Наш дом  Маргарыта Латышкевіч

Наш дом

Маргарыта Латышкевіч
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 355с.
Мінск 2018
58.55 МБ
Бруцкі, які не паспеў паснедаць, узяў сабе чорнай кавы і бутэрброд з вяндлінай. Тасік, горка ўсміхаючыся, з драматычным надрывам папрасіў зялёнай гарбаты і ўжо за сталом, падціснуўшы вусны, меланхалічна сузіраў, як патанае ў кіпені пакецік.
— Яна ж пра мяне клапоціцца,— загаварыў Тасік. — Разумееш, брат? Пра мяне. Гарбата вось такая падбадзёрвае лепш за каву. А, скажам, вегетарыянства — гэта натуральны лад жыцця для разумнага чалавека.
На гэтых словах у Тасіка вельмі натуральна падаў голас страўнік. Бутэрброд захрас у Бруцкага ў горле.
— Я спачатку быў супраць,— казаў Тасік далей. — Думаў, не маё гэта ўсё. Ты ж ведаеш, як я сала люблю. I шынку. Але Люда — яна такая. У яе тое, тое і тое, без усякіх там... розных. Ага.
— Угу,— азваўся Бруцкі, спрабуючы прапхнуць бутэрброд далей хоць каўтком кавы.
— Алкаголь — атрута,— Тасік засяроджана тапіў гарбатны пакецік пластыкавай лыжачкай. — Соль, цукар там... Глютэны... Ведаеш, колькі у хлебе гэтых розных глютэнаў?
Бруцкі пахітаў галавой. Тасік саркастычна ўсміхнуўся.
А Люда — ведала. Таму што Люда — клапоціцца. I не толькі пра харчаванне ды адзенне, але і пра патрэбы духоўныя.
— На ёгу мяне запісала,— распавядаў Тасік. — Такое шчасце. Такая лёгкасць. Ходзім туды тры разы на тыдзень. Два вечары — на сальсу. Адзін раз, па пятніцах,— на лева... правапаўшарнае маляванне.
Бруцкі толькі прысвіснуў. Тасік, якога ён ведаў (збольшага — па вяселлям ці хаўтурам сваякоў) больш, чым танцы, ненавідзеў толькі салаткі без мяса і сямейныя сустрэчы без выпіўкі. I быў абсалютна няздатны маляваць — ні левым, ні правым паўшар'ем.
— А па суб-б-ботах, — пахмурна працягваў Тасік, сціскаючы бязвінную лыжачку ў кулаку,— Па суботах мы... на роварах... ездзім... за горадам!.. .
Храбусь! Гэта не вытрымала патэтыкі, трэснуўшы напалам, няшчасная лыжачка.
— Такое шчасце,— коратка і злосна падсумаваў Тасік.
Закасаў рукаў, агаліўшы круглую руку, густа зарослую рудаватым валоссем, да локця, паказаў Бруцкаму. На светлай скуры вылучаліся кепска замазаныя зялёнкай глыбокія драпіны.
— Люда? — уразіўся Бруцкі.
— Кот,— суха выправіў Тасік. — Кот у яе, я табе скажу... Брытанец. Морда — шырэйшая за маю. Мяса жарэ, скаціна. Сядзім на канапе, я — Людку абняць, а ён як...
Тасік пачасаў вуха і з нянавісцю паглядзеў на белы пластыкавы кубачак з зялёнай гарбатай. Паспрабаваў паправіць няўтаймаваны гальштук, зноў нічога не дамогся і раптам, сціснуўшы зубы, рвануў гальштук з шыі, ажно затрашчаў штучны шоўк.
Сонная прадаўшчыца, уладарка ўсіх дабротаў кавярні пры краме, прадала ім пляшку каньяку. Тасік, набычыўшыся, крыкліва папрасіў яшчэ і бутэрбродаў з вяндлінай. Еў прагна, захлынаючыся слінай, пэцкаючы маслам твар і рукі, і вочы таксама зрабіліся масленымі.
— За любоў? — спытаў Бруцкі, падсоўваючы Тасіку шклянку, падумаў і няўпэўнена прапанаваў: — За... Людмілу?
Словы замёрлі ў Бруцкага на вуснах ад Тасікава сталёвага позірку.
— За свабоду! — выгукнуў Тасік і выпіў залпам.
He чокаючыся.
Эквілібрыстыка
Бачылі, мусіць, калі-небудзь у цырку нумары эквілібрыстаў? Звычайна тоненькая дзяўчынка ў зыркім серабрыстым трыко выбягае на сцэну, і кланяецца, падымаючы кволыя ручкі, і робіць рэверансы. Пасля суровыя дзядзькі доўга сапуць, ставячы адзін на адзін бліскучыя металічныя цыліндры — самы вялікі, сярэдні, меншы і зусім маленькі. Тады на апошні цыліндр змяшчаюць дошчачку, прычым не адразу: уся канструкцыя хістаецца і ходзіць ходырам, так што трэба прыкласці нямала высілкаў, каб дошчачка проста ўтрымалася наверсе, паўзверх усіх цыліндраў.
А пасля хтосьці з дзядзькоў бесцырымонна хапае дзяўчынку і ставіць яе, як ляльку, на тую дошчачку. I эквілібрыстка, завучана ўсміхаючыся, уся напружаная, напятая, як скручаная спружына, стаіць на самым версе. Балансуе на мяжы падзення, ажно дух захоплівае. Здаецца, ледзь-ледзь. Здаецца, вось-вось — і...
Вось і чалавечыя стасункі — рэч такая ж няпростая. Заўжды трэба ведаць, што, каму, калі і як казаць. Або не казаць.
Таму што ад аднаго сціплага «добрай раніцы», калі скажаце проста так, не падумаўшы, могуць быць самыя розныя наступствы, і часцей — непрыемныя.
Скажаце — а нехта ўжо і разумее:
— Ага! Добрая, значыць, раніца. А з чаго б гэта? А што гэта маецца на ўвазе? Паківае, значыцца, на штось?
I прыглядацца пачне, і што-небудзь непатрэбнае напэўна заўважыць. Бо ўсе мы людзі, і ва ўсіх нас штось не надта бліскучае сям-там прыхавана.
Хто «нехта»? Ды ўсе. Кожны.
Скажаце вы сваё недарэчнае «добрай раніцы», а ў кагось учора стрыечны дзядзька з Пінска аддаў Богу душу. I хай бы сабе проста аддаў, але, як выявілася, падступны стары чорт год таму паспеў ажаніцца і кватэру адпісаў не каму б яшчэ, а новай жонцы. To раніца для несуцешнага пляменніка, вядома, ніколькі не добрая.
«Ага,— падумае. — Здзекуецца, паскуднік!»
Ці, можа, у суседзяў скралі сямейнае аўто якраз напярэдадні. А тут вы круціцеся са сваімі добрымі раніцамі. Падазрона.
— Ясна,— скажуць.— Ясна, хто злодзей. Бач, яшчэ і пасміхаецца.
I паспрабуйце пасля патлумачыць участковаму, чаму ў вас з дваццаці трох да паловы на трэцюю няма алібі.
Або нават горш: якаясь занадта, упрост крытычна незамужняя жанчына запіша дурную вашу «раніцу» ў разрад кампліментаў. Ці, скажам, флірту. Жанчыны, каб вы ведалі,— могуць. I вельмі лёгка. I што тады?
— Ага,— вырашыць,— Значыць, мае пэўныя намеры.
А калі ўжо жанчына вырашыла, што вы маеце на яе пэўныя намеры, не адкруціцеся. A далей што? А вядома, што. 3 Віцебска ў вашу кватэру пераязджае цешча з сабакам, катом, папугаямі і цесцем-рэўматыкам, дзеці гуляюць у футбол вашым працоўным ноўтбукам, а там недалёка і да язвы страўніка з нервовых прычын. Будзеце ляжаць пад аперацыйнымі лямпамі — згадаеце тую сваю недарэчнасць, з якой усё пачалося, але позна будзе.
Ці вось, скажам, саступаеце вы месца ў аўтобусе. Думаеце, увесь такі цудоўны ды правільны? Думаеце, добрае выхаванне паказваеце? Лухта. Самападман. Фікцыя.
Саступіце месца жанчыне — тая і мяркуе:
— Што ж, значыць, я гэтак кепска выглядаю?
I неўроз, i слёзы, i палова сямейнага бюджэту адыходзіць да касметолагаў ды розных там цырульнікаў. Муж застаецца без абеду, бо некалі абед гатаваць, калі трэба ў цырульню, дзеці не вучаць урокі, нахабнік кот дзярэ кіпцюрамі новую канапу. I ўсё вы вінаваты з вашай недарэчнай галантнасцю.
Мужчыну, хай той нават лысы, з палачкай і трасецца ад старасці, рассыпаючы вакол пясок, таксама саступаць месца нельга. Ён, можа, у аўтобусе з дамай. Ён, можа, узрост свой дэманстраваць не хоча. Ён, можа, увогуле едзе на заняткі па бальных танцах з элементамі сальсы, дзе плануе заляцацца да дваццацігадовай інструктаркі. А тут вы яму ўвесь настрой псуеце. Брыдка. Сорам.
Пра дзяцей нават і казаць не трэба, усё і так відавочна. Чапляецеся да малых — значыць, маньяк. Хтосьці з асабліва пільных пасажыраў патэлефануе, куды трэба,— і вось, калі ласка, вітайце зноў спадара ўчастковага і зноў тлумачце яму, што вы не вярблюд.
А, паміж намі, участковыя з прафесійных прьгчын не схільныя давяраць людзям. Асабліва тым, якіх так часта бачаць у падобных абставінах.
I гэта, праўду кажучы, толькі вяршыня айсберга, ад якога штодзень тонуць тысячы «Ты-
танікаў» кшталту вас. Для прыкладу возьмем што-небудзь самае простае. Ну вось: на працы хочаце вы з калегамі абмеркаваць, што нехта Іваноў сыходзіць у адпачынак.
Так і кажаце:
—	А Іваноў у адпачынак ідзе.
Проста каб размову падтрымаць.
Заканчваецца ж усё тым, што звольнены Іваноў дзе-небудзь на паркоўцы дае вам кухталёў. А пасля вы ў аддзяленні траўматалогіі дзівуецеся, чаму гэта так выйшла.
А выйшла вось як: Пятроў вас пачуў і перадаў Сідараву ва ўласнай рэдакцыі. Маўляў, вось, ізноў гэты Іваноў у адпачынак ідзе. Сідараў, які заляцаецца да дырэктарскай сакратаркі, на другі дзень і кажа ёй:
—	Ды гэты Іваноў толькі і робіць, што ходзіць па адпачынках. Зусім ад рук адбіўся.
У сакратароў ад начальства сакрэтаў аніколі не бывае, так што тым жа вечарам дырэктар у нязмушанай размове даведваецца: Іваноў — аматар прагуляць і пафілоніць. А з раніцы на Іванова абрушваецца палымяны дырэктарскі гнеў.
Але калі каго спытаць, хто плётку пусціў, усе дружна скажуць — вы. I будуць мець рацыю. I раззлаваны Іваноў прыйдзе па вашу душу.
Альбо такі прыклад: накіруюць да вас на працу студэнтку-практыкантку. Тая ў першы ж свой дзень зламае капір, разаб'е камп'ютарны манітор, важныя дакументы закіне ў шрэдар. I такая ўся недарэчная і няздатная, і такая з гэтай прычыны няшчасная, што вы, каб супакоіць, скажаце, як заўжды, не падумаўшы:
— Ну нічога, Алачка, з кім не бывае.
Скажаце — а ў выніку вам дасць кухталёў ужо ваша ўласная жонка разам з цешчай і цесцем.
Таму што Сідараў перадасць Пятрову, што вы нешта занадта добры з недарэкай-практыканткай, а Пятроў перадасць сакратарцы, што вы яшчэ, аказваецца, ого-го і круціце-муціце з маладухамі. А ў сакратаркі і вашай жонкі, каб вы ведалі, адзін цырульнік, а апошнія падчас навядзення прыгажосці на кліентках дужа любяць пагаварыць.
Так што вы зноў апынецеся ў траўматалогіі. Што да Алачкі, то тая проста клінічная дурніца, няздольная карыстацца не толькі капірам, але і звычайнай шарыкавай асадкай, так што дабрыня і спагада ёй усё роўна не дапамогуць.
Ведаеце, чаму ўсё менавіта так кожны раз складваецца? А вельмі проста, насамрэч. Усё, што вы скажаце, можна выкарыстаць супраць вас. Каму заўгодна. Лёгка. Заўсёды.
Скажаце жонцы, што яна сёння асабліва прыгожая, а тая:
— Ага! Значыць, паківае, што зазвычай агідная!
Скажаце начальніку, што вам падабаецца працаваць з ім вось ужо дзесяць гадоў, а той:
— Ага! Значыць, паківае, што даўно павышэння не даю!
Скажаце цешчы, што боршч цудоўны і вам хацелася б яго часцей есці, ну вось хоць штодня, а тая:
— Ага! Значыць, паківае, што я мала гатую!
Скажаце класнаму кіраўніку старэйшага сына, што ўдзячны яму за выхаванне дзіцёнка, а той:
— Ага! Значыць, паківае, быццам праз мяне ягоны сын — ідыёт і хуліган!
Кожны дзень вы балансуеце на вузенькай дошчачцы, пакладзенай паўзверх бліскучых цыліндраў. I жыццё ходзіць ходырам, няўстойлівае, непрадказальнае. Адзін няправільны рух — і паляціце долу, і нос разаб'еце. Эквілібрыстыка — спорт не для слабых духам.