Наш дом
Маргарыта Латышкевіч
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 355с.
Мінск 2018
Цмок, адступіўшы адным падскокам, помсліва плюнуў агнём. Ільга рванула аброць, праклінаючы сябе за маруднасць і з адчаем разумеючы, што адысці не паспявае, што момант безнадзейна згублены. Нават прыкрыла вочы і згорбілася ў сядле, чакаючы пякельнага болю.
Але побач зноў сярэбрана запела азёрная музыка, абкружыла беражліва, акрэсліла вакол Ільгі бяспечнае кола прахалоды. Лютае цмокава полымя слізнула па самым краі гэтага кола і адразу ж апала, зняможанае, долу. Белае ваўчынае футра бліснула срэбрам наперадзе, паказваючы дарогу ў густым малінніку. Ільга прыспешыла пярэстую, і тая — няма дурных, — узбрыкнуўшы, панеслася частым галопам.
За сабою Ільга пачула драпежны звярыны крык і аглушальны бой крылаў. He паварочваючы галавы, ведала: узлятае. Сапраўды, вялізны цень лёг на траву і зараснікі, цягнучыся далёка наперад, а пасля ў парыве ветру распоўзся ўкруг Ільгі, атачыў варожа, пагрозліва. Звярыны крык груба прарэзаў паветра над самаю Ільзінай галавою, зверху дыхнула невыноснай гарачынёй. Пярэстая, адчуўшы Ільзін дотык, доўгім зграбным скачком, не губляючы хуткасці, сышла ўбок. 3 трэскам схапілася агнём сухое кустоўе, папоўз, блытаючыся ў чарніцах, белы задушлівы дым.
Азёрная музыка вілася вакол Ільгі, падхоплівала ёй валасы, серабрыстай пенай ускіпала на капытах пярэстай. Засланяла, быццам шчыт, і вяла за сабою, ззяйкай ніткай пракрэслівала між маўклівых дрэў сцежку.
Яны прамінулі чырвоны яр з лясным вадапоем, адным духам праляцелі страшную чорную прагалу. Цмок не адступаўся, біў крыламі зусім нізка, віўся над самымі вершалінамі, сычэў і гнеўна роў, шалёна пляваўся агнём. Ільга раз-пораз падагравала ягоны імпэт, цаляючы з лука ўверх, у цень над дрэвамі, што засланяў неба. «Галоўнае,— зацята думала Ільга, звыкла прыслухоўваючыся да сухога рыпення лука,— самае галоўнае, каб не адстаў. Каб не
згубіў след і шалу да самага канца, да Калінава моста».
За прагалаю цмок упаў — паваліўся цяжка, як камень, ламаючы хвоі і яліны. Забіўся з вісклівым лямантам, ушчэнт крышыў страшэннымі ўдарамі крылаў і хваста ўсё вакол — векавыя дрэвы, валуны. Ад бяссільнай злосці грыз зямлю, душыўся ўласным агнём і атрутай. Ільга, прыпыніўшыся на лясным пагорку, чакала, пільна сачыла за зверам паўзверх насцярожанага лука і, як толькі цмок падняўся на лапы, стрэліла — раз, другі, трэці. Цмок засычэў, павярнуўся надзіва імкліва для такой махіны. I рушыў, падвалакваючы падстрэленае крыло, на Ільгу бегма, з хуткасцю лепшага каня, і тугія канаты мышцаў шпарка звіваліся пад блішчастай лускай. Ад такога відовішча пярэстая ўзбрыкнула пад сваёй вершніцай, захрыпела ад жаху, так што з храпы пырснула пена.
Ільга ўладна нацягнула цуглі, пусціла кабылку ў галоп. Зямля скаланалася, страшна гула пад цяжкімі крокамі, ад пранізлівага рову і свісту закладала вушы. Цмокава пашча раз ці два прагна шчоўкала над Ільзінай галавой, абдаючы невыносным смуродам, і тады пярэстая заходзілася ў гучным іржанні, яшчэ хутчэй, яшчэ часцей пачынала перабіраць точанымі
нагамі. Ад удараў шыпастага хваста са стогнам і трэскам падалі дрэвы, і тады з крыкамі разляталіся птахі. Ненажэрны цмокаў агонь шугаў па траве, па кустоўі, караскаўся па галінах, спрабаваў, як і сам цмок, нагнаць, ухапіць і раздзерці.
Лес гуў ад жаху, гарэў і дыміўся. Атрутная цмокава сліна сыпалася на зялёнае лісце — і радасная веснавая зеляніна скурчвалася, чарнеючы, ссыхала. I доўга, жудасна, бясконца доўга вакол былі толькі агонь, дым ды атрута, і смуроднае цмокава дыханне, і пранізлівы роў, ад якога завязваліся вузлом вантробы, і цяжкі тупат, што балюча адгукаўся ў самых касцях. Ільга задыхалася, кашляла, лавіла ротам паветра, слепла ад гарачыні і смуроду, ад густога дыму. Настойлівая азёрная музыка працягвала гучаць, ратуючы, выводзячы, слізгала па крутых плячах напятага лука, танчыла на вастрыі стрэл, жыла ў звоне спушчанай цецівы. Ільга раз за разам паварочвалася, страляла, адчуваючы гулкую пустку ў галаве, ад якой ламіла патыліцу і абмякала, рабілася надзіва слухмяным цела. Ільга як бы глядзела на сябе збоку, спакойна і разважна адзначаючы: вось тут трэба пераскочыць цераз глыбокую прамывіну, тут лепей ашчадна прытрымаць стралу на цеціве, выбіраючы лепшы момант, тут варта прыгнуцца.
Прасвет між стваламі дрэваў падаўся Ільзе чаканым збавеннем. Пярэстай, мабыць, таксама: кабылка заржала радасна, прыспешылася, як магла, з апошніх сіл. Голас блізкай ракі, такі лагодны, такі ласкавы, накочваў разам з ясным святлом шэранькага пахмурнага дня, нёс з сабою і свежасць, і надзею.
Ільга вырвалася на ўзлессе, вылузалася з дыму і гару— і нарэшце змагла ўздыхнуць на поўныя грудзі. Унізе звілістая Вугера спакойна несла свае хвалі між высокіх узгорыстых берагоў, шчыльна зарослых светлымі бярэзнікамі. За нешырокім пясчаным валам, за чорнымі вольхамі горбіўся, патанаючы ў белай квецені каліны, стары мост, і за ім раптам, папярэджваючы, запеў баявы рог: з-за моста сачылі і заўважылі.
Цмокаў роў прагучаў быццам у адказ, паляцеў далёка над рачной далінай. Па сыпучым пяску, праз трапяткі паўпразрысты бярэзнік, міма пахкага лісця вольхаў, навыперадкі з цмокам Ільга шпарка панеслася да шэрага rap63 старога моста. Узмыленая пярэстая цяжка і часта дыхала, раздуваючы бакі, пачала злёгку прыпадаць на адну нагу і паступова збавіла хаду.
— Яшчэ трошачкі,— прасіла Ільга.— Трошачкі, любая, давай!..
Узляцелі на мост — белы воўк і пярэстая кабылка з Ільгай. Даўніх камянёў месцамі не хапала, а тыя, што былі, калываліся, вохкалі пад любым цяжарам, і ўвесь мост часта тросся, заходзячыся быццам у ліхаманцы. Ільга лёгка саскочыла на мост у самай сярэдзіне, прыхапіўшы з-пад сядла бацькаву дзіду. Учапілася ў дрэўка аберуч, наставіла вастрыё на цмока, які, трывожна прынюхаўшыся, замёр перад самым мостам у нерашучасці — мабыць, зразумеў ненадзейнасць такой пераправы або счуў блізкую пастку.
— Ну?..— голасна сказала Ільга цмоку.
Павольна, на паўсагнутых нагах рухалася з боку ў бок, асцярожна ступаючы, адчуваючы падэшвамі гуд і напружанне выцертых часам камянёў.
Цмок выскаліўся, пагрозліва засычэў, торгаючы параненым крылом. Ударыў хвастом, узняўшы воблакі пылу. За зверам палымнеў лес, сыходзіў языкамі шалёнага агню і клубамі густога чорнага дыму.
Вывернуўшыся з ваўчынага футра, ступіў бліжэй Йурай — захаканы, бледны, увесь быццам выцвілы, з абведзенымі чорнымі коламі стомленымі вачыма. «Занадта шмат сілы выцягнулі з яго тыя чары, — са шкадаваннем падумала Ільга.— Яшчэ трошачкі — і зусім нічога не застанецца».
Йурай, цяжка дыхаючы, плаўна падняў руку. Азёрная музыка павольна закруцілася вакол яго, зырка прабліскваючы ў валасах, на скуры, на адзенні вострымі сярэбранымі іскрамі.
— Чакай,— ледзь варушачы вуснамі, мовіла яму Ільга. — He трэба так. Дай лепш я сама.
Кружэнне музыкі рэзка апала, спеўнае срэбра згасла. Йурай хіснуўся і ледзьве ўтрымаўся на нагах. Пераводзячы дыханне, паглядзеў на цмока, на Ільгу — і, прыкусіўшы вусны ад болю, схапіўся за запясце.
— Я змагу,— сказала Ільга, праглынуўшы сухі камяк у горле і латвей перахапіўшы дрэўка.
Сказала і паэту, і — можа, нават найперш — самой сабе.
Рушыла меленькімі крокамі бліжэй да звера, не зводзячы з яго вачэй. Цмок глуха рыкнуў, з прысвістам уцягнуў ноздрамі паветра. «Ну, давай, — думала Ільга, аблізваючы перасохлыя вусны. — Я ж зусім-зусім блізка, толькі лапу працягнуць. Ну?..»
Цмок затупаў на месцы і выдыхнуў струмень полымя. Ільга жвава кульнулася цераз плячо, апынулася з другога краю моста. Дражнячы пачвару, голасна свіснула — і зноў была вымушана перакаціцца кульком, ратуючыся ад агню. Сырыя кусты каліны падхоплівалі полымя з неахвотай, патрэсквалі і моцна дымілі.
Ільга з раздражненнем ададзьмула лёгкія пасмы, што ўпалі на вочы. Рукі ў яе пачыналі трохі падрыгваць ад напружання. He зводзячы позірку са звера, яна намацвала падэшваю каменныя пліты, асцярожна перасоўваючыся, чакаючы новага вогненнага ўдару.
I раптам пад нагою апынулася вусцішная пустка. Ільга пахаладзела і, вохнуўшы, страціла раўнавагу.
Быццам толькі таго і чакаў, цмок падабраўся і адным моцным рыўком кінуўся наперад, скрабянуўшы доўгімі кіпцюрамі зусім побач з Ільзінай галавою. Ільга ўхілілася, адкацілася прэч — і амаль сарвалася ўніз, туды, дзе плылі халодныя хвалі Вугеры. Затрымалася на паўразбураным ад часу і непагадзі краі, упіўшыся пальцамі ў адну з хісткіх каменных пліт. Пацягнулася да згубленай дзіды — і сягнула зброі самымі кончыкамі пальцаў, але ўхапіць не змагла і адразу ж саслізнула ніжэй. Аскалёпкі разбітага моста, патрывожаныя рэзкім Ільзіным рухам, пасыпаліся долу.
Мост тросся, прагінаўся пад цмокавым цяжарам, сырыя камяні курыліся ад гарачыні. Звер быў ужо на сярэдзіне — прынюхваўся, прыглядаўся. Звесіўся над Ільгаю з глухім сычэннем, абдаў гарачым дыханнем. Сталёвыя кіпцюры магутных лап упіліся ў камяні, выкрасаючы
злыя калючыя іскры. У горле, закаваным у залатую луску, клекатала, збіраючыся, прагнае полымя.
— Кола, Ільга! — хрыпла крыкнуў нябачны Йурай.— Ахоўнае кола!
«Глупства,— падумала Ільга, зажмурыўшыся. — Якое яшчэ ахоўнае кола. Што тут увогуле можа выратаваць, абараніць? Гэта ж не які-небудзь не-людзь, ад якога можна схавацца за...»
Яна павісла на адной руцэ, другою сутаргавата схапіўшыся за ножны на пасе. Бацькаў нож ладна і спраўна лёг у далонь. Ільга выдыхнула і ўсадзіла нож па самае ўзорыстае дзяржальна ў цмокаву лапу — паміж двух пальцаў, у тонкі зазор між лускавінамі, дзе прасвечвала бялёсае цела.
3 ровам адхінуўшы лапу, цмок адхіснуўся і сам, выпусціўшы набранае ў грудзях полымя проста ў неба. Раз'юшаны, грозны, затупатаў, гнеўна забіў хвастом і крыламі.
I тады, нарэшце, здрыгануўся да самага падмурка стары мост — і пайшоў доўгаю рванай расколінай упрост пасярэдзіне. Каменныя пліты лавінаю пасыпаліся ў бурлівую ваду, са скрыгатам падламіўся роўны шэраг пазелянелых ад часу калон. Добрую палову моста павяло ўбок, і цмок, учапіўшыся ў старыя камяні, дарэмна спрабаваў утрымацца. 3 таго берага
ракі ў звера, быццам цэлы рой куслівых восаў, пасыпаліся стрэлы вугеркаўскіх вояў, а змей роў і пляваўся ў лучнікаў агнём. Стрэлы шкодзілі яму не болей, чым пчалінае джала мядзведзю, але злавалі, адцягвалі ўвагу.