Наш дом
Маргарыта Латышкевіч
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 355с.
Мінск 2018
I нам міжволі даводзіцца саступаць месца, сыходзіць прэч ад іхніх палёў і сяліб, далей ад халоднага металу, які цягне з нас жыццё.
У гэтага ў похвах пагрозліва пяе і патыхае на мяне ільдзістым холадам адкаванае рукамі людзей жалеза. I праз гэта ныюць старыя шнары — згадкі пра чужыя косткі, пасеяныя ў ненажэрных войнах за многія-многія гады.
-Хто... хто ты? — выгукнуў хлопчык.
Голас яго падвёў, збіўся ледзь не на віскат, і ён пакутліва пачырванеў.
— Я — на сваёй зямлі, чалавечы сын, — адказаў я. — Найперш назавіся сам.
Вусны ў яго здрыгануліся. Хлопчык зноў паглядзеў на ашчэранага Стаўры, пасля перавёў позірк на мае похвы. Ацэньваў небяспеку.
— Іван,— адказаў нарэшце, пасля досыць працяглага вагання. — Іван Падвей з Кудравіц.
— I нашто ты прыйшоў сюды, Іван Падвей? Ты ж ведаеш, куды прыйшоў?
Ён неяк няўцямна хітнуў галавою — ці то пагаджаўся, ці то не. Відаць, не надта быў упэўнены. Наморшчыў лоб, узлахмаціў светлыя валасы, адпушчаныя да плеч.
— Паслухай, вой,— сказаў, не гледзячы мне ў вочы. — Я... я быў на паляванні. I згубіў дарогу. I сам не ведаю, як...
— Хлусіш, — азваўся я з прахалодаю ў голасе.
Стаўры непрыязна гыркнуў, так што Падвей пабялеў, але хутка ўзяў сябе ў рукі. Зразумеў, што пераканаць мяне не атрымаецца,— і раз'юшыўся.
— Аты... ты сам хто такі, каб мяне на хлусні лавіць? — Зараз ён задрыжаў, але не ад жаху, a ад гневу. — Даю слова гонару...
— Кашч Меднабароды, — назваўся я без асаблівай ахвоты. — Косткасей. А зараз я спытаю ў апошні раз, чалавечы сын. Нашто ты прыйшоў?
Твар у яго выцягнуўся. У бледна-блакітных вачах нават — о дзіва! — мільгануў цень думкі — напружанай, непаваротлівай, цяжкай, і разгадаць гэтую думку было проста. Нават калі адкінуць убок усе бязглуздыя байкі, што абкружаюць маю мянушку, я на дзве галавы вышэйшы і шырэйшы за яго ў плячах. Сталы і больш вопытны ў бойцы. I даспех мой — не кволая праца чалавечых рук, і зброя апета чарамі.
Ён нават з сумневам азірнуўся туды, дзе спакойна пасся ягоны конь, аднак уцякаць не стаў, адно ўпарта падціснуў вусны.
Бач ты, які герой.
— Паслухай, вой... Кашч,— зноў пачаў Падвей. — Вось што. Я скажу табе ўсё, як ёсць, а ты сам вырашай, што са мной рабіць.
Ён сапраўды расказаў — хаваючы пагляд і раз-пораз наліваючыся сарамлівай чырванню.
На паляванні Падвей і праўда быў, але, праблукаўшы ў зарасніку ля возера ледзь не ўвесь дзень, так нічога і не здабыў. Выйшаў да вады — умыцца. А там...
— Там — яна.
Дзяўчына, значыцца. Уся ў сярэбраным ззянні, гнуткая, ладная, белатварая, з даўжэзнымі залатымі валасамі. Сядзела сабе на беразе, часала грабеньчыкам мокрыя пасмы і спявала. Ах, як спявала.
Калі гэты смешны хлопчык пачаў расказваць пра незабыўныя ды чароўныя спевы ля возера, я толькі чмыхнуў. Чалавечыя сыны могуць колькі заўгодна ваяваць з намі, называць нас пачварамі і пужаць намі сваіх дзяцей, але яны ніколі нічога не мелі супраць нашых голых дзяўчат.
— Я хацеў,— Падвей зноў зачырванеўся. — Хацеў... падысці бліжэй. Нічога такога. Проста каб загаварыць. А яна, мусіць, пачула. I хутка так...
— Збегла? Уплыла?
Хлопчык пакруціў носам.
— Перакінулася лебедзем, — адказаў ціха.— Проста... пачала падаць, і быццам замглілася, і раптам абрасла пер'ем, і так усё імкліва...
Я прысвіснуў ад нечаканасці, бо вось гэта было ўжо кепска. Вельмі кепска. I нават небяс-
печна для гэтага ўпартага ёлупня. Таму што я ведаю толькі адну золатавалосую аматарку паспяваць пасля купання, якая ўмее пераварочвацца ў лебедзя.
Думаю, сама яна не магла не заўважыць чалавека ў хмызах. Верагодней за ўсё, нават першай яго заўважыла і таму пачала спяваць, прыварожваючы, купаючыся ў паўдзіцячым захапленні. Якая ж жанчына не любіць, калі ёю захапляюцца.
Хай сабе якая іншая панна з нашых. Але тая, пра якую з такім захапленнем гаварыў гэты хлопчык, то дачка нашага князя, князёўна Мара, Марэна. Залатая каса ў маю руку таўшчынёй, пяшчотны белы тварык з вострым падбароддзем і ўпартым носікам, зацененыя густымі вейкамі вочы — зялёныя, быццам Пушча. Што гэтаму маладзенькаму дурню яна спадабалася, ды яшчэ пасля ўплеценых у песню чараў, цалкам вытлумачальна і нават натуральна.
Іншая рэч, што наша князёўна ў гэтым сапліўцы знайшла.
— Яна сюды паляцела, — Падвей абвёў рукою курганы. — I я... за ёю, значыцца. Вось.
Ён нецярпліва пераступіў з нагі на нагу, зусім па-дзіцячы пацягнуў носам і з чаканнем і просьбаю зірнуў на мяне.
— Тут няма месца для чалавечых дзяцей,— адказаў я. — Ідзі, адкуль прыйшоў, Іван Падвей з Кудравіц, і лепей не вяртайся.
— А калі не пайду? — нахмурыўся хлопчык. — Калі не пайду, дык што?
Я выразна папляскаў па сваіх похвах. Падвей з прысвістам ўцягнуў паветра праз зубы і раптам як ашалелы схапіўся за меч. Халоднае жалеза бліснула барваю і апісала паўкруг ля маіх грудзей, але я імкліва ўхіліўся, зрабіў крок назад, вышэй па схіле кургана. Хлопчык размахваў мячом, аддалена нагадваючы вятрак, моцны не майстэрстам мечніка, а адно толькі злосцю.
На злосці без майстэрства, праўда, далёка не заедзеш.
— Біся са мною! — крыкнуў гэты блазан,— Біся, калі не баішся!
Мяне называюць Косткасеем, Крыважэрным ды Воранам Бойкі. Я сапраўды адправіў у апошняе падарожжа многіх чалавечых сыноў, але то былі воі, а не звар'яцелыя падлеткі.
— Вазьмі,— не расціскаючы вуснаў, загадаў я Стаўры, і той, рыкаючы, цяжка скочыў на Падвея, паваліў долу.
Яны пакаціліся разам, сабака і чалавек. Свой меч хлопчык упусціў, і той цяжка ўпаў у траву, заціх там, быццам атрутная змяя.
— Двубой! — прыглушана галасіў чалавек. — Я патрабую дву... Ай, зараза, пусці!..
Непарушны Стаўры стаяў, прыціскаючы моцнымі лапамі вар'ята да зямлі, а Падвей шалёна круціўся пад ім, намагаючыся вырвацца, сыпаў лаянкай, божбамі ды просьбамі, бязладна мяшаючы адно з адным. Сабака, не звяртаючы ўвагі на ягоны лямант, пытальна паглядзеў на мяне: маўляў, і што нам з такім рабіць, дружа?
Я моўчкі паціснуў плячыма. На мой густ, назіраць за дурнямі значна весялей, чымся забіваць іх. Князь, верагодна, палічыў бы належным адразу пазбавіць няшчаснага хлопчыка пакутаў — і разам з тым засцерагчы адзіную дачку ад такога прыхільніка.
Што меркавала на гэты конт сама князёўна, я мог толькі здагадвацца. Але і здагадак маіх не спатрэбілася: я пачуў яе амаль бязважкія крокі і пазнаў гаркавы водар палыну, якім звычайна патыхала ад яе валасоў.
— Косткасей,— паклікала яна мякка.
Я павярнуўся на голас, прыкрываючы далонню вочы: сляпіла нізкае сонца. Марэна стаяла ля самага руннага каменя — у простай белай сукенцы, якая быццам абляпляла яе цела, з перакінутай цераз плячо касою. Падвей прыціх і (я ведаў гэта, нават не бачачы яго) глядзеў на Марэну.
Тая ішла, быццам плыла, і ад белай сукенкі сыходзіла зыркае серабрыстае ззянне, ярчэйшае за кволыя сонечныя промні. За ёю, апусціўшы галаву, ценем крочыла яе служка, панна Нешка — амаль незаўважная.
Поруч з Марэнай усе і усё становіцца незаўважным, быццам блякне.
— Косткасей, — паўтарыла князёўна, калі параўнялася са мною.
Я паважліва схіліў галаву. Стаўры завіляў хвастом, калі князёўна мімаходзь пагладзіла яго па галаве. А Падвей усё глядзеў, не зводзячы вачэй, не варушачыся, зніякавелы. Быццам прыціснуты, раструшчаны чымсьці дзіўным, чымсьці вялікім, чымсьці, што не змяшчалася ў ім і прарывалася вонкі: радаснымі іскрамі ў вачах, і бязглуздай усмешкай, і нечым яшчэ — няўлоўным, але несумненным, адчувальным нават збоку, нават мне.
Марэна працягнула яму руку — белую, нібы азёрная лілея, руку з тонкімі пальцамі, на якіх пялёсткамі ружавелі пазногці. I Падвей аберуч за гэтую руку-лілею ўхапіўся, так моцна, як мог, быццам наважыўся ніколі больш не адпускаць, і падняўся на ногі, як і раней, не адрываючы вачэй ад князёўны. Тая відавочна атрымлівала ад ягонага замілавання асалоду і ледзь заўважна ўсміхалася.
— Косткасей,— сказала яна. — Я сыходжу з ім, разумееш?
— Сыходзіш, князёўна, — пацвердзіў я. — Але не разумею, дзеля чаго.
Яна толькі засмяялася — быццам зазвінелі сярэбраныя званочкі — і пайшла прэч, ласкава, але настойліва цягнучы за сабою аглушанага шчасцем Падвея. Ішла туды, дзе белы конь шчыпаў сакавітыя травы, і ніводнага разу не азірнулася.
Панна Нешка ахнула, бездапаможна азірнулася на мяне.
— Рыцар!..
Напэўна, я мог бы тады штосьці зрабіць. Але я падумаў: што мне да гэтага няшчаснага хлопчыка? Яна пагуляецца з ім, як гулялася з іншымі да яго, а пасля ёй надакучыць. Ёй заўжды ўсё надакучвае. Пакуль яны маладзенькія і пяшчотныя, іхнія ўлюблёныя позіркі цешаць і радуюць, але чалавечыя сыны хутка — для такіх, як мы, — старэюць, і вянуць, і, нарэшце, паміраюць. Марэна не дачакаецца нават ягонай сгаласці, не тое што старасці: не яна першая з нашых паннаў вось так лавіла песняю маладзенькага смяротнага дурня. He першая і не апошняя.
Над курганамі і над Пушчай, як звычайна, праміналі дні. Зімою княжае паляванне высочвала баязлівых аленяў, чытаючы радкі слядоў па
кнізе снежных гурбаў. Спеўна гулі сярэбраныя рагі, сокалы порстка ўзляталі з пальчатак, і ясныя панны з княжага двара, усе спрэс залатавалосыя і зялёнавокія, ахалі і пляскалі ў ладкі. Спаборнічалі між сабою лучнікі, хвалячыся трапнасцю ды сілаю рук. Паляванне, Дзікі Гон, ляцела наперад, узбіваючы за сабою цэлую снежную віхуру, са свістам, грукатам і воклічамі неслася па нізкіх хмарах, і тады чалавечыя сыны шчыльней прычынялі дзверы і завешвалі вокны.
Увесну, калі на рацэ нарэшце крануўся лёд, калі прыдворныя паэты зноў пачалі перапяваць старыя песні пра мінулыя бойкі на новы лад, я пакінуў Двор і вярнуўся да сваёй варты на мяжы. Верны Стаўры шэрым ценем бег за мною, пераскокваючы лужыны ад расталых сумётаў, а дні большалі, і на чорных галінах бяроз ля дарогі абуджаліся да жыцця пахкія пупышкі. Пушча ажывала таксама, напаўнялася галасамі, і рухам, і колерамі, і вячыстыя дрэвы суха рыпелі, нібыта распраўляючы шіечы. На курганах з вільготнай чарнаты праклёўваліся тонкія зялёныя парасткі новых траў, а на стаячых камянях, упрост на рунічным пляценні, да паўдня трымаліся цёмныя плямы сырасці.
Лета, як зазвычай, прыходзіла амаль незаўважна, раскочвалася па свежай вясновай зеля-
ніне палымянымі сонечнымі пацалункамі, прыгаршчамі сыпала ў зялёную поўсць травы пярэстыя кропкі кветак, і спевы жаб, і галасы конікаў. Па начах, калі паветра было цёплым і густым, як малако, калі лёгкай смугою курылася за асакою рака, на небе залатою надкушанай манетаю свяціўся месяц, а ў травы, зрываючыся з неба, падалі зоркі з вогненнымі хвастамі. Стаўры, ускінуўшы вострую пысу, уважліва сачыў за імі, такімі самымі хвастатымі, як і сам, і ціхенька, тоненька, па-шчанячы падбрэхваў.