Наш Быкаў. Кніга ўспамінаў
Генадзь Бураўкін
Выдавец: Беларуское таварыства «Кніга»
Памер: 496с.
Мінск 2004
На другі дзень пасля аперацыі Васіль Уладзіміравіч патэлефанаваў з Прагі. Перад гэтым мы размаўлялі, я ўжо ведаў, калі ён кладзецца ў бальніцу. I таму званок стаў неспадзяванкаю. Ад нечаканасці я разгубіўся, нават не павітаўся адразу, а спытаў: “Васіль Уладзіміравіч, Вы што, з бальніцы звоніце?” Ён стараўся гаварыць бадзёра, хоць чуваць было, што голас аслабелы: “3 бальніцы. Хлопцы далі з сабою мабільнік. Вось і рашыў пазваніць табе”. Я папытаў: “Як Вы сябе адчуваеце? Парэзалі? Баліць?” Ён памаўчаў, а потым прамовіў: “Парэзалі... Баліць, каб на яго... Ды і наогул, Сярожа, справы мае кепскія... Знайшлі тое самае, страшнае... Але давай не будзем пра хваробу. У мяне болей душа баліць за ўсіх нас... Лепей раскажы, як вы там мацуецеся? Як твае? Што ў цябе з часопісам?”
Тое, што я пачуў, хоць і раней ведаў ягоную хваравітасць, сціснула і раздушыла сэрца. Амаль немагчыма было гаварыць. Але коратка расказаў пра невяселыя нашы навіны. Васіль Уладзіміравіч слухаў і глуха прамаўляў: “Ды няўжо ж... Гэта яны ўмеюць... Я і раней казаў табе, што не дадуць нічога зрабіць...” Я перавёў гаворку на іншае. На развітанне не мог сказаць нічога, акрамя гэтага: “Трымайцеся, Васіль Уладзіміравіч... Колькі ёсць сілы трымайцеся...” Ён уздыхнуў: “Ды што ж застаецца... Буду трымацца...”
Калі гаворка скончылася, я няўцямна глядзеў на адключаны радыётэлефон, а потым не вытрымаў і заплакаў...
У канцы мая Быкаў вярнуўся на радзіму. Ён патэлефанаваў мне вечарам 26га. Сказаў, што хоча бачыць Генадзя Бураўкіна, Валянціна Болтача і мяне. “Званіў Генадзю, ды нешта ён не адгукаецца. Збяры, калі ласка, хлопцаў і прыходзьце”. Я спытаў: “Калі?” “Ды хоць заўтра”, — адказаў Васіль Уладзіміравіч, Але назаўтра ў яго з’явіліся непрадбачаныя клопаты, і сустрэліся мы 28га апалове адзінаццатай і прабылі аж да чатырнаццаці гадзін. Ведаючы, што яму нельга доўга быць у эмацыянальным стане, што патрэбен спакой, вырашылі не зацягваць сустрэчу. Але Васіль Уладзіміравіч раз за разам казаў: “Пасядзіце, хлопцы. Я ж даўно не быў з вамі”. I гаворка зацягнулася. Ён, перамагаючы слабасць, шмат пра што расказваў. Згадаў і такое: “У апошнія месяцы часта патрэбна было дабірацца да ўрачоў. На тым маршруце аб’яўляюць прыпынкі: “Модуль спартыўны”, “Модуль медыцынскі цэнтр”, а канечны “Модуль крэматорый”. Едзеш, і кожны раз цісне на мазгі”...
Васіль Уладзіміравіч праз усё сваё жыццё быў мужным чалавекам. Такім ён заставаўся і ў свой апошні зямны час.
Здароўе пагоршылася, і Васіль Уладзіміравіч змушаны быў ехаць у Бараўляны. Пачалося інтэнсіўнае лячэнне, але і яно ўжо не магло дапамагчы. Калі 11 чэрвеня мы былі ў яго з Генадзем, ён каля дзвюх гадзін гаварыў з намі. А потым папрасіў, каб паправілі падушку, дапамаглі прыўзняцца на ложку вышэй, глянуў у вакно: “Хараство якое... Лета... I так хочацца на волю”.
Пра самаадчуванне Васіля Уладзіміравіча найлепш ведаў яго урач Генадзь Мікалаевіч Мураўёў. Ён сказаў, што ўсё залежыць ад арганізма. Калі ён вытрымае лекавую нагрузку, то можна спадзявацца на паляпшэнне.
Нейкая, хоць і няпэўная надзея пасялілася ў душы, калі 13 чэрвеня патэлефанавала Ірына Міхайлаўна. Яна сказала: “Папрасіў кавы. А кавы Васіль хоча тады, калі настрой у яго лепшае. Зараз згатую”.
У дзень нараджэння, 19 чэрвеня, Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін, Валянцін Болтач, Анатоль Кудравец, Анатоль Вярцінскі, Сяргей Шапран і я віншавалі Васіля Уладзіміравіча. Пры развітанні ён папрасіў мяне нахіліцца бліжэй да яго і прамовіў: “Вітанне ад мяне ўсім тваім: і маленечкаму “асветніку” Францішку і Марынцы, і дарослым. Асабліва
347
ўдзячны Алёнцы. Яна аформіла “Доўгую дарогу дадому” так, як я і хацеў...”
У панядзелак мы з Генадзем павінны былі прывезці яму лекі, паразмаўляць з урачамі пасля кансіліуму. Але ўвечары 22 чэрвеня адзін званок ад Ірыны Міхайлаўны: “Кепска яму...”, а затым другі: “Васіль памёр”.
I было пахаванне. Годнае, усенароднае. У апошні шлях Васіля Быкава праводзілі і ветэраны з ордэнскімі планкамі, і сівыя бабулькі, і людзі сярэдняга веку, і мамы з дзецьмі, і многія тысячы юнакоў і дзяўчат, на якіх ён заўсёды глядзеў з верай і надзеяй.
Інакш паставілася да пахавання ўлада. Яе адносіны да Быкава пры жыцці былі навідавоку. Нездарма выдатнаму пісьменніку давялося выехаць у замежжа, каб там можна было спакойна жыць і працаваць. Але пахаванне ўлада вырашыла ўзяць на сябе, зрабіць Быкава пасля смерці “сваім”. Урадавая камісія, якал была створана, меркавала правесці жалобную цырымонію, як звычайна, казённапратакольна. Чыноўнікі, нягледзячы на папярэджанне прадстаўнікоў літаратурнай грамадскасці, што развітацца з Васілём Быкавым прыйдуць дзесяткі тысяч людзей, што нельга забараняць прысутнасць на пахаванні гістарычнага нацыянальнага сімвала — белчырвонабелага сцяга, трымаліся свайго куртатага рэгламенту, адпрэчвалі ўсе прапановы.
Раніцай 25 чэрвеня, калі ў Доме літаратара ўжо распачалася жалобная цырымонія, чыноўнікам не спадабалася, што сын Васіля Быкава ахінуў дамавіну нацыянальным сцягам. Яны адмянілі ўсе арганізацыйныя распараджэнні, звязаныя з пахаваннем, і сышлі. Узнікла надзвычай складаная сітуацыя. Прадстаўнікі ўлады былі ўпэўнены, што сябры Васіля Уладзіміравіча не знойдуць з яе выхаду і можна будзе пазлараднічаць над “свядомымі беларусамі”.
Але ўлада пралічылася. Жалобная цырымонія ішла спакойна, арганізавана, годна. Каля труны Быкава прайшло больш за 50 тысяч чалавек. На грамадзянскай паніхідзе прысутнічалі амбасадары многіх краін свету, пра волата беларускага духу гаварылі вядомыя людзі Беларусі, Расіі, Украіны, Германіі. А потым шматтысячная народная плынь моўчкі рухалася за труною па праспекце Ф. Скарыны да Усходніх могілак.
sue
Прайшоў жалобны мітынг, святар завяршыў хрысціянскі абрад адпявання, з нябожчыкам развіталіся родныя і блізкія, сябры Васіля Уладзіміравіча. Дамавіна апусцілася ў магілу, куды была высыпана і жменя зямлі з роднай нябожчыку Вушаччыны. А затым магіла акрылася, патанула ў безлічы вянкоў і кветак...
Над магілаю Быкава не грымеў гімн, не грукатаў салют, не тупалі боты вайсковага каравулу. Былі толькі ціхія, развітальныя словы і жалобнае маўчанне. Зранены салдат Айчыннай вайны, якому аж цераз край хапіла стрэлаў, выбухаў мін і снарадаў, які самым радасным момантам у жыцці лічыў гэты: “Скончылася вайна, а я — жывы”, заўсёды выступаў супраць мілітарызацыі мірных дзён, хацеў, прагнуў толькі аднаго — цішыні, каб спакойна думаць, пісаць.
Васіль Быкаў усё сваё жыццё адстойваў Волю і Праўду. A таму быў самастойным, самадастатковым чалавекам, непрыручаным пры любой уладзе. Выразніка народнага духу прысвоіць, прьісабечыць немагчыма. Няскораным, свабодным ён і адышоў у вечнасць...
У мяне няма ўжо маці, бацькі. 3 іхнім адыходам у душы пахаладнела, паменела святла. Цяпер жа не стала яшчэ аднаго апірышча ў гэтым не заўсёды лагодным свеце.
Адной сваёй прысутнасцю Быкаў дапамагаў мне жыць. Пра тое, кім быў для мяне Васіль Уладзіміравіч, сказаць словамі немагчыма. Гэта ведае душа, а яе выкласці поўна, дакладна на паперу не здольны ніхто. Цяпер жа яна скурчылася, знямела, нібыта не стала і мяне самога...
Перачытваю лісты... 4 лютага 1999 года Быкаў піша з Фінляндыі: “Дарагі мой дружа Сяргей! На днях мне пераслалі сюды маю шматпакутную кніжку “Крыжовы шлях”, на якую я, прызнацца, ужо махнуў рукой. Ды во выйшла найперш тваімі, Сярожа, намаганьнямі і клопатам, за што табе мая шчырая падзяка. I вельмі няблага аформленая (нават выдатна аформленая!), і тут хачу пацалаваць залатыя ручкі мастачкі, тваёй мілай Алёнкі. (...)
Я тут, канешне, стараюся не дарма есьці фінскі хлеб — працую. (...)
Ужо 9 месяцаў, як мы на чужыне. Увогуле добра, для заняткаў лрай нават выдатна: сытна, цёпла, утульна... I, бывае, ніводнага званка за дзень. Але ж... Усё болей пры
149
ходжу да элементарнай высновы: трэба жыць дома! Каб тое толькі было магчыма...” (...)
У лісце ад 5 кастрычніка 2000 года ён зноў выходзіць на гаворку пра дом: “Увогуле няблага, але і нічога добрага. Дома лепей. Канешне, для тых, у каго ёсць людскі дом. Мы ж яго не маем. А адносіны да бяздомных у свеце вядома якія...”
У верасні 2001 года з аказіяй я пераслаў Васілю Уладзіміравічу хлеб, спечаны на кляновым лісці, ушацкія журавіны і ліст у ФранкфуртнаМайне. 1 кастрычніка ён адказвае: “Дарагі Сяргей, дзякуй за ліст і за ХЛЕБ, які парадаваў нас незвычайна. (...)
Сваім тут жыцьцём не пахвалюся — найперш пачынае здаваць здароўе. А лячыцца тут неяк, абсалютна. Таму, відаць, прыдзецца вяртацца — хоццаняхоцца. Хаця і там мала радасьці, у тым ліку і наконт здароўя. (...)
А палітыка?.. Палітыка здыхае, бо ўся яна звыродлівая або нямоглая. Як і народ, які яшчэ не нарадзіўся. Але калі дагэтуль не нарадзіўся, дык ужо і не народзіцца. У XXI ст. тое — позна. Застаюцца толькі аскялёпкі ў выглядзе т. зв. творчай інтэлігенцыі...”
Але не трэба думаць, што Быкаў, нярэдка пішучы і прамаўляючы такія горкія словы, ставіў крыж на народзе. Такім чынам ён хацеў яшчэ раз скалануць душы беларусаў, прымусіць іх задумацца над сваім лёсам, над лёсам дзяржавы. Нездарма апошнюю кнігусповедзь ён назваў “Доўгая дарога дадому”. Як і хацеў Васіль Быкаў, мы павінны пабудаваць свой дом, незалежную дэмакратычную Беларускую Дзяржаву, якая будзе стаяць вечна, бо што б там ні было, а “дома лепей”.
г. Мінск
Лявон БАРШЧЭЎСКІ
КОЛЬКІ ШТРЫХОЎ ДА ЛЕГЕНДЫ
Для мяне й майго пакаленьня Васіль Уладзіміравіч Быкаў быў і застаецца постацьцю легендарнай. Калі надаралася гаварыць зь ім, неяк ня верылася, што гэта ня сон і ня мроя. Мусіць, таму я заўсёды баяўся, каб у яго ня ўзнікла адчуваньне, што я яму нейкім чынам назаляю. А значыць, не дагаварыў з ім, не распытаў пра тое, пра што хацеў і мог бы распытаць. Цяпер, вядома ж, я шкадую пра гэта, але тут ужо нічога не памяняеш... Зрэшты, пакуль ён жыў, было важна ня гэтулькі беспасярэдне бачыць альбо чуць яго — дастаткова было адчуваць, што ён недзе ёсьць, што ён бы мог так альбо гэтак ацаніць тыя ці іншыя твае ўчынкі, тыя ці іншыя словы. У гэтым сэнсе й цяпер зь ягонай сьмерцю нічога не памянялася: думаецца, а вось на гэта ЁН бы сказаў так, а на тое зрэагаваў бы наступным чынам...
Я вучыўся яшчэ недзе ў дзявятым класе полацкай школы, калі першы раз убачыў яго на свае вочы. Памятаю сустрэчу з настаўнікамі й школьнікамі ў Полацкім доме культуры, у