Нарысы па беларускай літаратуры XX ст

Нарысы па беларускай літаратуры XX ст

Для старэйшага школьнага ўзросту
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 438с.
Мінск 2010
122.89 МБ
У межах гісторыка-біяграфічнай п’есы акрэслілася яшчэ адна стабільная з’ява: аб’ектам драматургічнай увагі найчасцей робіцца творчая асоба, дзеяч навукі, культуры, мастацтва. I гэта заканамерна, бо іншым разам пісьменнік, асветнік, мастак могуць зрабіць для свайго народа, нацыі, усяго чалавецтва нашмат больш, чым уладар, надзелены значнай воляй і матэрыяльнымі магчымасцямі.
Ефрасіння Полацкая, Кірыла Тураўскі, Мікола Гусоўскі, Сымон Будны, Мялеці Сматрыцкі, Афанасій Філіповіч,
Саламея Пілыптынова, Тадэвуш Касцюшка, Вінцэнт ДунінМарцінкевіч, Паўлюк Багрым, Францішак Багушэвіч, Франц Савіч, Максім Багдановіч, Цётка, Алесь Гарун, Максім Гарэцкі, Цішка Гартны, Браніслаў Тарашкевіч, Вацлаў Ластоўскі, Паўлюк Шукайла, Уладзімір Жылка, Уладзімір Дубоўка, Андрэй Мрый... За кожным імем — драматычны лёс, неардынарная творчая асоба, моцны і непаўторны характар. Некаторыя з іх ужо пражылі і другое, і трэцяе жыццё ў якасці персанажаў гісторыка-біяграфічнай драмы, іншыя, трэба спадзявацца, гэтага яшчэ дачакаюцца.
Паказальным у гэтым плане з’яўляецца драматургічная эвалюцыя вобраза Кастуся Каліноўскага, якому прысвячалі п’есы Еўсцігней Міровіч, Аркадзь Куляшоў, Уладзімір Караткевіч. У кожнай сваёй новай версіі вобраз набываў усё больш прыкметаў інтэлектуала, творчай натуры, якой і з’яўляўся перадусім аўтар «Мужыцкай праўды» і «Ліста з-пад шыбеніцы».
3 культурных дзеячаў Беларусі найбольш асвоены драматургіяй вобраз Францыска Скарыны, першадрукара, асветніка, навукоўца, пісьменніка. Беларуская драматургічная Скарыніяна пачынаецца творам Міхайлы Грамыкі «Скарынін сын з Полацка» (1925, паст. 1926); рукапіс п’есы, на жаль, не захаваўся. Да гэтага вобраза звярталіся Язэп Дыла («Падуанскі студэнт», 1944—1945, п’еса не завершана), Міхась Клімковіч (драматычная паэма-трылогія «Георгій Скарына», 1946, 1947, 1955), Мікола Арочка (драматычная паэма-«фрэска» «Судны дзень Скарыны», 1990), Георгій Марчук («Кракаўскі студэнт», 2008), маладыя драматургі-сааўтары Міраслаў Адамчык і Максім Клімковіч (Vita brevis, або Нагавіцы святога Георгія», 1997), ды іншыя драматургі.
У Скарыніяне значнае месца займае драматургічная дылогія Алеся Петрашкевіча «Напісанае застаецца» (1978, паст. 1979) і «Прарок для Айчыны» (1991).
Аўтар знаходзіць магчымым адыходзіць ад вывераных дакументальна фактаў і дапускае ў значнай ступені мастацкі вымысел. Апроч Францыска Скарыны — цэнтральнага персанажа п’есы «Напісанае застаецца», А. Петрашкевіч уводзіць у твор у якасці дзеючых асоб Міколу Гусоўскага, Пятра
Мсціслаўца, Томаса Мюнцэра, Марціна Лютэра, Максіма Грэка, Мікалая Каперніка.
Выбар дзеючых асоб адпавядаў адной з задач твора: увасобіць на сцэне велічную постаць Скарыны, падкрэсліць з дапамогай драматургічных сродкаў значнасць пачынанняў гэтага вялікага дзеяча.
П’еса «Напісанае застаецца» — у многім твор палемічны, з прыкметамі «п’есы-дыскусіі». Скарына не проста паказваецца ў атачэнні славутых сучаснікаў — ён абмяркоўвае з імі актуальныя навуковыя, рэлігійныя, свецкія пытанні свайго часу. Трэба сказаць, што аўтар аддае перавагу свайму персанажу, калі ён палемізуе з заснавальнікам Рэфармацыі Марцінам Лютэрам (звесткі пра сустрэчу Скарыны і Лютэра ў Вітэнбергу маюць дакументальныя пацвярджэнні). Вобраз Лютэра падаецца ў крыху зніжаным плане і гэта не зусім адпавядае гістарычнай аб’ектыўнасці. Усё ж пратэстантызм, Рэфармацыя адыгралі значную ролю і ў станаўленні беларускай культуры, актывізавалі творчую чыннасць такіх славутых паслядоўнікаў Скарыны, як Васіль Цяпінскі і Сымон Будны.
Больш пераканаўчай выглядае палеміка Скарыны з суддзёй-інквізітарам, дзе даводзіцца важкасць здзейсненага Скарынам, асабліва пераклад Бібліі на старажытнабеларускую мову, напісанне прадмоў і пасляслоўяў да яе.
Галоўная каштоўнасць п’есы ў тым, што асоба Скарыны паўстае ў ёй у кантэксце яго культурных здабыткаў, з падключэннем дакументальнага літаратурнага матэрыялу, на фоне ўсяго агульнаеўрапейскага Рэнесансу. Аўтар зрабіў нямала, каб перадаць сэнс скарынаўскіх выказванняў жывой драматургічнай мовай, пабудаваць менавіта дыялог, а не дэкламацыю.
Драма «Прарок для Айчыны» Алеся Петрашкевіча і драматычная паэма «Судны дзень Скарыны» Міколы Арочкі прысвечаны віленскаму перыяду жыцця першадрукара. У п’есах адлюстравалася гісторыя судовых спраў, звязаных са спадчынай, тых недарэчных побытавых калізій, якія адабралі ў творцы столькі каштоўнага часу, здароўя, абумовілі яго эміграцыю ў Прагу.
У выніку судовай цяганіны вакол спадчыны Маргарыты, пасля шэрагу няўдалых спроб заручыцца падтрымкай у людзей, надзеленых уладай або грашыма, Скарына апынуўся ў познанскай турме, у пазыковай «яме». П’еса А. Петрашкевіча ўжо сваёй назвай дэкларуе адвечнае пытанне: чаму не шануюцца прарокі ў сваёй Айчыне? Чаму ў людзей таленавітых заўсёды ворагаў болып, чым сяброў? Талент, як высвятляецца, няздатны сам сябе абараніць. Ён патрабуе разумення і падтрымкі як сучаснікаў, так і нашчадкаў. Людзі павінны быць падрыхтаваныя для таго, каб прыняць гэты Божы дар.
Цяжка сказаць, які канкрэтна з дзён, пражытых Скарынам, М. Арочка вызначыў як Судны. Неабавязкова той, калі адбывалася пасяджэнне Гаспадарскага суда ў Віленскім магістраце, дзе слухалася справа аб спадчыне Маргарыты. У жыццяпісе Скарыны было яшчэ нямала такіх горкіх, споўненых душэўнымі згрызотамі момантаў. Аўтар акцэнтуе ўвагу на драме ўсяго жыцця першадрукара — не зразуметага як след сучаснікамі, выгнанніка на ўласнай зямлі. Драма вынікае з таго, што першадрукар не мог працягваць пачатую справу — і тут жыццю духа перашкаджаюць грубыя, зямныя рэчы. Напрыклад, адсутнасць грошай. «Дзе мой пратэктар? // Мецэнат памысны? // Дзе вы, уладарцы мудрыя зямлі?» — у роспачы спытае Скарына.
Памяняюцца назвы грошай, імёны друкароў, мастакоў і фундатараў — драма непрызнанага таленту застанецца адвечнай. У розных формах і праявах будзе існаваць частковае або поўнае непаразуменне паміж творцам і гандляром, вольным мастаком і дзяржаўнымі людзьмі, чыноўніцтвам. Гэтая не вельмі аптымістычная выснова вынікае і з таго псіхалагічнага феномена, які Скарына называе «бояззю кнігі».
Новым унёскам у Скарыніяну сталася пастаноўка драмы Георгія Марчука «Кракаўскі студэнт» на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Якуба Коласа (г. Віцебск), здзейсненая рэжысёрам Валерыем Анісенкам у 2008 г. Створаны вобраз юнага, чатырнаццацігадовага Скарыны, які прыязджае па навуку ў універсітэцкі горад. Хлопец развітваецца з бацькам, братам і сябрамі, родным Полацкам, каб паступіць
у адзін з самых знакамітых універсітэтаў Еўропы. Нягледзячы на юныя гады, Францішак мае ўжо пэўны жыццёвы досвед, перажывае драму першага кахання. Ужо ў гэтым узросце полацкі «малец» выяўляе тыя неардынарныя, творчыя якасці, у тым ліку апантанасць навукамі, якія спрыяюць фарміраванню асобы будучага першадрукара і асветніка.
Амаль у кожным гістарычным творы, прысвечаным беларускім дзеячам, канфліктную аснову складаюць непаразуменне паміж мастаком і асяроддзем, непрызнанне яго сучаснікамі. Паўстае пытанне: а ці не заўчасна яны, гэтыя неардынарныя людзі, прыходзяць да нас, апярэджваючы сваю эпоху?
Адным з такіх дзеячаў, які «не памяшчаўся» ў сваім часе, быў Сымон Будны, паслядоўнік Ф. Скарыны, беларускі рэфарматар, пісьменнік, філосаф. Ён галоўны герой п’есы драматурга В. Рудава «Брат мой, Сымон». Будны ўласнымі высілкамі паступова стварае вакол сябе атмасферу адчужэння. Яго духоўны пошук, тыя неспакойныя і ўвогуле забароненыя пытанні, якія ён ставіць, пазбаўляюць яго сяброў і аднадумцаў. Спачатку ён нажывае сабе ворагаў у асяроддзі езуітаў, адэптаў каталіцызму тым, што прапаведуе ў Беларусі кальвінізм, адну з плыняў пратэстантызму. Потым ён узначальвае самую радыкальную плынь кальвінізму — секту антытрынітарыяў (вернікаў, якія адмаўлялі дагмат Тройцы). Няўрымслівы розум, даследчыцкая цікавасць вядуць яго далей, і ўсё менш у яго сяброў, апекуноў-мецэнатаў, здатных зразумець і падтрымаць. 3 ім застаецца толькі жонка Ганна... Сымон Будны памёр у страшэннай галечы, у часовым прытулку, які даў яму адзін добрасардэчны шляхціц...
Адзіноту і смутак на схіле жыцця перажывае іншы дзеяч беларускай гісторыі і літаратуры — пісьменнік XIX ст. Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. Здавалася, лёс быў літасцівы да гэтага творцы. Пісьменнік доўгія гады разам з сваёй сям’ёй досыць спакойна жьгў і працаваў у маёнтку Люцінка, выдаваў беларускія кніжкі, спадзяваўся на тое, што яго творчасць не застанецца забытай нашчадкамі.
Але надараліся ў жыцці часіны душэўных згрызот і сумненняў. Асабліва часта гэта адбывалася пасля паўстання
1863—1864 гг. Пісьменнік жыў пад пільным наглядам улад, бо падазраваўся ва ўдзеле ў нацыянальна-вызваленчым руху. Зразумела, гэтая «апека» не спрыяла добраму настрою літаратара.
Драматург А. Асташонак у калядным фарсе «Камедыянт, ці Узнёсласць сумнай надзеі» (1985, паст. 1984) якраз і паказвае В. Дуніна-Марцінкевіча ў пару смутку і скрухі. Гумар і фантазія дапамагаюць пісьменніку пераадолець не толькі сум, але і неспрыяльныя абставіны. Тэатральныя пастаноўкі п’есы ў беларускіх тэатрах былі эпізадычныя. Але ў 2008 г. камедыя-прытча Алеся Асташонка была ўзноўлена на сцэне Магілёўскага абласнога тэатра драмы і камедыі (г. Бабруйск).
Гістарычная памяць утрымлівае нямала драматычных падзеяў, звязаных з чалавечым болем, стратамі, праявамі ахвярнасці і высакародства. Пісьменнікі звяртаюцца да іх у поіпуку матэрыялу, які пацвярджаў бы неўміручасць такіх духоўных каштоўнасцей, як любоў да Радзімы, гуманізм, міласэрнасць. Таму падзеі Другой сусветнай вайны былі і застаюцца аб’ектам нязменнай увагі беларускіх драматургаў.
Беларуская драматургія, пры ўсёй яе жанравай адметнасці, звяртаючыся да падзеяў Вялікай Айчыннай вайны, паўтарае заканамернасці і рысы, уласцівыя ўсёй нацыянальнай літаратуры. Ад драмы «Проба агнём» (1943) Кандрата Крапівы да «Радавых» (паст. 1984) Аляксея Дударава — шлях немалы. За гэты час літаратура пра вайну змяняла падыходы, ракурсы бачання, удакладняла крытэрыі маральнай ацэнкі мінулых падзеяў.
У драматургіі, абмежаванай законамі жанру, цяжка стварыць ілюзію «акопнай праўды». У паказе вайны пісьменнікі адмаўляліся ад павярхоўнасці і імкнуліся дасягнуць глыбіні і шматмернасці. Адным з этапных твораў на гэтым шляху была трагікамедыя Андрэя Макаёнка «Трыбунал» (1970).