Наш дом  Маргарыта Латышкевіч

Наш дом

Маргарыта Латышкевіч
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 355с.
Мінск 2018
58.55 МБ
Застольнае гаварэнне часам лічыцца самым простым з усіх пералічаных. He дапускайце фатальнай памылкі: усё зусім не так проста. Мы былі асабіста знаёмыя з застольным залатавустам, аўтарам шматлікіх удалых тостаў ды віншаванняў, рэпутацыя якога была бяздарна загублена, назаўжды знішчана самай звычайнай ласасінай. Такі ласасіны фатум.
— Як добра, што мы ўсе сёння тут... — пачынаў залатавуст, упіраўся вачыма ў спакуслівага пяшчотна-ружовага ласося і змаўкаў, пускаючы сліну.
I так некалькі разоў запар. Усё, што ад яго дамагліся ў выніку — гэта няўцямнае «і шматкроць яшчэ вып'ем», ледзьве выціснутае праз набіты смажанай рыбаю рот.
Запомніце цвёрда: багаты стол — ваш найпершы вораг. Нават калі апусціце вочы долу, каб не бачыць вынікаў пераможнай фантазіі кухара, сэрцы тых, хто мусіць вас слухаць, будуць нязменна прыцягвацца гладкімі бакамі адкаркаваных бутэлек, і курынымі ножкамі, і салёнымі гуркамі. Некаторыя профі ў такіх выпадках стукаюць нажом або відэльцам па сваёй шклянцы, прыцягваючы ўвагу. Але вельмі часта гэты імправізаваны набат патанае ў радасных воклічах:
— I мне, і мне мяска, Іван Сямёнавіч!
— Між іншым, гэтыя вось рулецікі ніштаватыя такія, асабліва пад...
— Помню, у дзевяноста дзявятым мы неяк...
Запомніце: што 5 вы ні збіраліся сказаць, нават калі хочаце праліць святло на прызначэнне жыцця ў Сусвеце, вы аніяк не можаце канкурыраваць з духмяным гарачым, унесеным за паўхвіліны да пачатку вашага выступлення.
Таму выпрацоўвайце стратэгію. Назірайце ўважліва. Як толькі звон прыбораў трохі ўляжацца, як толькі большасць сыта прываліцца да спінак сваіх крэслаў, аціраючы сурвэткамі масляныя вусны, ведайце: час прыйшоў. He чакайце, пакуль які-небудзь Пятрусь Маркавіч, крэкнуўшы, схопіць бліжэйшую да яго паўлітру і прамармыча штосьці кшталту:
— Ну, за ж-жанчын. С-стояч-чы!
Падымайцеся, выхоплівайце з учэпістых пальцаў старога нахабніка бутэльку і пачынайце сваю гаворку. Улічыце, праўда, што ў большасці гасцей старэйшага пакалення за сталом спрацоўвае так званае «правіла трох хвілін»: кожныя тры хвіліны мусіць гучаць тост і спусташацца чарка. Таму паспрабуйце ўціснуць сваю грунтоўную прамову — пра мэту жыцця як такога, пра будову Сусвету і імклівае развіццё тэхналогій — у гэты сакраментальны тэрмін.
Увогуле, чым меней — тым лепей. Сцісласць не проста сястра таленту, яна ў дадзеным выпадку ягоны замяняльнік, аналагічны натуральнаму.
Напрыклад:
— Сёння ў нас юбілей Настассі Сяргееўны, які адзначаем такой цёплай кампаніяй. У хуткім часе касмічныя караблі, сябры мае, стануць баразніць самыя аддаленыя куточкі космасу, і з гэтай прычыны, я лічу, варта падняць нашы келіхі.
Так задаволеныя ўсе: і юбілярка, пра якую пасля гарачага ўсе неяк забыліся, і вы, які паспяхова бліснуў эрудыцыяй, і вашыя суседзі, якія, па шчырасці, пачулі толькі апошняе слова. Але колькі здаровага энтузіязму, колькі ўтульнай радасці падымецца ад такой прамовы, з якім імпэтам пачнуць усе чокацца, на розныя лады перавіраючы вашы словы.
— Сапраўды, Настасся... яна баразніць...
— Да слёз, да слёз. Аддаленыя куточкі юбілеяў.
— Касмічныя келіхі!
Ура!
— Ура-а-а!
А сама прыемна ўражаная юбілярка паглядзіць на вас з непрыхаваным замілаваннем і пачне падкладаць на талерку найлепшыя кавалкі.
Калі ж, празмерна натхніўшыся, зацягнеце прамову, сцеражыцеся. Злосныя госці будуць касіцца на вас, з сярдзітым скрыгатам ганяючы відэльцамі па талерках рэшткі недаедзенай салаткі.
— Во разагнаўся, халера яго вазьмі.
— Панесла, што называецца...
I атмасфера на юбілеі пачне ўсё болей і болей нагадваць хаўтурную: паўсюль поўныя скрухі твары, сумна ўтаропленыя ў стол (каб не бачыць свіную рульку) вочы. Хтосьці потайкам падчэпіць колца каўбасы, закіне ў рот і, сарамліва прыкрыўшы рот далонямі, стане жаваць.
Калі б вас так не займала ваша прамова, вы, вядома, адчулі б тую канцэнтраваную нянавісць, якая сыходзіць і ад шаноўнай юбіляркі, і ад яе гасцей. Так выпрабоўваць людзей, нават самых выхаваных і дабрачынных, не варта. Існуе вялікая верагоднасць атрымання ў карак. I ніхто, ніхто, ніхто ў цэлым Сусвеце, нават у самых адцаленых ягоных куточках, за вас не заступіцца.
Гаварэнне з трыбуны звычайна ўяўляецца болей урачыстым — хоць бы тым неабазнаным людзям, хто не часта бачыць гэтыя самыя трыбуны. Так і ёсць, па вялікім рахунку, ды і
аўдыторыя ў такім выпадку значна болыпая. Гэта вам не юбілей і не якое-небудзь, даруйце, вяселле.
Тут — справа сур'ёзная. Можна сказаць, грамадскай важнасці.
Трыбуна змяняе чалавека. Плечы распраўляюцца, рукі — нават у тых, хто ніколі раней не выступаў, — звыкла кладуцца каля стоса спісаных паперак. Твар набывае нейкую адухоўленасць. За трыбунаю і толькі там можна напоўніцу адчуць уласную значнасць — і ўласную ж нікчэмнасць, як толькі зразумееце, што слухачы прыйшлі сюды зусім не для таго, каб вас выслухаць.
Наяўнасць трыбуны, зазначым, усё-такі трохі дысцыплінуе аўдыторыю. З'яўленне каля яе чалавека, нават адцалена не падобнага да чаканага аратара, адразу змушае слухачоў сцішыцца і супакоіцца. Праўда, ненадоўга. Абсалютны рэкорд — секунды тры-чатыры. Вядома, многага за такі тэрмін не скажаш. Хіба што якісь ідэалагічна не вытрыманы «дабрыдзень».
Некаторыя выступоўцы перакананыя, што калі яны будуць прамаўляць цішэй або ўвогуле замаўчаць на якую хвіліну, то гэта нібыта верне ім увагу аўдыторыі. Святая наіўнасць! Запомніце раз і назаўжды: гэта не гуд натоўпу з'яўляецца фонам для вашай прамовы, а ваша
прамова — фонавы шум для гутарак слухачоў. I калі раз-пораз на вашыя высілкі і звяртаюць увагу, то выключна дзеля таго, каб адпачыць ад суразмоўцы ці прадэманстраваць таму сваю абыякавасць. Адна наша знаёмая наведвала самыя розныя навуковыя лекцыі выключна для таго, каб даць адстаўку сваім кавалерам.
— Валянціна, дарагая, ці ж вы мяне слухаеце?..
— Ах, пакіньце. Я, можа,— сур'ёзны чалавек з сур'ёзнымі запытамі. Я, можа, слухаю гэтую лекцыю пра малюскаў.
— Сур'ёзна?!
— Ах, вы ніколі мяне не разумелі.
Такое парыванне стасункаў атрымлівалася дужа эфектна, асабліва калі яшчэ зрабіць выгляд, быццам занатоўваеш за выступоўцам.
Лектары ды іншыя не па ўласнай волі прывязаныя да трыбуны аратары — людзі самыя няшчасныя. Разумеючы калі не галавою, то сэрцам ўсю жудаснасць свайго становішча і сваю невыносную адзіноту, яны вымушаныя працягваць выступленне. Вядома, вымушаныя не вышэйшымі сіламі і не ўласнай упартасцю, а проста працоўным кантрактам.
— Дык вось, калі звернем увагу на гэтую схему...
Схемы ды графікі часта толькі падставы для таго, каб адвярнуцца ад няўдзячных слухачоў і незаўважна змахнуць слязінку-другую.
He здавайцеся! Прымаўка кажа: адзін у полі не воін. To і вам не выпадае змагацца з усёй аўдыторыяй адразу. Знайдзіце адзін болып-менш прыстойны твар, некалькі азмрочаны пакутамі сумлення, дачакайцеся зрокавага кантакту і вывальвайце сваю прамову ўпрост у гэтыя збянтэжаныя вочы. Калі ахвяра сядзіць блізка, можна перасунуцца непасрэдна да яе і спакойна, не надрываючы голас, расказваць усё, што патрэбна. I вы выконваеце абавязак, і слухач — хай сабе і адзін, хоча ці не хоча — успрымае.
Некаторыя, каб настрашыць аўдыторыю або проста ў запале, пачынаюць біць кулакамі па самой трыбуне. Мы гэтага настойліва не рэкамендуем: вядомыя выпадкі, калі гнілая трыбуна аказвалася зусім не такой надзейнай, як хацелася б. I выпадкі гэтыя заканчваліся выбухамі весялосці сярод слухачоў — і траўмамі рознай ступені цяжкасці сярод выступоўцаў. Стукаць відэльцам па чарцы тут таксама немагчыма, як мінімум з прычыны адсутнасці і першага, і другога.
Але, зноў жа, здавацца рана. Хай на баку аўдыторыі колькасная перавага, на вашым — элемент нечаканасці.
Скіньце пінжак і ідзіце да трыбуны на руках. Калі ў юнацтве наведвалі клас балета, паспрабуйце раскруціцца ў піруэце. Асобныя спецыялісты раяць выліць на асабліва непрыемных слухачоў вядро вады, але гэта лепей зберагчы на самы крайні выпадак.
Слухаць вас, вядома, усё роўна не будуць, затое заслужыце і сімпатыю, і сякія-такія апладысменты, а гэта ўжо немалая перамога.
— Хто б мог падумаць, у такім узросце — і дагары нагамі.
— Стараецца, бач ты.
— Бра-ва! Біс!
I хто пасля гэтага здолее сказаць, быццам вы не ўмееце выступаць з прамовамі, ну?
Нарэшце, гаварэнне як ёсць — рэч самая складаная. У выпадку чаго, трыбуна зможа ўратаваць вас ад тухлых яек, пушчаных з залы. Ножкі стала цудоўна амартызуюць удары з боку тых, каму ваша выступленне надакучыла. Калі ж вы вымушаны стаяць перад поўным людзей памяшканнем без аніякай абароны, гэта выклікае цалкам вытлумачальнае хваляванне.
Многія, быццам за саломінку, хапаюцца за нататнікі і паперкі са сваімі запісамі. Гартаюць іх, абліваючыся потам і блеючы на казіны манер:
— Мнэ-э-э... Э...
Абы не глядзець туды, дзе сотня пар вачэй ацэньвае і асуджае ў рэжыме нон-стоп.
Нататнікі не асабліва выратоўваюць. Вы будзеце ўпарта шукаць патрэбную старонку з планам свайго выступлення. Тады акажацца, што акуляры для чытання падступна схаваліся ў вашай кішэні. Вы хвілін пяць, шэптам лаючыся, спрабуеце іх нацягнуць — і раптам ясна бачыце, што гэта не вашы акуляры, a жончыны, з какетлівымі чырвонымі дужкамі. Саджаеце праклятыя шкельцы на hoc, а тым часам патрэбная старонка згубілася, і зноў трэба гартаць ледзь не праз увесь нататнік, так што выпадаюць талончыкі да доктара, і мінулагодняя тэатральная праграмка, пакінутая ў якасці сувеніра, і запіска ад Аркадзя Сямёнавіча з рэцэптам народнага сродку ад нястраўнасці. Усё гэта радасна ляціць вам пад ногі, пакуль вы тупаеце на месцы ад нецярплівасці. Вачэй вы не падымаеце, але выразна адчуваеце на сабе непрыязныя позіркі, якія так і апякаюць, і чуеце гоман, што падымаецца ад задніх радоў.
— Мнэ... — з кепска прыхаваным адчаем цягнеце вы, падносячы нататнік бліжэй да вачэй, не столькі каб чытаць, а проста каб прыкрыць твар, які паступова наліваецца чырванню.
Праз жончыны акуляры ўласны почырк выглядае зусім незнаёмым і ледзьве чытальным, радкі скачуць — магчыма, таму, што ў вас дробненька дрыжаць рукі.
Прычытаеце вы хоць штосьці або не — не мае значэння. Сама прамова болей не мае значэння, яна не задалася ад самага пачатку, і час згублены, і каштоўныя нервовыя клеткі згарэлі і ніколі не адновяцца. Нават калі пачнеце-такі, адкашляўшыся ў кулак, выступаць, усе будуць чакаць толькі аднаго: калі закончыце і сыдзеце. I, што асабліва непрыемна, вы будзеце скураю адчуваць гэтае чаканне, так што прамова скамячыцца яшчэ болей. Брыдка нават падумаць, згадзіцеся.