Нарысы па беларускай літаратуры XX ст

Нарысы па беларускай літаратуры XX ст

Для старэйшага школьнага ўзросту
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 438с.
Мінск 2010
122.89 МБ
Паўстае пытанне: дык хто ж неўміручы? Сацыяльнае зло, аказваецца болып жывучым, чымсьці дабро. Узброенае неўміручасцю, зло пагражае ператварыць свет у суцэльны кашмар, бясконцую драму абсурду. Каб гэта не адбылося, памочніца Дабрыяна Наташа абвяшчае вучоным мужам пра смерць «неўміручага» лабараторнага пацука. I ўсе з палёгкай уздыхаюць.
Такога кшталту творы-папярэджанні былі ўжо напісаны ў літаратуры. Варта прыгадаць «Сабачае сэрца» М. Булгакава, дзе прафесар Прэабражэнскі горка расчароўваецца ў сваёй спробе палепшыць чалавечую прыроду. У літаратуры і кінематаграфіі з’явіліся творы-антыўтопіі, якія папярэджваюць пра фатальныя наступствы буйных навуковых адкрыццяў.
1 Крапіва, К. 36. тв. У 5 т. Т. 3.— Мінск, 1975. С. 296, 297.
Але часам ява перамагае самую смелую фантастыку. Генетыкі прымусілі ўвесь свет з трывогай і нават жахам абмяркоўваць з’яўленне авечкі Долі, народжанай з непалавой клеткі. He менш трывогі выклікаюць, як ні дзіўна, і поспехі геранталогіі. Спробы прадоўжыць чалавечае жыццё прымушаюць футуролагаў прадказваць нярадасную мадэль «састарэлага» грамадства. Павелічэнне працягласці чалавечага жыцця да двухсот гадоў, якое абяцаюць герантолагі, выклікае заклапочанасць у сацыёлагаў, псіхолагаў, эканамістаў.
Спробы спалучыць камедыйнасць і праблемнасць былі зроблены А. Петрашкевічам. Адну з камедый «Куды ноч, туды сон» («Ка-та-стро-фа», 1987, паст. 1988) ён назваў фантасмагорыяй. Праўда, паводле тэматыкі гэты твор набліжаецца да «антыалкагольных» п’ес, асабліва пашыраных у беларускай літаратуры падчас «нашаніўства» («Двойчы прапілі» Каруся Каганца, «Антось Лата» Якуба Коласа, «Атрута» Максіма Гарэцкага, «Смерць пастушка» Змітрака Бядулі). Аўтары імкнуліся давесці гледачу шкоду п’янства. Гэтай тэме была прысвечана і драма А. Петрашкевіча «Трывога» (1974).
«Фантасмагарызм» дзеяння камедыі «Куды ноч, туды і сон» у тым, што аднойчы спраўдзілася мара многіх няшчасных кабет і членаў Таварыства цвярозасці — насельніцтва аднаго горада нечакана кінула ўжываць спіртное. Прычынай такога масавага аздараўлення былі цудадзейныя лекі, што трапілі ў водаправодную сетку.
Апроч элементаў фантастыкі і гратэску, тут назіраецца характэрны прыём праблемнай п’есы — эксперыментальная сітуацыя. Незвычайнасць самой гіпотэзы надае нечаканасць і парадаксальнасць асобным сцэнам гэтага твора. Хаця чыстая публіцыстычнасць, непрыхаваная дыдактыка часам замінаюць мастацкай сіле твора.
М. Матукоўскі таксама паспрабаваў «паставіць» на ўмоўнасць, гратэскавасць, стварэнне эксперыментальнай сітуацыі. Гэтыя элементы назіраліся і ў яго ранейшых творах, у прыватнасці, у камедыі «Амністыя» (1971). «Фантастычнай» у ёй была доўгацярплівасць дамарослых выхавацеляў, якія патуралі выбрыкам хама, маральнага дэгенерата.
Дзеянне адбываецца на фабрыцы дзіцячых цацак. Здаецца, што тут, дзе нараджаюцца плюшавыя мядзведзі, лялькі з блакітнымі вачыма і вушастыя чабурашкі, не могуць працаваць дрэнныя людзі. Але высвятляецца, што можна заідэалагізаваць і забюракратызаваць і гэтую справу.
Дырэктар, галоўны канструктар і галоўны мастак абмяркоўваюць прадукцыю фабрыкі:
Ізабела. I зноў жа, Якаў Фаміч... Танк каштуе восем рублёў, цягач — пяць, пісталет-аўтамат — сем рублёў. Для плана, вядома, ідэальна.
Я к а ў Ф а м і ч. А што я магу зрабіць? Сабекошт, Ізабела Сямёнаўна, рэч упартая. Але ж мы апрача танка, цягача і аўтамата выпускаем больш за дзвесце відаў цацак. Гэта не так ужо і дрэнна!
Ізабела. Але якіх цацак, Якаў Фаміч. Якіх? Дзесяць гадоў аднаго піянера штампуем!
Божашуткава. Няпраўда! Няпраўда! Піянера мы асвоілі толькі летась. А да гэтага выпускалі акцябронка.
I з а б е л а. Прытрымліваючыся вашай логікі, Рагнеда Іванаўна, у наступным годзе мы асвоім камсамольца, а затым...
Я к а ў Ф а м і ч. He трэба так, Ізабела Сямёнаўна, не трэба. Гэта не робіць вам гонару1.
У п’есе з’яўляецца персанаж, падобны на няўдалую, бракаваную цацку, якую брыдка ўзяць у рукі. Імя гэтага персанажа — Салавейчык. У нечым гэты персанаж нагадвае «прыроднага чалавека», якога ў свой час апісвалі заходнееўрапейскія аўтары. Ён дзейнічае ў адпаведнасці з сваімі інстынктамі. Дыяпазон жаданняў Салавейчыка не надта каб разнастайны: напіцца, паскандаліць, пабіцца, завесці раман з якой-небудзь маладзіцай.
«Прыроднаму чалавеку» заўжды процістаіць грамадская мараль, закон, і ён павінен або стрымліваць свае інстынкты, або ісці на канфлікт з грамадствам.
Салавейчык жа ўламіўся з сякерай у чужую кватэру, збіў гаспадара, пакалечыў дзяўчыну на пляжы... I толькі тады, калі яму стала пагражаць турма, яго кінуліся ратаваць адміністрацыя завода, прафкам, «грамадскасць» і «рабочы клас» у асобах сабутыльнікаў. Дэгенерата апраўдваюць, «выхоўваюць», лагодна
1 Матукоўскі, М. Мудрамер.— Мінск, 1989. С. 42, 43.
ўшчуваюць, выпісваюць прэмію і выпраўляюць на адпачынак да мора. Пацярпелыя ж ад Салавейчыка выстаўляюцца на смех.
Казённая дабрачыннасць набывае, такім чынам, перабольшаныя, гратэскавыя формы. He пераболыпвае драматург тады, калі высвятляе прычыны гэтага дзіўнага, перакручанага гуманізму.
Камедыя «Амністыя» мае асобныя прыкметы і прыёмы новага драматургічнага стылю, звязанага з інтэлектуалізацыяй, пошукам адмысловых сродкаў сцэнічнай умоўнасці. Гэты пошук працягваецца ў адной з самых папулярных п’ес М. Матукоўскага — камедыі «Мудрамер» (1987).
У гэтым творы знаходзім яшчэ болып прыкмет, якія паказваюць на імкненне аўтара да інтэлектуалізацыі. Як і ў п’есе «Брама неўміручасці», экспазіцыю камедыі складае фантастычнае адкрыццё, з якога вынікае эксперыментальная сітуацыя. Вынаходнік Мурашка сканструяваў прыбор, які вымярае... чалавечую дурноту.
Супраць вынаходніка-адзіночкі выступае цэлы чыноўніцкі корпус, які, паводле свайго прызначэння, павінен быў бы яму спрыяць,— група функцыянераў, якую драматург называе «Міністэрствам узгадненняў».
У пастаноўцы п’есы «Мудрамер» на купалаўскай сцэне, прэм’ера якой адбылася ў тым жа 1987 г., зададзенасць, дагматызм, уласцівыя бюракратычнай сістэме, падкрэслены праз сцэнаграфію. На сцэне ўзводзіцца адмысловая піраміда, што складаецца з службовых сталоў, за кожным з іх сядзіць функцыянер, перад кожным тэлефонны апарат. I ўсе гэтыя тэлефоны па нейкай камандзе раптам пачынаюць званіць... Сістэма дзейнічае як бяздушны механізм; ёй проціпастаўлена жывая, творчая чалавечая думка, носьбіт якой — Мурашка.
Вынаходнік Мурашка — ён і ёсць «мурашка» ў параўнанні з грувасткай, страшлівай па габарытах бюракратычнай машынай. Аўтар прадэманструе яго ціхмянасць і нясмеласць. Мурашка ўвогуле не цікавіцца нічым, апроч уласнага вынаходніцтва. Большую частку сцэнічнага часу вынаходнік ціхенька праседзіць у кутку, і застанецца толькі паспачуваць акцёру, які будзе выконваць ролю галоўнага героя і пры гэтым
апынецца ў якасці статыста. I калі ў фінале «мудрамердурамер» абвесціць яго геніем, гэта зноў будзе выглядаць «сілавым» вырашэннем канфлікту.
П’еса «Мудрамер» — гэта не камедыя характараў, а камедыя сітуацый. Аўтарам знойдзены добры каталізатар дзеяння — той самы «мудрамер», які ўяўляе сабой крэсла з прымацаванымі да яго датчыкамі і гукавой прыстаўкай. Той, хто сядзе ў крэсла, той сябе і выдасць. Геній пачуе з дынамікаў гукі славутага гімна «Слаўся!», таленавіты чалавек будзе адзначаны арыяй князя Ігара, homo normalis (чалавек нармальны, з сярэднімі разумовымі здольнасцямі) будзе ўшанаваны танцам маленькіх лебедзяў з балета «Лебядзінае возера». Чалавек нязначнага інтэлекту з непрыемнасцю выслухае цудоўныя гукі паланэза Агінскага, якія будуць азначаць для яго развітанне з начальніцкім крэслам. А разумоваму дэгенерату невідочны аркестр здзекліва зайграе туш.
Як і ў п’есе «Брама неўміручасці», у гэтым творы ёсць прадчуванне значнай праблемы, якую паставіць час: атэстацыя дзяржаўных служачых, адэкватнае вызначэнне права на прафесію. 3 гэтай мэтай распрацоўваюцца адмысловыя тэсты, вылічваецца з дапамогай камп’ютарнай тэхнікі каэфіцыент разумовых здольнасцей.
У наш час, калі ў грамадскай сістэме выпрабоўваюцца ўсялякія тэсты, каэфіцыенты і рэйтынгі дзеля выяўлення інтэлектуальных здольнасцей чалавека, вынаходства Мурашкі не выглядае навуковай забаўкай або драматургічнай умоўнасцю. He менш вострым выглядае пытанне пра адпаведнасць разумовых здольнасцей чалавека той пасадзе, якую ён займае. Свет працягвае дзівіцца дзівацкім, не пралічаным як след праектам, не менш экстравагантным, чым «курынае» вынаходства Залівакі.
Сёння мы назіраем пэўную «стомленасць» камедыі. Яе традыцыйныя прыкметы: нязмушаны смех, сацыяльная вастрыня, прагнастычнасць страчваюцца, як быццам камедыя ўзяла на нейкі час адпачынак. I гэта крыху здзіўляе, бо на «пераходнай» стадыі грамадскага развіцця сатырычных аб’ектаў нібыта не паменшала.
Пэўныя спробы адрэагаваць на гэтыя змены ў традыцыйнай камедыяграфіі ўсё ж адчуваюцца. Варта назваць драматургаў, якія спрабуюць у сатырычным жанры пераасэнсаваць тыя змены, што адбываюцца ў постсавецкім грамадстве: Георгій Марчук, Андрэй Федарэнка, Анатоль Дзялендзік, Уладзімір Сауліч, Лявон Вашко.
Напрыклад, у творах У. Сауліча, «Халімон камандуе парадам», «Адзін Гаўрыла ў Полацку», назіраюцца прыхільнасць драматурга да сучаснай тэматыкі, надзвычай яркая смехавая палітра. У камедыі «Сабака з залатым зубам» (1993) У Сауліча захаваліся традыцыйныя прыкметы беларускай камедыяграфіі.
Драматург у сваіх творах не звяртаецца да фантастыкі або фантасмагорыі, не канструіруе штучныя эксперыментальныя сітуацыі. Фармальна ён захоўвае ў п’есах жыццепадобныя сітуацыі. Але яго мізансцэны настолькі нечаканыя, парадаксальныя, часам эксцэнтрычныя, што даводзіцца казаць пра неверагоднасць верагоднага, фантастыку будзёншчыны. Ён досыць шырока рассоўвае межы тэатральнай умоўнасці і дасягае праз гэта незвычайнага камедыйнага эфекту.
Пра гэта сведчыць ужо самы пачатак камедыі «Сабака з залатым зубам». Кідаецца ў вочы незвычайны інтэр’ер і дзіўныя паводзіны персанажаў. Пасярэдзіне шыкоўнай гарадской кватэры маёра Козлікава ўсталяваны самагонны апарат «самай навейшай канструкцыі». Гаспадар завіхаецца каля гэтага агрэгата, а яго старэнькая маці, Кацярына Карпаўна, адбівае зямныя паклоны і моліцца перад партрэтам сына.