Наш Быкаў. Кніга ўспамінаў
Генадзь Бураўкін
Выдавец: Беларуское таварыства «Кніга»
Памер: 496с.
Мінск 2004
Выходзім у калідор вагону — самае прыдатнае месца для тых, хто выбраўся ў чыгуначнае падарожжа.
“Палякі яшчэ паставяць помнік Герэку за тое, што ён не пабаяўся ўзяць сорак мільярдаў пазыкі. Бо ён пусьціў гэтыя даляры на будаўніцтва, а не на ракеты”, — гаворыць Васіль Быкаў, працягваючы нашу нядаўнюю дыскусію пра заўтрашні дзень Польшчы. Тут цяжка не пагадзіцца: нават з гэтага дарожнага вакна відно, на што трацяцца крэдыты.
Чалавек спакойны тады, калі спакойна ў ягонай хаце. A “хата” — гэта ня толькі сям’я, кватэра, гэта перш за ўсё краіна, дзяржава. У нашай жа беларускай хаце спакою не было. Гэта не давала настрою, прыгнятала душу. I думкі пра тое ж.
“Нашая бяда ў тым, што на працягу ўсіх сямідзесяці гадоў зьнішчалася прыватная ўласнасьць, прыватны інтарэс. Зьнішчаліся, хаця, дзякаваць Богу, не вынішчаныя канчаткова. Без прыватнага інтарэсу няма будучыні. Тапталіся, топчамся і будзем таптацца... Усё ў нас парушана на генным узроўні”, — падводзіць вынік свайму ўнутранаму маналогу Быкаў. I так будзе часта. Стаіць, маўчыць, потым пачынае гаварыць. Ніякай перад табой важнай аўдыторыі, калі патрэбна мабілізацыя ў слове, а фармулёўкі сьціслыя, гранічна ёмкія. Нібыта ўсё гэта шмат разоў думанаперадумана і запісана на матрыцу памяці. Ня ведаю, як наконт “запісана”, а што думанаперадумана — няма сумненьня.
Гаворым — у каторы раз! — пра Чарнобыль. Ён як нейкая новая існасьць, што ўсялілася ў цябе і не пакідае. Яна з табой усюды і заўсёды, і днём і ноччу, і дома і на працы, і нават тут, у вагоне цягніка, які вязе цябе па чужой зямлі ў чужую краіну. Чарнобыль — бяда, гора, трагедыя... I цынічнае фарысейства разыгрываецца на вачах усяго чэснага люду. I ў друку, на радыё і на тэлебачаньні, і ў Вярхоўным Савеце. Праўды не гавораць. Як толькі ўсплывае тэма Чарнобыля, мову як адымае. Спасылкі на нейкія “цэнтральныя ведамствы”, якія “робяць усё магчымае...”, “каб зьменшыць...”, a мы “нічога ня ведаем...”.
Усё ведаюць і Гарбачоў, і Рыжкоў, і Сьлюнькоў. Ну, няхай тыя, маскоўскія, у іх свае “вялікадзяржаўныя” гульні, a Сьлюнькоў жа адсюль, сваёй гадоўлі! I тое праўда: часам сваяк чужэй за самага чужога.
Чаму адразу не была праведзеная ёдавая прафілактыка насельніцтва рэспублікі, як гэта, рэкамендавалі вучоныяфізікі з атамнага інстытуту ў Соснах? Каму патрэбныя былі майскія
дэманстрацыі ў Брагіне, Хойніках? А футбольны матч у сьмертаносным радыёактыўным пыле? А дэманстрацыі ў гарадах, у Менску? I ўсюды — маленькія безабаронныя дзеткі, з кветкамі, з голенькімі ручкамі і ножкамі...
Пасьля аварыі на атамнай станцыі ў Айлендзе ў ЗША прэзідэнт краіны быў на месцы аварыі ўжо на наступны дзень. Гарбачоў прыехаў у раён Чарнобыля праз многія месяцы. Як на плёнцы відэакасеты, у памяці захаваліся кадры з таго паказальнагістарычнага візіту. Круглашчокі ружовенькі кіраўнік дзяржавы дае інтэрв’ю тэлежурналісту непадалёк ад разбуранай станцыі. Гаворыць хутка, упэўнена, ледзь ня весела, і раптам нібы папярхнуўся, спатыкнуўся на паўслове... А гэта піскнуў невялічкі аловачакдатчык, прымацаваны да кішэнькі пінжака, падаў асьцярожны сігнал. У Гаспадара краіны не хапіла мужнасьці, каб прамовіць усё слова, давесьці думку да канца... Пасьля, пры тэлепаўторах, момант гэтага канфузу быў выразаны. Але ж перадачу ў простым эфіры глядзелі мільёны і мільёны людзей, і ў памяці іхняй гэты канфуз застаўся. А з ім і разуменьне, як нашы кіраўнікі цэняць сваё здароўе і здароўе народнае.
Цягнік усё болей аддаляе ад нашай мяжы, але не аддаляе ад саміх сябе. Разам са мной едзе і мой асабісты Чарнобыль. Анютка, маленькая Анютка... I хачу забыць пра бяду, хачу адключыцца хоць на нейкі час, і не магу. У вачах сцэнка самага страшнага, пераломнага дня змаганьня з хваробай...
Падымаюся на другі паверх гематалагічнага аддзяленьня, занёс нагу на апошнюю прыступку... і заміраю. Дачка Вера з Анютай на руках ходзіць па калідоры. Малая, як малпачка, ашчаперыла цененькімі бяскроўнымі ручкамі шыю маці, прыліпла ўся, цісьнецца да грудзей. Нішто яе не цікавіць, нішто ёй ня міла, галоўка на плячы, вочкі заплюшчаны. Нічога ёй ня хочацца. Хіба што вось гэтага жывога цяпла, што нябачна пераліваецца са схуднелага кволага цела маці ў зьнясіленае хваробай цельца дачушкі.
У хворых чарнобыльскіх дзяцей ёсьць свой адметны пашпарт — вочы. Гэта вочы касьмічных прышэльцаў. Яны пранізваюць наскрозь — сваёй безабароннасьцю, сваёй пакорлівасьцю, сваёй трагічнай адлучанасьцю ад простых дзіцячых зямных радасьцяў. Яны глядзяць у вашу душу нібы з халоднага космасу адчаю. Яны гавораць і пытаюцца. Гавораць пра трагедыю,
516
глыбіні якой ня ведаюць. Пытаюцца...
Пра што можа пытацца дзіця чатырохпяцісямі гадоў, на чыю долю выпалі пакуты, перанесьці якія не пад сілу і даросламу?.. Шэсьцьвосем уколаў у дзень, дватры пераліваньні крыві, пункцыі, кропельніцы... I гэта з дня ў дзень, на працягу бясконцых месяцаў... I гэта толькі пачатак. Пачатак лячэньня, разьлічанага на гады, у канцы якіх таксама невядомасьць.
Кажу пра лейкозьнікаў, хаця ўсе дзіцячыя хваробы страшныя. Кажу пра тых, у каго “белая кроўка”, белыя тварыкі і лысенькія ад апраменьваньня галоўкі.
3 сабой у Германію я ўзяў медыцынскія аналізы, карты лячэньня, заключэньні сьпецыялістаў. Узяў яшчэ адзін страшны дакумент — фота Анюты, зробленае пасьля чарговага сеансу хіміятэрапіі: з голай, без адзінага валосіка галоўкай і не пазямному сумнымі вачыма. Я баяўся глядзець на гэтае фота, баяўся паказваць, а ўзяць узяў.
Ня ведаю, на што я разьлічваў. Hi на што не разьлічваў. Было нейкае цьмянае спадзяваньне, нейкая глухая надзея. Спадзяваньне на Бога, на цуд, на дабрыню чужых людзей чужой краіны.
I вядрма, на дапамогу Быкава. Я ня ведаў, як, у якой форме яна можа праявіцца, але мне здавалася, што яна абавязкова праявіцца.
Гэта мае сёньняшнія развагі. А тады мы стаялі побач ля акна вагона, і я шукаў у сабе сьмеласьці, каб сказаць і пра сваю бяду. Пра чужую гаварыць прасьцей. А тут у самога вочы, як у тых чарнобыльскіх дзяцей.
Адважыўся, сказаў. Рэакцыя была імгненнай: пракашліваньне, глухаваты голас:
— Ну, вядома, вядома, а як жа...
Відаць, Быкаў ведаў пра маю бяду. А можа і думаў.
У Берліне на вакзале сустрэў Хрыстаф Хойбнер. Мешкаватыя штаны, шырокі ў клетку пінжак, над якім вострая рыжаватая бародка і вясёлыя жывыя вочы. Загружаемся ў “Міцубісі”, пад’язджаем да памежнага шлагбаўма. Думаю: “Ну, зараз пачнецца: “Хто, што, куды, чаго?..” Як у нас у Брэсьце. He. Хрыстаф паказвае пашпарт, нешта тлумачыць, памежнік пальцы пад казырок: ‘Тут, праязджай”... Два зігзагападобныя павароты — гэта, каб машына не праскочыла з разгону, — і мы ў Заходнім Берліне. Значыць, у Заходняй Германіі, значыць, на Захадзе.
Гатэль “Багота”, Шлютэрштрасэ, 45. Невялічкія ўтульныя нумары: ложак, шафа, крэсла, умывальнік. Усё разьлічанае на тое, што чалавек тут надоўга не затрымліваецца. Цэлы дзень займаецца сваімі справамі, а сюды вяртаецца толькі, каб пераначаваць.
Начуем і мы. Прачынаюся ад птушыных галасоў. Спачатку падумалася, што гэта містыфікацыя ці радыёжарт тыпу сігналу “Пад’ём”. Выглянуў у вакно. Невялічкі, абмежаваны квадратам будынка дворык, некалькі дрэўцаў, якіх хапае, каб птушкі адчувалі сябе спакойна і ўтульна.
Традыцыйны гатэльны сьняданак, пасьля сьняданку прагулка па Курфюрстэндам — самай прэстыжнай і самай дарагой вуліцы Берліна. Блішчыць шкло вітрынаў, блішчаць тавары ў вітрынах, блішчаць тавары ў крамах. Ужо ў сем гадзінаў раніцы ля крамаў пачынаецца актыўнае жыцьцё. Мыюцца вітрыны, мыюцца прылаўкі. Даходзіць чарга да падлогі, потым да дзьвярэй, потым да тратуару перад крамай. I ўсё гэта са шчоткамі, з мылам, з шампунем.
Уздоўж вуліцы прыпаркаваныя машыны: адна ля адной, адна за адной.
— Ты паглядзі, Толя, на машыны: быццам толькі што з канвеера, а ім жа і па тры, і па пяць гадоў. Паспрабуй знайсьці хоць дзьве аднолькавыя і па колеры, і па дызайне...
У Быкава асаблівая любоў да машынаў. Як да нечага жывога. Гатовы ля кожнай спыніцца, дакрануцца, пагладзіць, прылашчыць. I спыняецца, і дакранаецца, і гладзіць. Адкашліваецца, працягвае:
— Еўропа — гэта адзін вялікі кірмаш. Ім трэба чысьціць і ўдасканальваць свае вітрыны, а ня думаць пра вайну. Думаць пра мастацтва... Яно ў іх пайшло ў бок дызайну. Стала прыкладным да патрэбаў чалавека.
Ня ведаю, як уся Еўропа, а Берлін, Заходні Берлін, сапраўды ня горад, а вялізны кірмаш. Зайшоў у магазін і, не выходзячы, можна купіць усё — ад іголкі да аўтамабіля.
Па цэнтры вуліцы, над скверам узвышаецца фігурна ўздыбленае і распалавіненае круглаполае цела — ці то гіганцкай зьмяі, ці нейкай іншай падобнай на зьмяю істоты. He адразу зразумееш, што гэта такое, але хочацца прыпыніцца, паглядзець. У гэтакай форме скульптару ўбачылася разрэзанае па жывому цела Германіі, цела Берліна. Ну што ж, хутка
18
краі гэтага цела зноў сыдуцца, зьліюцца разам, а там і зарубцуюцца.
Гісторыя жыве ў памяці, а лепшая памяць — матэрыяльная рэальнасьць. Тое, што можна ўбачыць, пакратаць рукамі, пачуць, адчуць.
На гэтай жа вуліцы побач з магазінам “Еўропацэнтр” — чатырохпавярховай казкай для дзяцей і дарослых — узвышаецца будыніна старога касьцёлу. Некалі велічны прыгажун з чырвонай цэглы імкнуўся вострымі шпілямі высока ў неба, сабраўшы вакол сябе, як настаўнік малых дзяцей, пяцішасьці павярховыя будынкі бліжэйшых вуліцаў. У час адной з бамбёжак у 1943 годзе цяжкая бомба, як нажом, па касой лініі зрэзала верх касьцёлу. Такім і застаўся ён, абезгалоўлены, укарочаны больш чым на трэць, падобны на гіганцкі снарад з разарванай галоўкайвежай.
Берлінцы ня сталі аднаўляць яго, закансервавалі ў тым скаверканым выглядзе, як яго пакінула вайна, адно прыкрылі дахам ад дажджу і сьнегу.
Можна шмат расказваць пра вайну, і чалавек мала што зразумее, мала што адчуе. А можна прывесьці чалавека да гэтага касьцёлукалекі і нічога не гаварыць. Ідзі і глядзі. Глядзі і думай.
Скалечаны будынак. Усярэдзіне — белы мармуровы Хрыстос з адбітай асколкам рукой... Чорнабелыя фотаздымкі ваенных гадоў... Вось адзін з іх. Над разломамі сьценаў касьцёлу — шэрае зімняе неба, а ўнізе — людзі на каленях, шмат людзей, і пастыр чытае малітву. Людзі глядзяць на неба, людзі моляць Бога. Аб чым яны моляць?.. А недзе ж, праз некалькі тысячаў кіламетраў, у Беларусі, таксама разбомбленыя цэрквы, і там людзі таксама моляць Бога. Аб чым яны моляць?..