Наш дом
Маргарыта Латышкевіч
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 355с.
Мінск 2018
— Зрок пасадзіш,— казала бабуля сярдзіта.
Сама яна, вывучаючы квітанцыі ці надпісы дробным шрыфтам на дамовах, мусіла ўздзяваць на нос вялікія акуляры або прымушаць Цімура чытаць услых.
Цімур слухмяна кідаў чытанне і ішоў у іншую сваю схованку — толькі для таго, каб там праваліцца ў іншую кнігу. Чыталася ўсё, што можна было знайсці дома, без асаблівага разбору, што трапіцца пад руку, ад савецкага падручніка па хіміі для дзясятага класа да зборніка дзіцячых вершыкаў. Цімур усё чытаў
удумліва, ледзь варушачы тоўстымі вуснамі, зрэдку міргаючы, ашчадна перагортваючы старонкі. Чытаючы, часам натыкаўся на пазнакі чужою рукой — і тады некалькі разоў перачытваў фразы, спрабуючы здагадацца, чаму вось тут папярэдні чытач вырашыў падкрэсліць, а тут — паставіць птушачку. Атрымлівалася нешта накшталт размовы. Бібліятэчныя кнігі, якія прайшлі праз сотні рук, чытаць было цікавей: суразмоўцаў большала.
Адным вераснем, калі восень яшчэ толькітолькі пачала рассыпаць золата ў лісце, а дні стаялі па-летняму цёплыя, мама Даша ў чарговы раз вярнулася з пошукаў шчасця. Гэтым разам, праўда, больш вясёлая, чым звычайна, хоць і, як звыкла, не ведала, пра што размаўляць. Пакуль на кухні пасвістваў чайнік, Цімур чуў мамін голас — тоненькі сярэбраны званочак. Мама расчулена звінела пра шчасце, пра «нарэшце» і «можа быць, першы раз у жыцці». Бабуля маўчала — доўга і змрочна. За яе незадаволена мармытаў тэлевізар.
Цімур то паглядаў на чайнік, чырвоны ў белы гарошак, то зазіраў у бібліятэчную кніжку. Кніжка, заслужаная, упадабаная пакаленнямі чытачоў, прыемна пахла пылам і колерам старонак нагадвала — так, прынамсі, Цімуру падабалася думаць — пергамент, зусім як у
старажытных фаліянтах. Чытаць было прыемна, і таму чытаць даводзілася патроху, смакуючы кожны сказ, кожны абзац і са шкадаваннем разумеючы, што дзеянне набліжаецца да фіналу. Параўнальна шчаслівага, вядома, але ўсё роўна — фіналу.
Мама Даша зайшла амаль бязгучна, так што Цімур заўважыў яе толькі тады, калі яна села побач і забарабаніла пальцамі па стале.
— Які ты стаў вялікі,— сказала мама жаласным голасам, і заўважна было: кажа зусім не тое, што хоча сказаць. — Чытаеш вось. Цікава?
Цімур паківаў і са смачным храбусценнем перагарнуў старонку. Мама разгладзіла спадніцу на вострых каленках, заклала за вушы стрыжаныя бялявыя пасмы, пакруцілася на табурэце.
— А я, — прагаварыла тоненькім голасам,— я выходжу замуж. Так.
Прагучала неяк збянтэжана, але і з адценнем раздражнення, нібы Цімур быў у нечым вінаваты. Мама зноў нервова пакруцілася на месцы, уважліва вывучаючы Цімураў твар.
— Ага,— сказаў Цімур.
Па напружанай постаці мамы Дашы было ясна, што яна нечага чакае, можа быць, нейкіх слоў ці дзеянняў. Можа быцьх трэба парадавацца, што яна нарэшце адшукала сваё шчасце, за
якім так доўга ганялася? Ці мо павіншаваць з вяселлем? Цімур задуменна пачухаў адну нагу другою праз тоўстую бабуліну шкарпэтку.
Мама Даша не выглядала асабліва радаснай, глядзела круглымі вачыма з прытоенай бояззю. Быццам чалавек, які ўсім распавёў, што выйграў у латарэю, а зараз адумаўся і баіцца, што прыз адбяруць ці скрадуць.
— Ага,— тупа паўтарыў Цімур.
Мама часта заміргала, то сплятаючы, то расплятаючы пальцы.
— М-мужчына,— прагаварыла яна, пастукваючы па стале. — Мой... мужчына. Ён вельмі харошы чалавек. Удавец з дзіцем. Хлопчыкам двух гадоў. Вельмі станоўчы чалавек. I заможны.
Патрывожаны Туз пад сталом глуха забурчаў. Мама прыкусіла вусны. На твары яе чамусь праявілася скруха, быццам адна думка пра заможнасць будучага мужа была для яе невыноснай.
— I вось,— з тым жа выразам скрухі працягвала мама Даша, кашлянуўшы,— Паколькі... паколькі я... у мяне... словам, твая бабуля лічыць, што ты зараз павінен жыць са мной. 3... ну, з намі.
Мама зноў прабегла па твары Цімура таропкім жаласным позіркам і тут жа адвяла
вочы. Чайнік загрукацеў крышачкай, прыцягваючы да сябе ўвагу. Цімур, быццам спружына развілася, падскочыў на месцы, так што кніга зрынулася на падлогу, і пачаў завіхацца ля пліты. Наліваў кіпень у імбрычак — і адчуваў трывожны позірк мамы Дашы ў сябе на спіне.
У тым шчасці, што мама адшукала для сябе, месца для кагосьці яшчэ, апроч яе самой, не было. Ад гэтай здагадкі Цімура быццам скразняком прашыла — і ўсё-такі не хацелася верыць.
Ён, хмурачыся, дастаў з паліцы любімыя бабуліны кубачкі — «для гасцей», з залатою хвалістай лініяй, з блакітнымі кветачкамі на баках.
— Можа быць, — гаварыла мама далей, прыцішыўшы голас.— Можа быць, ты б і не хацеў... я маю на ўвазе, падлеткам так цяжка ўсё мяняць... школа, сябры... праўда, Цімачка? Ну, скажы?
Цімур зрабіў выгляд, быццам занадта засяродзіўся, насыпаючы цукар у цукарніцу. Hanes па лыжачкі ў вісклівую шуфляду — і са здзіўленнем зразумеў, што ў яго дробненька дрыжаць рукі. Вусны таксама дрыжалі, і камяк у горле замінаў гаварыць, а павекі калола знутры, і ніяк не атрымлівалася праміргацца.
— Цімачка, — вельмі ласкавым голасам мовіла мама Даша,— ты скажы, ну. Скажы, што табе... нязручна будзе так, каб з намі. Ну?
Яна прыйшла прасіць у яго дазволу на шчасце. Як школьніца, якая прыйшла адпрасіцца з урокаў.
— Нязручна, — пацвердзіў Цімур, не паварочваючыся да яе, і злосна пацёр кулаком вока. — Я тут буду жыць. Дома.
Мама радасна падхапілася.
— Ну вось,— сказала з радасцю трыумфатара. — Ну вось, я так і думала. Мама! Мама, ты паслухай, што Цімачка кажа!..
Бабуля, цяжка пераступаючы ацёклымі нагамі ў тоўстых вязаных шкарпэтках, выплыла са свайго пакоя. Стаяла, змрочна ўзяўшыся ў бокі, маўклівая і дакорлівая, глядзела пранізлівымі блакітнымі вачыма.
— Я дома буду жыць,— паўтарыў Цімур.— Дома.
— Бо Цімачку з намі будзе нязручна,— паспешліва сказала мама Даша і густа зачырванелася, бы засаромелася. — Ён сам сказаў. Усё-такі чужая абстаноўка... школу, зноў жа, мяняць, a тут сябры ў яго. I... усё такое. Сама разумееш, як на падлеткаў усё гэта ўплывае...
Цімур праціснуўся паўз яе ў дзверы — асцярожна, каб не зачапіць, зусім так, як праціскаў-
ся праз нетры хламу ў цёмным калідорчыку ці праз шэрагі кплівых аднакласнікаў. 3 кнігаю пад пахай і кубкам гарбаты сышоў у свой пакойчык і ціхутка прычыніў дзверы. Скоса зірнуў на меткі алоўкам на шпалерах, але прымервацца, адлічваючы свае гады ад маміных, болей не хацелася.
У куточку за старым фатэлем было зацішна, спакойна і ўтульна ад святла крывога таршэра. Цімур сяк-так уладкаваўся, ашчадна разгарнуў кнігу — і патануў з галавою ў прыгодах адважных рыцараў.
Таму і не пачуў, як пляснулі за мамай Дашай дзверы кватэры.
Ён быў дома.
Пачатак восені
Іх было дваццаць. Пекна, на самы ўрачысты лад апранутых. Твары, праўда, былі не самыя святочныя ды радасныя, хутчэй — разгубленыя.
У вачах чыталася непаразуменне і нават прыхаваная боязь.
Іх было дваццаць — дробных, быццам верабейкі, першакласнікаў. I на два дзясяткі дзяцей — дзве настаўніцы.
Ішлі, прыцішаныя, парамі, неслі ўрачыста і захоплена сваё навюткае адзенне: блішчастыя туфлікі, і белыя кашулькі, і пінжачкі, і спаднічкі, і штонікі. Хлопчыкі раз-пораз краталі нязвыклыя яшчэ вузлы галыптукаў, дзяўчаткі потайкам касілі вокам на свае адбіткі ў вітрынах. Думалі: і як жа існуе ў свеце такая вось прыгажосць? I пытальна пазіралі на мінакоў, правяраючы, ці адчуваюць гэтую прыгажосць тыя, сталыя, зусім не святочныя.
Ішлі — і спыніліся. Сталі гэтаксама парамі. Трэба чакаць аўтобуса, ехаць кудысьці. Так нязвыкла, так па-даросламу. Тварыкі спрэс заклапочаныя, маленькія далонькі не кідаюць рукі суседа па пары. Чапляюцца, быццам за саломінку. Гэта зразумела: яны, гэтыя святочныя чалавечкі, маленькія, а вакол усё вялікае — і машыны, і дамы, і дрэвы. Такое вялікае, такое вусцішнае жыццё. А побач толькі сусед, такі самы дробны. Калі стаяць разам, калі трымаць адзін аднаго, то падаецца, быццам трошачкі вырастаеш.
Сёння — пачатак года. Хай сабе не каляндарнага, а навучальнага, усё адно. У такія знакавыя дні, як меркавалі нашы продкі, можна нібыта сягнуць праз час, зазірнуць у будучыню. Прынамсі, калі глядзець уважліва. I я, седзячы тут жа, на звыклым аўтобусным прыпынку, гляджу з-пад пластыкавага даху. Гляджу.
Хлопчык з тоўстымі ружовымі шчокамі настойліва тузае настаўніцу за руку.
— Пецька! — кажа голасна і абвінаваўча. — Пецька!
I, пераканаўшыся, што авалодаў патрэбнай увагаю, працягвае:
— Пецька мне ў вуха крыкнуў! У вуха!
Падступны Пецька ў пары перад ім, няўседлівы і рухавы, так і круціцца на месцы.
Нявінна ўсміхаецца, зазірае настаўніцы ў вочы, карцінна б'е сябе кулачком па галаве — нібыта адчуў усю глыбіню і жудаснасць свайго злачынства, нібыта тут жа, не сходзячы з месца, раскаяўся.
Пецькава ахвяра лупае круглымі цёмнымі вочкамі, трывожна прыўзняўшы бровы. Чакае справядлівасці, і ад напружанага чакання ў яго так і дрыжаць вусны.
А я, не маючы сілы адвесці пагляд, усё гляджу наперад, праз гады, праз гэтых дваіх, як праз каляровыя шкельцы глядзяць на сонца. Гляджу — і бачу.
Хлопчык з ружовымі шчокамі вырасце. Страціць, можа быць, дзіцячую пульхнасць, але рысы твару па-ранейшаму застануцца трохі размытымі, быццам няўпэўненымі. «Пецькі» будуць паўсюль: абыходзіць на вучобе і працы, адбіраць прэміі, адбіваць дзяўчат, усяляк падразаць па дарозе да шчасця і радасна гусці проста ў вуха сваёй «ахвяры». Ён зробіцца падазроным, ён будзе ненавідзець «пецькаў» глыбока і шчыра, усім сэрцам, і праз пэўны час пачне бачыць падступнага Пецьку ў кожным. I зняверыцца, і атруціць самога сябе жоўцю. I будзе адчайна шукаць справядлівасці ў тых, хто вышэйшы — статусам ці пасадаю. A
калі там справядлівасці не знойдзе — прыйдзе да высновы, што і тут папрацавалі «пецькі», пакрыўдзілі, абразілі, нашкодзілі.
I ніводнага разу, ніколі не прыйдзе ў ягоную круглую галаву думка не чакаць ласкі «зверху», а зрабіць нешта самому. Адстаяць сябе, лепшым зрабіцца. He, на гэта не хапае ані сілы, ані часу: ён занадта заняты, вышукваючы злавесныя «пецькаўскія» ўплывы.
Настаўніца адыходзіць. Абражаная ахвяра, надзьмуўшыся, глядзіць убок. Падступны Пецька легкадумна скача на адной ножцы.
Я бачу: Пецька аднойчы зробіцца Пятром Аляксеевічам і будзе насіць на працу касцюм і гальштук — зусім як сёння. Можа быць, займее светлы прасторны кабінет з сакратаркай і крыклівымі тэлефонамі. I звыкла, упэўнена стане адводзіць пагрозы, проста б'ючы сябе кулаком па галаве, гуляючы ў сумленнае пакаянне. Інстынктыўна засвоіць асновы акторскага майстэрства, зразумее, якую маску перад кім варта насіць. А як толькі навальніца праміне, як толькі грымоты ды маланкі больш не будуць пагражаць — заскача на адной ножцы, і закруціцца, і здзекліва пакажа язык.