Наш Быкаў. Кніга ўспамінаў
Генадзь Бураўкін
Выдавец: Беларуское таварыства «Кніга»
Памер: 496с.
Мінск 2004
Наогул, Вася ўжо з дзяцінства многае ўмеў рабіць — відаць, ад бацькі пераняў здольнасці. Сам змайстраваў сабе лыжы і канькі драўляныя, падбітыя дротам, на якіх катаўся зімою ці то з горкі, ці то на сажалцы. Летам жа выстругваў сабе розныя “вінтоўкі”, “наганы”, “гранаты”, з якімі гуляў у вайну. А мне аднойчы патттыў ляльку. Я вельмі любіла гуляць у лялькі, але купіць іх не было за што, а пашыць самой у мяне не атрымлівася. А ён зрабіў, як сапраўдную — з рукамі, нагамі, косамі. Я шмат гадоў яе берагла, з ёю нават спаць клалася. Аднаго разу, памятаю, яе ў мяне ўкрала суседка — ёй таксама яна падабалася...
Вучыўся Васіль вельмі добра. Яго заўсёды ставілі ў прыклад, і бацькі ганарыліся гэтым. За выдатную вучобу яму нават давалі прэміі. Памятаю, далі яму чаравікі, а гэта ў той
51
час быў вельмі дарагі падарунак. Быў Вася і актывістам, рэдагаваў насценгазету.
Асабліва мяне здзіўляла і захапляла ягонае ўменне маляваць. Калі я хадзіла ў другі клас, а ён быў у чацвёртым, настаўнік аднойчы паставіў аднаго вучня на табурэтку і загадаў усім намаляваць яго партрэт. У мяне ды і ў многіх іншых нічога людскага не атрымалася, а калі я знайшла ў васілёвай сумцы малюнак, які зрабіў Васіль, дык ажно не магла паверыць сваім вачам — як жывы! Пасля, памятаю, на палатне алейнымі фарбамі Вася намаляваў партрэт Леніна, і яго нельга было адрозніць ад фабрычнага. Бацька павесіў яго побач з абразамі. Як пачалася вайна, праўда, ён яго ці то закапаў, ці то спаліў, не памятаю, але партрэт гэты не захаваўся.
Усе плакаты, усе лозунгі, усе карыкатуры, якія былі ў нашай школе, — усё гэта было Васілёва. Прынясе, бывала, дахаты цэлы рулон шпалераў і малюе іх да ўсякіх святаў. Асабліва ж любіў пейзажы — гэта, як кажуць, для душы...
Пасля васьмі класаў ён не захацеў далей хадзіць у школу, а вырашыў паступаць у Віцебскае мастацкае вучылішча. I ўсё ў яго там атрымлівалася добра, але ў нас не было грошай, каб плаціць за вучобу, і Васіль праз год вярнуўся дамоў, дужа перажываў, што так здарылася...
Вася быў, як казалі ў вёсцы, “самастойны, сур’ёзны хлопец”. Ён ніколі не бегаў на вечарынкі, не любіў “біць лынды” з суседскімі “бэйбусамі” і сябраваў болей з дарослымі, старэйшымі за сябе людзьмі. Пры любой нагодзе зашываўся ў куток з кніжкай і чытаў. He ведаю дакладна, калі, але пачаў і сам пісаць. Я гэта заўважыла і цішком даставала з сумкі тое, што ён старанна ад усіх хаваў. Спярша гэта былі кароткія вершы, але яны ў яго не дужа складна выходзілі і ён пераключыўся на апавяданні. Адно дык было на цэлы сшытак. Вёў ён і дзённік. Вось ён мяне якраз найболей цікавіў, і я яго знаходзіла, як бы хітра Вася яго ні хаваў. Гэта ж было так цікава — чытаць пра тое, што адбывалася побач з табой, у чым і сама часта ўдзельнічала!..
Перад вайною Васіль паехаў вучыцца ў ФЗН — школу фабрычназаводскага навучання — і мы разлучыліся надоўга. Пачалася вайна, і ўсё ў жыцці перамянілася. Памятаю, колькі наплакалася маці, не маючы ніякай вестачкі пра сына. Вельмі перажываў і бацька. За гады гітлераўскай акупацыі давялося выцерпець усякае. I ўвесь час з трывогай думалася пра брата:
дзе ён, ці жывы, ці давядзецца зноў з ім пабачыцца?.. Забіралі мяне фашысты з іншымі дзяўчатамі везці ў рабства ў Германію, але я ўцякла. Ад Васіля атрымалі пісьмо, калі ўжо прайшоў праз нас фронт і вярнулася савецкая ўлада. Памятаю, як гэта было. Мама з жанчынамі на лузе грэблі сена, а паштальён якраз і прынёс ліст. Кажа: вам трохкутнік. А мама чытаць не ўмела, дык схапіла яго і кінулася бягом да хаты. Бацька ў нас быў пісьменны і ўсё прачытаў — што Вася жывы і шукае нас. Пасля пачалі прыходзіць і яшчэ лісты. А аднойчы атрымалі паведамленне аб ягонай гібелі. Але мы разабраліся, што сам Васіль пісаў нам са шпіталя пазней ужо. A то вельмі спалохаліся...
Дамоў першы раз пасля вайны мой дарагі Васілёк прыехаў у 1948 годзе. Я тады жыла і працавала ў Падсвіллі. Дык ён з цягніка і завітаў да мяне. Завёў у рэстаран, добра накарміў. Была зіма. Я хадзіла ў нейкіх чаравіках, ногі страшэнна мерзлі. Дык Вася падараваў мне новая хромавыя боты. Я адпрасілася з працы, за намі на кані прыехаў брат Мікола і мы разам рушылі да бацькоў, у родную вёску. Колькі было радасці, і слёз, і ўспамінаў — не пераказаць! Васіль тады пабыў дома, пэўна, тыдзень, а, можа, і болей. I зноў паехаў служыць...
Ну а пасля жыццё патроху наладжвалася. Васіль кожны год хоць два ці тры разы прыязджаў на бацькава селііпча. Стаў ён славутым. Ці не кожны дзень гаварыла аб ім радыё, паказвала яго і тэлебачанне, кніжкі свае ён прывозіў, дарыў нам. Праўда, бывала, што на яго і ўсякую дарэмшчыну ўзводзілі. Канешне ж, ён перажываў, але мне ніколі не жаліўся, проста махаў рукой і супакойваў: пройдзе, людзі ва ўсім разбяруцца. Памагаў мне заўсёды, чым мог. Але самае галоўнае і дарагое для мяне было, што ніколі не забываў мяне, цікавіўся маім жыццём, не абмінаў цесную бацькоўскую хату, што ўрастала ў зямлю і сірацела без нас.
Такі ён быў, родны мой Вася, Васілёк, Васіль, любімы мой, незабыўны браток...
в. Ваўчо, Ушацкі раён
Васіль БЫКАЎ
БАЦЬКА
Мне цяжка разважаць пра творчасць майго бацькі, пра адметнасць яго літаратурнай працы. Гэтак жа як і пра яго погляды на лёс краіны, лёс нашай беларускай мовы. Цяжка па той простай прычыне, што доўгія гады я не мог успрымаць жыццё інакш, чым ён.
Пасля Прагі, на мінскай кватэры ў майго старэйшага брата Сяргея, бацька ціха загаварыў з намі падкрэслена на роднай мове (было ж, што часам яму даводзілася гаварыць з сынамі, медыкам і вайскоўцам, і паруску). I мне здалося, што ён давяраў нам важнае, самае запаветнае...
Ды ўсё ж ён для мяне перш за ўсе бацька, і менавіта гэтым блізкі і дарагі мне.
Дзеці наўрад ці могуць разумець праблемы і клопаты дарослых, хай нават сваіх бацькоў. Свет дарослых для іх занадта складаны. А, з іншага боку, хто можа ўгнацца за дзіцячымі фантазіямі?.. У свае школьныя гады я быў захоплены светам прыроды і прыгод. I бацькі, вядома, не маглі скласці мне ў гэтым кампанію. Хаця як сказаць. Яшчэ да таго, як я з галавой акунуўся ў дзівосны свет флоры і фаўны, у нас дома быў невялікі вясёлы сабачка па імені Гаўка. Праўда, нядоўга пражыў ён у нас. Ад’язджаючы ў адпачынак, бацькі пакінулі яго ў знаёмых,
і ён прапаў. Мы з братам не мелі тады яіпчэ важкага голасу ў вырашэнні сямейных спраў. Нашыя ініцыятывы наконт усялення ў дом усялякіх беспрытульных катоў і галубоў цярпелі, як правіла, паразу. Таму мы былі ў вялікім захапленні, калі аднойчы, зімовым вечарам, у квартэру, да чысціні і парадку ў якой мама адносілася вельмі строга, бацька раптам прывёў сапраўдную вялікую аўчарку. Прывёў на павадку, сказаў, што яе зваць Джым, і выглядаў, памятаю, вельмі горда і ўзрушана. Здаецца, ён тады проста пазычыў аўчарку на пару дзён у некага са сваіх сяброў. Ну і мы з братам гэтыя некалькі дзён весела забаўляліся — дурэлі з Джымам на заснежаным двары.
Бацька, я думаю, разумеў маё захапленне ўсялякай жыўнасцю. Ахвотна купляў для нас кніжкі на гэтыя тэмы. I тады, у шасцідзесятыя гады, калі мы жылі на гарадзенскай вуліцы імя Алега Кашавога, для мяне ўжо не было перашкод у маім захапленні. Першай маёй уласнай “маёмасцю” стаў трохлітровы слоік з парачкай гупі. Ён стаяў на акне ў кухні, і бацька не раз заставаў мяне за адным і тым жа заняткам — як я неадрыўна, з затоеным дыханнем, назіраў за жыццём рыбак. Тут быў мой скарб. Бацька, напэўна, адчуў гэты і неўзабаве купіў мне сапраўдны, вялікі, на дваццаць літраў, акварыум. Паставілі яго на печцы, балазе перасталі ў ёй паліць, бо з’явіліся газавыя балоны. Цяпер бацька прывозіў мне са сваіх частых камандзіровак то кніжку пра рыбак, то вадзяны тэрмометр, то кампрэсар. Знаходзіў час забегчы дзеля гэтага ў магазіны.
Памятаю, як вярнуўся ён аднойчы з паездкі ў Маскву. У плашчы, капелюшы, а ў руках бідончык з накрыўкай, Такі, у якіх насілі з магазіна разліўное малако. Ды на гэты раз там было, вядома, не малако — там плавалі сапраўдныя трапічныя рыбкі: скалярыі, малінезіі... Сёння праз столькі гадоў я не магу ўявіць, як гэта бацька з такім бідонам у руках ляцеў з Масквы на Ту104. Але тады я лічыў, што так і павінна было быць, і быў шчаслівы...
Калі ж я захапіўся птушкамі, то ўжо ніхто не быў супраць. Клеткі з канарэйкамі і снягірамі былі развешаны на сцяне той жа кухні. Праўда, у жылыя пакоі маці мяне з маімі скарбамі не пускала.
Адзін з пакояў быў бацькавым кабінетам. Тут стаялі пісьмовы стол, стэлажы з кнігамі і часопісамі, радыёпрыёмнік. Мы ведалі, што бацька тут працуе, што ён пісьменнік. Памятаю,
58
было чамусьці крыху няёмка, калі нашы сябрыравеснікі згадвалі пра гэта: нейкая незвычайная, рэдкая прафесія. Што менавіта напісаў бацька, наўрад толкам ці ведаў хто з нас. Мы тады чыталі ў асноўным казкі і лічылі за лепшае бегаць у кінатэатр “Гродна”, які знаходзіўся праз вуліцу. Але аўра таямнічасці і паважлівай цікаўнасці вакол прафесіі пісьменніка існавала, і нас з братам цягнула ў бацькаў кабінет. Бачылі, што ён заняты сваімі паперамі, і стараліся не перашкаджаць яму, ціха чыталі кніжкі. Іншая справа, калі дома нікога не было. Тады мы пасвому гаспадарылі ў кабінеце: уключалі прыёмнік, скакалі, біліся на канапе...
He магу не згадаць, як мне нават удалося атрымаць у бацькавым пакоі “прапіску” са сваімі птушкамі. Было гэта так. 3 адной са сваіх камандзіровак бацька прывёз маленькую драўляную клетку з драцяной ручкай зверху. У клетцы сядзелі — вось дык сюрпрыз! — два невялікія шэраватарудыя чыжыкі. Чыжыкаў не было ні ў кога. Нам удавалася іншы раз спаймаць ў кустах ля гарадскога ручая шчыгла або сініцу. Можна было купіць з рук канарэйку ці снегіра. А вось чыжыкаў не было. I тут такі падарунак! Бацька перасадзіў птушак у большую клетку і павесіў яе сярод кніг у сваім кабінеце. Такім чынам кабінет стаў і маім.
Успамінаю, як сядзіць за сталом над сваімі паперамі бацька, а побач, на канапе, уладкоўваемся мы з братам і, расклаўшы падручнікі, цікуем, як жывуць жвавыя, шчабатлівыя чыжыкі. I ўсім нам вельмі добра...
г. Гродна
Валянцін TAP AC
ДАРОГА ДЛ ВАСІЛЯ
Мы пазнаёміліся у 1956м ці ў 1957м годзе, дакладна не памятаю. Але добра памятаю, дзе: у Горадні, у рэдакцыі газеты “Гродзенская праўда”. Я тады працаваў у “Звяздзе”, у Горадні знаходзіўся ў камандзіроўцы і ў “Гродзенскую праўду” зайшоў, каб паставіць у сакратарыяце рэдакцыі пячатку на камандзіровачным пасведчаньні і заадно выканаць просьбу майго сябра, паэта Навума Кісліка — перадаць прывітаньне работніку рэдакцыі Васілю Быкаву.