Нарысы па беларускай літаратуры XX ст

Нарысы па беларускай літаратуры XX ст

Для старэйшага школьнага ўзросту
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 438с.
Мінск 2010
122.89 МБ
Аўтэнтычнасць захавання духу фальклорна-міфалагічнага матэрыялу выбраў Ігар Сідарук, аўтар п’есы «Збавіцель» (1994). Ен захаваў асноўныя рысы старадаўняга батлеечнага паказу пра нараджэнне Хрыста, злачынствы цара Ірада і ўцёкі святой сям’і ў Егіпет, падкрэсліў моманты містэрыяльнасці (цудаў), дапоўніў паэтычны тэкст народнага відовішча.
Свет казачных, міфалагічных персанажаў напаўняецца новымі, сучаснымі рэаліямі. Баба Яга, Кашчэй, цмок, вадзянік, лясун, дамавік жывуць у XXI ст., і іх казачныя здольнасці і характары раскрываюцца нечаканым, парадаксальным чынам. Такі прыём патрабуе асцярожнасці, такту ў адносінах з традыцыйнымі вобразамі, бо фальклорны вобраз гэтаксама лёгка разбурыць, як і трансфармаваць.
Даволі часта мадэрнізаваць фальклорны сюжэт дапамагаюць прыёмы сучаснага забаўляльнага мастацтва, відэакультуры.
Драматургі Максім Клімковіч і Міраслаў Адамчык (Шайбак) напісалі п’есу-казку «У чорным-чорным горадзе» (1989). Дасціпная задума аўтараў — стварыць п’есу на аснове дзіцячага фальклору. Маюцца на ўвазе тыя страшлівыя гісторыі, «чорныя анекдоты», якія дзятва шэптам пераказвае адно аднаму,— пра «Чорную руку», «Віновую Даму», «Белую прасціну»... Гэтыя творы бытуюць, у розных мадыфікацыях, у дзіцячым асяродку і цяпер.
1 Ці будзе вяселле? : П’есы,— Мінск, 1992. С. 19, 20.
П’ еса «У чорным-чорным горадзе» складаецца з дзвюх дзеяў: «Белая прасціна», «Чорная рука». Дзейныя асобы, Хлопчык і Дзяўчынка, не слухаюцца Тату і Маму, гуляюць у небяспечныя гульні, глядзяць па тэлевізары перадачы, у якіх расказваюць «стр-р-рашныя» гісторыі: «У адной кватэры з’явілася на батарэі чырвоная-чырвоная пляма. Памацалі яе, а яна халодная-халодная. Вакол батарэя гарачая, а ад плямы холадам цягне. Выклікалі майстра-сантэхніка. Ён глядзеўглядзеў — нічога зразумець не змог. Пагрукаў малатком, a яму назад — грук, грук. Майстар сабраў інструменты і сказаў, што заўтра прыйдзе. Спрабавалі тую пляму змыць, а яна толькі ярчэйшай робіцца, хацелі зафарбаваць — а яна не зафарбоўваецца. Леглі спаць і заснулі. А як заснулі, то выйшаў з батарэі чырвоны чалавек і высмактаў у гаспадароў кроў. Высмактаў і назад у батарэю зайшоў. А раніцай прыйшоў майстар. Званіў, званіў, а яму не адчыняюць. Выламаў дзверы, зайшоў, а гаспадары нежывыя ляжаць, і батарэя ўся чырвоная. Раскруціў майстар батарэю, а з яе кроў палілася»1.
Зразумела, М. Клімковіч і М. Адамчык не адкрылі новага кірунку ў дзіцячай драматургіі. У жанры «страшылак» плённа працуюць дзіцячыя пісьменнікі Э. Успенскі і Г. Осцер. Вядома, дзеці не супраць добрай забаўлянкі, або, як яны называюць гэта, «прыколу», і разам з тым, надта высока ацэньваюць традыцыйную п’есу-казку, у якой адбываюцца неверагодныя, чароўныя прыгоды, дабро змагаецца са злом і перамагае. Узор такога твора — п’еса «Жывая вада» (1994) Зінаіды Дудзюк. Яе герой, вясковы хлопец Спарыш, выпраўляецца на змаганне з Цмокам, як гэта рабілі ў свой час героі беларускіх казак пра асілкаў — Удовін Сын, Пакацігарошак ды іншыя. У гэтай п’есы-казкі нечаканая «экалагічная» матывацыя: Цмок высушыў раку, спыніў крынічку, з якой яна выцякала. Спарыш, у адрозненне ад казачных асілкаў, перамагае Цмока і яго сястру-вядзьмарку Марану, не сілай, а дзякуючы кемлівасці ды дапамозе сваіх сяброў: Пеўня, Сабакі, Уладаркі ракі, Вечнага дрэва.
1 Клімковіч, М., Шайбак, М. У чорным-чорным горадзе. // Бярозка. 1989. № 11. С. 9, 10.
Новае ў беларускай дзіцячай драматургіі — зварот да фантастычных сюжэтаў, жанру фэнтэзі, рамана-казкі. Яго прадстаўнікамі з’яўляюцца майстры сусветнай літаратуры Джон Толкіен, Клайв Льюіс, Урсула Ле Гуін. У гэтым жанры напісаны п’есы Р. Баравіковай «Міжпланетны пажарнік», 3. Дудзюк «Канікулы на астэроідзе».
He вычарпаў сваёй жыццяздольнасці, а наадварот, актуалізаваўся жанр гераічнай або героіка-рамантычнай дзіцячай драмы, з авантурамі і подзвігамі. He так даўно дастатковы матэрыял для гераізацыі давалі падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Да гэтай тэмы звярталіся многія аўтары, сярод якіх варта вылучыць Алеся Махнача, які напісаў для дзяцей п’есы «Маленькія салдаты» («Гаўрошы Брэсцкай крэпасці») і «Шпачок». У апошні час, калі ўдзел дзяцей у вайне падвяргаецца новаму этычнаму пераасэнсаванню, драматургі, на жаль, амаль не раскрываюць гэтую тэму.
Вытокі героікі і рамантыкі сёння шукаюцца і ў больш аддаленым часе.
Тэма шляхетнасці, высакародства, ахвярнасці ўсё часцей пераасэнсоўваецца ў сучаснай дзіцячай п’есе. Яна разгортваецца на чарадзейным, легендарным або гістарычным фоне, праз паказ закаханага героя-рыцара, гатовага здзейсніць подзвіг дзеля сваёй Прынцэсы. Цікава, што варыяцыі гэтага матыву знаходзяць аднолькавую прыхільнасць сярод падлеткаў — здавалася б, публікі, не схільнай да сантыментаў.
Развіццё ў драматургіі новага рамантызму садзейнічала з’яўленню жанру рыцарскай п’есы. Такія творы процістаяць прагматыцы, неўладкаванасці постсавецкага грамадства.
Адным з першых увёў персанажа-рыцара ў сцэнічную казку С. Кавалёў у п’есе «Падарожжа з Драўляным Рыцарам» (1992, паст. 1989). Драматург зрабіў тонкі псіхалагічны ход, вывеў постаць не «жалезнага», а «драўлянага» рыцара. Чысты культ сілы не выклікае, як раней, адназначнага захаплення ў гледачоў; мужны і высакародны герой павінен быць у нечым і мяккім, душэўным, як славуты Рыцар з казкі Л. Кэрала пра Алісу.
Другая спроба драматурга стварыць рыцарскую п’есу ў драматургіі — інсцэніроўка сярэднявечнага рамана пра Тры-
стана і Ізольду, дакладней, яго беларускамоўнай версіі «Трыстан ды Ізольда» (паст. 1999). Аўтар пераказаў у сучаснай, часам фрывольнай форме, вядомую гісторыю пра караля Марку, яго нявесту Ізольду і рыцара Трыстана. Абыграныя ў куртуазнай манеры падрабязнасці, звязаныя з каханнем юнага рыцара і каралеўскай нявесты, спробы схаваць ад караля Маркі наступствы гэтага кахання — усё гэта робіць п’есу «дарослай», прызначанай для сталай аўдыторыі.
У жанры рыцарскай п’есы напісаны твор «Янук, рыцар Мятлушкі» (1995) Людмілы Рублеўскай. Каб выратаваць князёўну Даратэю, збяднелы рыцар Янук Шукайла-Залескі мусіць уступіць у проціборства са злавеснымі язычніцкімі дэманамі: Кадуком, Начніцамі, Страхамі. Дзеянне ахутваецца чарадзейна-містычнай атмасферай, накшталт той, якую назіраем у п’есе «Сон у летнюю ноч» У. Шэкспіра. Нечаканы паварот інтрыгі — Даратэя аказваецца нявартай высакародства рыцара; халодная і эгаістычная, яна аддае перавагу дабрабыту, створанаму для яе Кадуком. Рыцар знаходзіць сваё шчасце з Мятлушкай, адданай і вернай дзяўчынай...
Даволі часта пісьменнікі спалучаюць элементы «рыцарскай п’есы» з фальклорна-казачнымі. Напрыклад, п’еса-казка Уладзіміра Ягоўдзіка «Усміхніся, прынцэса...» (1990). Герой твора Янка служыць прынцэсе Ружы, выконвае яе жаданні і капрызы, а потым з дапамогай «працоўнай тэрапіі» перавыхоўвае свавольную дзяўчынку. Скарыстоўваецца фальклорны матыў — ператварэнне простага вясковага хлопца ў высакароднага героя, шлюб з Прынцэсай.
У п’есе-казцы Уладзіміра Сіўчыкава «Філасофскі камень» (1994), вясковая дзяўчына, дачка каваля, выходзіць замуж за Княжыча. Прыгадваецца гісторыя Папялушкі... У. Сіўчыкаў уключыў у твор не толькі фальклорныя, але і гістарычныя рэаліі. Дзеянне адбываецца ў Княстве. Сярод персанажаў — Гетман, Кашталян, ёсць і іншыя дэталі, якія нагадваюць пра акалічнасці гісторыі Вялікага Княства Літоўскага. Падкрэсліваецца вольналюбівасць, незалежніцкі дух грамадзян Княства:
Княжыч. Нарэшце прыйшоў час, калі Княства будзе мець свае ўласныя грошы!
К н я з ь. А з дапамогаю грошай і зброі мы станем незалежнымі ад прагавітых суседзяў...
Княжыч. I ад ордэна, і ад царства, і ад каралеўства!1
На што наракае рэжысура і тэатральная крытыка — дык гэта на адсутнасць п’ес на сучасную тэматыку. Гэты недахоп часткова тлумачыцца, на нашу думку, пэўнымі цяжкасцямі, з якімі аўтар спасцігае свет сучаснага дзяцінства. Для гэтага сёння мала ўспомніць уласнае маленства. Сучасныя дзеці жывуць у іншым, шмат у чым віртуалізаваным свеце.
Таму не выглядае парадоксам, што спробы стварэння дзіцячай п’есы з сучаснымі рэаліямі зноў-такі робяцца ў казачным, фантазійным жанры. У якасці прыкладаў можна прывесці чарнобыльскую казку Сяргея Кавалёва «Пацалунак ночы», п’есу-трылер аўтара гэтых радкоў «Кацярынка і Кэт».
Аўтар сучаснай дзіцячай п’есы павінен клапаціцца не толькі пра папулярнасць, але перадусім — пра эстэтычныя вартасці відовішча, вышыню маральных ідэалаў. Непаўторнасць п’есы, спектакля — у жывым, непасрэдным кантакце акцёраў і гледачоў, «эфекце прысутнасці». Яны абумоўліваюць феномен тэатра, што робіць гэты від мастацтва неўміручым.
Эксперымент і традыцыя
У сучасным літаратурным працэсе вылучаецца творчасць драматургаў «новай хвалі», звязаная з эксперыментам, авангардысцкім пошукам, перайманнем здабыткаў сучаснага заходнееўрапейскага тэатра. У пэўнай ступені яна палемічная, імкнецца выйсці па-за межы сталых формаў і аспрэчыць іх.
Эксперыментальны пачатак у беларускай драматургіі 1980—2000 гг. непасрэдна звязаны з досведам еўрапейскага тэатра абсурду або тэатра парадоксу.
1 Сіўчыкаў, У. Філасофскі камень // Тэатральная Беларусь. 1994. № 2. С. 24.
Светапогляд абсурдыстаў быў звязаны з філасофіяй экзістэнцыялізму — адной з самых пашыраных тэорый XX ст. Як і экзістэнцыялісты, яны зыходзяць з хаатычнасці, разладу быцця. Найвялікшай бяссэнсіцай з’яўляецца чалавечая смерць, аднолькавая для прадстаўнікоў соцыуму, якая ўсіх — багатых і бедных, праведнікаў і зладзеяў — недарэчным чынам ставіць у роўныя ўмовы.
Спасцігнуць нейкі «сэнс» магчыма, лічаць яны, праз адпаведны прыём, асаблівае абсурдысцкае бачанне. Універсальная драма бессэнсоўнага існавання ўвасабляецца на сцэне ў выглядзе п’есы абсурду.
Пераглядаецца «рэквізіт» — паэтыка, сродкі традыцыйнай драмы, змяняюцца яе неад’емныя першаэлементы — дзеянне, характары, дыялог.
Дзіўнае, незвычайнае, адчужанае і «ачужанае» ў п’есе абсурду звязана, аднак, з цалкам рэальнымі, істотнымі праблемамі XX ст. Аўтараў найболын хвалюе праблема самоты, закінутасці, непрыкаянасці чалавека ў гэтым свеце. Драматургі не пазбаўлены пачуцця спагады да чужога болю.
Аўтараў трывожыць праблема камунікацыі, узаемаразумення паміж людзьмі. Але яны з пэўным скепсісам ставяцца да мовы як сродку вырашэння чалавечых канфліктаў. Яны трапна заўважаюць, што чым болыц людзі гавораць, тым менш разумеюць адзін аднаго.