Наш дом  Маргарыта Латышкевіч

Наш дом

Маргарыта Латышкевіч

Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 355с.
Мінск 2018
58.55 МБ
Аўтобуса ўсё няма, сыры вецер гоніць па асфальце зжоўклае лісце, а па небе — лёгкія белыя аблачынкі.
— Цёплыя дні абяцалі.
Коцяцца машыны, колы бязлітасна круцяцца, намотваючы на сябе чужыя дні, чужыя гады. А я гляджу. He магу не глядзець.
У першай пары стаяць дзве дзяўчынкі. Дакладней, стаіць толькі адна — тоўсценькая, маўклівая, сур'ёзная. Гэтая паважна, па-даросламу сузірае свет з-за тоўстых шкельцаў акуляраў.
А другая — уладальніца тонкай рудой касічкі і вострага носіка, шчодра абсыпанага рабаціннем,— так і круціцца на месцы. To возьмецца ў бокі і павядзе плячыма, то ліха адставіць нагу і драматычна закоціць вочы. Адчувае сваю значнасць, сілу сваёй прыгажосці, разумее выдатна: абы-каго ў першую пару не паставілі б.
Для гэтай Алены Траянскай ужо знайшоўся свой Парыс — аблавухі і бялявы, з пекным сіненькім галыптукам-мятлікам. Быцягвае тонкую шыю, каб быць бліжэй да прыгажосці, і кажа нешта дасціпнае, і сам хіхікае, і пільна сочыць, каб прыгажуня хоць бы ўсміхнулася. Але тая не так проста дорыць свае ўсмешкі, і толькі здзекліва чмыхае, і робіць выгляд, быццам болей цікавіцца агромністай лужынай з вясёлкавай плёнкай.
Бабця ў пярэстым халаціку з яркай хусткай на галаве праходзіць паўз Парыса і Алену, глядзіць скоса і незадаволена хітае галавою.
— Шэльма малая, — кажа бабця голасна, звяртаючыся нібыта да дарослых на прыпынку, але так, каб прыгажуня чула.— Яно ж такое нягоднае і нараджаецца. Каторае харошае дзіця стаіць сабе ціхенька, а тая — не-е-е, тая шальмуе, прасці госпадзі.
Маленькая Алена Траянская застывае на месцы. Я бачу, як падціскаюцца ў яе вусны, як у вачах плешчацца крыўда.
Яна будзе чуць гэта неаднаразова. Занадта часта, пакутліва часта. Кожны раз, нават калі нікога ў пярэстым халаціку побач не апынецца, яна будзе чуць з'едлівы старэчы голас у сваёй галаве. I праз пэўны час сама паверыць, што харошыя — стаяць сабе ціхенька. He можаш гэтаксама — туды табе і дарога, няма чаго намагацца, няма чаго спрабаваць быць лепшым.
— Адзін раз жывём!..
Тая ж, што ўчэпіста трымае аблавухага Парыса за руку, глядзіць лагодна. I ўсміхаецца, і нават смяецца з асобных жарцікаў, адчуваючы сябе нібыта часткаю дзеі. У першым класе не вывучаюць геаметрыю, таму ёй мала што вядома пра трохкутнікі. I яна ўсміхаецца — шчыра
і весела. I трасе пышным белым бантам, і на румяных шчоках яе паўмесяцамі прарэзваюцца ямінкі. Яна шчаслівая.
Яна будзе трымаць свайго абранніка за руку да апошняга. Будзе трымаць нават тады, калі з крышталёваю яснасцю акрэсляцца ўсе вяршыні трохкутніка.
Яна будзе трымаць адчужаную, халодную руку ў сваёй, спрабуючы перадаць хоць драбочак цяпла. I яна будзе ўсміхацца.
Да апошняга.
Два літры мора
Яна ўвайшла, горда несучы цёмныя кудзеркі на галаве і цішотку з Мікі-Маўсам на худзенькім целе. Закінуўшы галаву, са спакойным інтарэсам сузірала мяне, пакуль, незалежна ад нас, адбываліся неабходныя элементы знаёмства — каго ды як завуць.
Пасля акуратна абцягнула свайго Мікі-Маўса і вельмі сур'ёзна сказала:
— А я ведаю, як маляваць русалак. А Вы?
Усе мае сціплыя дасягненні вокамгненна пабляклі на гэтым фоне, і, уражаная да глыбіні душы, я лісліва, прыніжана папрасіла русалку мне — намаляваць.
Новая знаёмая зірнула на мяне з-пад цёмных кудзерак іранічна, але досыць паблажліва і папрасіла — перад тварам сапраўднага мастацтва — зусім няшмат: фламастараў ды паперку. I тое, і другое, на шчасце, адразу знайшлося на маім працоўным стале.
— Вы нават можаце дапамагаць,— дазволілі мне з вышыні паважных шасці гадоў.
Я не такая дурная, каб адмаўляцца ад падобных прапаноў, таму з гатоўнасцю схапіла бліжэйшы фламастар. Мой эксперт па русалках тым часам казала:
— Русалкі жывуць у вадзе. Таму спачатку, каб русалцы было хораша жыць, трэба намаляваць ёй вады.
— Колькі літраў? — азвалася я з імпэтам.
Эксперт досыць глыбока задумалася, смешна зморшчыўшы маленькі нос.
— Прыблізна два... літры... мора.
Памер А4, думаю, змясціў бы і болей, але наша русалка, відаць, была не дужа патрабавальнай. Я паспела зрабіць некалькі сініх штрыхоў на паперцы, калі мяне рашуча прыпынілі.
— Хіба мора так малюецца? — трохі з'едліва спыталі з-пад кудзерак і, не чакаючы адказу, дадалі асветніцкім тонам: — Трэба ж хвалявацца.
Увесь вопыт малявання русалкі для мяне быў досыць хвалюючым, але гэтага, як выявілася, было недастаткова.
— Трэба,— тлумачыў эксперт,— каб стол хваляваўся.
У сваім жыцці я бачыла неверагодную колькасць самай рознай мэблі, але ніводзін з гэтых
прадметаў не ўсведамляў сябе настолькі, каб унутрана перажываць хоць што-небудзь. Быў, праўда, адзін дужа падступны фатэль, што перакульваўся, як толькі хтось у яго садзіўся, але не думаю, каб гэты фатэль асабліва пераймаўся незадаволенымі гасцямі.
Усё геніяльнае, аднак, проста, і прымусіць стол быць эмацыйным аказалася лёгка.
А менавіта: трэба стол гайдаць.
—	Вы штурхайце ножку, — загадалі мне. — A я пакладу паперу на стол і буду па ёй фламастарам весці. Атрымаюцца хвалі.
Эксперт падумала і дадала важка, са значэннем:
—	Нутаральныя хвалі.
Мне адразу ж зрабілася сорамна за свае штучныя марскія спробы, таму, каб загладзіць памылку, я вырашыла хваляваць стол з усяе сілы. Эксперт толькі радасна павісквала, і хвалі атрымліваліся як належыць: вялікія, драпежныя, пагрозлівыя, амаль як на самай вядомай карціне Айвазоўскага. А што трохі крываватыя — гэта, зразумела, дробязі. Затое нутаральныя.
Праз хвілін пяць (псіхалагічна цяжкіх для майго стала) мы набралі дастаткова вады, каб русалка пачувала сябе камфортна. Эксперт трасянула кудзеркамі, памяняла фламастар і
прымалявала да адной з велізарных хваляў маленькую чорную кропачку.
— Карабель, — патлумачылі мне.
— А чаму такі мале...
— Ён далёка, — адрэзала эксперт.
А я ў чарговы раз пераканалася, наколькі можа падманваць знешнасць. Напрыклад, мой русалкавы эксперт, нягледзячы на мілыя кудзеркі, ружовыя шчокі і вялікія карыя вочы, была чалавекам суровым і бязлітасным. Кінуць карабель з дзясяткамі безабаронных перад стыхіяй людзей у адкрытае мора ў такі страшэнны шторм — дзея, што вымагае сталёвай рашучасці.
Мая новая знаёмая магла б зрабіць паспяховую кар'еру канкістадора, заваёўніка, капітана піратаў. I такі чалавек робіць мне ласку, забаўляе мяне, нябогу, маляваннем фламастарамі?..
Я была ўражана да глыбіні душы, упрост раструшчана велікадушнасцю. Але сяк-так сабралася з думкамі і нясмела запытала:
— А куды яны?..
— На востраў, вядома ж,— адказалі мне, змерыўшы вачыма, і нават галавою пахіталі — маўляў, што за шэрасць!
Сорам засланіў мне вочы, але ў чалавеку, што сядзеў з нагамі на крэсле за маім пісьмовым
сталом, незвычайная дабрыня жыла поруч з вусцішнай рашучасцю.
— Гэта востраў,— патлумачылі мне, старанна малюючы на хвалях злева вялікую жоўтую пляму. — На востраве пальмы.
— I скарб, — паспешліва ўставіла я, бо не хацела паказацца зусім ужо неабазнанай у такіх справах.
— I скарб, — пасля паўзы тактоўна пагадзілася русалкавы эксперт: не хацела мяне, недарэку, крыўдзіць. — Каштоўнасці там розныя. I бусы з сапраўднага пластыку лепшай пробы, і залатая бужутэрыя. Скарб.
Пад цёмнымі кудзеркамі ішла напружаная, касмічная па маштабах работа — выкрышталізоўваліся з нічога русалкі. Нараджаліся не з марской нават пены, а, лічыце, зусім з нічога. 3 белай паперкі, некалькіх падсохлых фламастараў і двух літраў мора.
... А ў русалак — у тых, што жывуць у моры, — доўгія, доўгія хвасты з зялёнай лускай. Святло на марскім дне, прапушчанае праз ненажэрныя хвалі, робіцца мяккім, няўстойлівым. Аб луску святло разбіваецца, так што сыплюцца ва ўсе бакі каляровыя водбліскі, успужваюць порсткія стайкі серабрыстых рыбак.
Русалчыны валасы далёка па вадзе плывуць — пасмы мяккія, хвалістыя, зеленаватыя,
быццам водарасці. Расчэсваць такія — адным грабенчыкам не абыдзешся, у дзве рукі не ўправішся.
А рукі ў русалак гнуткія, белыя, пяшчотныя, з перламутравымі пазногцямі — вострымі, заточанымі. Схопіць і не адпусціць. Доўгія пальцы па струнах спускаюцца і падымаюцца, быццам мора, у несканчонай мелодыі, у бясконцай русалчынай песні.
Песня, заўсёды тая самая, адзіная, крочыць па ненажэрных, па нават самых страшных хвалях, упарта ўзбіраецца на дзявяты вал. Песня падхоплівае ветразі караблёў — тых, што згубіліся ў моры, занадта далёка ад дома, занадта далёка ад берага. Песня буру закалыхае, дождж прыпыніць, вецер пакліча лагодны, самы такі, каб ашчадна нёс карабель па вадзе, вострым носам рэжучы ззяйкую ваду, разбіваючы хвалі на мільёны аскалёпкаў.
Русалкі пяюць, спавіваюць буры сваімі песнямі — і караблі праходзяць над безданню, вяртаюцца ў свае гавані, у блакітныя бухты салёных архіпелагаў.
У гэтай, нашай русалкі, па вялікім рахунку, было не так шмат мора і толькі адзін карабель, каб апекавацца. Але яна, уссеўшы на шэрыя (частыя штрыхі простым алоўкам) скалы, павярнуўшыся да нас спінаю, па якой плылі
доўгія валасы, пільна, напружана сачыла за адзінаю чорнаю кропкай на сіні.
Каб тую маленькую кропку не праглынулі самыя нутаральныя хвалі на свеце. Каб з мачты танклявы і чорны, быццам кропка на даляглядзе, юнга радасна крыкнуў ва ўсю моц сваіх лёгкіх:
— Зямля!..
Каб карабель не збочыў і не патануў, каб у жоўтым пяску пад агромністай пальмай калінебудзь знайшоўся скарб. 3 «бужутэрыяй» і сапраўдным пластыкам вышэйшай пробы. А можа, і з чым-небудзь яшчэ. Хто іх ведае, гэтыя скарбы.
А не цяжка ёй? — спытала я, паківаўшы на нашу русалку.
Русалкавы эксперт чмыхнула маленькім носам і адказала — сталы шасцігадовы чалавек — вельмі сур'ёзна:
— А каму зараз лёгка? Такая работа.
...Ёсць такая работа: сачыць, каб караблі не збіваліся з пракладзенага курсу. Спавіваць словам буры, разганяць навальніцы, поўніць ветразі жывым дыханнем.
Усё для таго, каб у рэшце рэшт на маленькім востраве, згубленым пасярод бязмежнага Акіяна, знайшоўся самы каштоўны на свеце скарб.
Гэта, вядома, нялёгка.
Але — такая работа.
Доктар Ціханава
У Лілі заўсёды быў пункцік наконт барадатых мужчын.
Пачалося, напэўна, з калыханкі з Дзедам-барадзедам. Тамтэйшы дзед — вусцішны, з ротам да вушэй — хваліўся, як нібыта абышоў белы свет, і пагражаў завітаць непасрэдна да Лілі. Апошняя, уразіўшыся ад адной сустрэчы, пачынала гучна раўці на першых жа нотах бадзёрай дзедавай песенькі і, па магчымасці, спрабавала змяніць дыслакацыю.