Наш дом  Маргарыта Латышкевіч

Наш дом

Маргарыта Латышкевіч
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 355с.
Мінск 2018
58.55 МБ
Зрэшты, чаму б і не? Усё весялей, чым блукаць між мёртвых дрэваў, прыслухоўваючыся да маўчання мёртвых птушак.
Пакуль Анхелья быў заняты звычайнымі справамі гордага наёмніка (пастка, засада, гранне мускуламі на бронзавых руках, слуханне
мёртвай цішыні), прынцэса вяла не менш насычанае жыццё. Страціць прытомнасць тут, страціць прытомнасць там — глядзіш, і дзень мінуў.
А вось падступны канцлер, мусіць, валодаў тэлепортам (або вельмі хуткім верталётам), таму што паспяваў з зайздроснай рэгулярнасцю дапякаць і Анхелья, і ягонай каханай. Толькі, здаецца, пагражаў ажаніцца з прынцэсай, не сходзячы з месца, і раптам — бац! — ужо ў дзікіх джунглях (магчыма, таксама мёртвых, як і лес) ловіць Анхелья ў пастку з крыважэрных раслін.
— Ну? — нецярпліва спытаў Лёнька.
Пакуль я праглядала рукапіс, ён аніяк не мог уседзець на месцы. To круціў аловак у пальцах, то перабіраў паперкі на стале, то з грукатам перастаўляў шклянкі. Я зірнула на кругленькага цара спартанцаў, уперлася вачыма ў падлогу і, востра ненавідзячы сябе за сваю маладушнасць, замямліла:
— Твор, ён, вядома... I папка такая... шэранькая. I адрас на ёй прыгожа напісаны. Так. Вельмі, вельмі прыгожа напісаны.
Усе магчымыя кампліменты Лёнькаву рукапісу на гэтым у мяне скончыліся. Я не без хвалявання паглядзела на субяседніка.
Да душы, ажно сэрца сціскаецца. Кожны ж зразумее: калі, паглядзеўшы тэкст, пачынаюць
весці размову пра тэчку і афармленне, значыць пра сам твор сказаць няма чаго.
Хіба ж можна чалавека крыўдзіць, нават калі той напісаў дрэнь?..
Круглы Лёнеў твар ззяў.
— Так,— са сціпласцю сапраўднага генія казаў спартанскі цар. — Так, многім падабаецца. Усё-такі — раман. I тэма не збітая, і героі арыгінальныя.
Да мяне паступова пачынала даходзіць, што хтосьці з нас кагосьці не зразумеў. Я суха кашлянула і прагаварыла:
— Лёня, а... рэдагаванне? Ты з тэкстам увогуле працаваў?
Ён надзьмуўся. He ад крыўды — ад гонару.
— Я працаваў па дзве гадзіны на дзень,— адказаў Лёнька.— Паспрачаўся з сябрам-журналістам. Той, бач ты, казаў, што не кожны можа напісаць кнігу. I — вось.
Што «вось», Лёня не ўдакладніў. На мой сціплы густ, прыгоды гордага бронзавага Анхелья даводзілі менавіта пазіцыю сябра-журналіста, а не шчаслівага аўтара.
Але апошняму яшчэ было што сказаць свету. I мне асабіста.
— Заўтра ў выдавецтва панясу,— шматзначна заявіў Лёнька, забіраючы ў мяне сваю тэчку.
— У выда... — я задыхнулася. — У якое выдавецтва, Лёня?!
Спартанскі цар не ўлавіў маю інтанацыю, a таму пытанне зразумеў літаральна. I адказаў на яго — пытаннем:
— А якое ў нас тут самае вялікае выдавецтва?
3 круглымі вачыма я — каюся — шэптам вымавіла адну ці дзве назвы.
— Вось туды,— задаволена заключыў Лёнька, паціраючы пухлыя ручкі.
— Лёня,— халадзеючы, загаварыла я.— A дамовіцца з рэдактарам? А... карэктура? I... аформіць рукапіс згодна з...
Спартанскі цар энергічна павёў плечуком, адсякаючы маё балбатанне пра правілы афармлення рукапісаў для выдавецтваў і элементарны працоўны палітэс. Сумняюся, што ён пачуў хоць штосьці, нягледзячы на ўсе мае намаганні.
— 3 рукамі адарвуць,— бадзёра прарочыў Лёнька сам сабе.— У нас жа — дзе? У нас жа і няма. А тут — раман!
Я слаба хіхікнула, з апошніх сіл спадзеючыся, што ён так нядужа ўдала жартуе. Але Лёнька адказаў мне самым суровым позіркам. Круглы спартанскі цар гаварыў гэта на поўным сур'ёзе, і гэта было настолькі жудасна, што мяне прашыбла халодным потам. Я нават разглядала
магчымасць страціць прытомнасць — па прыкладзе Лёнькавай гераіні (граць мужнымі бронзавымі мускуламі не выпадала за іхняй адсутнасцю).
— I лепей бы яны далі мне належны ганарар,— тым часам казаў Лёнька, змрочна зводзячы рэдкія бровы. — A то ведаю я іх: адразу «А дайце за так». He, мне патрэбныя добрыя грошы за добры твор, ну, як на Захадзе.
Тут я засмяялася ўжо адкрыта, не хаваючыся, але і не без адцення гістэрычнасці. Абураны Лёнька звузіў вочы і падціснуў вусны.
— Гэта табе, між іншым, не жартачкі. Гэта — раман. Такога рамана ў нас тут яшчэ не было!
3 апошнім пунктам я, у прынцыпе, была цалкам згодная, але наўрад ці гэта задавальняла Лёньку. Развітаўся ў той раз ён са мною досыць халодным тонам.
Недзе тыдні праз два пасля апісанай размовы я зноў сустрэла спартанскага цара. Той павітаўся жыва і, што цікава, гутарку на пытанні калялітаратурныя не пераводзіў. Затое перавяла я:
— Ну, як раман? Што выдавецтва?
Лёнька бліснуў акулярамі. Памяўся, пакалупаў пальцам сцяну.
— Добра,— адказаў без асаблівай упэўненасці,— Ну, я да іх усё-такі прыйшоў. А там
такі... чалавек. Я яму: раман, кажу, напісаў. Хочаце?..
— А ён што?
Горды спартанскі цар пацягнуў носам. На твары ў яго так і было напісана невыканальнае жаданне граць мускуламі.
Ну...
Ну?
— Ну, ён сказаў — пакідайце,— ціха прагаварыў Лёнька, пачасаўшы патыліцу,— Я і пакінуў. Усё.
Ён прачысціў горла і замаўчаў. I птушкі таксама маўчалі, і мёртвы лес, і мох, і нават падступны канцлер з асабістым тэлепортам.
I толькі дзесьці далёка-далёка, на іншай планеце гордыя наёмнікі — не за грошы, а дзеля забавы — гралі бронзавымі мускуламі, прыціскаючы да сэрца непрытомных прынцэс.
Аповесці
Вершнікі на дарозе

Словы — рэч ненадзейная. Здрадлівая. Імёны тыя ж, скажам. Вось, да прыкладу, называюць мяне — Косткасей. Рассяваю, значыцца, косткі на бранным полі. Спаймаць бы аднаго з тых, што ўкладаюць песні на кожны стук-грук, дакладней, таго калматага вечна п'янага гарлапана, які першым гэта прыдумаў, то яму гэтыя самыя косткі як след пералічыў бы.
Зрэшты, усё можна выкарыстаць на сваю карысць. Імя — таксама, нават калі не дужа падабаецца. Княжыя майстры калісь выкавалі мне неблагі чарнёны панцыр, на якім срэбрам выведзены малюнак — хрыбет ды рэбры. I забрала ў шалома адмысловае — быццам чэрап. У чалавечых сыноў зазвычай пачынаюць падступна дрыжаць каленкі яшчэ да таго, як нябогам даводзіцца скрыжаваць са мною меч.
Гэты не дрыжаў.
Зялёны саплівец, у якога і барада яшчэ не пачынала расці, змрочна глядзеў на мяне спадылба. Зброю — кароткі меч і драўляны шчыт — ў руках трымаў няўпэўнена, быццам не звык да яе. Багаты плашч, падбіты лісіным футрам, і раззалочаная смешная кальчужка, і самавіты пас, упрыгожаны самацветамі, ды нават самая манера капрызліва падціскаць па-дзявочы пульхныя вусны — усё выдавала ў ім разбэшчанага дзіцёнка багатага валадара людзей. Праўда, герб, груба намаляваны на шчыце,— нацягнуты лук і тры стралы — мне ні пра што не сказаў, але я ніколі не цікавіўся чалавечай геральдыкай.
Пад ветрам павольна гайдаліся духмяныя хвалі верасоў — белыя, ліловыя і амаль чорныя. Салодкі мядовы водар ленавата плыў над выгнутымі спінамі курганоў, над нагрэтымі за дзень стаячымі камянямі з выбітымі ў іх закляццямі. Белыя, пышна ўзбітыя аблокі патроху наліваліся золатам і барвай: сонца паступова скочвалася за змрочныя вершаліны спрадвечнай Пушчы, якія адсюль падаваліся цёмным грабеньчыкам на даляглядзе.
Дзень быў спякотны, таму трохі ленаваты і сонны, таму цягнуўся доўга, як кроплі смалы па лусцэ кары. Я прысеў адпачыць, прысланіў-
шыся спінаю да аднаго з зачараваных камянёў, і глядзеў, як над стужкаю дарогі, над ракою і бярозавым гаем, кранутым восеньскай пазалотай, кружыць самотны воран. Калматы Стаўры прылёг побач, вываліўшы ружовы язык і паўпрыкрыўшы залатыя вочы. Я павольна перабіраў шэрую поўсць на ягонай спіне, пакуль Стаўры не падхапіўся, з трывогаю ўтаропіўшыся ў кропку на дарозе. Кропка хутка расла і стала вершнікам на белым кані.
Я колькі хвілін спадзяваўся, што яму хопіць розуму павярнуць да бяроз або да ракі. Чалавечыя сыны ведаюць, што Курганова Поле, ды ваколіца, ды Пушча — адвечна наша зямля, і нават падчас войнаў не суюцца сюды. Зараз быў дрыготкі няўстойлівы мір, калі мясцовыя валадары ў большасці распаўзліся па сваіх кутах і залізвалі раны.
Але ён не павярнуў.
Хлопчык не мог не ведаць, куды прыйшоў. Мы заўжды папярэджваем. Ставім ахоўныя знакі. Паабапал гэтай сцежкі ў густую траву ўторкнутыя два пачарнелыя ад часу кап'і з конскімі чарапамі на іх — пазнакі мяжы, уваходу ў наш край.
Так, ён выдатна ведаў, куды ішоў. Гэта было відавочна нават па тым, як ён спешыўся, як пайшоў, трымаючы руку на дзяржальні мяча.
Заўважыць мяне ён не мог: кожны камень тут спавіты моцнымі старажытнымі чарамі, якія, калі патрэбна, надзейна хаваюць ад смяротных вачэй.
Я нетаропка выпрастаўся. Стаўры глуха забурчаў, ашчэрыўшы вострыя белыя іклы, і хлопчык, пачуўшы звярыны рык, на імгненне прыпыніўся, пракаўтнуў камяк ў горле. Але рушыў наперад, паслізгваючыся і блытаючыся ў густых і высокіх травах. Тут, ля зачараваных камянёў, усё процістаяла яму: і зблытаныя травы, і зямля, што зрабілася склізкай ды гразкай, і нават паветра, што заўважна згусцілася над ім. Ён задыхаўся, выбіваўся з сіл, абліваўся потам, раз-пораз спатыкаўся, рызыкуючы паваліцца, але, сцяўшы зубы, упарта працягваў ісці. I гэтаксама ўпарта не заўважаў, што безнадзейна застаецца на месцы, не пасоўваецца наперад ані на крок. А можа, чары і тут адводзілі яму вочы.
— Стой, чалавечы сын, — сказаў я, спускаючыся трохі ніжэй па схіле кургана.
Хлопчык застыў, крута павярнуўся на мой голас — і нарэшце пабачыў. Змрочна звёў светлыя бровы і сціснуў дзяржальна так моцна, што ажно пабялелі пальцы.
Пахла ад яго так, як звычайна пахне ад людзей. Хлебам, потам, дарожным пылам. Ад тых,
што бачаць мяне збройным ды конным, яшчэ зазвычай паскудна нясе жахам.
Гэты таксама баяўся — і заганяў сваю боязь глыбока, намагаючыся аніяк не паказваць. Баяўся нават і не мяне, бо мой шалом-чэрап я, адпачываючы, зняў і пакінуў ля руннага каменя. Ён баяўся самога гэтага месца. Чуў, вядома, тое, што шэптам пераказваюць ля іхніх ачагоў з зыркім агнём.
Абрыўкі гэтых баек даводзілася чуць і мне, калі па княжым загадзе бываў між людзей. Маўляў, тут жывуць пачвары, што насылаюць хваробы і неўраджаі, крадуць немаўлят і падмяняюць чалавечых дзяцей сваімі агіднымі выпладкамі. А яшчэ мы нібыта хапаем падарожных на скрыжаваннях ды пераправах, калі тыя з'явяцца там у ліхую гадзіну, і забіваем, і п'ем кроў з ненастылых целаў.
Усе гэтыя показкі робяцца дужа зручнымі, калі той ці іншы князёк у чарговы раз вырашыць адбіць у нас нашыя ўладанні. Чалавечыя сыны кідаюць ачагі і ідуць на нас з сваім зыркім агнём і халодным жалезам. Мы адбіваемся -і яны адыходзяць, адступаюць, забываюць, каб пасля вярнуцца, нібы тыя хвалі. Нас, праўда, з часам становіцца ўсё меней, а людзей большае: чалавечыя жанчыны болей плодныя, a чалавечыя дзеці выспяваюць хутчэй за нашых.