Наш дом  Маргарыта Латышкевіч

Наш дом

Маргарыта Латышкевіч
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 355с.
Мінск 2018
58.55 МБ
Тут, зразумела, ніякіх пытанняў узнікнуць не магло: Разенштайн быў, вядома, хлопчыкам па-прафесарску разумным. Хаця б таму, што насіў цудоўныя круглыя акуляры. Самы патрэбны выгляд.
— Значыць, вырашылі, — з відавочным задавальненнем канстатавала Алыванна.
Ліля надзьмулася. Выразна разумела, што не «вырашылі», a — «вырашыла», але падабраць патрэбныя словы, каб запярэчыць, ды і проста набрацца на гэта смеласці не атрымлівалася.
Алыванну ў шостым «В» баяліся ўсе, нават хуліган Міхалёнак, баяліся да дрыжыкаў. Страх быў не свой, а прыдбаны ад пакаленняў папярэднікаў, культываваны школьнымі байкамі. Пяшчотная Анечка Вышынская, калі яе выклікалі, гублялася, страчвала здольнасць звязна размаўляць і не магла чытаць завучаны верш. Лёша Паварчук, які і так заікаўся, пад уважлівым позіркам Алыванны быў здольны хіба на асобныя гукі. Выкліканы да дошкі ружовенькі Міхалёнак, які прынцыпова ніколі не рыхтаваўся да ўрокаў, набываў ад сораму і інтэлектуальнага напружання насычаны малінавы колер. Так, воля ў Алыванны была сталёваю — як тут запярэчыш?
Дома Ліля прагледзела лісткі з рэплікамі. Іх было няшмат, гэтых акуратна разрэзаных палосаў паперы з тэкстам, старанна перапісаным рукою самой Алыванны. I тая Маршакаўская Каралева складалася ўся з абрывачкаў і палосаў, няпоўная, незакончаная, незразумелая. Вось як, скажыце, быць ёй, калі не ведаеш, не ўяўляеш нават, як яна ходзіць, і размаўляе, і як сядзіць, і як піша?
На заўтра трэба было рашыць тры практыкаванні па матэматыцы, але Каралева аніяк не выходзіла з галавы, і матэматыкай давялося ахвяраваць. Натуральна, дзеля мастацтва. Напэўна, падобныя ахвяры яшчэ ніколі не прыносіліся з такім імпэтам і такой радасцю.
У кніжнай шафе знайшоўся зацёрты том з поўным тэкстам п'есы. Ліля перачытала патрэбны эпізод некалькі разоў, але Каралева ўсё роўна выслізгвала, не давалася. Так маленькія рыбкі, калі паспрабуеш злавіць рукамі, слізгаюць між пальцаў. Да таго ж у эпізодзе быў нейкі Канцлер, усе словы якога (па волі Алыванны, не Маршака) адышлі Разенштайну. Няпрошаны Канцлер збіваў, і Лілі нават пачало падавацца, што чалавек ён дужа непрыемны, магчыма, нават з доўгімі віслымі вусамі і малінавым распухлым носам. Можа быць, зусім як вусаты сусед з трэцяга паверха, мае злога маленькага сабаку, які шчэрыць на ўсіх дробныя вострыя зубкі.
Рэплікі завучыліся хутка. Праз хвілін сорак Ліля сядзела на канапе і, звяртаючыся да здзіўленага ката, казала фанабэрыста:
Яшчэ чаго! He магу ж я пісаць і думаць адначасоваі
Кот, як актор спрактыкаваны, па-майстэрску вытрымліваў паўзу.
Пад вечар Ліля прыйшла на кухню, дзе гатавалі вячэру і, калупаючы пальцам сцяну, аб'явіла без асаблівай урачыстасці, с сапраўднай арыстакратычнай сціпласцю:
— А я таго. Буду каралевай.
Сям'я, трэба аддаць ім належнае, да новага Лілінага статусу паставілася адпаведным чынам.
— To падрыхтую бігудзі,— адразу ж заявіла бабуля.
Выявілася, што каралевы мусяць быць кучаравымі. Справядліва мяркуючы, што бабуля да эпохі каралеў хоць трохі, а ўсё-такі бліжэй, Ліля пагадзілася.
— А словы ўсе ведаеш? — скептычна папытаў бацька.
Ліля ўзялася ў бокі і вымавіла не без выкліку: — Анягож!
Разам з мамай клеілі карону з кардону. Атрымалася нішто сабе: вялікая, аранжавая, спераду ўпрыгожаная, быццам карункамі, цэлафанам з-пад святочных кветак. Адным словам, адметная карона, хоць бы і сапраўднай якой-небудзь імператрыцы ў такой выйсці не сорамна.
Спаць з накручанымі на бігудзі валасамі, як выявілася, няпроста. Ліля круцілася, сапла, змагалася з жаданнем вызваліцца ад клятых пластыкавых цыліндрыкаў і заснула, здаецца,
ледзь не на досвітку. Зрэшты, бяда была не толькі і не столькі ў валасах, колькі ў заўтрашніх пяцікласніках. Маршак, зразумела, гэта ўсё напісаў, але напісаныя ім словы давядзецца несці, і прамаўляць, і ажыўляць. Андрэйку лёгка: мала таго што прафесарскія акуляры носіць, дык яшчэ і бацька ягоны абяцаў яму сапраўдную ўніверсітэцкую мантыю і шапачку. А з Каралевай на адных кучаравых валасах і кароне не выедзеш. Вядома.
Ліля прачнулася сонная і разбітая. Спустошаная. Пазяхала, пакуль бабуля прыводзіла яе валасы ў парадак, і непрыязна паглядала на ўласны адбітак у люстры. Пазяхала, пакуль па плямах жоўтага святла ліхтароў крочыла ў школу. Пазяхала на трох першых уроках. Пазяхала, калі пасля званка на чацвёрты ўрок Алыванна вяла іх з маленькім Разенштайнам па школьным калідоры на першым паверсе.
За дзвярыма кабінета нумар адзін радасна шумелі, гулі, быццам растрывожаны пчаліны вулей. Алыванна загадала застацца тут і паводзіць сябе прыстойна, пакуль не паклічуць. Сама ўвайшла ў клас — і за дзвярыма магічным чынам усталявалася цішыня.
Андрэйка, захутаны ў чорную мантыю, падпіраў спінай сцяну і досыць гучна стукаў зубамі. Ці то ад холаду, бо са школьнага весты-
бюля сюды дабіраўся непрыемны скразнячок, ці то ад хвалявання. Ці, магчыма, ад таго і другога разам. Сонная Ліля без асаблівай патрэбы папраўляла пышную святочную сукенку.
— Я словы не памятаю,— прызнаўся Андрэйка.
Ліля паціснула плячыма.
— I я.
Словы за ноч зніклі, быццам растварыліся ўнутры. Белыя палосы паперы ліплі да далоняў, такія спакушальныя — і такія ненадзейныя. Пакладацца на іх падчас выстугшення, гаварыць, прыклеіўшыся позіркам да почырку Алыванны было б амаль злачынствам. He перад суровай настаўніцай, а перад сабою.
Дзверы адчыніліся. Трошачкі, так, што вузкая лінія святла пабегла па сырой, толькі што вымытай падлозе да тонкіх, абцягнутых белымі калготамі ног Лілі. I ногі гэтыя пайшлі самі, быццам без удзелу гаспадыні. I зайшлі ногі ў клас, і сталі.
Бо злева былі вочы. 3 кожнай парты — па дзве пары, а партаў тут не адна і не дзве. Вочы глядзелі і апякалі, і позіркі, амаль рэчыўныя, можна было адчуваць скураю, нават не паварочваючы галавы. Так, не падымаючы павек, можна зразумець, з якога боку падступае сонца.
Перад зялёнай дошкай стаяла, выцягнутая з агульнага шэрагу, яшчэ адна парта, з белым
пяром, якое, праз адсутнасць сапраўднай чарнільніцы, паставілі ў савецкую гранёную шклянку. Побач на парце бялелі лісткі паперы — белыя-белыя, быццам мара, быццам чайкі.
Ліля яшчэ раз паправіла сукенку, пачасала, адчуваючы на сабе гарачыню позіркаў, адной нагой другую. I ўздыхнула. I рушыла наперад.
I Ліля знікла — была толькі фанабэрыстая чатырнаццацігадовая Каралева. Гэта яна, наморшчыўшы носік і закінуўшы падбароддзе, прайшла чатыры крокі да стала, адставіўшы руку гэтак манерна, што па класе пайшлі смяшкі. Гэта яна ўпала на крэсла, і адразу ж пачала майстраваць з паперы самалёцік, і ў клас, туды, да пяцікласнікаў, яго запусціла. Словы не трэба было згадваць і падглядаць са зробленых Алываннай шпаргалак.
Ліля была Каралеваю. Усе сорак з лішкам хвілін.
Піястры
Калі чалавеку пяць гадоў, ён на рэчы глядзіць іначай. Можа быць, таму, што для маленькага пяцігадовага чалавека ўсё на свеце падаецца вялікім ды значным, нават дробязі. А можа быць, таму, што ў пяцігадовых і вочы неяк па-іншаму працуюць. Бачаць па-іншаму,
Каляровыя шкельцы, разрозненыя гузікі, пацеркі, кавалачкі тканіны, стужкі, старыя, савецкія манеткі. Людзі дарослыя, сур'ёзныя, напэўна, скажуць: рэчы непатрэбныя, смецце. А для пяцігадовых — сапраўдны скарб.
Вунь пацерка, маленькая, празрыстая. Вазьмі на далонь, паднясі да вока — і расквеціцца, заззяе ўсімі колерамі вясёлкі. Пацерка-перліна, з сытым, мяккім бляскам на крутым баку, рассыпае светлыя водбліскі. Пакручастая ракавінка, звонку сціплая, шэрая, пяшчотна ружавее ўнутры. Гузікі з бабулінай скрынкі адзін за другога лепшы: той серабрысты, нібы луска рыбы,
той увесь — светлы россып ззяйкіх кропачак, іншы цяжкі, металічны, з выціснутым гербам. Старыя капейкі, тонкія кругі металу, пацёртыя, заслужаныя, зараз на пенсіі, дажываюць свой век у пачэсным статусе пірацкіх піястраў. Надламанае пёрка паўліна, зеленаватае з залатым бляскам, з цікаўным сінявата-фіялетавым вокам, пад пальцамі пругкае. Абарваны металічны ланцужок выгнуўся, абвіў іншыя скарбы тонкім цельцам, серабрыцца цьмяна.
Ад усведамлення таго, што ты гэтым усім, бязмерна прыўкрасным, адзінаасобна валодаеш, весела пяе душа. I восеньскім днём, калі з пахмурнага неба сыпле, радасна бомкаючы па шкле, дождж і гуляць не пускаюць, як утульна сесці пад лямпаю і ашчадна, па адной перабіраць сабраныя каштоўнасці. Разглядаеш кожную ўважліва, хоць бачыў да таго добрую сотню разоў, і ўсё-такі заўважаеш новае. To з'явіцца, схапіўшы водбліск святла, новае адценне ў пералівістых баках пацеркі, то штучная перлінка неяк асабліва будзе рассыпаць мяккае ззянне на скуру. Серабрысты ланцужок паблісквае, і ў гэтым бляску згадваецца плынь рачных хваляў, няўрымслівых і нямоўчных. У пёрка таксама металічны бляск, але на іншы манер, іншага адцення, іншай густаты. I дзіўна, і радасна, і ад гэтай ледзь заўважнай, ледзь улоўнай пры-
гажосці з салодкім трымценнем, з пяшчотаю адгукаецца нешта ў сэрцы.
— Любуешся? — пытаюцца дарослыя мімаходзь.
Пытаюцца насмешліва і трошкі нават з'едліва: ім бачныя толькі кавалачкі цьмянага шкла, пафарбаваны пластык ды іншае смецце.
У сваёй патаемнай любові прызнавацца перад людзьмі насмешлівымі да болю цяжка і сорамна. Таму, каб зняць з сябе ўсе падазрэнні, трэба няўпэўнена паціснуць плячыма і адказаць, па магчымасці, раўнадушна:
— Во-о-сь яшчэ!
Моцнае прыхаванае пачуццё зазвычай менавіта гэтым штучным, нязграбным, змушаным раўнадушшам і выдаюць.
Якім бы ні быў адзінаасобнікам, але радасцю хочацца дзяліцца. Хоць бы дробачкай гэтай вялікай усёабдымнай радасці, якая перапаўняе, якая вось-вось цераз край перальецца. Таму часта скарб выцягваецца для гульняў.
I тады ў пакоі кіпіць падрыхтоўка. He жартачкі вам — судастраенне. 3 паваленых крэслаў, з падушак, з пледаў. Кот ад гэтай шумнай мітусні трохі шалее, скача ўзбуджана. Ката ловяць у чатыры рукі, ката на руль аднаго з караблёў саджаюць. Кот — боцман.
Скрыначка, абклееная каляровай саломкаю, ляжыць на падлозе. У скрыначцы — скарб. Сапраўдны, пірацкі. Бо піраты без скарбаў, як і скарбы без піратаў,— нонсэнс.
I плешчуць салёныя хвалі, і марскі бой ідзе. Жорсткі, крывавы. He на жыццё, а на смерць. За скарб. За піястры.
— Піў! Піў-піў-піў!