Нарысы па беларускай літаратуры XX ст

Нарысы па беларускай літаратуры XX ст

Для старэйшага школьнага ўзросту
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 438с.
Мінск 2010
122.89 МБ
У адным з інтэрв’ю драматург засведчыў, што пры стварэнні п’есы «Князь Вітаўт» не абмяжоўваў сябе жорсткай арыентацыяй на сцэнічнасць тэатральнага відовішча.
Аўтар давяраў драматызму і тэатральнасці самога гістарычнага матэрыялу ў тым выглядзе, у якім ён паўстае са старонак «Летапісу вялікіх князёў літоўскіх». Спектакль стаў сапраўднай і ўражлівай, відовішчнай тэатральнай з’явай. Гэтаму спрыяла таленавітая пастаноўка В. Раеўскага.
Трагедыя А. Дударава, напісаная на аснове дакументальнагістарычнага матэрыялу, належыць не толькі да жанру гістарычнай драмы, але мае ў сабе і прыкметы драматычнай паэмы, што збліжае твор з паэмамі Аркадзя Куляшова «Хамуціус» і Міколы Арочкі «Крэва». У такім кірунку працуюць таксама Раіса Баравікова і Людміла Рублеўская, аўтары драматычных паэм на гістарычную тэму. Сэнсавым цэнтрам гістарычнага твора А. Дударава становіцца развязанне канфлікту паміж князямі Вітаўтам і Ягайлам.
У «Летапісе вялікіх князёў літоўскіх» князь Ягайла характарызуецца пераважна як падступны палітык, здатны на хітрасць, парушэнне клятвы. У той час як князь Вітаўт адназначна ўсхваляецца як узорны, велікадушны, мудры дзяржаўны муж.
Безумоўна, паводзіны Ягайлы падчас барацьбы за ўладу з Кейстутам і Вітаўтам не выглядаюць высокамаральнымі. А. Дудараў не абмінае ўвагай патаемных задум Ягайлы, яго імкнення заваяваць уладу любым коштам. Ён не спяшаецца выставіць яго змрочным ліхадзеем. У нейкі момант Ягайла, завагаўшыся, гатовы адмовіцца ад сваіх злачынных планаў.
Мяжа паміж кампрамісам і здрадай часам выглядае настолькі хісткай, што патрабуе дакладных крытэрыяў. Ягайла шукае сабе апраўданняў, але гледачу зразумела: яшчэ адзін крок — і ён навекі зняславіць сябе перад гісторыяй.
Выратавальным і для яго, і для дзяржавы аказваецца пагадненне з Вітаўтам. Гэта — якраз той кампраміс, які мае маральнае апраўданне. Абодва князі здолелі пераступіць цераз асабістыя амбіцыі, узаемныя крыўды дзеля карысці Бацькаўшчыны, падаць адзін аднаму рукі.
I ўсё ж заключэнне Крэўскай уніі, як даводзіць твор, абярнулася для Беларусі фатальнымі наступствамі. Гандаль незалежнасцю, гульні палітыкаў, ад якіх пакутавала беларуская дзяржаўнасць, на доўгі час сталі гістарычным «заломам» на шляху Беларусі да нацыянальнага самавызначэння. Магчыма, прычынай гэтаму былі не толькі пралікі або заганы палітыкаў, але і пасіўнасць народных мас, пэўная выключанасць іх з гістарычнага працэсу. Есць у п’есе роздум і над прычынамі такой добраахвотнай самаізаляцыі ад гісторыі.
Фаталізм беларускай гісторыі, яе патаемны, не заўжды шчаслівы кон працягваюць трывожыць беларускіх драматургаў. Сведчаннем таму — з’яўленне зборніка гістарычных п’ес А. Петрашкевіча «Здрапежаная зямля» (2003). Аўтар звяртаецца да паваротных, экзістэнцыйна значных падзеяў беларускай гісторыі, калі дзяржава балансавала на мяжы страты суверэнітэту або знікнення, прыгадвае уніі, паўстанні, войны і захопы, падключае вялікі дакументальны матэрыял, дзякуючы чаму дзесяць прадстаўленых у зборніку п’ес набываюць якасць своеасаблівага, аформленага ў выглядзе дыялогаў, падручніка па гісторыі. «Гістарычная драма», «гістарычная трагедыя» — так вызначае аўтар жанр п’ес, звернутых да часоў Вітаўта, Льва Сапегі, Жыгімонта, М. Глінскага, Т. Касцюшкі, К. Каліноўскага, Янкі Купалы.
Зашмат трагедыяў... Апошняя — чарнобыльская — адбываецца ў XX ст. і пераасэнсоўваецца драматургам у п’есе «Дагарэла свечачка» (паст. 1998). Але аптымізм у такой трактоўцы нацыянальнай гісторыі з’яўляецца тады, калі раздумваеш пра ролю асобы — ваяра, палітычнага дзеяча, творцы,— які здат-
ны проціпаставіць свае волю і талент неспрыяльнаму збегу абставін.
У жанравым руху сучаснай гістарычнай драмы назіраецца ўстойлівая тэндэнцыя: яна набывае прыкметы гісторыкабіяграфічнай п’есы, а часам і цалкам належыць да азначанага жанру.
Цэнтральным у дзеянні вельмі часта робіцца вобраз жанчыны, і гэта невыпадкова, бо дзе жанчына — там жарсці, каханне, гульня самалюбстваў, паядынкі.
Жаночая вернасць, пяшчота здаўна ўспрымаліся ў літаратуры як адвечныя маральныя каштоўнасці, канстанты. 3 «Вечна-Жаночым» звязваў свае спадзяванні Гётэ ў «Фаўсце». Рускія літаратары і філосафы, прадстаўнікі сімвалізму (У. Салаўёў, У Бярдзяеў, А. Блок, А. Белы) услаўлялі жанчыну: Цудоўную Панну, Нявесту, Маці. Вобраз-сімвал Беларусі, Маці і Нявесты — у цэнтры паэтыкі Янкі Купалы.
У гісторыі і культуры Беларусі жанчыны адыгрывалі значную ролю. Залатымі літарамі занатаваныя ў гісторыі Беларусі імёны Рагнеды, Ефрасінні Полацкай, Барбары Радзівіл, Францішкі Уршулі Радзівіл, Саламеі Пільштыновай-Русецкай, Эміліі Плятэр, Элаізы Пашкевіч (Цёткі), Канстанцыі Буйло... Рознае давялося зведаць ім у жыцці: здраду, страты, боль пакут, але іх творчая, стваральная актыўнасць дапамагала выстаяць. Гэтую якасць можна вызначыць як пасіянарнасць. Тэрмін «пасіянарнасць» быў уведзены ва ўжытак вядомым гісторыкам і этнографам Львом Гумілёвым. Азначае ён надзвычайную ўнутраную актыўнасць, дзейснасць, уласцівую як асобнаму індывіду, так і ўсёй нацыі.
Добра распрацаваны ў нацыянальнай драматургіі летапісны сюжэт, які распавядае пра паход кіеўскага князя Уладзіміра на Полацк і яго наступствы, у п’есах разгортваецца вакол цэнтральнага вобраза Рагнеды.
Першая спроба ўвасобіць вобраз Рагнеды ў жанры паэмы ў беларускай літаратуры належыць Янку Купалу, які ў 1912 г. напісаў «Гараславу» — пачатак незавершанага твора.
У болыпасці паэтычных і празаічных твораў, прысвечаных дачцэ Рагвалода, падкрэсліваўся ахвярніцкі, пакутліва-
трагічны лёс Рагнеды. Аддавалася належнае той цярплівасці, з якой славутая палачанка несла крыж жыццёвых выпрабаванняў.
Драматург Алесь Петрашкевіч паспрабаваў перагледзець такую трактоўку жаночага вобраза ў гістарычнай драме «Гора і Слава» («Русь Кіеўская») (1983, паст. 1982). Ён паказаў іншую Рагнеду — жанчыну-палітыка, надзеленую дзяржаўным розумам і клопатам пра Радзіму. Яна кіруе мужам, а не ён ёю, яна накіроўвае шалёную энергію Уладзіміра на стваральныя мэты.
У творы, жанр якога сам аўтар вызначыў як трагедыю,— цэлы калейдаскоп падзей беларускай і ўсходнеславянскай гісторыі X ст. Нават у сціслым пераказе ў летапісах гэтыя падзеі займаюць не адну старонку: смерць старой кіеўскай княгіні Вольгі; барацьба Святаслава з печанегамі; забойства Яраполка; барацьба паміж полацкім і кіеўскім князямі за Ноўгарад; заваёва Уладзімірам улады над Полацкам і Кіевам; расправа з полацкім князем Рагвалодам і яго дзецьмі; горкае замужжа Рагнеды; паход Уладзіміра на Візантыю; чалавечае ахвярапрынашэнне ў язычніцкім Кіеве; выбар новай веры; хрышчэнне кіяўлян у Дняпры; новая жаніцьба Уладзіміра і пострыг Рагнеды...
Абставіны, у якіх дзейнічаюць героі п’есы «Гора і Слава», ахутаныя лёгкай смугой таямнічасці, што ствараецца ў многім дзякуючы гістарычнай аддаленасці ў часе. У творы назіраем амаль казачную гіпербалізацыю, запазычаныя ў фальклора прыёмы тыпізацыі. Працягваецца традыцыя фальклорна-гістарычных п’ес, распачатая творамі К. Каганца, Е. Міровіча, Я. Дылы, У. Галубка.
Рагнеда не толькі цярплівая пакутніца, якой выглядала яна паводле летапісных звестак. Яна — юная, гарэзлівая, вясёлая дзяўчына, амаль падлетак. Яе з’яўленне ў п’есе — відавочнае адступленне ад манументальнага стылю: яна ўрываецца на сцэну, фехтуючы на затупленых шаблях з братамі-падлеткамі.
У сцэне сватання, калі Рагнедзе зрабілі прапанову два жаніхі — Яраіюлк і Уладзімір, высвятляецца, што Рагнеда аддала перавагу Уладзіміру. Гэта — наўмыснае адступленне ад
летапіснага факта, згодна з якім Рагнеда адмовіла Уладзіміру, прычым у абразлівай форме: «Не хачу разуці рабыніча, але за Яраполка хачу». (Уладзімір быў сынам ключніцы Малушы і Святаслава.)
Крывавая кульмінацыя гэтага эпізода амаль нічым не адрозніваецца ад летапіснай. Абражаны Уладзімір прагне помсты. Ен выкарыстоўвае права сілы, права пераможцы, досыць пашыранае ў тыя жорсткія часы. I вось ужо за сцэнай чуцен гул сечы, і ў церам полацкага князя ўрываецца Уладзімір, забівае Рагвалода.
Рагнеда замахваецца кінжалам, каб адпомсціць за забойства бацькі, але рука спыняецца ў паветры. Як вядома з летапісаў, Рагнеда спрабавала забіць свайго мужа. Драматург жа засяроджвае тут увагу не на гэтым учынку, а на тым, што збліжае Рагнеду і Уладзіміра,— іх агульным клопаце пра моц дзяржавы.
Мы бачым вобраз жанчыны, здатнай пераадолець у сабе помслівасць дзеля грамадзянскай мэты, своеасаблівую полацкую «антымедэю». Медэя, помсцячы свайму мужу Ясону за абразу і здраду, забіла ўласных дзяцей. Рагнеда ж здолела дараваць Уладзіміру, станоўча ўплываць на яго, выхаваць сына Ізяслава і дамагчыся для яго спадчыны — княскага пасада ў Полацку. Гэта жанчына, якая можа мысліць і дзейнічаць памужчынску, вырашаць «нежаночыя», ваенныя, дыпламатычныя, рэлігійныя пытанні.
Уладзімір падпарадкоўваецца жонцы, слухаецца яе парадаў, дзейнічае, часам пра тое не здагадваючыся, згодна з яе стваральнай воляй. Пад яе ўплывам князь вырашае развітацца з паганскімі ідаламі і прыняць хрысціянства. Уладзімір давярае дальнабачнасці жонкі, і яна не злоўжывае гэтым. Больш таго, яна гатовая і на новую ахвяру.
Уладзімір. Многае ты, Гараслава, пазнала і ў справах дзяржаўных, і боскіх, але, што будзе з Руссю, прадбачыць не можаш... Ніхто не можа!.. I я не ведаю...
Гараслава. Прарочыць не стану, але думаю, што прыйдзе час, і хутка, калі і ты, і Дабрыня, і іншыя раўніцелі старой веры пакінуць сваіх куміраў каб абраць іншых. А абраўшы, будуць абараняць іх з падвоенай рэўнасцю.
Уладзімір. Няўжо з галавою хрыставерам прададзімся?!
Гараслава. Хіба я пра тое?
Ул а д з і м і р. А пра што ж ты?
Гараслава (пасля паўзы). Пра тое, што, прымаючы багоў і новую веру, не спяшайся дзякаваць Візантыі, узнагароду ж запрасі дастойную. Жыццё яшчэ пацвердзіць, хто перад кім у даўгах будзе.
Уладзімір (пасля паўзы). Назаві, Гараслава, тую ўзнагароду. Яна табе падарункам стане...
Гараслава (як даўно вырашанае). Прасі сястру імператара візантыйскага царэўну Анну.
Ул а д з і м і р (здзіўлена). Навошта?
Гараслава. У жонкі... Ахрысцішся — Анна адзінай жонкай застанецца...
Уладзімір (усё зразумеў, перапалохаўся, схаваў галаву Гараславы ў сваіх абдымках). А ты як, Гараслава?! Я не памяняю цябе на ўсіх багоў свету!..