Нарысы па беларускай літаратуры XX ст

Нарысы па беларускай літаратуры XX ст

Для старэйшага школьнага ўзросту
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 438с.
Мінск 2010
122.89 МБ
Жыццё, сацыяльныя працэсы, час так значна ўплываюць на лёсы персанажаў А. Паповай, што да жанру меладрамы яе творы можна аднесці толькі з пэўнымі агаворкамі. Так драма «Развітанне з радзімай» (паст. 1998) прысвечана надзвычай актуальнай тэме. У гэтым творы адбываецца ператварэнне грамадзяніна краіны ў эмігранта. Якая сіла падхоплівае чалавека з месца і шпурляе насустрач бясконцым вандроўкам, магчымым стратам і расчараванням, непазбежнай настальгіі? Ці толькі нястача, матэрыяльны дыскамфорт? Цэлы комплекс складаных пытанняў псіхалагічнага, сацыяльнага, маральнага плана складае канфліктны вузел п’есы.
Драматургічныя працы А. Паповай апошняга часу маюць выразна праяўленыя прыкметы меладрамы, прыкладам, п’еса «Маленькі свет», пастаўленая Мінскім абласным драматычным тэатрам (г. Маладзечна). Жанр гэты, пры ўсёй яго папулярнасці і касавасці больш за ўсё падлеглы адной нядобрай тэндэнцыі — абытаўлення і нават абмяшчаньвання. Драматург добра разумее гэтую сітуацыю, і таму спрабуе звязаць правінцыяльную жаночую драму з усяленскім роздумам пра шлях да ісціны, адвечную вандроўку па шчасце.
Святлана Бартохава, якая апошнім часам таксама плённа працуе ў жанры меладрамы, шукае «падвышэнне» жанру за кошт паглыблення ў праблемы маральна-этычнай адказнасці за лёс сям’і, паказ перыпетыяў гендарных адносін і аналіз прычын адвечнай згоды, барацьбы полаў (п’есы «Поле бітвы», «Нязваны госць»).
Малады драматург Дыяна Балыка спрабуе прарвацца праз бытавізм, праз пастаноўку вострасацыяльных праблем, у прыватнасці, барацьбы са СНІДам і наркаманіяй («Белы анёл з чорнымі крыламі»), эфектны, нават рызыкоўны псіхааналіз («Раман+Юлія», «Псіхааналіз для псіхааналітыка»).
’ Беларуская драматургія. Вып. 1. С. 103.
I гэта сведчыць пра тое, што сучасная драма сёння знаходзіцца ў стане руху, шукаючы сваю гармонію са зменлівым, пераходным часам, што адбіваецца на яе жанравых формах, даволі часта сінтэтычных, мадыфікацыйных, новаствораных.
Па-свойму спрабуюць актывізаваць жанр меладрамы і аўтары-мужчыны, якія таксама звяртаюцца да тэмы сям’і, кахання, гендарных стасункаў.
Гэта, у прыватнасці, Я. Таганаў, аўтар драмы «Адэль», аўтар гэтых радкоў, чыя п’еса «Пясочны гадзіннік» належыць да сінтэтычнага жанру, які спалучае ў сабе прыкметы сацыяльна-псіхалагічнай драмы, меладрамы і трылера.
На покліч меладрамы адгукнуўся драматург А. Дудараў аўтар меладрамы «Кім», меладраматычнага дэтэктыву «Люці» (2001).
Жыццё гэтых твораў у тэатры, іх сцэнічны пошук прымушаюць раздумваць пра такі жанрава-сюжэтны элемент п’есы, як шчаслівы фінал.
He сакрэт, што сучасны масавы чытач і глядач, стомлены жыццёвымі дыскамфортнымі з’явамі, не заўжды вітае іх паказ у літаратуры, на сцэне. Яму хочацца адпачынку, пяшчотных пачуццяў, замілаванасці і хэпі-энду. I калі ён не знаходзіць іх у кнізе або ў тэатры, дык шукае ў тэлевізійных «мыльных операх». Такая рэакцыя зразумелая, і аўтары сучасных меладрам імкнуцца задаволіць такое жаданне. Тым больш, што беларуская драматургія мае ўзор такога твора. Гэта меладрама Анатоля Дзялендзіка «Выклік багам» («Чатыры крыжы на сонцы»), створаная ў 1965 годзе. У свой час п’еса мела проста фантастычны поспех: ставілася ў 109 тэатрах Савецкага Саюза. Аўтар. медык па прафесіі, знайшоў просты і трапны сюжэт, які расчуліў сэрцы тысяч гледачоў. Дзяўчына, асуджаная на смерць з-за хваробы крыві, выратоўваецца дзякуючы каханню, высакароднаму і адданаму. Гэтая гісторыя выглядае сучаснай не таму, што яна перагукаецца з сюжэтамі тэлесерыялаў, а таму, што ў дваццаць першым стагоддзі, споўненым хваробамі і пакутамі, памяццю пра Хірасіму і Чарнобыль, некаму падорыць надзею.
Відавочна, што А. Дудараў абапіраўся на пэўную літаратурную традыцыю, калі ствараў сваю меладраму «Кім». Апроч
твора А. Дзялендзіка, варта прыгадаць яшчэ раман рускага празаіка В. Распуціна «Грошы для Марыі» з аналагічным сюжэтам. У дудараўскім творы падлетак шукае сродкі, каб вылечыць ад цяжкай хваробы сваю названую сястру, кідаецца ў розныя авантуры, якія прыводзяць да ланцуга самых галавакружных метамарфоз і супадзенняў. У задуме твора — паказаць, як падлетак можа перавыхоўваць дарослых. У фінале расчулены ўшчэнт глядач атрымлівае чаканы хэпі-энд. I ўсё ж такі ён выклікае пытанне: ці не зашмат цукру ў шклянцы з гарбатай?
Шчаслівы фінал, гэтаксама як і іншы сцэнічны прыём,— зброя небяспечная, завостраная з абодвух бакоў. У адных выпадках яна падтрымлівае сцэнічную ілюзію і цэласнасць дзеяння, у іншых — разбурае іх.
Такім чынам, прыземленасць, грунтоўнасць і праблемнасць беларускай драмы не пазбаўляюць магчымасці існавання ў ёй лёгкіх жанраў і відовішчнай рамантыкі.
Дзіцячая п’еса
Беларуская дзіцячая п’еса запачаткавалася ў часы «нашаніўскага» Адраджэння. Пісьменнікі дбалі пра пераемнасць пакаленняў, неабходнасць эстэтычнага і нацыянальнага выхавання «дзяцей беларусаў» і стваралі драматургічныя творы адмыслова для іх.
Адным з першых напісаў п’есу для дзяцей пісьменнікнашанівец Кандрат Лейка, аўтар драматургічнай казкі «Снатворны мак» (1914).
Яшчэ ў 1910—1920 гг. беларускія драматургі стваралі п’есы са спадзяваннем, што яны будуць некалі пастаўлены ў дзіцячым тэатры. I калі ў 1931 г. нарэшце адкрыўся Беларускі рэспубліканскі тэатр юнага гледача, у яго не было вялікіх праблем з рэпертуарам. Ужо былі створаны п’есы, якія ўвайшлі ў залаты фонд беларускай дзіцячай драматургіі, у іх ліку: «Смерць пастушка» (1914) Змітрака Бядулі, «У лясным гушчары» (паст. 1917) Францішка Аляхновіча, «Хлопчык у лесе»
(1920, паст. 1921) Алеся Гаруна, «Данілка і Алеська (1920), «Пастушкі» (1921) Міхася Чарота, «Цудоўная ноч» (1927), «Ёлка Дзеда Мароза» (1927) Сяргея Новіка-Пяюна. Актыўна працавалі ў жанры дзіцячай драматургіі Еўсцігней Міровіч, Уіадзіслаў Галубок, Леапольд Родзевіч, Васіль Сташэўскі, Віталь Вольскі.
Пасля Вялікай Айчыннай вайны рэпертуар дзіцячых тэатраў узбагаціўся творамі гераічнай тэматыкі: «Юныя мсціўцы» А. Гутковіча і У. Хазанскага, «Выбух» М. Алтухова і М. Гарулёва, «Час любові і нянавісці» Я. Пасава, «Шпачок» А. Махнача, «Чырвоны губернатар» У. Мехава.
Сёння пішуць для дзяцей Анатоль Вярцінскі, Валянцін Лукша, Аляксей Дудараў, Раіса Баравікова, Галіна Каржанеўская, Сяргей Кавалёў, Ігар Сідарук, Максім Клімковіч, Міраслаў Адамчык (Шайбак), Уладзімір Ягоўдзік, Людміла Рублеўская, Зінаіда Дудзюк, Уладзімір Сіўчыкаў, Святлана Клімковіч, Ірына Масляніцына, Яўген Конеў ды іншыя.
Існуе выслоўе: «Тварыць для дзяцей трэба так, як для дарослых, толькі яшчэ лепш». 3 літаратурай і тэатрам уступіла ў жорсткую канкурэнцыю масавая культура, што рэалізуецца праз тэлебачанне, відэакультуру, камп’ютарную тэхніку. Новае пакаленне беларусаў расце пад моцным уплывам так званага маскульту. Няпростая задача — прыцягнуць дзіцячую ўвагу да адвечных, выпрабаваных часам духоўных каштоўнасцей, скарбаў нацыянальнай культуры і гісторыі. Сапраўдным памочнікам у гэтай справе з’яўляецца для драматурга фальклор.
Фальклорны матэрыял патрабуе далікатнага абыходжання, не церпіць безгустоўнай стылізацыі, спрашчэння. П’есы, заснаваныя на фальклоры, перастаюць быць звычайнымі інсцэніроўкамі народных казак. Выкарыстанне аўтарамі казачных матываў, міфалагічных сюжэтаў, персанажаў носіць творчы характар.
Напрыклад, п’еса-казка «Хохлік» (паст. 1993) Сяргея Кавалёва. Да вобраза хохліка, адной з самых загадкавых істот беларускай язычніцкай дэманалогіі, звяртаўся Янка Купала. У вершы «Хохлік» персанаж паўстае містычным валадаром лесу, носьбітам нейкай таемнай і, напэўна, варожай чалавеку сілы. Яму падпарадкоўваюцца лесуны.
У п’есе С. Кавалёва Хохлік — «маленькі барадаты дзядок у стракатай апранасе», «сярдзіты з выгляду, але добры ў душы чалавечак з сямейства гномаў»1. Ен дапамагае Дзяўчынцы, што заблукала ў зімовым лесе, адшукаць дарогу дахаты; ён жа здатны быць, калі што і «выхавацелем». Традыцыйны казачны ліхадзей — гном Карузлік, хітры і злы.
Драматург здолеў знайсці для звычайнага казачнага канфлікту паміж дабром і злом незвычайнае атачэнне. Пры гэтым ён выкарыстаў тую таямніцу, што нязменна звязана са зваротам да міфалогіі, перанёс яе ў дзеянне «зімовай казкі», надаўшы твору адценне загадкавасці, чарадзейства.
Яшчэ адзін падыход да фальклорнай спадчыны — захаванне самога фальклорнага духу, парадаксальнасці, гумару, нацыянальнага каларыту, трапнай стылістыкі, пры ўмове стварэння новых, арыгінальных сюжэтаў, вобразаў, або «ажыўленне», разгортванне, кантамінацыя ўжо існых персанажаў і матываў. Так Віталь Вольскі напісаў свайго «Несцерку». Тым жа шляхам пайшоў аўтар гэтых радкоў, калі ў сааўтарстве з С. Кавалёвым стварыў п’есу «Дзівосныя авантуры паноў Кубліцкага і Заблоцкага» (1992).
Для стварэння вобраза пана Заблоцкага хапіла аднаго толькі народнага выслоўя пра няўдалага камерсанта, які «зарабіў на мыле». У п’есе ж анекдатычныя вобразы Кубліцкага і Заблоцкага вырастаюць у каларытныя вобразы двух сябрукоў-шляхціцаў, вялікіх аматараў пад’есці, забіяк і шалапутаў. Далейшыя прыгоды паноў: знаёмства з Курай-Шчабятурай, паляванне на Цмока, удзел у вайне з князем Дрыгайлам, заляцанне да дзеўкі Дрыпы,— часткова грунтуюцца на фальклорнай глебе; у значнай ступені яны — плён фантазіі аўтараў. Есць тут месца і для фантасмагорыі, дзівосных метамарфоз і нават для рамантычнага кахання князя Дрыгайлы, дзівака, які сочыць праз падзорную трубу за зоркамі, і летуценнай дзеўкі Дрыпы.
Дзяўчына паланіла сэрца вынаходлівага і дзівакаватага Дрыгайлы працавітасцю, спрытам. Яна здолела ўсё давесці да
1 Беларуская драматургія. Вып. 1. С. 125.
ладу ў княскім маёнтку. Прапанова нараджаецца па-казачнаму вокамгненна:
Д р ы п а. Ну вось і парадак у гаспадарцы.
Д р ы г а й л а. Хм... Так хутка? А і спрытная ж ты паненка, як я пагляджу. Як тваё імя, увішная дзяўчына?
Д р ы п а. Зваць мяне Параска, а яшчэ — дзеўка Дрыпа. Гэта мяне так дражняць, што не магу сабе справіць новую сукню.
Д р ы г а й л а. «Дрыпа» — гэта не вельмі прыгожа. Я буду зваць цябе Параска. (Задумваецца.) Паслухай, Параска, а ці не пайшла б ты за мяне замуж? Будзем разам у падзорную трубу глядзець. Дый гаспадарка пойдзе на лад, калі будзе такая ўвішная гаспадынька. Га?1