Наш дом
Маргарыта Латышкевіч
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 355с.
Мінск 2018
Папросту — збегчы.
Прыблізна тое самае адбылося і тады, калі да Лілі прыйшоў — па запрашэнні бацькоў, відаць,— Дзед Мароз. He зусім сапраўдны, гэта было зразумела адразу. Ліля, якую падступнымі абяцаннямі завабілі ў вітальню, сарвалася з месца вокамгненна і, пакуль яе не зусім разборлівыя, але поўныя жаху скаргі яшчэ гучалі над здзіўленым чырвонаносым дзядзькам, ужо
досыць аператыўна схавалася ў бацькоўскай шафе.
— Дзядзечка табе падаруначак дасць,— лісліва абяцалі бацькі звонку. — Ты выйдзі, выйдзі, Лілечка.
Нязломная Лілечка дарункам данайцаў не верыла.
Неяк тата, пагаліўшыся, сказаў, задумліва сузіраючы свой адбітак у люстры:
— А вось узяць бы і адрасціць бараду!..
Ліля на гэта адказала рашуча:
— He трэба.
— Чаму? — здзівіўся тата.
— Будзе страшна,— патлумачыла Ліля і, пакутліва саромеючыся самой сябе, дадала, каб раптам не выдаць уласную слабасць: — Страшна... непрыгожа.
На Ліліна шчасце, у таты барада не расла.
А жудасны Дзед-барадзед, між іншым, пачаў часта прыходзіць: цяжка тупаў за сценамі, зазіраў у вокны. Ліля скурчвалася і дробненька дрыжала пад коўдраю, адно каб не бачыць, як па столі павольна плывуць водбліскі ад нахабных ліхтароў на бульвары. Ліхтары і Дзед-барадзед дамовіліся і былі як бы на адным баку. Вядома, супраць Лілі.
Горш стала, калі Ліля зусім захварэла. Падушка занадта хутка станавілася да агіднага
цёплай, і аніяк не атрымлівалася легчы зручна, бо нылі калені і спіна ды гуло ў галаве. Тлустыя водбліскі на столі падплывалі вусцішна блізка, разрасталіся, а ў вушах суха і злавесна пачыналі стракатаць нябачныя конікі.
Мама сядала на край Лілінага ложка, клала ёй прыемную прахалодную руку на лоб і казала, ссунуўшы бровы:
— Мабыць, высокая тэмпература.
Серабрысты слупок маленькага тэрмометра няўрымсліва поўз уверх. На кухні кіпяцілі чайнік, заварвалі маліну, а на століку з'яўляліся бутэлечкі з зеленаватым сіропам і блішчастыя пласцінкі з белымі таблеткамі.
Каб не было сумна, бабуля прыходзіла чытаць Лілі старую тоўстую кніжку ў шэрай падранай вокладцы, з-пад якой так і сыпаліся пажоўклыя старонкі,— самую залюбленую кніжку. Па шэрым фоне белымі літарамі было напісана: «Беларускія казкі». Казкі былі збольшага пра дурных паноў і кемлівых сялян, часам — пра каралевічаў і цмокаў. Каралевічы і цмокі таксама былі дурнымі (па чарзе або нават адначасова), але Лілі яны падабаліся. А ў некаторых казках дзейнічалі разумныя салдаты і празмерна даверлівыя чэрці.
I тых, і другіх Ліля бачыла ў тэлевізары — яны, мусіць, памірыўшыся, разам вялі дзіцячую
перадачу і расказвалі розныя цікавосткі. Часам, аднак, нахабнічалі і без запрашэння завітвалі ў сны, і гэта не столькі страшыла (безбародыя ж былі), колькі выклікала Ліліна справядлівае абурэнне.
Але калі слупок у тэрмометры вырас аж занадта, казкі не асабліва дапамагалі. Электрычнае святло рэзала вочы, і вечаровы жаночы голас «Панарамы» зрабіўся непрыемным, рэзка біў па вушах. Ліля то разлівалася ў невыноснай гарачыні, то калацілася ад холаду, так што казкі неяк праходзілі паўз яе, не складваліся, рассыпаліся па слоўцы, не пачаўшыся нават.
— Кхе-кхе!
Штурхнуўшы мяккай лапай дзверы, заходзіў кот, бязгучна крочыў на коўдры ў легкадумныя кветачкі, пасоўваўся бліжэй. Мокры і халодны, быццам льдзінка, чорны нос кранаў Ліліну шчаку — і кот, патупаўшы на месцы, клаўся побач, падкаціўшыся пад самы бок. Мяккую цёплую поўсць можна было намацаць ў паўсне, ад гэтага рабілася спакайней, і Дзед-барадзед не зазіраў у акно так нахабна, і столь не калыхалася ад гарачыні. Кот умеў вельмі соладка, упрост на зайздрасць спаць, таму спаць побач, за кампанію з ім было і цікава, і прыемна.
— Калі чалавек спіць, то папраўляецца, — казаў тата і Лілі, і кату.
Ліля папраўлялася досыць марудна. Hoc у яе зусім забіўся і ніяк не хацеў дыхаць, таму даводзілася хапаць паветра ротам. Таксама нікуды не сыходзіла брыдкая гарачыня, і мама, у чарговы раз выцягнуўшы тэрмометр у Лілі з-пад пахі, з недаверам паглядала на слупок срэбра.
Гэты мамін недавер і стаўся прычынай таго, што раніцай у вітальні тры разы пазванілі ў дзверы. Загулі галасы, хтось цяжка пакрочыў па калідоры — і ўвайшла, падціснуўшы вусны, змрочная мажная жанчына з цёмнымі валасамі і вялікай чорнай торбай — такая, мусіць, ёсць у Дзеда-барадзеда.
Жанчына з торбай увайшла, агледзелася, прысела за стол. За ёй крочыла мама, дагаворваючы гутарку, што пачалася ля дзвярэй:
— ...хварэе ўсё, не ведаем, што рабіць.
Ліля і кот, лупаючы вачыма, прыціхлі на ложку.
— Нядзіва,— азвалася жанчына густым голасам, ад якога затрымцела шкло ў кніжнай шафе, і з дакорам пакруціла галавой. Выцягнула ў бок Лілі руку з доўгімі чырвонымі пазногцямі: — Вось гэта — што?
— Што? — здзівілася мама.
— Кот! — сама сабе адказала жанчына з торбай. — А кот павінен жыць там, дзе павінен
жыць. — I, урачыста узняўшы палец у столь, патлумачыла: — На вуліцы!
Ліля востра пакрыўдзілася — за ката. Яна была пераканана, што кот усё-такі хутчэй «хто», а не «што», і на вуліцы жыць не павінен. Жанчына тым часам дастала з торбы чорныя правадкі з сярэбранай блямбай і, уторкнуўшы правадкі сабе ў вушы, стала вазіць блямбу па Ліліных грудзях і спіне. Пасля безуважна зазірнула Лілі ў горла, пачасала асадкай нос і запісала некалькі радкоў на паперцы.
— Цяжкавата, цяжкавата, — глуха басіла жанчына з торбай, сыходзячы. — Запусцілі. Каты і ўсё такое.
Чорная торба параіла маме рознага, і гэтае «рознае» Лілі страшэнна не спадабалася. Мама, вядома, была разумнай і не паставілася да абвінавачванняў у бок ката сур'ёзна. Але астатняе ўсё-такі спрабавала выконваць. Ад новых — жоўтых — таблетак яшчэ мацней гула галава і перасыхала ў роце, а праз салодкі напой з какавай, куды далівалі смярдзючы каньяк, замест звычайных сноў была проста ліпкая чорная бездань. Дыхаць было цяжка, Ліля натужна хрыпела і душылася, захлыналася кашлем, і ў роце ўвесь час стаяў прысмак какавы.
Праз усё гэта Ліля не асабліва здзівілася, калі праз некалькі дзён зноў праз сон пачула ранішнія званкі. He было моцы здзіўляцца.
Зноў з'явіліся галасы ў вітальні і крокі на калідоры, але дзверы пакоя гэтым разам адчыніліся мякка, быццам кот далікатна падчапіў лапай. Разам з мамай укацілася ў пакой маленькая і сівая, з кароткімі валасамі тырчком, ва ўтульным шэрым швэдры. Несла пад пахай руды партфель — заслужаны, з пазнакамі часу, з зыркімі зашчапкамі. Пабачыла Лілю — і падміргнула, прысела побач.
— Ты, значыцца, тут хварэеш?
— Ага,— прахрыпела Ліля.
Кот падняў галаву, уважліва паглядаючы на госцю. Падняўся, пацягнуўся, ленавата выцягваючы чорныя лапы, і саскочыў з ложка, закруціўся ля яе ног, падняўшы кароткі хвост.
— He, хварэць нам не трэба,— добразычліва балбатала госця, зазіраючы Лілі ў горла з дапамогаю чайнай лыжачкі. — Нашто нам хварэць, праўда? Мы хварэць не будзем.
— He будзем,— з гугнявым энтузіязмам пагадзілася Ліля.
Пагаджацца было і прыемна, і радасна, бо маленькая дзелавітая госця на дзіва смачна пахла: марозным паветрам і неразборлівым рэзкаватым водарам — пахам ці то чысціні, ці то лекаў. У яе рудым партфелі таксама былі правадкі з блямбай.
— Гэта каб цябе слухаць, — патлумачыла госця і прасіла то дыхаць, то не дыхаць.
Ліля адказна сапла, кот цёрся шчакою аб руды партфель. Госця нават, пішучы штось на паперцы, пагладзіла яго па спіне, пачасала за вушкам.
— Нічога, што ў нас тут кот? — хвалюючыся, спытала мама. — Нам казалі...
— Што вы, наадварот,— госця замахала рукою. — Каты, сабакі — гэта ж сябры. Без гэтага — як?
Прыемная госця выступіла рашуча супраць какавы і жоўтых таблетак. Нават раз'юшылася трохі, даведаўшыся пра такое лячэнне, пачала сыпаць пагрозлівымі словамі, якія не надта пасавалі да дабрадушнага круглага твару. А пад канец звярнулася па падтрымку да Лілі:
— Ну не, такога нам не трэба, праўда?
Ліля энергічна ківала, і так — разам — маму пераканалі. Пасля яна апавядала тату:
— Так Доктарціханава сказала!
Гучала і важка, і ўрачыста, у адно налітае непераможным аўтарытэтам слова.
— Доктарціханава! Во!
Быццам гучны тытул або геройскае званне.
3 аптэкі, між тым, хутка прынеслі новыя лекі — белыя кроплі, якія пахлі, быццам госця, марозам і чысцінёй, і новыя маленькія таблетачкі з крутымі бакамі. Hi ліпкай чорнай бездані, ні Дзеда-барадзеда ў снах болып не было.
Замест прыходзілі пухнатыя звяры ў шэрых утульных швэдрах, і пра іх Ліля цвёрда ведала, што яны сябры.
А яшчэ праз некалькі дзён прачнулася раніцай з лёгкаю галавой і амаль без казытлівага кашлю ў горле. Села ў ложку, працерла кулаком вочы і паведаміла кату вельмі сур'ёзна:
— Гэта ўсё Доктарціханава.
Кот маўчаў, але, вядома, усё-ўсё разумеў.
Быць Каралевай
Шырока вядома, што, каб зрабіцца каралеваю, трэба нарадзіцца ў каралеўскай сям'і. Тады — аніякіх пытанняў. У крайнім выпадку можна з матрыманіяльным разлікам згубіць пантофлік. Калі апошні трапіць у рукі да асобы каралеўскай крыві — і калі гэтая самая асоба трохі з'ехала з глузду ў плане жаночага абутку, — лічыце, усё атрымалася належным чынам.
Шасцікласніцу Лілю каралевай прызначылі.
Суровая Алыванна, ад аднаго позірку якой ніякавелі нават нахабныя навучэнцы выпускных класаў, правяла пальцам па класным спісе і назвала Ліліна прозвішча. Ліля пахаладзела і паднялася з месца.
— Вось што,— сказала Алыванна безапеляцыйным тонам,— будзеш Каралевай.
Тоўсты ружовенькі Міхалёнак, які сядзеў на галёрцы, гыгыкнуў. Даўгалыгую худую Лільку яму было цяжка ўявіць у падобным амплуа.
Самой Лілі, зрэшты, таксама.
— Я?! — здзівілася яна.
У гэтае здзіўленне прымешвалася яшчэ і шчырае абурэнне. Усім вядома: з каралевамі зазвычай анічога цікавага не адбываецца. Сядзяць сабе ў вежах, можа быць, вышываюць. Карацей, нецікава.
Ліля, як чалавек з жывым розумам і здаровымі амбіцыямі, усёй душой прагнула дзеяння.
Выявілася: пяцікласнікі зараз праходзяць п'есу пра дванаццаць месяцаў. Каб ім было цікавей, Алыванна хоча тую п'есу паставіць. He цалкам, вядома,— урывак. На ўроку рускай літаратуры. Заўтра.
На адной наваяўленай Каралеве справа не скончылася. Алыванна яшчэ раз задуменна вывучыла спіс класа, пасля ўважліва паглядзела на Андрэйку Разенштайна.
— А ты, — сказала збялеламу Андрэйку,— будзеш Прафесарам.