Наш Быкаў. Кніга ўспамінаў
Генадзь Бураўкін
Выдавец: Беларуское таварыства «Кніга»
Памер: 496с.
Мінск 2004
Я быў шчаслівы даверам Быкава да часопіса і да мяне, даражыў ім. Калі Васіль Уладзіміравіч перадаваў новае апавяданне ці аповесць, прачытваў іх неадкладна, звычайна за ноч. I ўжо раніцай мог патэлефанаваць яму, выказаць сваё ўражанне. Папершае, мне, як чытачу, было цікава ведаць, куды, на якое поле чалавечага жыцця вывеў яго на гэты раз унікальны талент, аб чым клапоціцца, баліць ягоная душа, у якім кірунку пульсуе думка. А падругое, як рэдактар, прадчуваў і хацеў хутчэй парадавацца, што ў часопісе з’явіцца твор, які не застанецца незаўважаным, які падвысіць аўтарытэт выдання.
3 Быкавым, як з аўтарам, рэдакцыі працавалася лёгка і прыемна. Вядома, што пісьменнік, які вядзе сваіх герояў
31
пуцявінамі сюжэту, які напружана думае, хвалюецца, перажывае, знаходзіцца пад вялікай эмацыйнай, псіхалагічнай нагрузкай, стамляецца нават фізічна. I, часам, ён можа памыліцца ў нейкіх дэталях. Гэта непазбежна. У рэдакцыі твор павінен даводзіцца да належнай кандыцыі.
Васіль Уладзіміравіч не глядзеў звысака, як некаторыя, на рэдакцыйныя клопаты. Ён уважліва прыслухоўваўся да заўваг рэдактараў, цаніў чарнавую, часта ўедлівую, але вельмі патрэбную працу стылістаў, карэктараў. А таму быў сваім чалавекам, жаданым госцем у кожным рэдакцыйным пакоі. I нават апошнім часам, зза мяжы, тэлефануючы ці пішучы мне ліст, не забываўся перадаць прывітанне палымянцам.
Была ў Васіля Уладзіміравіча і яшчэ адна аўтарская далікатнасць. Вось што ён піша ў сваім лісце: “Дарагі Сяргей, Генадзь сказаў, што “Полымя” хоча атрымаць нешта маё, дык я нарыхтаваў. Але ўсё думаю: ці не занадта? Ці можна гэтак забіваць сваёй прадукцыяй адзіны літаратурны часопіс? Можа, хай паляжыць, я не буду ў прэтэнзіі”.
А я заўсёды буду ганарыцца тым, што менавіта са старонак “Полымя” ўпершыню да беларусаў прыйшлі аповесці “У тумане”, “Сцюжа”, “Аблава”, “Ваўчыная яма”, “Балота”, “Пакахай мяне, салдацік”, апавяданні “На Чорных лядах”, “Жоўты пясочак” і яшчэ шмат выдатных твораў Быкава.
Ёсць просты і дакладны крытэрый у ацэнцы літаратўры. Калі хочацца вярнуцца яшчэ раз да прачытанага, калі ты забываешся на тое, што ёсць столькі выдатных кніг, на якія табе, на жаль, не хопіць зямнога часу, то гэта — сапраўдная літаратура. Я перачытваю Быкава так, як Купалу, Багдановіча, Гарэцкага, Караткевіча, як Талстога, Чэхава, Буніна, Астаф’ева. Гэта класіка жывая, чытацкая.
Скажам, многае з напісанага пра вайну пляснулася ўжо ў Лету і ніколі не будзе запатрабавана ні сённяшнім, ні будучым чытачом. Гэта тычыцца не толькі шматстаронкавых, пафасных, бадзёрых, “шапказакідальніцкіх” мемуараў многіх военачальнінаў. Любая хлусня, нават літаратурная, прыхарошаная, аздобленая штучнай мастацкасцю, выкрываецца самім жыццём і, як непатрэбшчына, адкідаецца ім.
Зусім іншы лёс у сапраўднай літаратуры, якая паказвае сапраўдную вайну. Паказвае не толькі подзвігі, але і ўвесь бруд, гвалт, здзек, подласць, здраду, якімі поўніцца аж цераз
край любая, нават нібыта і праведная, крывавая калатнеча. На вайне, як і ў экстрэмальных сітуацыях мірнага часу, адкрываюцца і светлыя вышыні, і цёмныя закуткі, прорвы чалавечай душы. Ваенную прозу Быкава, нягледзячы на яе трагізм, будуць чытаць і перачытваць, таму што яна чалавечная, гуманістычная і самае галоўнае — праўдзівая.
Такая ж праўдзівасць поўніць ягоныя творы сучаснай тэматыкі, асвоеныя ім прыпавесці, казкі. Яна пульсуе ў бліскучай публіцыстыцы.
Уся творчасць Васіля Быкава — гэта не толькі мастацкая праўда пра чалавечае жыццё, але і падручнік нацыясцвярджэння, вялікі асветніцкі, духоўны капітал для суайчыннікаў. Былы воін, які сваёй крывёю аплаціў мірнае стваральнае быццё народа, балюча трывожыўся, быў заклапочаны лёсам беларусаў цяпер, у вызначальным для іх часе. I ў прозе, і ў публіцыстыцы ён не стамляўся пераконваць людзей, што нельга зрабіць нешта вартае, калі ты не любіш сваю зямлю, не паважаеш і не засвойваеш духоўны скарб продкаў: родную мову, культуру, традыцыі.
Пра беларускую цяперашнюю сітуацыю, непараўнана больш складаную, чым у іншых народаў, якія імкнуцца да дэмакратыі, да лепшага жыцця, мы гаварылі з Васілём Уладзіміравічам на працягу трох доўгіх вечароў у Берліне. У 1999 годзе берлінская “Літаратурная майстроўня” праводзіла цыкл сустрэчаў “Еўропа расказвае”. На пачатак мая былі запрошаны беларускія літаратары Уладзімір Някляеў, Алесь Разанаў, Галіна Булыка, Людміла Рублеўская і я. Даў згоду паўдзельнічаць у гэтай імпрэзе і Быкаў. Калі Васілю Уладзіміравічу патэлефанавалі ў Хельсінкі і спыталі: “3 кім Вы хацелі б выступаць у пары?”, то ён назваў мяне. 4 мая адбыўся вечар, які вёў даўні сябра Беларусі Хрыстаф Хойбнэр. У яго з Быкавым склаліся таварыскія, душэўныя стасункі ў ходзе правядзення немцамі “Акцыі пакаяння”, Хрыстаф стаў нястомным прапагандыстам творчасці Васіля Уладзіміравіча. I гэтую сустрэчу, на якую прыйшлі не толькі літаратары, журналісты, але і інжынеры, настаўнікі, урачы, адвакаты, ён пастараўся арганізаваць цікава. Гучалі ўрыукі з твораў, ішла жывая дыскусія. На пытанні Васіль Уладзіміравіч адказваў ахвотна, дасціпна, быў, як кажуць, у гуморы. Праўда, часам кранаўся маёй рукі і казаў: “Дапамагай. Адкажы зараз
ты. Табе лепш вядомы нашы рэаліі”. Але сустрэча з нямецкай інтэлігенцыяй паказала, што пра падзеі ў грамадскім і літаратурным жыцці Беларусі Быкаў ведае дасканала. Інакш і не магло быць, бо ён і ў думках, і у творчасці ні на хвіліну не адрываўся ад радзімы.
На тыя дні нас размясцілі ў невялікім гатэльчыку каля офісу “Літаратурнай майстроуні”. А Васіль Уладзіміравіч з Ірынай Міхайлаўнай, калі прыляцелі з Хельсінкі, пасяліліся ў “Багоце”. Гэты стары, не раскошны, але прывабны сваёй гасціннасцю гатэль у Заходнім Берліне Быкаў даўно ўжо ўпадабаў і звычайна асталёўваўся тут. Пасля нашага вечара, каб хоць крыху пабыць разам, пагаманіць, ён папрасіў арганізатараў перасяліць мяне да яго, у “Баготу”.
Удзень у кожнага была свая праграма і клопаты, а ўвечары я спускаўся на паверх ніжэй і спяшаўся да Быкава. Калі завітаў першы раз, то ягоны прытулак падаўся мне не надта ўтульным. Ды Васіль Уладзіміравіч на гэта не зважаў. На маю заўвагу ён усміхнуўся: “Ёсць пісьмовы стол, ёсць ложак, каб адпачыць. А што яшчэ трэба літаратарувандроўніку?”
Пра сваё жыццебыццё ў Фінляндыі Васіль Уладзіміравіч расказваў не надта шмат, але цікава, з выразнымі дэталямі: “У першыя дні апантана накінуўся на пісанне. Для гэтага там усе ўмовы. Ніхто не турбуе, не тузае. Зрэдку толькі запрашаюць на нейкія сустрэчы. Было, праўда, і некалькі паездак за межы Хельсінкі. Але мне і самому цікава паглядзець, што там, у фінскай глыбінцы, робіцца. Гэта не абцяжарвае. А таму тыднямі не выходзіў зза стала. Ты ж ведаеш, калі пішацца, дык і настрой лепшае, і неяк весялей жыць. Прадукцыю маю хутка атрымаеш для “Полымя”. Можа, і не ўсё ўдалае, але нешта атрымалася. А калі ўволю напрацаваўся, то потым ужо стаў рабіць сабе перадых. Выходзіў у белы свет.
Блізка каля нашага прытулку і сосны, і камяні, а далей заліў. Глядзеў на фінскія сем’і, якія любяць прагульвацца. Ідуць муж з жонкаю, коцяць каляску, у якой двое немаўлят, а яшчэ двух малых вядуць за ручкі. Дагледжаныя, сытыя, задаволеныя, вясёлыя. Наогул, фіны не надта адкрытыя. Немцы да нас бліжэй. Але мне падабаецца іхняя грунтоўнасць, упэўненасць у жыцці. Яны не баяцца за сваю будучыню. He ведаю, ці будзе калі ў Беларусі такое... А як жа
II
твае маладзёны жывуць?”
Я расказаў пра дачок, пра іхнюю вучобу. Быкаў усміхнуўся: “Помню, як Алёнка мне паштоўкі свайго вырабу прысылала. А я ёй у адказ таксама нешта падобнае майстраваў. I Свету яшчэ дашкольніцай белагаловенькай помню. Відаць, хутка замуж будзеш аддаваць? Нашай моладзі цяжка. Паспрабуй маладой сям’і сваё жыллё займець. А яшчэ накарміць, апрануць, абуць дзяцей. Але, можа, у гэтым і ёсць вышэйшая справядлівасць жыцця, што яно пры любым уціску, пры любых нягодах не здаецца”.
Мы гаварылі пра тое, што і сапраўднай літаратуры зараз цяжка выжываць, што яна апынаецца як бы ў рэзервацыі, пра агульнапланетарны разгул маскультуры. А потым вярнуліся да беларускіх рэаліяў. Зайшла гаворка пра новы наступ на мову. Васіль Уладзіміравіч спахмурнеў: “3 дня свайго нараджэння чалавек павінен дыхаць роднай моваю так, як паветрам. А ў нас моўнае пытанне даўно звялі да палітыкі. Вось і тузаемся ад адной хвалі адраджэння да другой, а толку аніякага. Мова — рэч надзвычай далікатная і дарагая. Страціць яе чалавеку лёгка, а вярнуць цяжка, нават немагчыма. Найбольш супраціўляюцца, ваююць з моваю тыя, хто здрадзіў ёй, свае ж беларусы. А людзі з іншых краёў, якія пасяліліся ў нас, якраз асвойваюць яе з задавальненнем. Шмат ведаю такіх... А наша з табою доля такая: слова было ў пачатку, слова будзе і ў канцы. He з чымнебудзь, а з родным словам і адыдзем...”
У адзін з вечароў я прыйшоў да Быкавых пазнавата. Васіль Уладзіміравіч ужо ляжаў у ложку. Я папрасіў прабачэння і хацеў рэціравацца. Але Быкаў затрымаў: “Сядзь вось тут, каля мяне. Раскажы яшчэ штонебудзь”. Гаворка доўжылася тады за поўнач. Часам Васіль Уладзіміравіч заплюшчваў вочы, нібыта драмаў. Ірына Міхайлаўна казала: “Васіль, ты ўжо спіш”. А ён зусім не сонным голасам ціха прамаўляў: “Я не сплю. Я думаю над тым, што расказаў Сяргей”.
У кожны свой прыезд дадому з чужога краю Васіль Уладзіміравіч збіраў блізкіх сяброў у сваёй гасціннай кватэры. Але было, што прытулак мы знаходзілі і ў іншых месцах. Галоўнае, што ён ніколі не забываўся на нас...
Ён ведаў цану сапраўднай дружбе. Праца пісьменніка нялёгкая. А сам творца — чалавек надзвычай ранімы. Творца
31a
заўсёды шукае, думае, перажывае, сумняецца, і найперш у самім сабе. I таму шчаслівы той, хто, адольваючы новыя прыступкі ў жыцці і літаратуры, адчувае, бачыць побач з сабою сяброў, якія могуць ацаніць зробленае, падтрымаць, падбадзёрыць.
Гэта няпраўда, што пісьменнік такога маштабу, як Быкаў, творца, вядомы на ўвесь свет, не меў патрэбы ў дапамозе, мог абараніцца ад нападак уладарных цемрашалаў, нядобразычліўцаў, зайздроснікаў адным сваім магутным талентам. Яму таксама хацелася пачуць добрае слова, адчуць плячо падтрымкі. Васіль Уладзіміравіч помніў кожную праяву клопату, увагі, спагады да сябе, ягоная ўдзячнасць за гэта была невымернай. Але спыніць зацяжную кампанію шальмавання, цкавання геніяльнага пісьменніка і ў савецкі час, і асабліва ў апошняе дзесяцігоддзе не ўдалося...