Наш дом  Маргарыта Латышкевіч

Наш дом

Маргарыта Латышкевіч
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 355с.
Мінск 2018
58.55 МБ
Праблема, не зусім відавочная спачатку, стала вострай, калі мы, сяк-так стаўшы на канькі, хацелі ісці катацца.
Праблема была ў лавачцы, якая глядзела ў бок вуліцы, а не катка, і ў агромністых, ледзь не да пояса, абледзянелых сумётах, якія
абкружалі ледзяную пляцоўку. Адбывалася класічная сітуацыя «лісіца і вінаград», толькі ў зімовых дэкарацыях.
Мы, пакрэхтваючы, нерашуча тупалі вакол лавачкі. Чырванашчокі Гамлет саркастычна назіраў за намі хвілін пяць, пасля знік за сваім кіёскам і вярнуўся ў суправаджэнні сябрука — такога ж круглага і чырвонага, толькі з профілем рымскага імператара.
Сямёнава, крывячы вусны, змерыла нашых гледачоў поўным нянавісці позіркам, а пасля рашуча ўзяла разбег і пачала караскацца на сумёт. Імператар і Гамлет падбадзёрвалі яе гучнымі воклічамі.
— Канькі — гэта спорт! — прыгаворвала Сямёнава. — Спорт — гэтажыццё! Жыццё — гэта...
Тут выявілася, што жыццё — гэта яшчэ і боль, паколькі Сямёнава не ўтрымалася на самым версе сумёта і з'ехала назад, добра прыклаўшыся спінаю. Парачка школьніц, вырачыўшы на нас вочы, прайшла побач, асцярожна перастаўляючы тонкімі ножкамі ў цяжкіх каньках.
— А! — толькі і сказалі мы, калі школьніцы спакойна выйшлі на лёд праз спецыяльна расчышчаную сцежку ў сумёце.
Сямёнава, пакрахтаўшы, паднялася на ногі і, пакуль мы дружна абтрасалі з яе курткі снег, патлумачыла нам, што гэты праход — для дзяцей і аматараў. Спецыяльна. I нам, вядома.
там прайсці можна, паколькі мы зусім неспрактыкаваныя і неспартыўныя. Яна, Сямёнава, нас нават правядзе, каб не было непрыемных нечаканасцей.
Нечаканасцей і праўда не было. Таму што лёд быў якраз чаканасцю, але — нечакана — не зусім такой, як уяўлялася напачатку. Мы хадою пінгвінаў патроху перасоўваліся туды і сюды, усё глядзелі на сіняваты лёд, на серабрыстыя бурбалкі паветра пад ягонай паверхняй і мімаволі падлічвалі, ці доўга дабірацца да самага блізкага траўмапункта. Вынікі гэтых падлікаў не абнадзейвалі.
Сямёнава, як сапраўдны сябар, нас не кідала, нягледзячы на свой незвычайны талент фігурысткі. Заставалася побач і, мусіць, каб не прымушаць нас саромецца ўласнай нязграбнасці, кацілася такім самым няўклюдным пінгвінам.
Праз пятнаццаць хвілін з нашай павольнай пінгвінскай кампаніі не засталося нікога, хто не выглядаў бы сапраўды спартыўна. На каго з нас ні зірні — абавязкова пабачыш расчырванелы ад высілкаў наморшчаны твар, і прыкушаныя вусны, і ў вачах — пакуту і нявыказанае пытанне: «За што?!»
Выратавала ўсіх, як заўсёды, Сямёнава. Як выявілася, тоўсты нахабнік Гамлет выдаў ёй нейкія няправільныя канькі з вельмі слабай
шнуроўкай. Апошняя падступна распусцілася. Сама сабою.
— Немагчыма ж так катацца! — выказала свой вердыкт сярдзітая Сямёнава і меленькімі крокамі папаўзла да выхаду. Мы, не згаворваючыся, пацягнуліся за ёй.
— Вядома, калі канькі няправільныя...
— Во я й думаю — чаго гэта не магу катацца? А гэта во што.
— Ну і сервіс у іх тут! Шнуроўкі слабыя, ты паглядзі.
Скінуўшы праклятыя няправільныя канькі, кульгаючы і вохкаючы, ледзь дайшлі да кавярні. Пілі каву, елі пірагі, і кексы, і збітыя вяршкі. Падумалі — і замовілі піцу.
— Пасля фізічных практыкаванняў заўжды хочацца есці,— аўтарытэтна, хоць і не дужа разборліва казала Сямёнава. — Гэта норма.
Мы маўчалі, паколькі роты былі набітыя, але дружна хіталі галовамі. Што ж зробіш, калі арганізм патрабуе? На адным марозным паветры не пражывеш.
Калі ўзважваліся на другі дзень, вачам сваім не паверылі. Ледзь не плакалі ад расчаравання. Набралі кожная па два, па два з паловай кіло. Сямёнава, як чалавек усебакова адораны, і тут вылучылася:
— Уявіце сабе, пяць!
А ўсе кажуць «спорт», «спорт».
Год Свінні
Мы можам ледзьве трываць прысутнасць іншых людзей побач цэлы год, пераплёўвацца атрутаю з блізкімі і дальнімі сваякамі, адвешваць поўхі дзецям, ціха ненавідзець калег і начальства. Але надыходзіць той самы светлы, поўны дабрыні і выбачэння час, калі жыццё сходзіць са сваіх звыклых каляін, і нечакана ўсім тым, хто страшэнна беснаваў, трэба дарыць падарункі, падпісваць карткі і зьгчыць шчасця і дабрабыту.
I дорым. I падпісваем. I зьгчым. Шчыра. Ну, амаль што.
— А вось гэтую свінню мы падорым Мікалаю Аляксандравічу.
— Чаму гэта?
— А ты паглядзі на яе, асабліва ў профіль. Падобная ж.
I Мікалаю Аляксандравічу пад ёлку падкладваюць свінню.
Каб яшчэ болей схіліць да дабрыні ды святла, амаль у кожнай краме ўжо з канца восені аб'яўляюць «навагоднія» зніжкі. Людзі, шалеючы ад кідкіх аб'яў, ірвуцца наперад, штурмуюць дзверы. Такі самы натоўп, толькі нагружаны скруткамі і пакункамі, намагаецца выйсці. Атрымліваецца і ў першых, і ў другіх не адразу.
У чэргах знерваваныя пакупнікі змрочна дыхаюць адзін аднаму ў патыліцу, прыціскаюцца інтымна, расстаўляюць локці. Каб, барані бог, не ўціснуўся хто, не пралез. На любы рух у бок касы рэагуюць адразу ж.
— Жэншчына, вас тут не стаяла!
— Жанчына, вы куды гэта?!
— Тут чарга, каб вы ведалі!
— Я ведаю. Я — касір.
Дзяцей, старанна захутаных у цёплае, цягнуць па лесвіцах. Дзеці, распараныя і млявыя, голасна равуць. Гэта ім для школьных ранішнікаў ды вечарын выбіраюць касцюмы. Пасля дробныя васьмігадовыя лялькі ў касцюмах сняжынак, якія вытыркаюцца з-пад зімовых куртачак, трасуць агромністымі белымі бантамі і, крывячы рот, тонам эксперта пытаюцца:
— А дыскатэка там будзе?..
Падарункі малым купляюць, вядома, без іх. I зусім не таму, што іначай сюрпрыз сапсуецца.
Проста вывесці дзіцёнка, аглушанага святочнай атмасферай, з царства яркіх цацак без значных маральных і грашовых страт немагчыма.
Часта ў дзіцячых аддзелах вялікіх крамаў можна пабачыць сталых мужчын з сумнымі тварамі святых пакутнікаў. Пакутнікі доўга і бессістэмна блукаюць сярод стэлажоў з цацкамі, цяжка ўздыхаюць. Задуменна ўзважваючы на руцэ пластыкавы аўтамацік ці пупса, дастаюць тэлефоны і драматычным шэптам (які добра чуваць па ўсім адцзеле) кажуць у слухаўку:
— Тань, ну што браць, ну?
Штогод — і таксама, здаецца, увосень — усе дружна і на поўным сур'ёзе высвятляюць, што кажа кітайскі каляндар адносна наступнага года. Астролагі ў газетах і часопісах, на сайтах і тэлебачанні радасна і вельмі пераканаўча расказваюць, што сінія свінні любяць, каб на стале ў навагоднюю ноч былі стравы з жалудоў. Абавязкова са спасылкай на філосафа-кулінара Веляміра Лебедзева, які распрацаваў жалудовую дыету, што дапамагае ад усіх хвароб, і памёр ва ўзросце ста пятнаццаці гадоў праз непрыемны інцыдэнт з дзікім кабанчыкам.
I хіба тут можна спрачацца ды пярэчыць? Астролагі, вядома, лепей за сярэднестатыстычнага грамадзяніна разбіраюцца ў свіннях і іхніх дыетах.
— Знаёмая рабіла жалудовую маску на твар.
— I што?
— Ружовенькая стала, як...
Як?
— Як... немаўлятка!
Як толькі «гадавая» жывёліна вызначана, крамы непазбежна запаўняюцца яе падабенствамі. Скажам, тымі ж свіннямі. Любымі — з дрэва, з гліны, з металу, з каляровага шкла, з пластыку. Свіныя рыльцы глядзяць з календароў, з паштовых картак. Свінням святочныя чырвоныя шапачкі дамалёўваюць, свінням макіяж наносяць: доўгія чорныя вейкі, цені на павеках. Зірнеш на такога «ачалавечанага» парсюка — і жудасна робіцца, і катлета ў горла не лезе.
Людзі, праўда, купляюць. Калі не сабе, то, значыцца, у падарунак. Праўда, калі на такіх вось свіннях яшчэ можна выехаць у выпадку з калегамі і знаёмымі (ды і хоць бы танна), то сябры ды сваякі, на жаль, патрабуюць асобнай увагі.
— Што бабулі падорым?
— Вунь па зніжцы набор пернікаў.
— У яе ж зубоў два ці тры толькі засталося.
— Тым лепей. Значыць, паляжаць, пакуль ізноў не прыедзем.
Увогуле, вяршыня досціпу — падарыць штось не без значэння. He без прыхаванага з'едлі-
вага пакеплівання. Падкласці дробачку звыклай атруты, a то ад сезоннай, змушанай добразычлівасці ажно ў роце ссохла. Абстынентны сіндром, так бы мовіць.
— А дзядзі Пеці з сям'ёй падарунак не купляй, усё роўна не прыедуць. Я ім картку даслаў.
— Са свіннёй хоць?
— Там чатыры свінні. Большая — дзядзя Пеця, тады цёця Галя, а парсючкі — Уладзік і Валерык.
Стрыечнаму брату, якога муштруе жонка-вегетарыянка, падорым каляровую кніжку «Трыста мясных страў».
— Ты ж так любіш шашлыкі, Санечка.
Пляменніцы, якая ў свае трыццаць пяць аніяк не выйдзе замуж,— сімпатычны набор панчошак. Сініх. Дзядзьку, які доўга і без асаблівага поспеху лечыць залежнасць ад алкаголю,— каньяк.
— Калекцыйная, бач ты, бутэлька.
Гэта значыць — завалялася ў шафе і страціла частку этыкеткі.
Сястры Каці ўрачыста ўсунем набор посуду, што ўжо гадоў трыццаць пераходзіць ад аднаго сямейніка да другога і так нікім і не быў распакаваны. Кацінаму мужу-алергіку — мужчынскі парфум, ад якога пачынае чхаць нават кот.
I кожнаму пад елачку — па свінні. Каб нікому крыудна не было.
Шампанскае шыпіць, куранты б'юць, гірлянды таямніча пабліскваюць.
— Як добра, што мы тут усёй сям'ёй...
За традыцыйным аліуе ды сялёдкай у бурачковым футры усе сядзяць, з замілаваннем гледзячы на халадзец. Так і сустракаюць чарговы год. Падарункамі абменьваюцца, выкрыкваюць тосты. I любяць адзін аднаго, любяць. Амаль што.
Пасля, калі аліуе канчаткова з'едзены, а ад шампанскага лёгкім успамінам засталася пякотка, дабрадушны святочны настрой патроху пакідае, так што можна ўздыхнуць свабодна.
— He, ну ты паглядзі. Падарылі, паскуднікі, попельніцу ў форме пантофліка жаночага.
— Ну-у-у? Ды як яны...
— Паківаюць, бачыш ты, што я ў цябе пад абцасам!
— Паскуднікі! Гадаўцы! А яшчэ сваякі!
— Твае сваякі!
I вялікая, светлая, усёабдымная любоў аціхае. Да наступных свят.
Латарэя
Жылі яны ўдваіх у маленькай аднапакаёўцы — Андрэй Сямёнавіч і ягоная жонка. Жылі, як усе — гэта значыць, не лепш за іншых. Напэўна, і не горш.
Андрэй Сямёнавіч, вечарам вяртаючыся з працы, еў боршч, а пасля хаваўся ад жонкі за штотыднёвікам з красвордам і судоку. Жонка, заўсёды ў тым самым пярэстым халаціку, не міргаючы, узіралася ў тэлевізар падведзенымі з самага ранку вачыма.
У тэлевізары людзі смяяліся, гаварылі, і так прывабна мільгацела рэклама. Тут — маўчалі. Маўчанне лучыла гэтых дваіх нябачнаю ніткай, паядноўвала лепей, чым самая вострая інтэлектуальная размова. Уздыхалі сінхронна, звыкла. I жыццё прамінала таксама па звычцы — у завучаным рытме, у адзіным тэмпе.