пра паўстанне і прапанова Васілю ўдзельнічаць у ім. Ад чаго ён спярша адмаўляецца.
Маем адвечны ў драматургіі выбар — паміж грамадзянскім абавязкам і асабістым шчасцем. Сітуацыя выбару вырашаецца спосабам, надзвычай характэрным для рамантычнага стылю,— праз экстраардынарны, выключны ўчынак. Гэты ўчынак робіць маці Васіля Ветра, Агна.
Яна таксама як і сын, не пазбаўлена ваганняў; выбар даецца ёй не менш балюча. Але Агна натура дзейсная, рашучая, бескампрамісная. Гэтыя якасці былі ўласцівыя славутым жанчынам Беларусі.
Агна пасылае сына ў пячору, дзе жыве «чалавек», Пракажоны. Захварэўшы на праказу, Вецер перастане шкадаваць аб страчаных жыццёвых радасцях і цалкам аддасць сябе барацьбе. Яго лёс дзеляць з ім маці і жонка.
Рамантызацыі падлягаюць і антыгероі. Перад намі не проста адмоўныя персанажы, але асобы, надзеленыя выключнай жорсткасцю, падступніцтвам, дэманізмам, «метафізічным злом». Асабліва вылучаецца Геранім Радзівіл — разумны і цынічны, страшны як для ворагаў так і для свайго атачэння, але не пазбаўлены пачуцця «чорнага гумару».
Пошук характараў у творы ідзе ўскладненым шляхам: на рэалістычнай, гістарычнай глебе, але з дапамогай сродкаў рамантызацыі, узбуйнення вобразаў, гіпербалізацыі. У параўнанні з п’есай «Званы Віцебска» персанажам у большай ступені ўласцівае адчуванне гісторыі, свайго месца ў ёй. Займальнасць, дынаміка дзеяння, вострая інтрыга не заміналі аўтару паставіць філасофскае пытанне пра сэнс змагання і ахвяр, пра магчымасць чалавека ўплываць на ход гісторыі. ЦІ магчыма перамога, хаця б маральная, у безнадзейных абставінах? Які кошт такому супраціву, ці будзе ён мець наступствы?
Як бы ў адказ на гэтыя пытанні ў фінальнай сцэне твора «далятае аднекуль, як з таго свету, трубны голас:
Голас. Маці. Пачуй нас. He чуеш? Маці ветру. Маці ўрагану! Чорта яны нас узялі! Чорта лысага яны ўзялі і возьмуць нас! (С. 309).
Справа змагароў неўміручая. Пра гэта сведчыць п’еса «Кастусь Каліноўскі» (1980, паст. 1978).
Тут мы назіраем як быццам знаёмае: шматгалосы, падрыхтаваны да дзеянняў людскі натоўп у масавых сцэнах і рамантызаваны, прыўзняты над натоўпам вобраз правадыра. Але ёсць і істотнае адрозненне: адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—1864 гг., публіцыст і паэт, палітык і ваяр, Кастусь Каліноўскі не проста вядзе да змагання ўзбунтаваную людскую грамаду, але кіруецца інтарэсамі цэлага народа, нацыі беларусаў.
Сялянскі рух паказваецца У. Караткевічам без штучнай ідэалізацыі. Момант ірацыяналізму прысутнічае ў наіўнай сялянскай веры ў «добрага цара». Паверыўшы ў тое, што паўстанцы імкнуцца схаваць ад народа падараваную царом волю, ізноў загнаць народ у прыгон, сяляне гатовы ўзняць зброю супраць іх.
У першай сцэне п’есы мужыкі з Бахарэвічаў рыхтуюцца адцяць галовы захопленым паўстанцам — за тое, што яны нібыта хаваюць ад сялян «царскую міласць».
Мужыкі цягнуць на плаху збяднелага шляхціца Зарубу, які для іх таксама «пан», а значыць, вораг. Але пад пагрозаю смерці гэты ганарлівы «фанфарон-рыцар» пачынае сыпаць досціпамі, па-народнаму хлёсткімі, часам грубаватымі, высмейвае і сваіх мучыцеляў, і сваё незайздроснае становішча:
Заруба. ...Гэй вы, мякінныя галовы, гродзенскія гракі, бручкаеды, бульбаглоты, глядзіце, як памірае беларускі дваранін, тысячу д’яблаў і пудовую свечку кожнаму з вас...
Рогат.
Гарэліха. Чаго ж ты лаіссі, чаго?!
Заруба. 3 вамі іначай — як? Вы ж, халеры, і памерці як я, не сумееце.
Яўхім. Заторкніся!..
3 ару б а. Гэта часам не ты, Яўхім, сваю варону ў Вільні пазнаў?
Я ў х і м і х a. He руш мужыка!
3 а р у б а. Гэта часам не ты па бабскім сваім разуменні свінню за губернатара палічыла?