Наш дом
Маргарыта Латышкевіч
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 355с.
Мінск 2018
— Гармата не кажа «піў-піў»!
— А... як яна кажа?
Гарматны эксперт, надзьмуваючы шчокі, вырачваючы вочы, расстаўляючы (для эфектнасці) рукі, дэманструе:
— П-х-ы-ы-х!
Боцман такой гарматы пужаецца і, пакруціўшы крупам, маладушна кідае і пост свой, і карабель. Падае ўпрост у ваду, хай сабе і ўяўную, ды ўсё роўна небяспечную. Там, як вядома, акулы, ды спруты, ды кашалоты. Спрэс галодныя і неймаверна зубастыя.
— Чалавек за бортам!
— П-х-ы-ы-х! — з энтузіязмам адгукаецца варожая гармата.
Капітан, які толькі што страціў боцмана, абураецца:
— у мяне чалавек за бортам, а ты тут страляеш!
— Хачу — і буду! — адказвае не без выкліку другі капітан, прасякнуты незалежным пірацкім духам, і няўпэўнена дадае: — Лопні мая... селязёнка.
Пірацкая анатомія, заўважым, рэч надзвычайна дзіўная. Селязёнка, напрыклад, мае падступную ўласцівасць лопацца па тузіну разоў за дзень.
Вусаты чалавек за бортам тым часам мірна сядзіць на канапе і гучна, з імпэтам вылізвае заднюю лапу. Скоса назірае, як капітаны змрочна сапуць, нядобра пазіраючы то адзін на аднаго, то на запаветную скрыначку.
Над уяўнымі хвалямі навісае зусім не ўяўная навальніца.
— Ты што гэта? — крывячы рот, пытаецца гарматны эксперт.
— Не,— парыруе другі капітан.— Гэта ты — што?
Лупяць адзін аднаго, не шкадуючы, падушкамі, з такім імпэтам, што толькі пер'е ляціць. За піястры. Калі на гармідар прыбягаюць дарослыя, равуць, захлынаючыся крыўдаю, абое. Піястры, нібы тое заклятае золата Нібелунгаў, ролю сваю адыгралі, і гэтая роля была трагічнай. Упрост можна оперу пісаць.
...Я знайшла тую запаветную скрыначку, абклееную саломкай, некалькі гадоў таму.
Зазірнула туды не без хвалявання, хоць і ведала, што ў ёй пабачу. Дакладней, чаго пабачыць болей не атрымаецца.
Паглядзела на аблупленую, быццам бы пагаслую пацерку, на дзіравую перлінку, на зламанае пёрка, на разарваны ланцужок.
Зрэшты, скардзіцца няма на што. Гэты скарб, гэтыя піястры захаваныя трывала і надзейна. Аніводнаму нахабніку-пірату не адшукаць. Лопні мая селязёнка, калі гэта не так.
Бо яны засталіся не там, a — тады.
Кожная трынаццацігадовая дзяўчына мусіць быць закаханай. Гэта — аксіёма. Іначай няма пра што пашаптацца з сяброўкамі на перапынку, няма пра што перапісвацца з суседкай на ўроку геаграфіі. Няма прычыны, каб лішні раз падбегчы да велізарнага люстэрка ў жаночай прыбіральні, у якім усе твары становяцца падобнымі да агуркоў — выцягнутымі ды зялёнымі. Няма прычыны сумаваць за абедам і выпадкова выпіць чужы кампот. Адным словам, пакута — не жыццё.
Самае крыўднае было тое, што Лільчыны аднакласніцы даўно і трывала, нават звыкла захапляліся хлопцамі з адзінаццатага. I гаварылі пра іх бясконца, і хваліліся, і радасна павісквалі, апавядаючы адна адной, як ледзь-ледзь не загаварылі, сутыкнуўшыся з аб'ектам свайго захаплення каля гардэроба. Сутыкаліся, між іншым, не сам-насам: па некаторых асабліва
папулярных адзінаццацікласніках уздыхала адразу некалькі дзяўчатак, так бы мовіць, адзіным фронтам, за кампанію. Так што адважна кідаліся ў атаку ўсёй вісклівай купкай — і ледзь не збівалі аб'ект захаплення з ног. Аб'ект звычайна пакутліва чырванеў і сварыўся. Тады прыходзілі круглыя бабулькі-гардэробшчыцы і з лаянкай разганялі ўсіх:
— Вы тут яшчэ падушыцеся!
Захапляліся, варта сказаць, здаля. Калісьці куртуазныя рыцары абіралі сабе замужнюю даму сэрца і аддана служылі ёй, несучы любыя ініцыялы на шчыце. Так і тут: у большасці самых прыцягальных хлопцаў ужо былі каханыя дзяўчаты-аднагодкі. Апошнія ў асяроддзі раўнівых прыхільніц сваіх кавалераў спрэс мелі, як каралі дынастыі Каралінгаў, сталыя эпітэты поруч з імем: Дурніца Дана, Валасатая Віка, Парася Каця. Чалавеку неабазнанаму магло б нават падацца, што гэта — сапраўдныя прозвішчы.
Лілі і апавесці асабліва не было пра што. Да трынаццаці гадоў яна, вядома, дажыла не без сардэчных гісторый і рамантычных прыгод. Скажам, у дзіцячым садку ёй прызнаваўся ў каханні бялявы Мікітка, і гэта было б нават міла, каб ён не біўся пры гэтым зялёненькім савочкам. Хтосьці з хлопчыкаў дарыў Лілі з нагоды розных святаў самаробныя карткі, старанна склееныя іх мамкамі і бабулямі. Але ж гэта так-
сама лічыцца, праўда? Хтосьці дапамагаў намаляваць карабель ці данесці кніжкі да бібліятэкі. 3 кімсьці весела было віснуць на дрэве, гуляючы ў адважнага Робін Гуда, і майстраваць лукі. 3 кімсьці атрымлівалася толькі люта біцца, а паміж бойкамі, захоўваючы статус-кво, паказваць адно аднаму язык. Але ўсе гэтыя несумненныя знакі мужчынскай увагі — Ліля цудоўна разумела — зараз нікога ўразіць не маглі.
Так што на перапынку паміж матэматыкай і гісторыяй Валечка Сіўцова з таямнічым прыдыханнем расказвала пра сваю «даму сэрца» — найцудоўнага кучаравага Яўгена, які ўвечары звычайна шпацыраваў плошчай Леніна з Дурніцай Данай. А Ліля сядзела побач і моўчкі дзьмулася. Вясёлай балбатлівай Валечцы яна сімпатызавала, і з той прычыны вельмі хацела гэтую ўтульную размову падтрымліваць. Але як? He апавядаць жа пра дурнога Мікіту і савочак. Глупства. А пра іншае, надзённае, блізкае расказваць не атрымлівалася. Упрост.
3 гісторыі Ліля ішла задуменная і трохі нават засмучоная. Думала са скрухай: вось, трынаццаць гадоў. Жыццё праходзіць, а што з таго? Прасцей было б, вядома, пайсці шляхам найменшага супраціўлення і таксама «ўтрэскацца» ў таго ж Яўгена. Вунь у Валечкі так прыгожа, так смачна гэта атрымліваецца, ажно зайздрасць бярэ.
А ў Лілі ўсё не так, як у людзей. Тое, што горача варочаецца ў сэрцы, і трымціць, быццам нацятая струна, і спявае, увасабляцца ў словах не жадае аніяк. Да горла нешта падступае, і вусны сціскаюцца, і чырвань залівае шчокі. Валечка вунь не чырванее і не маўчыць. Валечка шчабеча, быццам птушачка, ажно сэрца радуецца.
Да таго ж аб'ект уздыхаў Лілі быў «непрэстыжным». Падумаеш, дзесяцікласнік. Хударлявы, сутулы, хадзіў у расцягнутым чорным швэдры, трос нястрыжанымі русымі валасамі. Нічога такога выключнага, гэта сама Лілька цудоўна разумела і праз гэта дадаткова пакутавала. Добра каб спяваць умеў ці на гітары трэнькаць — ды не ж, талентаў не заўважана.
Але гарачыня нараджалася ўнутры маленькага Лільчынага сэрца, і разлівалася па ўсім целе, і засцілала вочы. Ад гэтага падкошваліся ногі і вусцішна займала дух. I недзе там, пад покрывам гэтай усёабдымнай мляўкай гарачыні нараджаўся жах. Ледзьве не першабытны, беспрычынны, але тым больш моцны.
Заўважыўшы недзе на калідоры знаёмы чорны швэдар, Ліля стартавала на трэцяй касмічнай хуткасці. He да аб'екта захаплення, як іншыя дзяўчаткі-аматаркі, а ад яго. Куды заўгодна, абы — ад.
Аднаго разу, ледзь не сутыкнуўшыся са сваім аб'ектам на другім паверсе школкі, Ліля вока-
мгненна рэціравалася да лесвіцы, узвілася на трэці паверх і, пэўна, палезла б на гарышча, калі б там не было замкнута. Згадзіцеся, як пра такое можна расказваць утульнай Валечцы Сіўцовай? Дзіка. Бязглузда. Сорам.
Так, у маленькай Лілі жыў горды дух, які ў сваёй слабасці прызнавацца не жадаў анікому, нават ласкавай птушачцы Сіўцовай. Гордасць, аднак, мае сваю цану, а таму гордыя сэрцы заўжды пакутуюць у самоце.
Гэтак прамінуў цэлы год, і чарговым навальнічным маем, які поўніўся спакуслівым водарам бэзу, на чарговай выпускной лінейцы развітваліся з былымі адзінаццацікласнікамі. Аматар расцягнутых швэдраў гэтым разам самому сабе здрадзіў: апрануўся ў строгі чорны касцюм, валасы падвязаў і нават расправіў плечы. Падносіў кветкі класнай Лількі і штосьці там гаварыў пра падзяку. Валечка Сіўцова пасмейвалася ды пхала безуважную сяброўку локцем пад рэбры, а Ліля, грозна звёўшы бровы і падціснуўшы вусны, глядзела ўбок, на мокры ад навальнічнай залевы асфальт.
Яна і так выдатна ведала, дзе стаіць швэдраносец: адчувала скурай, як адчуваюць, заплюшчыўшы вочы, сонечныя промні.
— Глядзі, ну глядзі ж ты, ну! — горача шаптала Валечка, апякаючы словамі Лільчына вуха.
Гордая Ліля, не жадаючы распісвацца ўва ўласнай слабасці, не здавалася і не глядзела. Адчувала інстынктыўна, што нешта заканчваецца, што за ім непазбежна з'явіцца новае, выспее, забуяе. I гэтага новага — зноў жа, інстынктыўна — баялася.
I яшчэ болей баялася ад гэтага прадчування нечага новага, большага — зараўці, зарумзаць, быццам трохгадовая.
He тут жа. He пры ўсіх. I дакладна не пры кплівай Валечцы.
...Новае сапраўды прыйшло — новыя постаці, новыя ўсмешкі. Словы, вочы, рукі. Гарачыня накочвала хвалямі, але ўжо была звыклай, натуральнай. He толькі не пужала — нават не здзіўляла.
Дарослая Ліля, праўда, на ўсё жыццё захавала прыхільнасць да хлопцаў з доўгімі валасамі ды ў расцягнутых швэдрах. Быццам драбочкі, аскалёпкі таго, першага (лепшага) цяпла яшчэ жылі ў сэрцы і час ад часу варушыліся ў ім, нагадвалі пра сябе.
А калі было кепска, Ліля ставіла ў імбрычку гарбату з бергамотам і за ёю згадвала. I валасы, і швэдар, і сутулыя плечы. Ад гэтага чамусьці заўсёды лепшала — і жыць хацелася, і любіць, і верыць.
Твар ягоны, праўда, зусім сцерся з памяці.
Яблыкі
Бывае сяброўства між роднаснымі душамі, сапраўдная повязь розумаў, калі думаецца на адзін лад, калі разам хораша нават і памаўчаць. Гэта сяброўства залатое, апетае ў паэзіі ды прозе яшчэ са старажытных часоў. Бывае сяброўства, крута замешанае на спаборніцтве, калі адзін аднаго падбухторвае, і штурхае, і пхае далей, калі кожны — дзеля ўвагі другога — здольны хоць па столі скакаць. Гэтае — сярэбранае. Для высокай паэзіі пасуе, можа быць, меней, але, па вялікім рахунку, ніштавата.
Але ўсе дзеці ведаюць, што ёсць яшчэ адно, дарослымі прыдуманае, пакутлівае, вымучанае — сяброўства дзеля зручнасці. Сяброўства з разраду «жывяце поруч, то й цягайцеся разам». Сяброўства меднае. Ды і медзь тая, трэба сказаць, не самага лепшага гатунку: паспрабуеш на зуб — і зломіцца.
I калі высакародных металаў — золата і срэбра — хапае толькі на рэдкіх абраных, то вось медзі жыццё адсыпае ўсім. Напоўніцу. Каб болей не схацелася.
Нам — мне і Наталцы — не пашчасціла. Мы вучыліся ў адным класе і жылі амаль побач. Побач — значыць праз тры двары, ад адной шматпавярхоўкі, рудой, да другой, малінавай. Гэта быў прысуд.
I схапілі, і скавалі ў ланцуг, і загадалі гэтаму ланцугу радавацца.