Наш дом  Маргарыта Латышкевіч

Наш дом

Маргарыта Латышкевіч
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 355с.
Мінск 2018
58.55 МБ
Радыё голасна скардзілася на адзіноту, сталы дружна падпявалі.
Аня не скардзілася. Сядзела, падціснуўшы бледныя вусны, над бланкамі і формамі з нечытэльнымі назвамі, старанна вадзіла пальчыкам па бясконцых лічбах. Папраўляла на кірпатым носе круглыя акуляры, звяралася з тоўстым даведнікам.
Уся была нязграбная, недарэчная, вечна прастуджаная, з шэранькімі валасамі тырчком і да смешнага круглым цельцам на худых ножках. Надзявала паўзверх кашулькі пярэстую камізэльку, цьмяныя валасы прыбірала ў тонкі хвосцік. Глядзела на жыццё праз тоўстыя лінзы здзіўлена і як бы зараней расчаравана. Вуглы роту панура імкнуліся долу, незалежна ад падзей у свеце, што трымаўся на пяці сталах.
— Сіняя панчоха,— за вочы казала пра Аню Валянціна Пятроўна.
Казала аўтарытэтна, тонам сапраўднага эксперта. Зрэшты, і мела на гэта права, маючы за плячыма чатыры афіцыйныя шлюбы і тры з паловай «так».
Астатнія сталы з Валянцінай Пятроўнаю пагаджаліся. Аня і сама пагаджалася: цяжка спрачацца з рэчаіснасцю. Але і, не спрачаючыся, крыўдзілася — на Валянціну Пятроўну і на рэчаіснасць.
Нешматлікія калегі мужчынскага полу глядзелі як бы скрозь яе, не затрымліваючы позіркаў. У размове, калі з нейкай прычыны і згадвалі, казалі няпэўна, неакрэслена, расплывіста:
— Ну тая... у акулярах. Кабінет яшчэ на трэцім паверсе.
He, дыягназ самой Валянціны Пятроўны ўпрост не мог быць няправільным.
I тут — такое. Ані, смешнай, недарэчнай, нязграбнай, тэлефануе ў абед нейкі пастаўлены мужчынскі голас.
Нонсэнс. Скандал.
— Самае галоўнае, — са смакам расказвала Валянціна Пятроўна, актыўна жэстыкулюючы, — самае галоўнае, спытаў, калі можна застаць. Разумееце? Я яму — няма, на абедзе. А ён — a калі, значыцца, можна застаць. Падумайце!
Сталы ахалі. Чырвоная Аня сядзела, нізка нахіліўшыся над паперамі, глядзела на
лічбы невідушчымі вачыма. Дрыжала ўся, да рэшты — пальцамі, вуснамі, вейкамі, плячыма.
Думала, як думаюць людзі, калі пасля доўгага шляху апынаюцца на вяршыні: стомлена, разняволена, бязладна і — адразу пра ўсё.
Мужчына. Званіў. Прасіў яе, хацеў яе пачуць. Перапытаў, калі вернецца з абеду. Значыць — будзе яшчэ званіць. Значыць — усё яшчэ хоча яе пачуць.
Ад гэтых думак сэрца замірала. Любімыя раманы быццам пераліваліся з мяккіх вокладак з самлелымі прыгажунямі ў Аніна жыццё. Мужчына пабачыў яе — мо ў метро, мо ў краме, мо на вуліцы. I, пабачыўшы, адчуў нешта. I гэтае «нешта» за Анечкай яго пагнала, і гэтае «нешта» яму дапамагло Анечку знайсці.
Сэрца пад пярэстай камізэлькай замірала ад салодкага жаху, а бледныя пальцы пад сталом мацней і мацней сціскалі зацяганы бібліятэчны томік.
Мужчына! Званіў!..
Сталы патроху ўліваліся ў працоўны рытм: хтосьці гартаў часопіс з модамі і плёткамі, хтосьці з імпэтам падпільваў пазногці. Валянціна Пятроўна з Дар'яй Сямёнаўнай, адчыніўшы фортку, дружна адорвалі паўжывы фікус конскімі дозамі нікаціну.
I тады, у самы разгар працы, вінтом укручваючыся ў шоргат глянцавай паперы, у траск
лямпаў пад столлю, у пракуранае паветра кабінета, віскліва і патрабавальна зазваніў тэлефон.
Валянціна Пятроўна і Анечка стартавалі адначасова, але на фінішнай прамой абазнаная сталасць перамагла, хай сабе і не дужа спартыўнымі прыёмамі. Спавітыя золатам пальцы Валянціны Пятроўны леглі на слухаўку і паднеслі яе да штучнай перліны ў завушніцы, а ярка-ружовыя вусны выціснулі гугнявае:
— Трыста сёмая слухае.
Пяць сталоў замерлі ў чаканні. Валянціна Пятроўна, слухаючы кагось, крыва ўсміхнулася і працягнула слухаўку Ані. Тая ўзяла пластыкавую трубку нясмела, з заміраннем сэрца. Прагаварыла, часта лупаючы вачыма:
— Алё?..
— Ганна Сямёнаўна? — спыталі ў яе прыемным барытонам. — Ганна Сямёнаўна Васкевіч? Ленінская, пяцьдзясят, кватэра тры?
— Так,— віскнула Аня.
Трохі дзіўным было, што ён, незнаёмы, новы, ужо ведае яе дамашні адрас, але гэта ўсё, напэўна, ад сілы жарсці, што яго так нечакана ахапіла.
«Я твая,— пела ўсё ў Анінай душы. — Уся, уся. На Ленінскай ці на Савецкай, у трэцяй ці ў трыццаць трэцяй кватэры».
Але гэтага Анечка не агучыла, бо барытон, заўважна спяшаючыся, казаў далей:
— 3 ЖЭКа вас турбуюць. Вы на заўтра ў пад'езд электрыка выклікалі? Пакуль ёсць вокны на восем і на трынаццаць.
Аня моўчкі глядзела на пяць сталоў, якія знемагаліся ад самых разнастайных здагадак і марна спрабавалі рабіць выгляд, што не падслухоўваюць.
— Тады ў восем, — цвёрда сказала Аня ў слухаўку, свідруючы позіркам Валянціну Пятроўну, і крохкім голасам дадала — праўда, толькі пасля таго, як пачула кароткія гудкі: — Так, так. I я цябе. Цалую, цалую.
Сталы ахнулі, і нават Валянціна Пятроўна, маналітная, непарушная, змянілася з твару.
А Анечка, расправіўшы плечы і ўскінуўшы галаву, недасяжная, прайшла да свайго стала. I цяжка села, быццам паставіла кропку.
I, ні да каго асабіста не звяртаючыся, але голасна і выразна прамовіла, няўважна кіўнуўшы на сіненькі тэлефон на сцяне ля ўвахода:
Мой мужчына.
Кайданы Гіменея
3 год ад Тасіка не было ані званкоў, ані лістоў, і таму стасункі з ім у Бруцкага заставаліся самымі прыязнымі, па прынцыпе «Чым меней кантактаў, тым лепш адносіны».
Як вядома, гэтае няхітрае правіла спрацоўвае амаль на ўсіх роднасных сувязях. Асабліва на тых, калі абодва не дужа ўпэўненыя: ці то ягоная маці даводзіцца вам стрыечнай цёткай, ці то муж ягонай сястры — пляменнік вашай бабулі. Бруцкі нюансы свайго сваяцтва з Тасікам уяўляў дужа смутна, хоць сам Тасік, пухлы, слязлівы і заўсёды нечым захоплены да прыступаў удушша, і меў непрыемную манеру называць Бруцкага «брацікам».
Прыязні, праўда, паменшала, калі адным душным чэрвеньскім вечарам радасны Тасік патэлефанаваў свайму «браціку», каб у сціслай саракахвіліннай прамове паведаміць: ажаніўся. Прычым, як кожны бязмерна шчаслівы
чалавек, Тасік абавязкова хацеў падзяліцца сваім шчасцем, і проста выслухаць сагу пра выключную ва ўсіх адносінах Люду было недастаткова. Тасік жадаў Люду прадэманстраваць — вывесці на шворцы перад журы, прымусіць скочыць цераз кольцы і даць лапку за драбочак цукру.
3 гэтай прычыны Тасік нязмушана запрасіў сам сябе ў госці да Бруцкага, вядома, разам з Людай, і весела развітаўся.
Бруцкі, нахмурыўшыся, слухаў кароткія гудкі ў слухаўцы і напружана спрабаваў знайсці назаўтра нейкую неадкладную справу. Справа на другім тыдні адпачынку ўпарта не знаходзілася, таму спаў Бруцкі дужа кепска, часта прачынаўся, ішоў на кухню піць ваду.
«З'еду з самай раніцы, і сам чорт мне не брат!» — змрочна думаў Бруцкі, ікаючы. Ад адной думкі пра чорта Тасіка пакутліва ламіла зубы. Сон, гэты адвечны суцяшальнік усіх няшчасных і хворых душою, злітаваўся над ім і даў, нарэшце, спачын. Бруцкі спаў як бервяно і не сніў нічога.
Абудзіў яго званок у дзверы. Бруцкі падскочыў — калматы, з заспанымі вачыма, з пусткаю ў галаве. Пазяхаючы, пайшоў адчыняць, нават не зірнуўшы ў вочка. Адчыніўшы, павольна адступіў у кватэру. У горле ў яго ссохла, і бліскавічна пранеслася думка: ці не дурны сон?..
Тасік, цалкам рэальны і, як звычайна, слязлівы і пухлы, стаяў перад ім чыста паголены, у строгім чорным строі, з шырокім жоўтым гальштукам, які аніяк не хацеў спакойна легчы і стаяў тырчком.
— Брацік! — расчулена крыкнуў Тасік, патыхаючы некалькімі літрамі адэкалону, і раскрыў абдымкі.
Бруцкі баязліва зірнуў за госця, але болей на лесвічнай пляцоўцы нікога не было.
— У цырульню пайшла, — патлумачыў госць, зразумеўшы насцярожаны позірк без слоў.
I тут жа пачаў шматслоўна апавядаць, якая прычоска ў Люды была раней, якую яна робіць звычайна, калі ходзіць у госці, і якую вырашыла зрабіць зараз.
— Такая яна ў мяне,— Тасік замілавана ўздыхнуў.
За гэтыя дваццаць хвілін, калі ён, не прыпыняючыся, гаварыў, яны з Бруцкім паспелі зайсці ў пакой, прычым далікатны Тасік, перш чым усесці на раскладзеную канапу, вуглом падвярнуў прасціну.
— Значыць, жаніўся,— сказаў Бруцкі, проста каб сказаць хоць што-небудзь, пакуль улазіў у джынсы.
Джынсы былі да ўтульнасці зацяганыя, змятыя, з неахайнымі махрамі на калашынах
і на фоне навюткага Тасікава строя глядзеліся ледзь не лахманамі. «Хай бачыць, што ніякіх гасцей я не чакаў», — помсліва думаў Бруцкі і з ярасцю часаў зарослую шчаку.
— Жаніўся, значыць, — рэхам адазваўся Тасік, кашлянуў і шумна пацягнуў носам. — Людачка мая — яна, ведаеш, якая?
— Якая? — кісла спытаў Бруцкі, блытаючыся ў кашулі, таксама не асабліва свежай.
Тасік, рамантычна ўздыхаючы, завёў вочы на столь.
— Така-а-ая,— адказаў нараспеў.— 3 ёю, брат, так: тое, тое і тое, без усякіх там. Сёння вось з раніцы мэблю глядзелі, ложак там, столік туалетны. Тады посуд: Люда любіць, каб посуд быў якасны і каб без, значыцца, малюнкаў.
Тасік скасіў вочы ўніз і, крывячы рот, зрабіў некалькі бездапаможных спроб вярнуць гальштук на належнае месца. Але ўпарты прадмет туалета вытыркаў па-ранейшаму, перамагаючы гравітацыю і здаровы сэнс.
— Гальштукаў мне купіла,— сказаў Тасік, кінуўшы свае намаганні. — Бач, які? Яркі, праўда?
Бруцкі паківаў. Гальштук сапраўды быў яркі — настолькі, што сляпіў вочы. Адвядзеш позірк — а перад вачыма ўсё яшчэ скачуць кіслотныя колы.
— А касцюм! — голасна захапляўся Тасік далей. — Бачыш, які касцюм? Яна выбірала, сама. Уласнымі ручкамі.
— Бачу,— пакарыўся Бруцкі. — Сапраўды, касцюм. У палосачку, здаецца.
— У палосачку, брат,— Тасік падскочыў, быццам мячык, пакруціўся, як мадэль на подыуме, што трохі не вязалася з ягонымі габарытамі.— Бачыш, які крой? Вузкавата месцамі, праўда, і ў паху рэжа, затое выгляд прыстойны.
— Вядома,— пагадзіўся Бруцкі. — I выгляд.
Тасік уздыхнуў і пакруціў ззяйкі гузік на пінжаку. Паглядзеў на гадзіннік на руцэ, наморшчыў лоб, робячы нейкія патаемныя разлікі. Пасля зірнуў спадылба на Бруцкага, пажаваў вусны.
— А што, — запытаў Тасік нясмела. — У вас тут... кавярня на першым паверсе яшчэ... маецца?
Бруцкі падняў бровы.
— Хадзем вып'ем,— мовіў Тасік. I пасля паўзы змушана дадаў, зноў пакруціўшы гузік: — ...гарбаты. Люда мяне зараз увесь час поіць зялёнай гарбатай. Вельмі хораша для здароўя. Вельмі.
У кавярні, аддзеленай ад прадуктовай крамы сімвалічнай перагародкай, было пуставата. Трое заўзятараў (усе — з характэрным трэмарам
рук) голасна абмяркоўвалі праблему глабальнага пацяплення. Час ад часу хтосьці з заўзятараў, зладзеявата страляючы вачыма, нагінаўся пад стол, храбусцеў пластыкавым пакетам — і, прыкрываючы рот тыльным бокам далоні, таропка вяртаўся да таварышаў. Дыскусія пасля гэтага накалялася, нягледзячы на некаторую бязладнасць маўлення.