Наш дом  Маргарыта Латышкевіч

Наш дом

Маргарыта Латышкевіч
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 355с.
Мінск 2018
58.55 МБ
Хлопчык кінуў граць, але музыка яшчэ гучала, падхопленая самімі камянямі, самою зямлёю. Гучала ў нас, бо мы і ёсць — зямля.
— Хто... — здзіўлена прамармытаў Ясь, углядаючыся ў светлую белую здань.
А тая ласкава ўсміхалася яму і цягнула да яго рукі. I глядзела на яго, толькі на яго — доўгае, доўгае імгненне, пакуль яе, цяпер адвечна свабодную, не змыла ветрам, як змывае абрыўкі туману.
Ля ног Нешкі засталася толькі пустая клетка з залатымі прутамі.
I тады над нашымі галовамі грымнула — аглушальна, жудасна, так, што здрыганулася зямля пад нагамі. Драпежныя цені разрасліся, распухлі бязмерна і ўсталі на дыбкі. Падалося, што гэта Неба раскалолася і падае долу, падае на нас — але то даў расколіну курган, і мы з яснага цёплага дня праваліліся ў суцэльную цемрадзь.
3 цемрадзі нарадзіліся агні — ласкавае зеленаватае полымя курганоў, халоднае, цякучае, зусім не падобнае да таго, што зырка буяе ў ачагах чалавечых сыноў. Агні ціхутка пазвоньвалі, як сярэбраныя званочкі, і плылі, і смяяліся, выхопліваючы кругамі святла то каменныя пліты са старадаўняю разьбою, то край каляровай фрэскі, то белы твар Нешкі з цёмнаю радзімкай пад левым вокам, то светлую чупрыну падшыванца Яся. Стаўры скавытаў зусім побач, тыцкаўся мокрым носам у маю далонь.
— Ціха, дружа, ціха,— я патрапаў сабаку па галаве і раптам адчуў, што ў мяне пачынаюць дрыжаць рукі.
3 цемрадзі, нябачныя, глядзелі на нас вочы — многія, многія вочы. Зялёныя, быццам Пушча. Нябачныя, яны шапталі, перагаворваліся, і ад іхніх злавесных шэптаў нават мне рабілася ніякавата. Я з лязгатам выцягнуў з похваў меч.
— Толькі паспрабуйце каторы,— паабяцаў я нябачным.
Падшыванец Ясь уздумаў губляць прытомнасць і валіцца з ног, але я паспеў леваю рукою ўхапіць яго пад локаць, утрымаць. Адчуваў: варта хлопчыку толькі паказаць сваю слабасць — і ад яго і крывавага шматочка не пакінуць.
— Так цёмна, дзядзечка,— шаптаў падшыванец. Словы вырываліся з ягоных вуснаў серабрыстымі аблачынкамі марознай пары. — Так холадна...
— Проста ідзі,— адгукаўся я цвёрда. — Ідзі наперад. Наперад.
Нешка падхапіла другую ягоную руку, тую, што і зараз сціскала лютню.
— Зусім трошачкі,— зацурчала лагодна. — Яшчэ трошачкі пацярпець.
Мы з ёй абое з надзвычайнай яснасцю і скрухай ведалі, чым, хутчэй за ўсё, гэтая дарога для
хлопчыка скончыцца. Чым звычайна ўсё заканчваецца для тых смяротных, што трапілі да Сотвара сюды, у падзем'е. I не глядзелі адзін на аднаго, і зацята маўчалі пра гэта, быццам нават адно слова магло пазбавіць надзеі, парушыць кволую раўнавагу на шалях лёсу.
Нейкая асабліва ўчэпістая дрэнь, апярэджваючы падзеі, працягнула кіпцюрастую лапу да Ясева горла. Вырашыла, мабыць, што я раней пажартаваў. Я, не прыглядаючыся, ударыў мячом наводмаш. Цемрадзь зайшлася лямантам, а лапа, усё яшчэ перабіраючы доўгімі пальцамі, засталася ляжаць на камянях.
Зялёныя агні падскоквалі, круціліся і заставаліся вісець цэлымі гронкамі, цэлымі сузор'ямі. Залівалі ўсё зыркім зеленаватым святлом. У вялікай круглай зале між каменных калонаў, што сыходзілі ў непраглядную цемру, сабраўся, мусіць, увесь Двор, усе паэты, усе рыцары, усе пекныя панны, усе зухаватыя паляўнічыя. У золаце, у бляску самацветаў, з тканымі паясамі, з вышыванымі рукавамі, ажно ззяючыя ад прыгажосці. Яны з лёгкім шоргатам расступаліся перад намі, давалі дарогу наперад, туды, дзе на ўзвышэнні стаяў просты драўляны трон.
— Мне страшна, дзядзечка,— ледзь чутна сказаў Ясь, зноў выпусціўшы з рота аблачынку серабрыстай пары.
— Гэтага яму толькі і трэба,— зашаптаў я. — Трэба, каб ты баяўся, разумееш? Калі не баішся...
— Калі не баішся, — працягнула Нешка, — то нічога табе і не зробяць.
Ясь слаба кіўнуў. Прыкрыўшы вочы, дыхаў часта, кусаў вусны, але працягваў крочыць наперад. He азіраючыся. Упарта. Зусім як той, што прыходзіў перад ім. Зусім як тая. Ад гэтай апошняй згадкі — сам не ведаю, чаму — варухнулася там, ля сэрца.
На паверхні ішлі першыя дні восені, таму на княжым троне залацілася дубовае лісце, чырванелі гронкі рабіны. Водар яблыкаў, лёгкі, амаль незаўважны, насіўся ў паветры, кружыў галаву.
Сотвар сядзеў, апрануты ў агністы, колеру восені шоўк, падпёршы вострае падбароддзе кулаком. Глядзеў з-пад доўгіх белых веек зверху ўніз, вывучаў. У сярэбраных валасах ззяла ледзянымі дыяментамі карона — быццам вострыя іклы інею.
— Косткасей,— князь апёк мяне ледзяным позіркам. — Ты прывёў да нас чалавечае дзіця.
— Чалавечае дзіця,— глуха паўтарыў за ім Двор.
Вочы іхнія няярка свяціліся, зусім як курганныя агні. Яны ўсе ведалі, што бывае, калі смяротны апынаецца там, дзе не павінен, але не мелі нічога супраць.
Я сцяў зубы і змоўчаў, сціснуўшы меч у руцэ. 3 ляза дасюль яшчэ капала, застываючы на каменных плітах, чорная кроў.
— I няхай для палявання яшчэ не прыйшоў час,— ленавата працягваў Сотвар, усміхнуўшыся самым краёчкам вуснаў, — мы, вядома ж, з ахвотаю дазволім табе...
— Гэта не ахвяра для Гону,— голасна сказаў я.
Сотвар бліснуў вачыма і нахмурыўся: я парушаў правілы ягонай любімай гульні. Чуваць было, як усхвалявана перашэптваюцца прыдворныя.
— Гэта не ахвяра для Гону,— паўтарыў я, сціскаючы пальцы на хлапчуковым плячы. — Княжа, то... музыка прыйшоў усцешыць ваш слых сваімі песнямі.
Князь засмяяўся. Рогат падхапіла дворня, і хутка ўся зала затрэслася ад усюдуіснага смеху. У Нешкі задрыжалі вусны, Стаўры, падціснуўшы хвост, ціхенька заскавытаў.
— Чалавечае дзіця будзе цешыць мяне сваімі песнямі? — кпліва пацікавіўся Сотвар,— Косткасей, што за недарэчная прыдумка?!
Але, нават кажучы так, ён — па вачах было відаць — зацікавіўся. Змерыў змярцвелага ад холаду і боязі хлопчыка непрыязным позіркам.
— А што скажаш ты, чалавечае дзіця?
Я лёгка падштурхнуў Яся наперад, і той зрабіў некалькі няўпэўненых, быццам праз сон.
крокаў. Прыціснуў да грудзей лютню і хрыпла прагаварыў, змагаючыся з крышталікамі інею на вуснах:
—	3 радасцю спяю для вас, ясны княжа.
«Але пасля песні...— напружана думаў я, і Нешка, мяркую, таксама. — Ну, скажы ж: але пасля песні майстру плацяць. Скажы гэта. Скажы».
—	Але памятайце, княжа,— прахрыпеў Ясь, быццам пачуўшы нашы думкі. — Пасля песні майстру плацяць.
Сотвар ашчэрыўся. Двор зашаптаўся грамчэй, узбуджана і абурана: гэта было чыстай вады нахабства.
Часам толькі на нахабства і выпадае спадзявацца.
—	Спевы і словы сплятаць немагчыма без платы,— перакрываючы натоўп, азваўся хтось з прыдворных паэтаў.— Той, хто паслухаў, аддзячвае дарам сардэччым.
—	Сын чалавечы кіруецца звычаем даўнім,— спеўна і звонка падхапіў другі.
Узбуджаныя шэпты амаль сціхлі, пакорлівыя ўладзе гэтых магутных галасоў.
—	Звычай такі, так заведзена, так застанецца,— канчаткова зацвердзіў трэці голас, быццам прыпячатаў.
I па агаломшанай зале расцяклася звонкая цішыня.
Князь паморшчыўся, але развёў рукамі.
—	Ты атрымаеш плату, чалавечае дзіця,— без асаблівай ахвоты паабяцаў ён.— Тры песні — тры падарункі. Такі звычай.
Ясь перарывіста ўздыхнуў. На шчоках ягоных, на валасах, на плячах і кароткім плашчы, нават на цяжкіх ботах весела пералівалася ў зеленаватым святле ўзорыстая корка інею.
Хлопчык адкашляўся і крануўся струнаў. Тыя адазваліся на ягоны дотык і цёпла, і радасна.
Вясна, вясна, пелі струны. Радасная, шчаслівая вясна. Вясна блізка, вясна настане. Лёд растае, снягі становяцца вадою, жывою, вясёлаю, вірліваю. Вада поіць зямлю, вада жывіць расліны. Жыццё нараджаецца з лёду і снегу, жыццё перамагае, звініць у жаўруковым спеве. Жыццё, жыццё, жы...
Сотвар гнеўна ўдарыў кулаком па ручцы трона — ажно пакацілася рэха па ўсім падзем'і. Песня бездапаможна абарвалася, і Ясь, разгублены, усё яшчэ закружаны колам жыццятворнай веснавой вады, стаяў і непаразумела глядзеў на князя знізу ўверх, такі маленькі, такі слабы, такі нікчэмны ў параўнанні.
—	Ты, мусіць, забыўся, чалавечы сын, што зараз восень,— загаварыў Сотвар.— Твая песня, можа быць, і забаўляльная ў нечым, ды недарэчная, бо ўсе мы чакаем зімы.
Князь зноў усміхаўся краёчкам рота. Ясь ускрыкнуў ад болю і ледзь не да крыві закусіў вусны: іней пачаў караскацца па ягоных руках, зводзячы пальцы крукамі.
— Тады... тады іншую песню, ясны княжа,— ледзьве вымавіў хлопчык, спрабуючы і сам адказаць на князеву ўсмешку.
Атрымалася ў яго не надта.
Спіна ў яго напялася, дыхаў ён часта, і рука, крануўшыся струнаў, спачатку патрывожыла іх недарэчна, так што лютня ўскрыкнула бязладна і фальшыва. Нешка схавала твар у далонях.
Ясь, аднак, перасіліў сябе, выправіўся. Лютня зноў запела, з яшчэ большаю цеплынёю і агнём, з жарсцю маладога кахання.
Уражаная Нешка падняла галаву, зірнула на мяне і ўсміхнулася. I я таксама ўсміхнуўся: пад жарам гэтай музыкі паволі адступаў іней. Гэта была — надзея. А лютня пела, і хлопчык з зялёнымі — нашымі — вачыма пеў разам з ёю, у кожнае слова ўкладаючы драбок уласнай цеплыні.
Слаўся, повязь між двума сэрцамі, слаўся, дотык дзвюх душаў, слаўся пад сонцам і пад месяцам, вечна, вечна. Колькі любяцца неба і зямля, столькі будзе жыць каханне, адбіваючыся ў вачах закаханых, пераскокваючы з
вуснаў на вусны падчас пацалункаў. Будзе жыць, жыць, жы...
Сотвар рэзка падняўся з месца, ускінуўся, быццам язык белага полымя. Падняў рукі над галавою і пляснуў у далоні — і музыка скамячылася, а словы ўскіпелі і замёрлі, заінелі ў Яся на вуснах.
— Ты, мусіць, забыўся, чалавечы сын, што пяеш пра смяротных і іхнія любошчы, — грэбліва сказаў князь,— Можа, для чалавечых сыноў гэта і цікава, але не для нас, адвечных.
Ясь зноў ускрыкнуў і упаў на калені. Лютня бездапаможна выпапа з ягоных рук, вохнуўшы, як жывая. Я шпарка падскочыў да хлопчыка, спрабуючы дапамагчы яму падняцца. Іней укрываў яго цалкам, сівізною ляжаў у валасах, так што падшыванец Ясь быццам састарыўся за лічаныя імгненні. Іней бязлітасна джаліў мае далоні, пакуль я трос хлопчыка, аклікаючы па імені, пакуль я лаяў і яго самога, і ягоную сям'ю да сёмага калена. Ён заплюшчыў вочы, не варушыўся, скурчыўся, скрыжаваўшы рукі на грудзях, і мармытаў пад нос, паўтараў толькі адно:
— Холадна... як жа холадна...
Князь, усміхаючыся, нетаропка спусціўся, з шоргатам цягнучы за сабою барвовы плашч, па прыступках ад трона. Спыніўся на перадапошняй.