Наш дом  Маргарыта Латышкевіч

Наш дом

Маргарыта Латышкевіч
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 355с.
Мінск 2018
58.55 МБ
У такім самым аднойчы зададзеным тэмпе — раз на месяц — жонка нязменна распачынала
скандал. Нязмушана, быццам праводзіла запалкаю па каробачцы, кідала ў мужа рэзкай фразай, заўсёды адной і той жа. Муж распальваўся адразу, успыхваў, крычаў, тупаў нагамі, наступаючы на жонку, размахваючы рукамі, быццам хацеў ухапіць за халацік. Жонка хавалася ў кухні і голасна выкрыквала абразы ўжо адтуль.
Яны ведалі адзін аднаго досыць даўно, a таму былі ў курсе, дзе баліць, дзе ўсё яшчэ смыляць душэўныя раны. I не шкадавалі солі. I абыякава наракалі адзін на аднаго — быццам і без асаблівай ахвоты, а па абрыдлай звычцы. «Каб усё было, як у людзей».
I — было. Як у людзей.
Аднаго разу Андрэй Сямёнавіч прыйшоў нейкі дзіўнавата разгублены. Нязвыклы. Сеў, падсунуўшы чорную скураную торбу пад табурэт, і нават не зірнуў на адвечны боршч. Жонка, звузіўшы вочы, паспела падумаць: «ГТяны!..» Пасля думкі яе зачапіліся за «тую паскудзіну», саперніцу, з якою даводзілася за Андрэя Сямёнавіча, не шкадуючы сябе, змагацца. I яна сцялася ўнутры, і ў паветры адчувальна запахла навальніцаю.
Але муж загаварыў раней.
— Юлечка,— сказаў, аціраючы пот праваю рукою.— Мне тут на рабоце... таго... гэтага. Далі. Бось.
I левай няўпэўнена працягнуў Юлечцы нешта, быццам індульгенцыю. Жонка тарганула вуснамі і пакруціла ў пальцах кавалак навошчанай паперы. Паднесла да твару, прымружылася.
— Дай акуляры,— працадзіла скрозь зубы і, ужо ўмацаваўшы на носе дадатковую пару вачэй, прачытала ўслых: — Латарэя? Пфуй!
— Сказалі,— пачаў жыва апавядаць Андрэй Сямёнавіч,— сказалі: купі. Ну, я і купіў. Кажуць, выігрываюць. Кватэры там. I ўвогуле.
— Лухта, — з веданнем справы адрэзала Юлечка.
Адкінула паперчыну ад сябе, нават з грэблівасцю, і пляснула ў талерку боршч.
На другі дзень, пакуль Андрэй Сямёнавіч быў на працы, яна знайшла каляровую паперку ля люстра ў вітальні — мабыць, муж падняў з падлогі і прыладзіў пад гіпсавай фігуркай сабачкі.
— Ёлуп,— мовіла Юлечка, пахітаўшы галавой.
Муж часцяком здаваўся ёй дзіцёнкам — гадоў гэтак пяці, не болей. Лупаў круглымі вачыма, быццам баранчык, на любыя пытанні любіў адказваць: «Н-не ве-едаю...», абы не вырашаць самастойна. Дзіцёнка трэба было, быццам ляльку, апранаць, карміць ды ў належны час класці
спаць. Часам дазваляць гуляць ці даваць нейкія даручэнні па гаспадарцы, каб выхоўваць, але не болей за тое. На гэтым караблі капітанам піратаў заўжды была Юлечка, а Андрэй Сямёнавіч, нягледзячы на немалы жывот, шырокія плечы ды пасівелыя вусы — юнгам.
Яна пацягнулася, каб скамячыць білет ды ўкінуць у смецце, але раптам стрымалася. Успомніла каляровую рэкламу, дзе тэлевізійныя сірэны соладка спявалі пра навюткія кватэры ў вялікіх дамах, пра агромністыя машыны — кожная ледзь не з іхнюю гасцёўню памерам. I чамусьці падалося, што сірэны хлусіць не могуць, што ў новай кватэры ўсё можа пайсці па-новаму, што і нават юнга Андрэй Сямёнавіч там будзе таксама нейкім іншым. Новым.
I калі муж прыйшоў вечарам з працы, яна сустрэла яго не халодным поклічам з кухні «Хадзі есці!..», як звычайна, нават не пагрозлівым «Дзе бадзяўся?!», а пытаннем — са свайго звычайнага месца перад тэлевізарам:
— А... колькі ж гэта ў вас чалавек білеты ўзялі?
Андрэй Сямёнавіч, здатны адрозніваць да паўсотні розных адценняў у голасе жонкі, адчуў за спінаю крылы і пачаў са смакам апавядаць, як загадчык аддзела прыйшоў да іх, як паказаў стосік білетаў, што скінулі «на рэалі-
зацыю», як Пятровіч адмовіўся і як ён, Андрэй Сямёнавіч, білет для сябе вельмі-вельмі ўважліва выбіраў.
— Тут шаснаццаць,— тыцкаў ён тоўстым пальцам ў шэрыя лічбы на паперы,— Гэта ж мы з табою шаснаццатага пабраліся. I пяцьдзясят восем, то ж нумар кватэры. I...
Юлечка слухала яго, паблажліва ківаючы. 3 экрана пелі, спавіваючы размову чарамі, сірэны. На кухні ў недаўменні стыў боршч.
Дні пабеглі шпарчэй. Андрэй Сямёнавіч спяшаўся з працы, кідаў торбу ў вітальні і, таропка сцягнуўшы боты і куртку, сядаў побач з жонкай. Паміж імі на канапе ляжаў білет, таямніча адліваў у святле трох бутонаў пад столлю глянцавым жоўтым. На гэтым жоўтым роўнымі шэрагамі цягнуліся лічбы — спрэс знакавыя, спрэс чароўныя. Шаснаццатага чэрвеня малады Андрэй Сямёнавіч упершыню пабачыў Юлечку ў парку — з моднай амерыканскай фрызурай, у польскай сукенцы, з італьянскай торбачкай і мілым беларускім носікам-бульбінкай. А Юлечка пабачыла кашчаватага студэнта ў агромністых акулярах і бацькавым строгім касцюме — якраз з іспыту вяртаўся. Трыццаць чатыры гады разам, тут, у пяцьдзясят восьмай кватэры. Восемдзесят шэсць прыступак ад ганку да іхніх дзвярэй. Трэці трамвай возіць
Андрэя Сямёнавіча на працу ў сваім металічным чэраве.
Адным словам, усё знакі, усё сэнсы, усё — прывязкі да іх жыцця. Прагаворваючы кожную лічбу ўслых, паўтараючы між сабою, яны быццам прычароўвалі ўдачу да свайго білета. Звязвалі заяўлены на льснянай паперцы выйгрыш з сабой.
— А вось памятаеш...
— А ты памятаеш...
Як выявілася, яны шмат чаго памяталі разам — палову адзін і палову другі. I зараз склейвалі ўспаміны, як ашчадныя гаспадыні склейваюць паловы кубачка з любімага індыйскага сервіза.
Тыдзень прамінуў незаўважна. Сядзелі ўтраіх (з білетам) на канапе, пад спевы сірэн будавалі каляровыя мары.
—	А вось калі ўсё-такі кватэра, гэтую можна будзе здаць, а самім...
—	А калі машына, дык я таксама на правы вывучуся...
Запаветная нядзеля надышла хутка, нават занадта хутка. Радасныя, святочныя — Юлечка з завіўкаю, Андрэй Сямёнавіч пры гальштуку— селі. Глядзелі і слухалі, амаль не дыхаючы, толькі тоўстыя пальцы Андрэя Сямёнавіча з намёртва ўплаўленым у безыменны пярсцён-
кам нервова стукалі па канапе. Адна з сірэн, вусцішна ўсміхаючыся, цягнула лічбы з вялікага меху і, быццам назнарок, быццам здзекваючыся, увесь час то недадавала, то перабольшвала:
— Трыццаць тры! Восемдзесят сем! Чатыры!..
Юлечка хмурылася, Андрэй Сямёнавіч увабраў галаву ў плечы. I зусім не здзівіўся, калі пасля апошняй лічбы («Пятнаццаць!») жонка рэзка падскочыла, карцінна рванула білет напалам і збегла ў кухню. I ўжо адтуль, шумна перасоўваючы посуд, загаварыла, устаючы на звыклыя рэйкі:
— Жыццё паламаў! Білеты ён купляе... Ды хто ж табе тую кватэру дасць, ды ты ж паглядзі на сябе ў люстра, ёлуп ты стары! Ды табе б...
Яна толькі-толькі пачала ўваходзіць у раж, але пачула, як бразнулі дзверы, і спынілася. Высунула галаву з развітымі кудзерамі з кухні, упэўнілася: сышоў.
— Да паскудзіны,— вырашыла Юлечка.
I ўпала на табурэт, і голасна заплакала, аціраючы з твару пацёкі фарбы. Калі муж не цэніць усіх яе клопатаў пра яго, усіх яе ахвяр, калі ад жончынага баршчу ён вось так проста сыходзіць да праклятай разлучніцы — што ж гэта такое атрымліваецца?
— Што... такое? — знясілена вымавіла Юлечка.
Дрыготкія вусны крывіліся ад плачу, які скаланаў яе ўсю, і зусім не слухаліся.
Яна думала: вось, калі б тады, у тым сваім дзівосным строі яна прамінула нязграбнага студэнціка і ўсміхнулася таму плячыстаму лейтэнанту. О! Як бы ўсё было іначай! Лейтэнант кахаў бы яе. Пакорліва еў бы боршч. He купляў дурныя латарэі. He хлусіў бы, не хаміў ёй. Даслужыўся б, як прыстойны чалавек, да генерала. He хадзіў бы да паскудзіны.
Юлечка з добрую гадзіну патанала ў жаласці да самой сябе, таму не пачула, як асцярожна адчыніліся дзверы кватэры. I Андрэй Сямёнавіч, што вырас на парозе кухні, — тоўсты, аблезлы, лысы, з крывенькай усмешкай, з дурнымі сваімі вусамі і агромністымі акулярамі — стаў для яе нечаканасцю.
— Лапачка, рыбанька, заечка,— прагаварыў сівавусы юнга, няўмела спрабуючы ўзбудзіць у жонцы любасць жывёльнымі мянушкамі.
Юлечка звяла падмаляваныя бровы. Ад патаптанага сямейнага ачага пахла баршчом, а ў гасцёўні, прыглушаная сцяною, голасна і раздражняльна спявала рэклама.
— Ну? Чаго яшчэ? Мала ты маёй крыві папіў, монстр?
Вусны ў яе зноў здрадліва задрыжалі, скалануліся плечы. Вельмі шкада стала сябе — не
цяперашняй нават, а той, маладой, сукенцы, з моднай торбачкай.
— Заечка,— паўтарыў «монстр» ла. — Ты... не таго. He гэтага. А?
у пекнай зніякаве-
На крутыя калені Юлечкі ўпаў, быццам сухі лісток, жоўты глянцавы білет.
За сцяною пелі сірэны.
Званіў
— Званіў,— сказала Ані, хітра пабліскваючы вачыма, Валянціна Пятроўна. — Званіў.
Бледная Анечка, якая толькі-толькі вярнулася са сталоўкі, зніякавела, знерухомела. Пакецік з апельсінавым сокам небяспечна хітнуўся Ў руцэ.
— Хто?
Валянціна Пятроўна гулка, быццам у бочку, і аж занадта шматзначна засмяялася. Заскакалі на пышных грудзях залатыя ланцужкі, з выклікам заззяў залаты разец у верхняй сківіцы.
— He ведаю, не ведаю...— I апошнім словам, быццам кантрольным стрэлам, пяшчотную Аню дабіла: — Мужчына!..
Аня, чырванеючы, пераступала з нагі на нагу. Пакецік з сокам дробна дрыжаў, і на вейках гэтаксама дрыжалі слёзы.
Усе пяць сталоў бессаромна і сквапна разглядалі безабаронную Анечку і, натуральна, ужо
выводзілі ў сваіх пергідрольных галовах, што за ён і чаму званіў. I чаму — Анечцы.
—	Гэта не тое,— прабляяла Аня ледзь чутна,— Вы... не думайце.
— Мы не думаем,— з салодкай атрутаю адгукнуліся з трэцяга стала, дзе за стосамі папер мільгаў светлы чуб Зоі Піліпаўны. Другі стол напаўголаса заўважыў, што — вось яно, маладое пакаленне. Спачатку гэтыя кавалеры сюды званіць пачнуць, а тады і прыпнуцца.
—	Гэта не тое,— без асаблівай надзеі паўтарыла Аня.
Сталы не верылі.
Сярод гэтых сталоў, і папер, і шафаў з непад'ёмнымі тэчкамі Аня з'явілася некалькі гадоў таму, адразу пасля інстытута. Думала — часова, пакуль знойдзецца штосьці лепшае.
He знайшлося.
Аня тым часам патроху ўрастала ў свой куток паміж пыльным ледзь жывым фікусам, які Валянціна Пятроўна і Дар'я Сямёнаўна выкарыстоўвалі заміж попельніцы, і намёртва прыклееным да шпалераў календаром за восемдзесят чацвёрты год. Бланкі, справаздачы і дакладныя былі на стале, а пад сталом — кнігі. Збольшага «пра любоў».
Людзям, якія перанеслі голад і якім жыццёва не стае карысных рэчываў, прапісваюць
вітаміны. Аня сама сабе прапісала любоўныя раманы. I ўпарта чаплялася за дробныя падслепаватыя літаркі на рыхлай шэрай паперы, асабліва калі за адзіным акном кабінета на пяць сталоў была сумная слота, калі вусцішна трышчалі пад столлю лямпы дзённага асвятлення, калі Валянціна Пятроўна выкручвала гучнасць у сваёй радыёлы напоўніцу.