• Газеты, часопісы і г.д.
  • Наш дом  Маргарыта Латышкевіч

    Наш дом

    Маргарыта Латышкевіч

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 355с.
    Мінск 2018
    58.55 МБ
    — Грамадзяне, не абапірайцеся на шкло!
    Грамадзяне, таксама змагары па натуры, усё роўна абапіраюцца.
    Лічбы круцяцца, блытаюцца. Пакупнікі ў чарзе сярдуюць і абураюцца, часам досыць гучна. Часам не надта прыстойна. Сонечка, уся яшчэ пагружаная ў сваё нялёгкае шчасце, на гэта не зважае, трасе падвітымі валасамі і гугнява цягне, стукаючы пальцам па гузіках апарата:
    — Сок нуль два яблычны, дзевяноста дзевяць капеек.
    Дзве дзявяткі. Зрэшты, ці не ўсё роўна, колькі іх, гэтых дзявятак? Сонечкіны вусны крывяцца, а плечыкі пад тонкай і празрыстай кашулькай ледзь заўважна скаланаюцца.
    Сонечка неяк бачыла, як прыблізна гэтак жа прыгожа ў модным галівудскім фільме пакутавала галоўная гераіня. I ўсе вакол яе прыгожую пакуту бачылі, і здзіўляліся, і ўражваліся: «Якая!..»
    — Дзевяноста чатыры капейкі! — гнеўна папраўляе Сонечку пакупніца.
    На ёй чорны капялюшык, а на капялюшыку падрыгваюць, ловячы іскры святла, дробныя кропелькі. На вуліцы мокры снег валіцца, засланяе, быццам ггуховая хустка, увесь горад.
    — Дзевяноста чатыры капейкі! — паўтарае чорны капялюшык.
    Сонечка апускае круглыя птушыныя вочкі на паперку са спісам тавараў. Вядзе пальчыкам з востра заточаным драпежным пазногцем (таксама даніна мяцежнаму шчасцю) па пераліку тавараў.
    — Дзевяноста чатыры,— раўнадушна пагаджаецца Сонечка.
    Яна ўсё яшчэ там, у сваім цёмным кутку пад лесвіцай, усё яшчэ з трагічнымі ноткамі ў голасе шэпча свайму шчасцю:
    — Нам дужа, дужа, дужа трэба пагаварыць!..
    Яна назірае за жыццём быццам з-за шкляной сценкі.
    — Зусім працаваць не хочуць,— каментуе сухі пляшывы дзядок.
    Лысіна ў яго мякка свеціцца пад лямпамі, быццам паліраваная. Дзядок прагне смятаны, прычым як мага хутчэй, і задуменнасць Сонечкі яго нервуе настолькі, што ён нецярпліва тупае сухенькай ножкай.
    Сонечка, адцягнуўшы долу вуглы вуснаў, прабівае смятану. I батоны, і каўбасы, і мінеральную ваду. Шчодрай рукой раздае хлеб надзённы, а сама безнадзейна патанае ў лічбах. Там, за снежнай заслонай, ходзіць шчасце — і гэта не дае Сонечцы спакою, і яна зноў бяжыць у цёмны куток і зноў тэлефануе, Часам доўга слухае кароткія гудкі, і ад звыклых бяскрыўдных гудкоў уся ападае, з пакутаю моршчыць востры тварык. Яна, зразумела, ведае, з кім яно зараз, гэтае падступнае шчасце. О, яна ведае!
    Веданне надае Сонечцы сілы, і яна ператвараецца ў ракавую жанчыну. Звузіўшы вочы, узяўшыся ў бокі, стаіць ва ўнутраным дворыку, там, куды пад'язджаюць машыны з прадуктамі. Без курткі, так што пухкія камякі снегу падаюць упрост на яе паўпразрыстую кашульку, на падвітыя валасы. Тая Сонечка, каторая ракавая жанчына, паліць модныя тонкія цыгарэткі,
    афарбоўваючы іх кончыкі цёмна-чырвоным. Пачувае сябе зваблівай русалкай, адзінае прызначэнне якой — губіць.
    Патэнцыяльныя згубленыя душы патроху падцягваюцца. Зацікаўленыя кіроўцы, асабліва маладзейшыя, хутаючыся ў курткі, падыходзяць да трохі заснежанай Сонечкі.
    — Сумуеце? — пытаюць гулліва.
    Просяць запальнічку, таксама паляць, выдыхаючы белы дым. Паляць, праўда, не арыстакратычныя цыгарэткі, як Сонечка, а куды мацнейшыя. Ад моцнай табакі востры Сонечкін носік чырванее яшчэ больш і пачынае патроху пухнуць.
    Цыгарэтка паступова дагарае. Сонечка самым элегантным жэстам абтрасае попел. Шызыя ад холаду рукі здубянелі і не слухаюцца. Снег набіваецца ёй у валасы, снег ліпне да падмазаных броваў, слепіць вочы. Кіроўцы, разгрузіўшыся, адзін па адным з'язджаюць, і ракавая губіцелька застаецца ў адзіноце, сам-насам са снегам і горыччу. Застаецца, праўда, не надоўга: хутка ў дворык выбягае, накінуўшы паліто, загадчыца аддзела. Твар у загадчыцы дрыжыць ад злосці, дрыжаць унізаныя золатам пальцы, дрыжаць светлыя кудзеркі.
    — У мяне перапынак, — выстрэльвае падрыхтаваным апраўданнем Сонечка.
    Хібіць: не на тую натрапіла. Загадчыца ад гневу чырванее ледзь не ў колер Сонечкіных вуснаў.
    — Пяты перапынак за раніцу! — крычыць загадчыца. — Цябе тут за перапынкі трымаюць, можа?
    Сонечка, па-ранейшаму ракавая і недасяжная, паціскае плечыкамі. Адкідае цыгарэтку і павольна вяртаецца. Крочыць меленька, імкнецца расцягнуць дарогу. Адно каб не ісці ў залу, туды, дзе сярдзітыя перакошаныя твары, дзе званочкі і бясконцыя лічбы, дзе з-пад столі ліецца бязлітаснае святло. Адно каб яшчэ трошачкі застацца сам-насам са сваім незгаворлівым шчасцем, якое б яно ні было.
    У зале тлумна і цесна. Сонечка праціскваецца да свайго працоўнага месца і зноў з сілаю, з палымянай жарсцю б'е пальцамі па гузіках. Гугнявіць:
    — Батон «Сталічны», адна штука. Пакет?..
    Пакупнікі пакетаў не жадаюць, ходзяць са сваімі. Скнары.
    За вокнамі нават за снегам відаць, як па праспекце едуць, свецячы фарамі, машыны ды аўтобусы. Прыпыняцца, пагудуць — і рушаць зноў, пад светлафор, і знікнуць з вачэй. Сонечкіна сэрца сціскаецца. Думаецца: вось прыедзе на чатырох колах шчасце, і зойдзе ў краму, і наблізіцца, і скажа...
    — Дай пакет.
    Сонечка скаланаецца ўсім целам, непаразумела глядзіць на пажылога мужчыну, цесна абцягнутага карычневай скурай.
    — Па-кет! — голасна паўтарае скураны дзядзька па складах.— Ты што, спіш, ці што? Муха сонная.
    Са звадлівымі, спакуслівымі русалкамі-губіцелькамі так, вядома, не размаўляюць. 3 ракавымі жанчынамі — тым болей. А вось з касірамі чамусьці — часта.
    Плечы ў Сонечкі аггускаюцца. Часта міргаючы, яна пад пільным позіркам скуранога дзядзькі аддзірае пракляты пакет і кладзе на прылавак.
    — Здурнелі ўканец, — каментуе дзядзька, сыходзячы.
    Сонечка стаіць, апусціўшы галаву: шкляная сценка яе абранасці, пазначанасці шчасцем дала расколіну, не ўтрымалася пад ціскам знешняга свету. Касавы апарат дзынкае, паўзуць з шоргатам чэкі, з пафарбаванага рота Сонечкі выслізгваюць лічбы. Завучана. Механічна.
    А ў галчыных вачах разлілася сусветная скруха, і ў сэрцы горкая пустка, ажно цяжка дыхаць. I б'ецца ў скронях разам з крывёю: ніколі, ніколі, ніколі. He будзе шчасця, не выжыць тут галівудскай гераіні. He на гэтым свеце,
    дзе бясконцы снег, і скураныя дзядзькі, і загадчыца, якая пазбавіла прэміі. He будзе — і ўсё. Фініта. Скончана.
    Калі хваля пакупнікоў ападае, Сонечка зноў ідзе ў свой запаветны куток пад лесвіцай. Павольна дастае тэлефон, з надзеяй глядзіць на цёмны экран. Сустракаецца вачыма з уласным адбіткам і горка пасміхаецца. Яна — ведае. Яна ўсё ведае, з кім зараз нягоднае шчасце.
    Яна — ракавая жанчына, губіцелька.
    Сонечка набірае знаёмы нумар і кажа ў слухаўку звыклым драматычным шэптам:
    — Нам трэба, трэба сустрэцца! Чуеш? Трэба!
    I пакуль яна кажа — яна шчаслівая.
    Спорт
    Зараз усе спрэс спартыўныя, каго ні спытай. А мы, скажыце, чым горшыя?
    Але пачынаць жа трэба паступова. Нельга ж проста прачнуцца раніцай і пабегчы наразаць колы, як той шалёны сабака.
    Сямёнава і сказала:
    — Пойдзем на каток!
    Тым больш — зіма. Ды і з Сямёнавай мы спрачацца не звыклі. Чалавек яна, нічога не скажаш, сур'ёзны. I паўналетні, сталы. Нават звышсталы: пайшла ўжо другая дэкада, як ёй споўнілася васямнаццаць.
    Пайшлі.
    — Усё-такі зіма,— горача і ўзнёсла казала Сямёнава, пакуль калыхаліся ў вагоне метро. — Усё-такі зіма — гэта спорт. Гэта канькі. Гэта каток.
    Мы Сямёнавай не пярэчылі. Слухалі, як яна з імпэтам даводзіць нам, што зіма — гэта спорт, спорт і спорт, што яна на каньках стаіць з трох-
    гадовага ўзросту і што яна яшчэ за нас возьмецца.
    —	Чалавек, каб вы ведалі, у мінус пятнаццаць, — казала Сямёнава, з вышыні свайго вопыту паглядаючы на іншых, зусім не спартыўных пасажыраў, — за адну гадзіну схуднее на два кіло.
    Сямёнава гаварыла настолькі аўтарытэтна і пранікнёна, што нават хацелася, каб яна за нас узялася. Мы пачалі паціху падлічваць, колькі такім чынам можна скінуць. Разумееце, каб улетку ўсе ўпрост ахнулі. Каб усе ад такой прыгажосці пападалі — мужчыны ад захаплення, жанчыны ад зайздрасці.
    Дык вось, атрымлівалася, што праз пяць гадзін практыкаванняў на марозе нам можна будзе смела выходзіць на еўрапейскія модныя подыумы, а праз дзесяць — то і ўвогуле ісці ў балет.
    Адным словам, паўсюдная мода на худзізну нас спакусіла, быццам той яблык Еву. Ды і спорт, зноў жа.
    Калі выйшлі з метро, Сямёнава зрабіла шырокі жэст рукою, як бы паказваючы на святочную ёлку, каток і белы кіёск з шыльдаю «Пракат». Так, мусіць, Хрыстафор Калумб паказваў сваім матросам на берагі Амерыкі, якую, праўда, шчыра лічыў Індыяй.
    —	Зіма — гэта канькі,— пераканаўча дадала Сямёнава і жвава рушыла да пракатнага кіёска.
    Прагучала не так эпічна, як «Даю дзень на рабаванне горада», але мы ўсё роўна ўразіліся.
    Пад шыльдаю сумаваў, падпёршы галаву рукою, пажылы чырванашчокі мужчына. Пазіраў з болем на канькі, на снежныя гурбы, на каляровыя гірлянды, саркастычна крывіў вусны і ледзь заўважна хітаў галавою.
    А ў вачах чыталася: «Быць? Або не быць?»
    Чырванашчокі пракатны Гамлет нас азадачыў. Нахабна разбураючы рэвалюцыйную сямёнаўскую тэорыю, ён, хоць і відавочна доўга сядзеў на марозе, быў нехуды. Папросту сказаць, досыць тоўсты. Што называецца, упоперак сябе шырэйшы.
    — А можа, ён нядаўна тут працуе?
    — А можа, ён штогадзіны ходзіць пагрэцца кудысь?
    Сямёнава тым часам, вывудзіўшы з заплечніка пашпарт ды грошы, наладжвала кантакт з Гамлетам.
    — Нам, будзьце ласкавы, чатыры пары канькоў,— прамовіла тонам канкістадора, нецярпліва тупаючы на месцы. — Тры для пачаткоўцаў, адну — прафесіянальную.
    На слове «прафесіянальная» яна не без гонару ўскінула галаву, каб усім было зразумела, хто іменна тут прафесіянал.
    Гамлет перавёў саркастычны позірк на Сямёнаву, змерыў яе вачыма і нічога не адказаў. Нетаропка падняўся і знік у кіёску.
    Праз пятнаццаць хвілін мы захваляваліся. Праз дваццаць Сямёнава, грозна нахмурыўшы бровы, загрукала ў дзверы кіёска кулаком.
    Праз трыццаць Гамлет вярнуўся да нас. Болей за тое: вываліў у снег канькі — чатыры абсалютна аднолькавыя пары.
    Аднак, як выявілася, аднолькавымі яны былі толькі для неабазнаных людзей кшталту нас. Сямёнава вокамгненна схапіла тыя канькі, што вытыркалі са снежнай гурбы бліжэй да яе, і рушыла да лавачкі.
    — Галоўнае,— казала Сямёнава, скідваючы боты. — Гэта правільна абуцца.
    Як выявілася, усадзіць ногі ў канькі, хай сабе і непрафесіянальныя, — гэта тое яшчэ выпрабаванне. Мы саплі, хрыпелі, лаяліся, дзьмухалі на настылыя рукі, зноў цягнулі шнуроўку. Сямёнава падбадзёрвала ўсіх гучнымі воклічамі — як рабоў на галерах.