Наш Быкаў. Кніга ўспамінаў
Генадзь Бураўкін
Выдавец: Беларуское таварыства «Кніга»
Памер: 496с.
Мінск 2004
Генадзь, усцешаны гасціным прыёмам на сваёй малой радзіме, пагаспадарску паддаваў пары ды азартна хвастаў бярозавым венікам нашы з Петрусём плечы, спіны і грудзі.
Апоўначы таго дня мы вярнуліся ў Мінск. А на досвітку мне стала кепска. Выклікалі хуткую дапамогу. Я ляжаў у ложку, як спруцянелы. На шыі не паварочвалася галава, не разгіналіся ні рукі, ні ногі.
Урачы, калі деведаліся, што я быў у гасцях і мыўся ды парыўся ў лазні, пачалі дакараць. Маўляў, няўжо вы не ведаеце, што пасля застолля нельга хадзіць у лазню, а тым болей парыцца.
Я так і не прызнаўся калегам, што са мною здарылася, бо яны перажывалі б і вінавацілі б сябе за гэта. Асабліва няёмка было мне перад Васілём: ён, на чатыры гады маладзейшы, аказаўся болей практычны і вопытны...
Пасля супольных паездак з Васілём Быкавым у глыбінку, пасля выступленняў разам з ім перад чытачамі ў Мінску я паіншаму зразумеў яго ранейшыя паводзіны, і інакшым уявіў ягоны характар. Васіль не любіў дзяжурных літаратурных мерапрыемстваў і агульных выступленняў, на якіх прамоўцы пераліваюць “з пустога ў парожняе”.
На сустрэчах з маладымі чытачамі “Маладосці” ў Гародні я прапагандаваў часопіс, знаёміў з планамі рэдакцыі, расказваў, што будзе друкавацца ў бліжэйшых нумарах і якія празаічныя і паэтычныя творы ляжаць у рэдакцыйным партфелі. Сямтам, калі слухачы прасілі, чытаў некалькі вершаў. А пра што мог гаварыць там ён, сур’ёзны, удумлівы і нешматслоўны празаік? Лепей за ўсіх іншых ён прапа
гандаваў “Малацосць” і агітаваў за яе, друкуючы ў ёй свае выдатныя аповесці...
Я ведаю, што ён неаднойчы ўдзельнічаў у чытацкіх канферэнцыях па сваіх творах, адказваў на пытанні, чым выклікана іх напісанне, ці былі ў жыцці прататыпы яго літаратурных герояў. А тое, што ён згаджаўся пісаць прадмовы да кніг і весці творчыя вечары, тлумачылася не мяккахарактарнасцю, а дабрынёю і спагадлівасцю. Яму, пісьменніку, творы якога гэтак часта і гэтак жорстка крытыкаваліся ў друку, хацелася падтрьмаць сваіх калагаў па рамяству...
Ніколі не забуду таго, якой шчырай, сардэчнай паштоўкаю павіншаваў ён мяне з Гародні ў сувязі з атрыманнем Купалаўскай прэміі. Я назаўсёды ўдзячны яму за тое, што ў Доме літаратара аднойчы ён вёў і мой творчы вечар.
Што ж тычыцца характару Васіля Быкава, дык пісьменнік пацвердзіў рашучасць і непахіснасць не толькі сваёй творчасцю, але асабістым прыкладам і грамадзянскімі паводзінамі. Яго характар вызначаўся не толькі праўдалюбствам і вольнадумствам, але і смеласцю ды непадкупнасцю. Пісьменніка не запалохала аглабельная крытыка, не падкупілі найвышэйшыя ўрадавыя ўзнагароды.
Чым болей беларусаў зразумеюць і ўсвядомяць, што Васіль Быкаў — гонар, сумленне і краса нашай нацыі, тым хутчэй яны стануць незалежнымі гаспадарамі ўласнай зямлі.
г. Мінск
Дзьмітро ПАЎЛЫЧКА
“ТВАЕ СЯБРЫ ГЭТА MAE СЯБРЫ”
Пасьля першых прачытаных у рускіх часопісах твораў Васіля Быкава мне здалося, што гэта пісьменьнік, які сваім стылем быў быцам бы трэцім братам нашых Цюцюньнікаў. У яго мове не было нічога фальшывага, нічога лішняга, нічога бязгрэшнага, чым так стракацела ілжывая савецкая гісторыя Другой сусьветнай вайны. На фоне ўсяе савецкай прозы пра вайну творы Быкава адразу пачалі вылучацца, асабліва рэзка чытаўся яго пісьменьніцкі профіль на фоне ўкраінскай шматслоўнай, сэнтымэнтальнай, рамантычнай белетрыстыкі. “He захапляйся Быкавым, ён піша не на беларускай, а на рускай мове,” — пачуў я аднойчы ад украінскага клясыка. “Шкада, — падумаў я, — руская літаратура без такога, як Быкаў, можа і абысьціся, але беларуская — не”.
Імкнучыся забіваць нацыянальныя мовы, савецкая, па сутнасьці расейская, імпэрыя перахоплівала найбольш таленавітых пісьменьнікаў з рэспублік, абарачала іх у рускамоўных літаратараў і такім чынам “даказвала” непрыдатнасьць іншых моў для разьвіцьця мастацкага слова.
Пры знаёмстве з Быкавым (гэта было ў Маскве на зьезьдзе
16
пісьменьнікаў) я не ўтрымаўся і дыпляматычна пачаў размову на гэтую балючую для мяне тэму.
— Калі б усе беларускія мастацкія тэксты былі такія, як вашы, беларуская літаратура заняла б першае месца ў Савецкім Саюзе.
Быкаў не рэагаваў. Я працягваў:
— Выдатна вас перакладаюць расіяне!
— Так, так, — Быкаў усьміхнуўся шматзначна. Я зразумеў, што ён або піша паруску, або сам перакладае свае творы з беларускай.
Як там было сапраўды на пачатку яго творчага шляху, ня ведаю, але памятаю момант радасьці, калі Генадзь Бураўкін запэўніў мяне, што Быкаў піша на роднай мове. Я расказаў Бураўкіну, чаму гэта мне баліць. Некалі Аляксандар Твардоўскі наладзіў пышнае застольле для ўкраінскіх пісьменьнікаў у Маскве і адважыўся сказаць: “Гогаль раней за вас зразумеў, на якой мове трэба пісаць!” Адзін з “нашых”, што пісаў на рускай мове, устаў і пачаў хваліцца. Андрэй Малышка, сябра Твардоўскага, перапыніў таго “нашага” падхаліма, вылаяў яго апошнімі словамі. Ды лаянка, звычайа, датычыла самога Твардоўскага, і расейскі мэтр зразумеў гэта. Але было запозна. Малышка пакінуў той банкет, а за ім выйшаў Алесь Ганчар, усе пакінулі расейскага брата за недапітымі чаркамі.
Мы сышліся з Бураўкіным на тым, што Быкаў бы таксама пакінуў разам з украінскімі пісьменьнікамі тое “братняе” частаваньне.
А на тым зьезьдзе пісьменьнікаў, калі Алесь Ганчар у сваёй прамове згадаў савецкага “цэнзара з чырвоным алоўкам”, я падышоў да Максіма Танка, які зьбіраўся ісьці на трыбуну, і папрасіў яго падтрымаць украінскага пабраціма. Алесь Цярэнцьевіч, калі я расказаў яму аб сваёй размове з Танкам, усьцешыўся, але не паверыў, што беларускі паэт праявіць такую сьмеласьць.
Выступленьне Максіма Танка было сапраўды бясколерным, вытрыманым у духу выхваленьня посьпехаў беларускай літаратуры за тое, што яна верна служыць савецкай уладзе. У кулуарах зьезда я падышоў да Быкава. Мой засмучаны выгляд даў яму зразумець, што я ўражаны беспрынцыповасьцю славутага паэта. Быкаў сказаў: “Ты гневаешся на Максіма Танка, але падумай, ці ты мог бы на яго месцы паступіць інакш. Ад чалавека нельга патрабаваць таго, чаго
17
ён ня ў сілах зрабіць. У маладосьці Максім Танк быў сьмелы. Адзін раз у жыцьці быць сьмелым — можа, гэтага досыць для аднаго чалавека?” Быкаў махнуў рукой, быццам перакрэсьліў толькі што сказаныя словы.
На нейкай міжнароднай сустрэчы ў Празе, здаецца, пад канец 1991 года, я сустрэўся з Быкавым. Мы сьнедалі ў гатэлі, размаўлялі. Ён зь вялікай радасьцю ўспрыняў развал імпэрыі, украінскі рэфэрэндум 1 сьнежня 1991 года, наагул усё, што дзеелася ва Украіне таго часу. Быкаў быў павінен верыць у тое, што аднаўленьне ўкраінскай дзяржаўнасьці адбылося назаўсёды. Але ён жа гаварыў мне з такім трывожным спакоем, што аж мароз пад скураю, аб тым, што Беларусь нашмат глыбей русіфікаваная, што для яго народа толькі пачынаецца сапраўдная барацьба за дзяржаўнасьць, за сваю гістарычную місію, вызначаную вялікімі беларусамі, сярод якіх былі названы Купала і Багдановіч.
Я спрабаваў суцяшаць яго, прыпомніў творы Аркадзя Куляшова зь яго цыклу “Апошнія вершы”, якія я калісьці перакладаў. Быкаў слухаў, але глядзеў кудысь праз мяне. Я пачаў распытваць яго пра сваіх менскіх сяброў. Найперш пра Янку Брыля, хрышчонага бацьку маёй дачкі Саламеі. Ен ня ведаў гэтага, усцешыўся. Я спытаў пра Ніла Гілевіча і, даведаўшыся, што мой сябра сумленна старшынствуе ў камісіі з пытаньняў культуры ў беларускім парлямэнце, я таксама абрадаваўся. Мы гаварылі пра Генадзя Бураўкіна і Рыгора Барадуліна. Быкаў сказаў: “Твае сябры — гэта мае сябры. Як табе ўдалося знайсьці іх, жывучы ў Кіеве, бо я ледзь адшукаў іх, жывучы ў Менску?”
Неўзабаве я сустрэўся з Быкавым у Менску. Адбываўся мой афіцыйны візіт як старшыні камісіі замежных спраў Вярхоўнай Рады Ўкраіны ў Беларусь. У складзе дэлегацыі быў таксама член гэтай жа камісіі, мой прыяцель Іван Драч. Мы прыехалі для ўзгадненьня з беларускім бокам пытаньня разьмеркаваньня між былымі рэспублікамі СССР аднаго мільярда марак, выдзеленага ўрадам Германіі як дапамогу былым остарбайтэрам. Была гэта першая дапамога, якую выпатрабавала ўкраінская дэлегацыя падчас свайго візіта ў Бон у студзені 1992 года.
Збягаючы наперад, скажу, што мы прапанавалі падзяліць той мільярд такім чынам: Украіне даць 400 мільёнаў, Беларусі — 400 мільёнаў і 200 мільёнаў Расеі, маючы на ўвазе, што Украіна падзеліцца тымі грашыма з Малдоваю, Беларусь — з
18
прыбалтыйскімі рэспублікамі, а Расея — з каўказкімі ды сярэднеазіяцкімі рэспублікамі. Гэта было справядлівае разьмеркаваньне, зважаючы на колькасьць грамадзян былога СССР, вывезеных на прымусовыя работы ў Рэйх. Беларусы пагадзіліся з такім разьмеркаваньнем.
Мы з Драчом вырашылі пагаварыць са старшынём Вярхоўнага Савета Станіславам Шушкевічам пра стан культуры ў новай беларускай дзяржаве. Запрасілі і Быкава як найбольш аўтарытэтнага і шанаванага намі беларуса. Размова мелася адбыцца ў прысутнасьці старшыні камісіі ў справах культуры Ніла Гілевіча і старшыні камісіі замежных спраў Івана Цярэшкі.
Калі ад спраў остарбайтараў мы перайшлі да пытаньняў культуры, Быкаў “наехаў” на Станіслава Станіслававіча з празьмернай, можа нават, несправядлівай гняўлівасьцю. “Вось ён, — Быкаў махнуў рукой у бок Шушкевіча, — нічога ня робіць, каб уратаваць нашу мову ад сьмерці, наш народ ад татальнай русіфікацыі, нашу культуру ад заняпаду, нашу дзяржаву ад расейскіх замахаў!” Станіслаў Шушкевіч пачырванеў, быў пакрыўджаны. Ён з горкай усьмешкай зьвярнуўся да нас: “Бачыце, як цяжка гаварыць з сумленьнем народа?”
Мы маўчалі. Мы не былі да Шушкевіча крытычна настроеныя. Мы памяталі, што гэты чалавек адыграў выключную ролю ў канчатковым развале ненавіснай імпэрыі. Магчыма, Быкаў зразумеў нашае маўчаньне як падтрымку Шушкевіча, таму ён дадаў: “Гэты чалавек зрабіў вельмі шмат дабра, але цяпер яму бракуе рашучасьці. Наступае час невукаў і пярэваратняў, Беларусь трэба абараняць моцнаю рукою!”
Мы выйшлі ад старшыні парлямэнту, яшчэ да канца не асэнсоўваючы, што Васіль Быкаў ужо прадчуваў новую і вельмі цяжкую паласу ў гісторыі роднага народа. Мы разьвіталіся з нашым сябрам. Цяпер я разумею: мы тады ў апошні раз бачыліся і размаўлялі з прарокам, які, адчуваючы блізкае ліха, усё ж верыў, што яно мінецца, што Беларусь застанецца незалежнаю дзяржаваю.