Нарысы па беларускай літаратуры XX ст
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 438с.
Мінск 2010
Гэтая п’еса была поўнай нечаканасцю. Зрэшты, амаль кожны твор А. Макаёнка, непрадказальнага аўтара, парадаксаліста, бянтэжыў крытыкаў і прымушаў іх карэктыраваць уласныя падыходы да літаратуры. Крытыка прызвычаілася да таго, што аўтары «ваенных» твораў абіраюць трагічную або
рамантычную танальнасць пісьма. I раптам з’яўляецца п’еса пра вайну, у якой прысутнічаюць камічны пачатак, смех.
П’есы адпаведнага жанру належаць да гераічнай камедыі. У літаратурнай гісторыі ёсць тыпалагічна блізкія творы: «Прыгоды ўдалага ваякі Швейка» Я. Гашака. «Васілій Цёркін» А. Твардоўскага, «Прыгоды радавога Чонкіна» А. Вайновіча. Аб’ядноўвае іх гумар, камізм, якія фенаменальным чынам існуюць на фоне трагічных, кровапралітных рэалій.
А. Макаёнак вызначыў жанр твора як «трагікамедыю» або «народны лубок». «Трыбунал» набліжаецца да паэтыкі батлейкі з яе камічнымі тыпажамі. Паказаны ў п’есе нямецкі камендант нагадвае тых карыкатурных «фрыцаў», што выступалі ў якасці антыгерояў на сатырычных плакатах ваеннага часу. У рэалістычным творы такі персанаж выглядаў бы недарэчна павярхоўным. А ў межах «лубка» ён са сваімі тупаватасцю і пыхай успрымаецца арганічна:
Камендант. ...А ты, староста, какой дольжносць імел от болыпэвікі?
Ц я р э ш к а. Я? Пастух. Пастухом быў колькі год. 3 пугай хадзіў. 3 такой доўгай пугай, што страляла. (Жэстам паказвае, як гэта ён страляў пугай.) Свіней, кароў пасвіў. Маладзейшы быў, за свіннямі хадзіў. А потым за кароўкамі. А дзеці, як падраслі,— адзін на трактары, другі шоферам, трэці ў горад падаўся. А каторыя дома памагалі. He скажу, што лёгка было. Але неяк мадзелі.
Камендант. Ты страля; швінні, карова. Ты есць мьяснік?
П а л і н а. Ну і абух.
Камендант. Што есць «абух»?
Ц я р э ш к а. Гэта яна мяне так — ласкава, далікатна1.
Галоўны персанаж твора, Цярэшка Калабок, мае выразны, псіхалагічна напоўнены характар. Ён з’яўляецца носьбітам традыцыйных рыс беларускай ментальнасці, але сваімі паводзінамі гэты тыпаж і разбурае.
Цярэшка Калабок, задыханы, прыбягае дахаты і паведамляе родным, што прызначаны нямецкімі ўладамі старастам. Якая, здавалася б, гэта радасць для яго, былога калгаснага
1 Макаёнак, А. Выбр. тв. У 2 т. Т. 1.— Мінск, 1980. С. 355.
пастуха, што не асмельваўся камандаваць нават жонкай, гэтая нечаканая ўлада над людзьмі! Ён не хавае, а наадварот, усяляк паказвае гэтую радасць: «Кандзібоберам хадзіць буду!»
Здавалася б, на прыкладзе Калабка можна дэманстраваць славутую беларускую памяркоўнасць, даведзеную да крайнасці. «Ты есць дзікі чалавек. Ты есць джунглі чалавек»,— чуе Цярэшка ад немца. I дабрадушна адказвае: «Абы чалавек, a ета ўсё... хай сабе і дзікі».
Хітры Калабок па-майстэрску вядзе сваю падвойную гульню і падманвае не толькі немца і паліцая, але і сваіх родных, нават праніклівую жонку Паліну. На працягу ўсяго дзеяння глядач жыве прадчуваннем, што не ўсё так проста з гэтым мужычком, і яно спраўджваецца, калі высвятляецца сапраўдная мэта дзеянняў Калабка.
Такія творы, як «Трыбунал», дапамагаюць глыбей зразумець тыя якасці беларускага характару, якія выяўляюцца падчас пагрозы, што вісіць над лёсам чалавека, яго сям’і і ўсёй нацыі. Незвычайныя паводзіны Калабка, ягоныя дыпламатыя і гнуткасць, здольнасць прыкінуцца прастадушным, дурнаватым — яны дапамагаюць зразумець нязломнасць беларусаў падчас Другой сусветнай вайны. I не толькі — бо, паводле свайго геапалітычнага становішча, народ вымушаны быў змагацца з захопнікамі.
Спектакль «Трыбунал» працяглы час уваходзіў у рэпертуар Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, і яго нязменны поспех у многім забяспечваўся выкананнем галоўнай ролі народным артыстам Беларусі Генадзем Аўсяннікавым. ІГеса, якая часова і недарэчна выпала з тэатральнага жыцця Беларусі, сёння аднавілася на сцэне Рэспубліканскага тэатра нацыянальнай драматургіі.
Драма Мікалая Матукоўскага «Паядынак» (1985) з’явілася новай спробай у жанры гераічнай камедыі. Драматурга цікавілі тыя акалічнасці, якія звязаны з канспірацыяй, тактыкай партызанскай і падпольнай барацьбы, уменнем стаіцца і нанесці нечаканы ўдар.
Дзеянне твора, насычанае нечаканымі паваротамі і калізіямі, адпавядала назве ў тым сэнсе, што паядынак — гэта не
абавязкова рукапашная, гэта яшчэ і барацьба інтэлектаў, валявых якасцей супраціўнікаў.
3 рэек сыходзяць цягнікі, у топках паравозаў разрываюцца міны, падкінутыя спрытнымі рукамі. Мароз скоўвае водаправод на чыгуначнай станцыі, і нямецкім эшалонам няма ходу ні на ўсход, ні на захад. Усім кіруюць нейчыя моцныя сіла і розум. Такая экспазіцыя прыдатная для таго, каб увесці вобраз змагара — Канстанціна Заслонава, які, паводле версіі драматурга, надзелены моцнай воляй і інтэлектам.
Новыя падыходы, якія скарыстоўваюць пісьменнікі, што пішуць пра вайну, выключаюць жорсткую зададзенасць у ацэнцы мінулых падзеяў. Крытэрыі маральнай і філасофскай ацэнак чалавечых паводзін у вайне становяцца болып гнуткімі. Выпрацоўваюцца прынцыпы новага мыслення, у аснове якога — агульначалавечыя каштоўнасці, міралюбнасць, уяўленне пра вайну як антычалавечую, злачынную з’яву.
Напрыканцы XX ст., калі над чалавецтвам навісла пагроза новай ядзернай вайны, у літаратуры зноў узмацняецца антываенны пафас. Ён прысутнічае ў лепшых творах беларускіх празаікаў: В. Быкава, А. Адамовіча, Я. Брыля, Б. Сачанкі, В. Казько, I. Пташнікава, В. Адамчыка, М. Стральцова, I. Чыгрынава, I. Шамякіна. Антываенная скіраванасць гэтых твораў праяўляецца праз вобразную іх структуру, праз непрыхарошаную, жорсткую праўду вайны, праз яе пачварныя рэаліі.
He менш пераканаўчым выглядае і той напрамак драматургіі, пры якім антываенны пафас твора вынікае з традыцыйнай драматызацыі ваенных рэаліяў. Напрыканцы XX ст. гэты кірунак у беларускай драматургіі найбольш ярка прадстаўлялі п’есы А. Дударава «Радавыя», А. Кудраўцава «Іван» («Іван і Мадонна»), Г. Марчука «Пеўчыя сорак першага года».
На фоне беларускай «ваеннай» драматургіі асабліва вылучылася драма А. Дударава «Радавыя» (паст. 1984).
Крытыка, якая досыць патрабавальна аднеслася да дудараўскага «юбілейнага» твора пра вайну, амаль не ставіла пад сумненне жыццёвую верагоднасць адлюстраваных у ім падзеяў. «П’есе Аляксея Дударава «Радавыя» ў значна большай ступені, чым творам яго аднагодкаў, уласцівы пякучая
праўдзівасць франтавой атмасферы, зрокавасць, грубая адчувальнасць салдацкага быту»1,— пісаў маскоўскі крытык К. Шчарбакоў.
Бушцец, Дзерваед, Салянік, Дугін, Адуванчык — гэта «радавыя» ўдзельнікі вайны, але ніяк не радавыя персанажы; праз іх лёсы, іх пачуцці, асабістыя драмы паказваецца трагедыя вайны.
Значнае месца ў творы займае перадгісторыя кожнага персанажа. Яны распавядаюць пра паваротны, драматычны момант уласнага жыцця, і выяўляецца, што паміж дзеючымі асобамі няма ніводнага, хто б меў хаця б адносна шчаслівы лёс. Кожнага абяздоліла вайна.
Вайна паўстае ў п’есе як сусветная, агульналюдская бяда. Найбольш уражваюць не вонкавыя прыкметы трагізму (гібель болыпасці персанажаў), а «ўнутраныя» — тыя, што выяўляюцца праз дыялогі, праз споведзі «радавых». Пры гэтым з рэалістычнай адкрытасцю даводзіцца наступная думка: трагізм вайны для яе ўдзельнікаў заключаецца не толькі ў небяспецы быць параненым, забітым, страціць родных, сяброў, каханых, але і ў жорсткім вайсковым абавязку, які прымушае забіваць іншых.
Пачынаючы ад эпохі «Слова пра паход Ігаравы», пісьменнікі параўноўвалі дзеянні чалавека на вайне з працай; нашаму часу належыць метафара «пралетарый вайны». Ёсць рэчы, да якіх чалавек з нармальнай псіхікай ніколі не зможа прызвычаіцца: напрыклад, забойства, хай сабе і ў экстрэмальных варунках вайны. Псіхіка гэтага чалавека пачынае неўпрыкмет дэфармавацца.
Страшней за трагічнасць стратаў выглядае для кожнага з «радавых» небяспека ўласнай духоўнай смерці, што невідочна вісіць над кожным, хто пастаўлены ў жорсткія ўмовы вайны. Без згладжвання вострых вуглоў, без прыхарошвання раскрываюцца раны чалавечай душы. «Пуста ў маім сэрцы»,— прызнаецца перад сваім сумленнем Дзерваед.
Радавы Бушцец адвык ад звычайных чалавечых пачуццяў:
1 ІЦербаков, К. Цена победы. // Современная драматургня. 1985. № 1. С. 225.
С а л я н і к. Ужо і плакаць не можаш?..
Бушцец. Чым плакаць?! Калі б па адной слязінцы на кожную смерць, на ўсё, што бачыў, ды я б па кропельцы распляскаўся ад Ржэва да Германіі...
С а л я н і к. Цяжка табе будзе... Калі ўсё высахла...1
Рысы чалавечнасці захавалі ў сабе Дугін, Адуванчык. Адметнай выглядае пазіцыя Саляніка, шчырага верніка, які хадзіў на небяспечныя аперацыі разам з астатнімі, рызыкаваў уласным жыццём, але ні разу не стрэліў па ворагу. Ён кіруецца хрысціянскім запаветам «не забі». Але ў яго таварышаў гэта выклікае рэзка адмоўную, варожую рэакцыю. Востра ставіцца пытанне пра цану перамогі. У споведзі «радавых» ёсць моманты пакаяння. Драматург строга судзіць сваіх персанажаў. Але ў дачыненні да жаночых вобразаў ён больш памяркоўны. Жанчына ў творах, прысвечаных ваеннай тэме паўстае як сімвалічны вобраз, звязаны з маральнай ацэнкай паводзін людзей на вайне. У п'есе «Радавыя» ўчынкі жанчын не заўсёды бездакорныя. Жонка Дугіна, медсястра Ліда, жонка Бушцеца — кожная з іх дзеліцца балючым успамінам, сваёй бядой, якая можа падацца віной. Аднак ні аўтар, ні персанажы не асуджаюць іх. Суд творыцца над мужчынамі; удзел жанчын у вайне — цяжкі груз на мужчынскім сумленні.
Да ваеннай тэмы звярнуўся драматург Георгій Марчук, аўтар драмы «Пеўчыя сорак першага года» (1994). У пісьменніка своеасаблівы падыход да паказу ваенных падзей. Асобныя эпізоды п’есы «Пеўчыя сорак першага года» раскрываюць пошук духоўнасці ў рэлігіі, якая проціпастаўлена антычалавечым праявам вайны.
Дзеянне ў п’есе адбываецца на акупаванай тэрыторыі.
Праблемы маральнага стану чалавека, псіхалагічнай арыентацыі ў жорсткіх умовах акупацыі працягваюць заставацца актуальнай тэмай для літаратуры. Мяжа паміж маральнасцю і злачынствам у ваенных варунках далёкая ад канчатковага вызначэння. Памяць пра былое захоўвае безліч сітуацый,
1 Дудараў, А. Дыялог.— Мінск, 1987. С. 8. (Далей творы аўтара цытуюцца паводле гэтага выдання.)
настолькі складаных, што ўражвае перадусім заблытанасць чалавечых лёсаў. А права судзіць і выносіць прысуд належыць, як вучыць Біблія, Усявышняму.