Наш дом
Маргарыта Латышкевіч
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 355с.
Мінск 2018
— Як цудоўна! — з імпэтам казалі нашы бацькі,— Будзеце сябраваць!
Наталка глядзела на мяне са змрочным сумневам. Я на яе — гэтаксама. Так бурлак, відаць, глядзіць на суседа па абрыдлай лямцы. Адным словам, адна адной мы нядужа падабаліся. Але «сябравалі» — хадзілі разам у школку і разам жа вярталіся. Размаўлялі мала, бо асабліва не было пра што.
— А я чытала, што каштан можа ўпасці чалавеку на галаву і скалечыць на ўсё жыццё.
Угу-
Ішлі якраз вераснёвымі каштанавымі алеямі. Скоса пазіралі адна на адну і ўпотайку чакалі таго самага каштана. He для сябе, вядома. Для сябра.
Зразумела, калі мы пазнаёміліся трохі бліжэй, усё змянілася. Цалкам. Дакладней, непрыязнь перарадзілася ў суцэльна іншае, але па-ранейшаму моцнае, глыбокае, нястрымнае і, самае галоўнае, узаемнае пачуццё. У пагарду вышэйшай пробы.
Дзіўна разумеючы адна адну без аніякіх слоў, мы з Наталкай ведалі, што яна лічыць мяне фанабэрыстай дурніцаю, а я яе — безнадзейнай занудай. Узаемнасць і высокі градус пагарды нечакана прынеслі гармонію, поўны і абсалютны дзэн: мы ніколі не сварыліся. Нельга ж усур'ёз сварыцца з тым, кім так шчыра пагарджаеш і грэбуеш.
Нас прымушалі хадзіць адну да адной на дні нараджэння, падпісваць карткі ды прыносіць падарункі. Цяжка выбраць падарунак любімаму чалавеку, але стокроць цяжэй купіць хоць нешта для таго, кім зусім не цікавішся. Дасюль у маёй кніжнай шафе стаіць падораная Наталкай барвовая Л. I. Чарская з яе смешнымі маленькімі інстытуткамі, якія штохвіліны або страчваюць прытомнасць, або заломліваюць рукі ў істэрыцы, або стаюцца нявіннымі ахвярамі якой-небудзь жудаснай змовы. I гэта ў той час, калі я досыць сур'ёзна рыхтавалася зрабіцца слынным касманаўтам і часта румзала ад
крыўды, бо мой стрыечны брат, старэйшы за мяне на цэлы год і таму чалавек абазнаны ды аўтарытэтны, казаў, быццам дзяўчат у космас не бяруць.
У безнадзейным, але настойлівым памкненні зрабіць наша сяброўства яшчэ больш моцным, бацькі ўпарта запісвалі нас у адны і тыя ж клубы ды секцыі. Ва ўсякім разе, спрабавалі. Так, напрыклад, мы з Наталкай апынуліся ў тэатральным гуртку. Агледзеўшы і праслухаўшы нас, загадчыца гуртка дала абедзвюм ролі: Наталцы — Снягуркі, мне — Мядзведзя. Наваяўленая Снягурка толькі з'едліва ўсміхалася, гледзячы на мае плюшавыя вушы, рукавічкі і спаднічку з мядзведжым хвосцікам.
У гэтым сваім адмысловым плюшавым строі я выходзіла, станавілася ў трэцюю балетную пазіцыю і, заламіўшы рукі не горш за гераінь Чарскай, чытала свой маналог з шэкспіраўскім надрывам і інтанацыямі тэатральнай прымы:
— Тупу!.. Тупу!.. Тупу!.. Нясе Мішка ступу!
Гледачы, маленькія акцёры, нават сама кіраўніца гуртка — усе дружна складваліся напалам і рагаталі голасна і доўга, да слёз. Наталка, якая ўрэшце выйшла з дзвюма рэгшікамі пад самы канец, вельмі абуралася, што на яе ніхто так і не звярнуў увагі:
— Я ж прыгажэйшая за цябе!
Яна сапраўды была значна прыгажэйшаю. Гэта я, трымаючыся справядлівасці, прызнавала і толькі разводзіла рукамі ў мядзведжых рукавічках. Было нават трохі няёмка, як тады, скажам, калі незнарок у аўтобусе наступіў суседу на нагу.
Бабуля Наталчына жыла ў вёсцы ва Украіне, там жа Наталка праводзіла амаль усё лета. I адтуль прывозілі: Наталка — цэлы пук баек пра дасціпную бабцю і вёску, яе бацькі — садавіну, і гародніну, і мяса з кілбасамі, і яшчэ бог ведае што. Гэтае поўнае самавітых прыгод падарожжа і тая загадкавая вёска, дзе на Купалле Наталка бачыла сапраўдную ведзьму, дазвалялі маёй сяброўцы глядзець на мяне — гарадскую — трохі звысоку. Гэтаксама звысоку яна ставілася і да «пакупной», дакладней, як і я, гарадской садавіны з гароднінай, салідна заўважаючы з перанятай у старэйшых інтанацыяй:
— Там жа спрэс адна хімія.
На слова «хімія» ў маёй галаве амаль імгненна спрацоўваў тумблер, і я пачынала радасна апавядаць пра тое, што чытала апошнім часам: ці то пра дзіўную берталетаву соль, ці то пра броўнаўскі рух часцінак, ці то пра старажытных грэкаў, якія так неабачліва назвалі атам атамам — «непадзельным». Мне здавалася, што будучыя касманаўты павінны шмат
ведаць пра ўсё на свеце, таму даводзілася многа чытаць. Натуральна, уся дарослая саліднасць размовы падобнымі рэплікамі скасоўвалася, і Наталка моршчыла нос і пагардліва крывіла вусны. Яе несуцяшальнае меркаванне пра маю сціплую асобу заставалася ранейшым.
Яблыкі яна кожны дзень брала з сабою ў школу — чырванашчокія, пекныя, духмяныя, ледзь не ўдвая большыя за ўласны кулак. Задуменна хрупала, пакуль мы вярталіся дамоў, падобныя да дзвюх чарапашак праз нагружаныя падручнікамі ды сшыткамі велізарныя ранцы.
Толькі аднойчы, надкусіўшы яблык, Наталка неяк схамянулася, вохнула і пачала корпацца ў кішэні школьнай торбы.
— Што ж гэта я так,— сказала вінавата. — У мяне ж яшчэ адзін ёсць.
Я здзіўлена прыўзняла бровы, а Наталка між тым працягвала:
— Вось гэты,— паказала мне на далоні надкусаны яблык. — Ён ажно зімні, не такі смачны. А вось гэты,— жэстам фокусніка дастала яшчэ адзін,— ну такі салодкі, такі салодкі, ты проста не ўяўляеш!
— Ого,— сказала я.
— Ага,— азвалася Наталка.
Усміхнулася сонечна і з храбусценнем адкусіла ад знойдзенага надзвычайна салодкага
яблыка ледзь не палову. Так і ела адразу два, падносячы іх па чарзе да рота і адмыслова працуючы сківіцамі. Паглядала на мяне ўпершыню не з'едліва ці з пагардаю або непрыяззю, а досыць паблажліва, са спакойнай і цалкам шчаслівай усмешкай. I прымружаныя вочы быццам гаварылі: «Што? А? З'ела? Ну?»
I два гэтыя непамерныя яблыкі ў яе руках, і сам тварык, выпацканы ябльгчным сокам, былі такімі смешнымі, што я — таксама без пагарды ці з'едлівасці — усміхнулася ў адказ.
...Ланцуг навязанага сяброўства перарваўся даўно. Мы з Наталкай не бачыліся шмат гадоў, ды і, відаць, зараз ужо не пазнаем адна адну, сустрэўшыся на вуліцы. Але памяць пра дзяўчынку з яблыкамі жыве ўва мне дасюль.
Ведаеце, медзь каштоўная хоць бы тым, што дзякуючы ёй пачынаеш разумець цану і срэбра, і золата.
«Зямля»
Палачкай трэба намаляваць на зямлі кола. Вялікае, каб на ўсіх хапіла, і роўнае, прыгожае. Бяруцца за рукі двое — адзін у цэнтры стаіць, схапіўшыся моцна, другі шпарка ходзіць вакол яго на кукішках, трымаючы ў свабоднай руцэ палачку. Упрост, як ні паглядзі, чалавечы цыркуль. I лінія атрымліваецца адмысловая, і кола выходзіць не эліпсам якім-небудзь і не расцягнутым крывабокім ромбам, а такім поўным і ладным колам, як належыць.
Вялікае кола — «Зямля». У самым цэнтры, у самым сэрцы яго — кола маленькае, «Сонца». I вось на гэтым самым дробным «Сонцы», закусіўшы ад стараннасці вусны, малюем пяцёрку. «Сонца» з той прычыны атрымліваецца мечанае, ці то з пробаю (як на залатых упрыгожаннях), ці то з серыйным нумарам.
А вакол, за палачкай акрэсленай лініяй,— «Космас», нязведаны, небяспечны ды вусцішны.
Толькі што яго не было, але, як толькі замкнулася кола, як толькі з'явілася «Зямля», тут жа каршуком паў ён, і абкружыў, і аблёг.
Ад пачатку «Зямлю» дзеляць чэсна. Па справядліваці. Колькі гульцоў — столькі і аднолькавых надзелаў, падобных да кавалачкаў торта. Той, хто праводзіць межы, можа, вядома, паспрабаваць схітрыць і свой уласны надзел трохі пашырыць. За кошт іншых. Але астатнія феадалы, апроч самых дробных, сочаць за ім досыць уважліва і, як што не так, гучна абураюцца. А ад усеагульнага абурэння недалёка і да поўхі-другой. Феадальная справяддівасць — яна такая.
Выбіраюць плоскі каменьчык, не вялікі, але і не дужа маленькі. Абы быў зручны. Часам такі вось зручны каменьчык пасля гульняў акуратна адкладаюць куды-небудзь пад дрэва ці пад турнік, каб у любы момант можна было яго дастаць і ўжываць зноў. Вядома, ідэальных каменьчыкаў у краме не купіш, таму да іх стаўленне трапяткое, ашчаднае. Нават да самых дарагіх цацак так не ставяцца.
Завадатар трымае запаветны каменьчык у руцэ, кола на зямлі акрэслена, велізарная пяцёрка на маляваным «Сонцы» так і кідаецца ў вочы. Значыцца, можна пачынаць. А пачынаюць урачыста, амаль як на рыцарскіх турнірах.
I тое, думаецца, там такой пыхі не было. Сходзяцца ўсе, колькі ёсць феадалаў, у цэнтры, ставяць правую нагу пятою на «Сонца». Стаяць маўкліва, утварыўшы яшчэ адно кола, судакранаючыся наскамі сандалікаў, сцертых «дваравых» кедаў ды тэпцікаў. Сапуць. Завадатар павольна заносіць руку з каменьчыкам, абводзіць вачыма сход феадалаў і крычыць:
— Гоп!
Каменьчык падае. Усе з вішчаннем адскокваюць ад «Сонца», а некаторыя падступныя душы спрабуюць ці пятою, ці наском каменьчык на свой надзел закінуць, каб хадзіць першым. Бывае, праўда, што сходзяцца двое ці трое такіх заўзятараў, пачынаюць душыцца і пхацца, ледзь не да сваркі. А каменьчык тым часам мірна ляжыць на патаптанай пяцёрцы, і завадатар, пацягнуўшы носам, выносіць суровы вердыкт:
— Перакідаем!
Значыцца, усю цырымонію трэба паўтарыць з самага пачатку.
Але, так ці іначай, іульня ўсё-такі пачынаецца. Каменьчык неабходна нагою пхнуць так, каб ён аказаўся на надзеле іншага феадала. Пхаць трэба з сілаю, але асцярожна: за вылет у «Космас» штрафуюць на сем слядоў, за пападанне на «Сонца», як падказвае лічба на ім,—
на пяць. Штрафуюць хутка, проста, але бязлітасна: кожны з дваіх феадалаў-суседзяў адмервае некалькі сваіх слядоў на надзеле небаракі і, задаволены, далучае адваяваную тэрыторыю да сваёй зямлі. Слядочкі адмерваюцца не літаральна па адным: найбольшыя хваты любяць акуратненька прайсціся ля вугла і адхапаць яго цалкам, нягледзячы на пратэсты былога гаспадара. Або прымерыцца так, каб хоць бы танюткім калідорам сваіх слядоў адсячы тэрыторыі суседа ад «Сонца».
— Усё ж чэсна. Паглядзі: пяць слядоў жа.
Абдзелены феадал, у якога дрыжаць вусны і з носу ўжо трохі падцякае ад шкадобы да самога сябе, з гэтым, вядома, не згодны, але правілы ёсць правілы, і дэ-юрэ ягоныя апаненты маюць рацыю.
— Гоп!..
Пхнуў каменьчык слаба, і той застаўся на тваім жа надзеле? Рыхтуйся адцаць па тры слядкі суседзям. Хват, што адсек цябе ад «Сонца», прымудрыўся ў наступны свой ход заляпіць табе па нагах каменьчыкам? Тады, братка, яшчэ чатыры слядкі. Кожнаму.
Раз пацэляць па нагах, два. He здолеў разгадаць намер саперніка і падскочыць у належны час? Ну то й не скардзіся, калі застаешся на абкарнаным, нібыта аб'едзеным кавалачку «Зямлі», быццам Рабінзон на востраве.