Наш дом  Маргарыта Латышкевіч

Наш дом

Маргарыта Латышкевіч
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 355с.
Мінск 2018
58.55 МБ
— Якая кампазіцыя, га?..
— Хар-рошая,— дабрадушна пагаджаецца сусед, вусаты і тоўсты намеснік загадчыка ці загадчык намесніка. — Гродзенская, здаецца. Свіная.
Галачка падціскае вусны, абражаючыся адразу за ўсё мастацтва.
— Ды я пра колеры! — кажа.— Вунь там — аранжавы, тут — аранжавы.
— Э? — здзіўляецца намеснік загадчыка, і відэлец з надкушаным авалам свіной каўбасы застывае ля ягонага рота.
А нехта ўжо таропка шэпча ў намеснікава вуха:
— Гэта наша Галачка, яна ў нас... творчая.
На гэта намеснік гучна кажа «Хм!» і пачынае апавядаць, як і сам ён у семдзесят шостым годзе на школьным капусніку па-майстэрску брахаў і кукарэкаў за сцэнаю.
Noblesse oblige1, так што статус «творчай асобы» шмат чаго ад самой Галачкі вымагае. Звычайная супрацоўніца прыйдзе на працу у чым Бог пашле: зімою ў швэдры, летам у лёгкай сукенцы. Галачка ж зімою дубее ў mop­Tax, нацягнутых на танюткія калготы. Расчырванелыя ад холаду ногі ў нейлоне падаюцца падобнымі да сардэлек і, вядома, дужа цешаць позірк. Летам жа, па меры сіл кампенсуючы зімовы холад, Галачка ўзмоцнена пацее, закручаная ў некалькі слаёў плотнай тканіны.
Абы не як усе. Кепска, нязручна, ды — іначай.
Творчы макіяж — увогуле гаворка асобная. Штодня Галачка натхнёна сябе размалёўвае: сініць павекі, чарніць веі, крывавіць рот. Даходзіць да таго, што калегі, якія зазіраюць да яе ў кабінет, скаланаюцца ад нечаканасці, калі яна паварочваецца з «дабрыднем» на вуснах.
Прыгажосць — справа сама па сабе жудасная, а Галачцы да таго ж яе статус «творчай асобы» дае зялёнае святло на шматлікія модныя эксперыменты. Усе выбрыкі тлумачацца паблажліва:
1 Становішча абавязвае (фр.).
— Яна ж — творчая.
Падаецца, што нават калі Галачцы стукне аднаго дня пайсці забіваць людзей з дапамогаю дырэктарскага малахітавага прэс-пап'е, паблажлівыя калегі, ніколькі не здзівіўшыся, праблеюць тое самае:
— Творчая!
У начальства, якое штодня чуе пра творчасць Галачкі па сотні разоў, абуджаюцца мецэнатскія ноткі. I — часткова — свой уласны інтарэс: упрыгожыць чарговую справаздачу пункцікам пра які-небудзь дыплом ці, можа, грамату.
— Хай, значыцца, наш адцзел прадставіць. A што?
I Галачка, натуральна, прадстаўляе — на «Юбілейным творчым конкурсе Белдзяржзвышснабштобкабгалоўкама». I паперку, вядома ж, атрымлівае — разам з трыма астатнімі ўдзельнікамі, бо Белдзяржзвышснабштобкабгалоўкам дорыць шчасце ўсім і кожнаму, каб ніхто не пайшоў пакрыўджаным.
Паперка — гэта веха, гэта пералом. Гэта — Рубікон. Паперка змяшчаецца ў прыгожую рамачку і вешаецца на сцяну, а сама Галачка пачынае ўпэўнена казаць пра сябе:
— Я — прафесійны фатограф.
Чым часцей паўтараеш нешта, тым болей у гэта верыш. Галачка нават купляе сабе пра-
фесійны фотаапарат — бо сапраўдны мастак не можа ствараць абы-чым.
3 прычыны гэтай самай прафесійнасці ва ўтульным блогу Галачкі фотаздымкаў толькі большае. Спрэс старыя знаёмыя: абрэзаны, дзе толькі можна, сабачка, парасон, тыя самыя мужчынскія ногі. Часам дадаюцца гарадскія вуліцы ў нечаканых ракурсах, якім пазайздросцяць і Таркоўскі, і Спілберг. Але Галачку вабіць пошук і выклікі неспазнанага, таму з адносна нявінных вопытаў на ўласным сабаку яна пераходзіць да вопытаў на людзях.
Першымі ахвярамі бываюць родныя і блізкія. Таксама — калегі. Дзяцей апранаюць «міленька» і змушаюць гадзінамі пазіраваць, што, вядома, дзіцёнку любога ўзросту надзвычай падабаецца. Стрыечную бабцю фатаграфуюць знянацку і зверху, і таму на фота яна, з вырачанымі вачыма, з рэзкім калматым ценем пад носам, вусцішна падобная да гусарскага паручніка. На фота цёткі і дзядзькі на цётчыным плячы апынаецца нечая абрэзаная рука, якая стаецца прьгчынаю спачатку шэрага скандалаў ад дзядзькі, а пасля — нават і разводу.
— Тэхніка ўсё бачыць, чые там лапы ў цябе і дзе!
Вы думаеце, можа быць, што пра ўсё, апісанае вышэй, я заяўляю, так бы мовіць, схаластычна, без аніякай сувязі з жыццём?
Вось і не: адна такая Галачка нядаўна выказала жаданне дапамагчы мне з фотапартрэтам.
— Фотасесію магу,— абяцала яна, звузіўшы на мяне вочы. — Прафесійна. I бясплатна.
Апошнія дзве характарыстыкі амаль ніколі не спалучаюцца, якой бы паслугі ці тавару ні тычыліся. Таму, пры ўсёй сваёй сквапнасці, я не магла не насцярожыцца.
Галачка ж адчайна фантазіравала:
— Пойдзем, значыцца, на вуліцу. Возьмеш парасон, станеш як-небудзь бокам, а я цябе шчоўкну.
— А... калі без парасона? — наіўна пацікавілася я.
Галачка падціснула вусны.
— Ну, адразу б казала, што хочаш «ню».
I папярэдзіла самым строгім тонам:
— Улічы, што я ўсе лепшыя фоткі ў сябе ў блогу выкладваю. Тыя, каторыя «ню», магу, вядома, і не падпісваць, але...
— Якая ж ты ўсё-такі, — прагаварыла я змрочна.
— Якая? — Галачка прыўзняла бровы.
— Т-творчая.
...Іначай, мусіць, і не скажаш.
Раман з наёмнікам
— Вось, — не без гордасці сказаў Лёнька.
I пляснуў на стол тоўстую тэчку з кардону. Падскочылі шклянкі, меленька задрыжала аконнае шкло.
Чакаць ад яго можна было чаго заўгодна. За месяц нашага знаёмства ён паспеў распавесці пра сябе шмат цікавай, хоць і не надта патрэбнай інфармацыі. Напрыклад, што ў яго нібыта ёсць фамільны склеп пад Люблінам. Або што ў школьныя гады ён паспяхова займаўся адзінаборствамі і стаў бы, па словах ажно трох паважаных трэнераў, сусветным чэмпіёнам, калі б не траўма левага запясця. Каб давесці свае словы, Лёнька з размаху біў леваю — той самай — рукою ў сцяну.
— Бачыце, які ўдар, якая сіла?
А яшчэ ён замаўляе сабе простыя белыя футболкі на адным сакрэтным сайце коштам за сотню даляраў кожная.
—	Затое і носяцца яны па трыццаць гадоў, я правяраў.
Лёньку было дваццаць дзевяць, і простая арыфметыка абвяргала ягоныя словы наконт праверкі якасці, але ён быў вышэйшы за арыфметыку.
Апрача таго, ягоная стрыечная сястра, якая размаўляе на шасці мовах, выглядае як фотамадэль, жыве ў Бельгіі і вельмі любіць свайго браціка, называе яго Спартанцам.
Апошняе — заўважыўшы непаразуменне на тварах — Лёнька раздражнёна тлумачыў прысутным так:
— Ну, цар Леанід. Спартанец. I я — Леанід.
Прысутныя на гэта толькі моўчкі лупалі вачыма, і бледны, пухлы, з носам-бульбінай і круглымі акулярамі спартанскі цар тады дужа пакрыўдзіўся.
—	Вось,— паўтарыў Лёнька.
—	Ага,— крохкім голасам прагаварыла я.
I пад Лёнькавым настойлівым позіркам узяла тэчку ў рукі, узважыла. Тэчка была цяжкая, як зброя пралетарыята, і, мяркую, у крайнім выпадку магла б выкарыстоўвацца аналагічна. Як у крымінальных зводках звычайна пішуць — «цяжкі тупы прадмет».
На шэрай вокладцы тэчкі каліграфічнымі літарамі са шматлікімі росчыркамі значылася:
«Пакроўскі Леанід». Таксама адрас і тэлефоны. I год.
—	Гэта раман,— урачыста абвясціў Лёнька.
У мяне занылі зубы. Без аніякага звышнатуральнага чуцця зразумела было, да чаго ён вядзе. Занадта часта даводзілася чуць сакраментальнае: «Ты ж філолаг, пачытай і скажы, як табе мой вопус».
—	Вельмі, вельмі харошы раман,— выпаліла я паспешліва, адчайна спадзеючыся на гэтую сваю хітрасць.
Але Лёня не купіўся.
—	Дык ты зазірні ў тэчку, пачытай, ну. Тыж усё-такі філолаг.
Без асаблівай ахвоты я распусціла тасьму. I застыла, уражаная да глыбіні душы.
У тэчцы ляжалі сшытыя суровымі ніткамі тонкія лісты жаўтаватай газетнай паперы. На лістах з абодвух бакоў было чорна ад літар — друкаваных, на шчасце, але друкаваных такім дзівацкім шрыфтам, што мітусілася ў вачах.
—	Гэта раман,— патлумачыў Лёнька і сарамліва заружавеў, быццам дзяўчынка-падлетак.
—	Ага,— паўтарыла я.
Вока міжволі зачапілася за фразу:
Стомлены Анхелья са стомленай усмешкай на сваім твары сеу са стомай уздыхнуўшы каля сваёй уласнай сястры.
Лёнька, верагодна, непакоячыся за чытача (раптам не зразумее?), пастараўся як мага болып ярка вылучыць факт стомленасці галоўнага героя. Як і факты прыналежнасці гэтаму самаму герою ягонага твара і сястры. На фоне такога надзвычайнага клопату пра паразуменне з чытачом адсутнасць пары косак — гэта, вядома, дробязь.
— А... Анхелья? — у мяне прыўзнялося брыво.
Лёнька тут жа заззяў, быццам навюткі рубель.
— Арыгінальна, праўда? He збіта, так? He які-небудзь «Джон».
— Ага, — выціснула я ў трэці раз.
А Лёнька апавядаў — з захапленнем і жарсцю. Ён, бачыце, доўга ламаў галаву, як бы вывернуцца з імёнамі. Каб, значыцца, былі свежанькія, не асабліва зацяганыя. Ламаць галаву — гэта ўсе ведаюць — лепей за ўсё на канапе ля тэлевізара.
— А там — навіны! — радаваўся Лёнька, пабліскваючы акулярамі. — А ў навінах, разумееш, усё пра нейкую Анхелу, пра Анхелу, дык...
Я прыпыніла яго кароткім энергічным жэстам. Лёнька прыціх на хвіліну-другую, а пасля зноў завёў сваю шарманку:
— Увогуле, гэта ў мяне фантастыка тут. Фэнтэзі, ну. Толькі без усякай рознай прыдуркаватай магіі, разумееш?
— Фэнтэзі,— прамармытала я, спрабуючы змясціць у сабе гэтую ідэю.— I без магіі?..
Лёнька сцвярджальна затрос зарасцямі на галаве.
— Можа, раман пра Сярэднявечча? Гістарычны?
Мастака можа пакрыўдзіць кожны. I лёгка. Вось і Лёньку ў мяне атрымалася пакрыўдзіць зусім нявіннымі словамі.
— «Гістарычны»! — перадражніў ён сярдзіта. — Тут жа ў мяне іншая планета, не Зямля! Тут жа прынцэса! I ў іх меч! I наёмнік, карацей, яе ратуе, а пасля яна пачынае ў яго... гэта самае...
Ну?
— Закохвацца!
Тут Лёнька пабачыў выраз майго твару, успомніў, што ў руках у мяне досыць важкі прадмет, і прыціх. Я нетаропка прагартала рукапіс, міжвольна прыпыняючыся на асобных момантах.
«Наёмнікі не працуюць дзеля грошай» сказаў горды Анхелья граючы мускуламі сваёй бранзовай рукі.
Лес быў мёртвы. Усё жывое ў ім загінула. Дрэвы стаялі мёртвыя, птушкі злавесна маўчалі і нават мох быў сухі і мёртвы таксама як і ўсё.
«Ніколі я не буду тваёй падступны канцлер» горда ўскрыкнула прынцэса і злавесна-падступны канцлер злавесна заскрыгатаў зубамі і зарагатаў «Нават твой горды і адважны наёмнік цябе не ўратуе.
Ён прыціснуў яе да сябе сваімі бронзавымі поўнымі мускулаў рукамі і адчуў біццё свайго сэрца. «Гэта любоў» тут жа зразумеў Анхелья.
Горды наёмнік, які працуе не за грошы (відавочна, за аплату натураю), хадзіў па мёртвым лесе з мёртвымі дрэвамі і птушкамі, перыядычна трапляючы ў засады падступнага канцлера. Улічваючы, як часта падступны канцлер заліваўся здзеклівым рогатам, у мёртвым маўклівым лесе ягоныя засады павінна было чуваць здалёк. Але горды бронзавы Анхелья з шалёнай, упрост маніякальнай упартасцю працягваў трапляць у канцлеравы пасткі. Складвалася ўражанне, што яму самому гэта падабаецца.