Наш дом
Маргарыта Латышкевіч
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 355с.
Мінск 2018
Так што лепей, далібог, маўчыце.
Хаця б кухталёў не атрымаеце.
Інструкцыя для хворых
Надвор'е не радуе, у баку коле, голас здраджвае, рукі дрыжаць, а галава плавае ў тумане? Віншуем вас. Захварэлі.
Многія людзі хварэюць бессістэмна, па-аматарску, маючы пра гэты працэс досыць расплывістае ўяўленне. Вядома, такое безадказнае стаўленне не можа не адбівацца на якасці іхняй хваробы.
Нельга не прызнаць, што асобныя індывіды маюць прыроджаны талент да хвароб, атрымаўшы яго, так бы мовіць, з малаком маці. Большасць жа людзей праз усё жыццё набывае неабходныя веды цяжкім вопытным шляхам, губляючы на гэтым шляху час, нервы ды — эпізадьгчна — лаянку.
Мы не можам не цешыць сябе думкаю, што пасля прачытання нашай інструкцыі працэс хваробы для шырокіх мас болей не будзе загадкай. Хвароба, лёгка даступная кожнаму,— вось наша задача.
* * *
Найперш памятайце: захварэўшы, вы набываеце новы, асаблівы статус. У першую чаргу ва ўласных вачах, а тады ўжо — у вачах сваіх блізкіх. Тыя збіраюцца вакол вас, нахмурыўшы бровы ды падціснуўшы вусны. Спачуваюць. Стукаюць вас менавіта там, дзе баліць, цыкаюць. Спрабуюць падтрымліваць — на тое ж яны і свае, блізкія.
Падтрымка гэтая да пакутаў фізічных (якія цярпець можна) дадае духоўныя (невыносныя).
Блізкія кажуць:
— Пхе, падумаеш! Вось у нябожчыцы цёткі Валі такі быў боль, што па падлозе каталася і выла ажно. А ў цябе што? Пфуй! Так, лухта.
Хворыя людзі любяць пачуваць сваю выключнасць, як быццам аніхто да іх ніколі ні на што не хварэў, таму згадка пра звышнатуральную цётку Валю вас, натуральна, не радуе. Як, дарэчы, і перспектыва выць, катаючыся па падлозе.
— А вось,— уступае другі блізкі,— Вось я чытаў пра амерыканца, якому во гэтак жа кепска было. To хуценька ўзялі, выразалі яму — і паправіўся. Адразу. Н-ну. Лёгка.
— Што выразалі?
Блізкі паціскае плячыма і пазяхае ў кулак.
— Што-што. Ці то страўнік, ці то пячонку, бог яго ведае.
Вам, вядома, ані са страўнікам, ані з пячонкаю расставацца пакуль яшчэ не хочацца. Зрэшты, вы ж і тым, і другім досыць рэгулярна карыстаецеся.
— А ўвогуле, — вядзе сваю партыю трэці сваяк, — увогуле, сам вінаваты. Проста спортам займацца трэба, харчавацца хораша. Часнык там есці. Напрыклад. — I, падняўшы палец, вымаўляе пасля тэатральнай паўзы: — Дэзінфекцыя!
Доўгія і складаныя словы кшталту «дэзінфекцыя», «атыповая пнеўманія» ці «мікрацыркуляцыя» звычайна дабратворна дзейнічаюць на хворых: вочы адразу пачынаюць зліпацца, a сон, як вядома, найлепшы лек на свеце.
Але калі самастойна вылекавацца не атрымліваецца (гэта значыць не дзейнічаюць ані магічны тэрмометр, ані часныкавая дэзінфекцыя, ані загадкавыя — безназоўныя — таблеткі з аптэчкі на кухні), настойліва раім вам звярнуцца ў паліклініку.
Там усё зроблена для таго, каб вы, хворы і нягеглы, пра сваю хваробу забыліся. Прьгчым на ўваходзе, з парогу.
Першыя працэдуры можна прыняць адразу — у мясцовай рэгістратуры. Працуючы лакцямі, паспрабуйце прабіцца праз чаргу тых.
хто стаіць у акенца «Талончыкі», праз другую, больш агрэсіўную чаргу ў тое ж акенца і праз хвост да акна «Тэрапеўт на дом». Прабіваючыся, вы шмат новага і цікавага пачуеце пра сябе, прычым кожны з аратараў і дзёрзка, і радасна паспрабуе вызначыць ваш дыягназ. I пры гэтым, што асабліва прыемна,— абсалютна бясплатна.
Напіраючы жыватом на стойку адміністратара, вы з надзеяй глядзіце на суровую жанчыну пад надпісам «Выдача картак на рукі». Надзея, праўда, трохі згасае, калі ў вочы вам кідаецца друкаваная аб'ява «Карткі на рукі не даём».
— Мне б картку,— кажаце вы.
Называеце імя, прозвішча, адрас. Суровая жанчына імгненне, яўна сумняваючыся, пазірае на вас. Ці сапраўды гэта вы, або нейкі злачынца, які прагне здабыць картку іншага грамадзяніна? Пасля — з цяжкасцю, пераадольваючы ўнутранае супраціўленне — жанчына вам верыць. Знікае за шафамі. Тым часам вам на пяты наступае энергічная бабця, якой тэрмінова патрэбны лісток аналізаў, ці пахмурны маўклівы дзядзька ў капелюшы. Нішто так не цешыць і не грэе душу, як адчуванне дыхання незнаёмца на сваёй шыі.
Нарэшце суровая жанчына вяртаецца — без вашай амбулаторнай карткі і з адным толькі
цяжкім словам на тонкіх, падмаляваных арыстакратычным пурпурам вуснах:
— Няма.
— Як няма? — шчыра здзіўляецеся вы.
Жанчыну вашае недарэчнае здзіўленне абражае да глыбіні душы.
— Грамадзянін, не затрымліваем! — кажа яна.
Абуранае дыханне на вашай патыліцы робіцца нясцерпным. Трывайце годна і кажыце, па магчымасці, роўным голасам:
— Але ж мне на прыём!
Суровая жанчына зноў паглядзіць на вас недаверлівым, трохі нават дакорлівым позіркам. Так Мюлер з вядомага кінафільма глядзеў на Штырліца. Пасля з відавочнай неахвотаю падсоўвае пад шкло шэрую двайную паперку.
— Наце. I грамчэй, настойліва крычыць: — He затрымліваем!
Размяўшыся такім чынам і як след распарыўшыся, можна пераходзіць да асноўных практыкаванняў. Ускараскайцеся па лесвіцы на чацвёрты (лепей пяты) паверх і далучыцеся да дружнай кампаніі хворых пад дзвярыма патрэбнага кабінета. Людзі гэта спрэс сімпатычныя, але трапяткія, далікатныя, не схільныя да лішніх размоў настолькі, што нават банальнае пытанне «Хто ў чарзе крайні?» глыбока шакіруе
іх і прымушае надоўга задумацца. Гэта, аднак, зусім не значыць, што вы ім не падабаецеся: варта вам толькі прысесці на лаву ля сцяны, як да вас адразу ж даверліва, нават інтымна падсунуцца ды прыціснуцца. Калі трымаеце ў руках якія-небудзь цікавыя паперкі, кшталту ўласных аналізаў, сусед абавязкова праявіць самы жывы інтарэс, выцягне шыю і, павольна варушачы вуснамі, паспрабуе хоць штосьці там расчытаць.
Стаяць у чарзе, нават седзячы, — увогуле навука асобная, і зараз на ёй мы асабліва засяроджваць увагу не будзем. Варта толькі сказаць, што асноўныя задачы стаяння ў чарзе наступныя: па-першае, уласна, дастаяцца да аб'екта жаданняў; па-другое, натуральна, уперад сябе нікога не прапускаць (таму што іначай невыканальным становіцца пункт першы). Асабліва варта засцерагацца пацыентаў катэгорыі «Мне толькі спытаць» (МТС). Найлепшай тэхнікай абароны на сёння прызнана блакіраванне дзвярэй кабінета з дапамогаю адной —трох бабуль і агучванне магічнай формулы:
— Усім тут толькі спытаць!
Некаторыя даследчыкі вераць, што названую вышэй формулу лепей за ўсё скандзіраваць усёй чаргою. Мы ж прытрымліваемся традыцыйнага меркавання: дастатковым з'яўляецца
шматразовае паўтарэнне па меры перасоўвання сіл МТС да цэнтра абароны.
Дапамагае таксама барыкада з канапак або фікусаў непасрэдна перад кабінетам, аднак у гэтым выпадку прапускная здольнасць дзвярэй значна зніжаецца. Апошняе некалькі нервуе медыкаў, замкнутых у кабінеце.
Але вось — вы мужна нікога не прапусцілі і паспяхова дастаяліся. Будзьце маральна гатовы да таго, што ў кабінеце доктара ваш статус хворага, які раней успрымаўся вамі як нешта належнае і неад'емнае, раптам апынецца пад сумневам.
— Тэ-эк,— кажа доктар, звузіўшы вочы, і падступна задае пытанне, якога вы, звыклы да сваёй новай ролі, чакаць ніяк не можаце: — Э... Хварэеце, значыць? Праўда?
Глядзіць ён прыблізна гэтаксама, як тая жалезная лэдзі з рэгістратуры, — з вялізарным недаверам.
Вы паціскаеце плячыма. Вы ўжо і самі не ўпэўнены.
— Кхм,— доктар звяртае ўвагу на шэрую двайную паперку, намёртва заціснутую ў вашай руцэ. — А... э... картка ваша?
— Няма,— ціха адказваеце вы, адчуваючы перад сабою раскрытую пашчу бездані.
— Ну-у,— цягне доктар,— А... э... аналізы? Э... напраўленне? Флюараграфія?
— Няма,— тупа паўтараеце вы.
«Флюара-як-там-яе» навявае на вас цяжкое трызненне.
— Я... э... кансультацый не даю,— заўважае доктар. — Я... э... увогуле не магу ў вашым... э... выпадку даць заключэнне.
Вы толькі лупаеце вачыма і, цяжка ўздыхаючы, аціраеце пот. Белы халат, белая столь, белыя паперкі на стале так і плывуць у вас перад вачыма. Нябожчыца цётка Валя, ледзь не зачапіўшы вас плечуком, бязгучна праходзіць праз кабінет, адчыняе дзверы і аглушальна крычыць у калідор:
— He затрымліваем!
— А што гэта вы... э... успацелі? — шчыра дзівіцца доктар.— Э! Э! He падаць! Грамадзянін! Падаць тут... э... нельга! Э!
* * *
Ну і, нарэшце, запомніце адно-адзінае простае правіла з гэтай інструкцыі, якое не толькі прыдасца вам, але і, верагодна, аднойчы выратуе жыццё.
Правіла: не хварэйце.
Рыторыку ў масы
Прыкладна ва ўзросце аднаго-двух гадоў кожны з нас пачынае гаварыць. Гэтыя першыя словы карыстаюцца надзвычайнай увагай у нашых блізкіх: яны з радасцю падхопліваюць і «агу», і «вава», і «бобо», і таму падобныя выказванні, не пазбаўленыя пэўнай абаяльнасці, але і не асабліва напоўненыя сэнсам.
— Разумнік ты наш!
3 цягам часу ўвагі і замілавання да таго, што кажам, мы атрымліваем усё меней. Тыя самыя бацькі, што яшчэ гадоў пяць таму так радаваліся кожнаму слову, зараз усё часцей паўтараюць:
— He перашкаджай!
— Цішэй!
— Памаўчы!
Мы сталеем, вучымся ў школе, ва ўніверсітэце, ідзём працаваць, несучы на падкорцы ўсе гэтыя «памаўчы». He дзіва, што гаварэнне перад аўдыторыяй (нават калі той аўдыторыі
ўсяго паўтара чалавекі) становіцца праблемаю для многіх і многіх грамадзян. Яны, вядома, могуць пракручваць патрэбныя словы ў галаве, сяк-так стасавацца з адным субяседнікам, аднак гаварэнне як высокае мастацтва ддя іх, як ні сумна,— недасяжнае.
Але выйсце ёсць. I не трэба нават напіхваць у рот каменьчыкаў, як некаторыя Дэмасфены, або лезці ў бочкі, як іншыя старажытнагрэчаскія дзівакі. Усё, што вам трэба,— гэта запомніць некалькі простых схем, якія варта ўзяць на ўзбраенне ў паўсядзённым жыцці.
Як вядома, гаварыць даросламу чалавеку даводзіцца ў самых розных сітуацыях і з самых розных нагодаў. Падавалася б, так складана, так невыносна цяжка. Але насамрэч усе гэтыя сітуацыі можна звесці ўсяго да трох тыпаў. Па-першае, гаварэнне за сталом, у тым ліку — непасрэдна падчас застолля. Па-другое, гаварэнне з трыбуны. I, па-трэцяе, гаварэнне без стала і без трыбуны, так сказаць, у натуральным сваім выглядзе.
Існуюць таксама і вытворныя: гаварэнне са святочнай трыбуны з бакалам у руцэ, гаварэнне з-пад стала і з-за трыбуны. Але звяртаць асаблівай увагі на такія крайнія выпадкі мы тут не будзем: дастаткова авалодаць асноўнымі навыкамі гаварэння ў тыповых сітуацыях.