Наш дом  Маргарыта Латышкевіч

Наш дом

Маргарыта Латышкевіч
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 355с.
Мінск 2018
58.55 МБ
Пярэстая з'едліва чмыхнула — мусіць, паспела набрацца ганарыстасці ў аднаго паэта з Курганова Поля.
Дубыніч, падобны ў ранішнім паўзмроку да жывога пагорка, адно з ускудлачанай барадой, ужо ў поўным узбраенні цяжка тупаў вакол коней. Пакрыкваў, падганяў сваіх малайцоў, нават пагражаў камусь кулаком. Пабачыў Ільгу і прыпыніўся, паважна кіўнуў са сваёй вышыні.
—	Будзем, дзеўка, спадзявацца, што ўсё зладзіцца.
—	Будзем, дзядзька,— адгукнулася Ільга, пагладжваючы пярэстую па шаўковай шыі.
Дубыніч гучна засоп, нават раскрыў быў рот, каб нешта сказаць, але ў самы апошні момант перадумаў.
—	To стрэнемся на Калінавым мосце,— кінуў толькі, нейкі прыцішаны і пахмурны, як стылы восеньскі ранак.
Затрубілі ў баявы рог. Гарачыя шэрыя коні хрыпелі, закідваючы галовы, білі капытом, прадачуваючы дарогу. Вершнікі з Вугеркі, усе ўкрытыя чырвонымі плашчамі, з мядзведжымі шчытамі за плячыма, урэшце крануліся з месца — з шумам, тупатам, свістам. Ехалі на захад, да зялёных узгоркаў, аб'язджаючы цмокаў лес па дузе, і хутка зніклі, расталі ў прыцемку. Ільга колькі часу глядзела ім услед, кусаючы вусны, адчувала сябе да крыўднага маленькай і слабой. Пасля прыкрыла вочы і глыбока ўдыхнула, прагна ўцягваючы ў сябе водар вільготнага лугу.
—	Хадзем,— мякка мовіў Йурай, паклаўшы ёй руку на плячо. — Час.
Пайшлі.
Цмокаў лес набліжаўся быццам сам па сабе, незалежна ад Ільзіных высілкаў, быццам па сваёй волі — спачатку на крок, а там — і на два, і на дзясятак. Разрастаўся наперадзе, шырыўся, пакуль, нарэшце, не раздаўся ўбакі, распаўшыся на асобныя дрэвы — ясені, елкі, хвоі, на зараснік у падлеску — шызыя трапяткія парасткі асіны, пахкія белыя воблакі чаромхі, разное лісце малінніку. I рассыпаўся на колеры, пахі, птушыныя галасы, аглушыў і збянтэжыў.
Ільга неяк падсвядома чакала жудаснага мёртвага месца, з абвугленымі галінамі, з павыпаленай зямлёй. А лес — жыў.
Матылі, белыя, пунсовыя і сінія, кружылі над чарнічнікам паабапал зарослай дарогі, падалі на ружовыя і блакітныя пралескі, на нясцерпна-жоўты чыстацел. Там — адпачывалі, паважна дыхаючы крыльцамі. За сцяною ядлоўца, сыта парохкваючы, праходзілі са сваімі вісклівымі вывадкамі дзікі. Слізгалі пад зарослыя сырым мохам карчажыны ціхія вужы, глядзелі са сваіх сховаў уважлівымі вачыма-пацеркамі. Бессаромна бразгаталі рудыя сойкі, з рэзкім свістам пераляталі з галіны на галіну асцярожныя вяхіры. Кувала зязюля — сонна, няўпэўнена адлічвала чыесь гады. Заблытвалася, прыпынялася, задумваючыся на імгненне, і пачынала нанова.
Лес жыў спакойным і размераным жыццём. Як быццам і не хаваў у нетрах крыважэрнага драпежніка. Або, магчыма, гэты драпежнік таксама быў часткаю ляснога жыцця — як і любы іншы драпежнік, хоць танканогі воўк, хоць вастравухая рысь, хоць непаваротлівы мядзведзь. Ільга сутаргавата павяла плячыма, толькі задумаўшыся над гэтым.
Чым глыбей у лес, тым болей было пазнак змеевай прысутнасці. Спачатку зніклі птушыныя галасы і дзелавітыя крокі звяроў — усе
тыя галасы, увесь той няспынны кіпучы рух, якім толькі што быў ахоплены лес. Пасля адчувальна пацягнула гарам, і ў хуткім часе зеленаватае лясное святло адступіла. Наперадзе чарнела прагала — тая прадбачаная, выпаленая, маўклівая, мёртвая, а пасля зялёнай лясной таўкатні — яшчэ больш жудасная. Быццам вяха на шляху да цмокавых пячор, быццам напамін пра злавеснага звера ў самым сэрцы лесу.
— Адсюль ён узлятаў,— Йурай агледзеўся, крануўся рукою зламанай абгарэлай хвоі.
Ільга, акінуўшы вачыма паваленыя, як ад буры, дрэвы, толькі сціснула кулакі і рушыла наперад.
За паласою абгарэлых дрэваў зноў радасна зелянеў лес, але цішыня пад ягоным полагам была, здавалася, яшчэ больш густою і цяжкай. Дробныя часцінкі попелу насіліся ў паветры, пахруствалі на зубах, набіваліся ў нос, у вочы, настойліва ліплі да скуры. Падала голас вада — то зарослы багуном лясны ручай, схаваўшыся ў неглыбокім яры, бадзёра скакаў па ложы з чырвонай гліны.
3 асцярогаю сггусціліся на дно яра і пакрочылі следам за вадою. У гліне ля звонкай плыні Ільга ўхапіла звыклым вокам і ямінкі ад капытцаў казуль, і клінапіс птушыных слядоў, і выразныя частыя адбіткі лісіных лап.
I яшчэ, паўзверх усіх астатніх, іншыя, незнаёмыя сляды — трохпалыя, глыбокія, у тры Ільзіны далоні даўжынёю.
—	Праходзіў тут колькі разоў, мабыць, на вадапой,— прагаварыў Йурай, вывучыўшы сляды, і дадаў паўшэптам: — Ужо блізка.
—	Блізка,— рэхам паўтарыла Ільга.
Пайшлі як цішэй па трохпалых слядах — цмокавай сцежкаю. Хутка ручай вільнуў, пераскочыў цераз асклізлыя альховыя карані, упарта пракладаючы сабе дарогу праз рознакаляровы друз, нанесены працавітай вадой. За каменным россыпам маячылі чырвоныя скалы — добра ўкрытыя зелянінай, зарослыя травою ды мохам. Некалькі маладых хвоек ускараскаліся на самы верх, гайдалі слабымі галінкамі, быццам ад ветру.
Але ветру тут не было — гэта цяжка дрыжэла сама зямля, мерна скаланаючыся.
— Быццам... дыханне,— прагаварыла Ільга.
I — зразумела.
Пад чырвонай скалой чарнеў цмокаў ход — агромністы правал у цемру. Трохпалыя сляды спярэсцілі чырвоную гліну перад пячорай, так што іх можна было чытаць, нібы кнігу. Ільга адрозніла і досыць свежыя сляды, яшчэ выразна акрэсленыя, і даўнія, з акругленым краем, паўсцертыя, запоўненыя дажджавою вадой ды
ігліцаю. На некалькіх блізкіх хваінах — на вышыні двух-трох Ільзіных ростаў — заўважныя былі сляды кіпцюроў ды падпаліны, а да смалы там і сям прысталі невялікія залатыя лускавінкі.
3 цемры патыхала невыноснай гарачынёй, ад якой спірала дух і слязіліся вочы, і душным, трывожным звярыным пахам. I тое, і другое надта занепакоіла пярэстую: кабылка забілася, заіржала тоненька, баязліва. Йурай ласкава патрапаў пярэстую па галаве, шапнуў штось на вуха — і тая вокамгненна прыціхла, супакоілася.
— А з цмокам? — шапнула паэту Ільга. — Што, з цмокам гэтаксама зрабіць нельга?
— О, хочаш праверыць? — таксама шэптам адказаў ён з заўсёднаю сваёй кеплівай усмешкай.
Ільга паціснула плячыма. Падумала: наўрад цмоку спадабаецца, калі Йурай паспрабуе яго гладзіць. Ды і каб шапнуць штосьці змею на вуха, паэту давядзецца ўскараскацца на хвою. I, вядома, папярэдне вельмі ветліва папрасіць цмока стаяць на адным месцы праз увесь гэты час.
Падумаўшы так, Ільга шчыра сама сабе ўразілася — якія ж дурныя рэчы лезуць у галаву.
— Эт, усё лухта,— прамармытала пад нос.
I ўспомніла: хтосьці казаў тое самае. Даўно-даўно. Быццам у мінулым жыцці.
— He бойся,— шапянуў Йурай — здаецца, усхваляваны. Ільга павяла плячом і адказала вельмі спакойна, трохі здзіўленая, што ён не разумее відавочнага:
Я не баюся.
I лёгкім крокам пайшла да правала ў цемру, які струменіў гарачыню. Хітра звіўшы пальцы — так, як калісьці яшчэ бацька вучыў,— свіснула радасна, звонка. Раз, другі, трэці.
Ажно пакуль поўная гарачыні цемра не адазвалася пранізлівым, аглушальным свістам.
I зямля застагнала, задрыжэла, забілася дажджавая вада ў звярыных слядах — адгукаючыся на глыбінны рух, на цяжкія крокі.
3 непрагляднай цемры спачатку вырвалася цэлае воблака нясцерпнай гарачыні, змешанай з гарам ды звярыным смуродам. Ільга закашлялася, засланіла твар рукою. I з-пад далоні, халадзеючы, пабачыла, як пашча пячоры выплюнула агромністы цень, што засланіў сонца.
Зыркім злым золатам успыхнула, асляпляючы, луска, касцяныя грэбні горда ўзняліся вышэй лесу, працялі неба, а за грэбнямі разгарнуліся, хвостка ўдарыўшы стылым ветрам, магутныя крылы, падобныя да кажановых. Перакочваліся пад лускаю таўшчэзныя канаты мышцаў, поўныя неўтаймаванай сілы, даўгія кіпцюры глыбока ўпіліся ў чырвоную гліну. Кольцы
звівістага хваста, усеянага вострымі шыпамі, з вусцішным шаргаценнем папаўзлі амаль пад ногі Ільзе. А на доўгай гнуткай шыі, увенчаная каронаю рагоў, сядзела выцягнутая сухая галава з паўраскрытаю пашчай, поўнай вострых іклаў.
I глядзела гэтая галава ўважлівымі барвовымі вачыма ды пагрозліва сычэла, выпусціўшы вострае атрутнае джала.
Ільга зніякавела, застыла на месцы. Глядзела — і не магла адарваць пагляд. I думала: прыгажосць. Пагрозлівая, драпежная, жудасная нават, бясконца небяспечная, але — якая прыгажосць!..
— Іль-га! — прыглушана — быццам здавён і здалёк — крыкнуў Йурай.
Яна паматала галавой, трохі апрытомнела. А цмок выдыхнуў праз тонкія ноздры лёгкія воблачкі пары — і раптам зароў, забіў хвастом па зямлі, высока ўзбіваючы шматкі гліны.
Унутранае чуццё падказала Ільзе слізнуць долу — і ў час: ледзьве ўнікла ўдару вострых кіпцюроў, праехаўшыся ўпрост пад цяжкою лапай. Кроў у жылах застыла, сэрца забілася павольней. Ільга нават паспела са здзіўленнем пабачыць, як замерлі, падвіслі ў паветры драбочкі зямлі і сцябліны сухой травы, і — рушыла, пакацілася да пярэстай.
Побач з пакутаю ўсхліпнула парваная струна — і Йурай вылаяўся праз зубы. Рэха азёрнай музыкі ўсплёснула сярэбранай хваляй, раскацілася вакол, адгукнулася тройчы. Раз'юшаны цмок прыпаў да зямлі, выпусціўшы глухі вантробны рык, але голас звера абледзянеў, замёр у ягоным горле, і сам цмок застыў, павольна-павольна раззяваючы пашчу, каб дыхнуць агнём.
— Руш! — Йурай з сілаю падштурхнуў Ільгу. — Доўга мне яго не ўтрымаць!
Ад ягонага голасу Ільга зусім ачомалася, узляцела ў сядло, ударыла пярэстую пяткамі. Кабылка заіржала і сарвалася з месца. Побач успыхнула, завірыла белае полымя — і з яго калматай завеяй выкаціўся, кульнуўшыся, скочыў следам снежны воўк.
Замарожаны час з невыносным скавытаннем ізноў прыйшоў у рух, прыпусціў, заспяшаўся — і ў спіны ім дыхнуў ненажэрны агонь. Ашалелы цмок з сілаю рвануўся наперад, уламіўся ў зараснікі. Ударыў хвастом наводмаш — і са страшэнным трэскам павалілася некалькі хвой. Ільга жвава павярнулася ў сядле, падняла лук і выпусціла адразу некалькі стрэл, нават асабліва не цэлячы: галоўнае было — утрымаць увагу звера на сабе.
Адна страла пры канцы лёту слаба клюнула наканечнікам залатую луску на цмокавым
плячы. Цмок зароў, шумна забіў крыламі, узняўшы цэлую буру. Пярэстая закрычала ад жала: яе разам з Ільгай душны смуродны вецер пацягнуў назад, так што капыты кабылкі пакідалі па сабе барозны ў сырой зямлі. Ільга, ледзьве перасільваючы вецер, ізноў падняла лук, стрэліла, не бачачы, не дыхаючы, усляпую — і амаль аглухла ад пранізлівага, поўнага лютасці і болю звярынага крыку. Бура адступіла, так што Ільга, праміргаўшыся, здолела пабачыць: неяк прымудрылася пацэліць. Яе страла з бела-чырвоным пер'ем усё яшчэ трапяталася ў згібе скурыстага крыла.