Наш дом  Маргарыта Латышкевіч

Наш дом

Маргарыта Латышкевіч
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 355с.
Мінск 2018
58.55 МБ
Восенню Курганова Поле пахла мёдам, бо квітнелі верасы — белыя, ліловыя, амаль чорныя. Цэлае мора верасоў хвалявалася пад дотыкамі ветру ажно да далягляду, да цёмных зубцоў Пушчы. Камяні прагна лавілі сонечныя промні, назапашвалі цеплыню і святло, рыхтуючыся да зімы. Над курганамі павольна гшылі серабрыстыя ніці павуціння.
Так прайшлі гады — тры ці мо чатыры, не магу сказаць дакладна. Мы не адчуваем час так, як адчуваюць яго чалавечыя сыны, і нават стагодцзі для нас прабягаюць амаль незаўважна, быццам пясок праз пальцы.
Сотвар з'явіўся побач са мною ў адзін з першых дзён восені — упершыню за доўгі час сам завітаў на мяжу. Выйшаў з ценю стаячага каменя, высокі, прамы. Абапіраўся на разны
посах з зыркім зялёным самацветам, цягнуў за сабою ацяжэлы ад расы сіні плашч. Вецер кратаў князевы сярэбраныя валасы, і падавалася, быццам гэта — ніці павуціння.
У доўгіх ягоных пальцах адлівала срэбрам птушынае пёрка — напамін ад князёўны, доўгачаканая вестка.
— Яна жадае вярнуцца да нас,— сказаў мне князь, хоць я і так зразумеў, у чым справа.
На ягоных тонкіх вуснах прамільгнула, як знічка, усмешка. Ён прадбачыў, што менавіта так усё і скончыцца, і вельмі цешыўся гэтым. Я згадаў упартага маладзенькага вар'ята — і яркі пагодны дзень чамусьці азмрочыўся.
Зрэшты, сам вінаваты. Ён ведаў, куды ішоў і за кім, ці не так?
— Вярні яе дамоў, Косткасей,— няголасна загадаў князь.
На ягоную карону з танюткіх залатых дубовых лісткоў цяжка ўпаў, прыняўшы іх за сапраўдныя, белы матылёк.
Я моўчкі пакланіўся. Я не звык разважаць над княжымі загадамі: усё-такі — вартаўнік, вой, зброя ў княжых руках. Зброі задумвацца не выпадае, яна паслухмяная руцэ, што яе трымае.
Уночы ўдарыла навальніца. Я, захутаўшыся ў плашч, нёсся на кані між неспакойных буркатлівых хмар. Імклівы вараны конь стрыг
вострымі вушамі і голасна ржаў, і голас ягоны патанаў у грымотах. Маланка біла раз'юшана, праразаючы целы хмар, быццам кап'ё, і асвятляла ўсё вусцішным блакітным ззяннем.
Белае птушынае пёрка, рассыпаючы сярэбраныя іскры, плыло перада мною, паказваючы шлях, і то рабілася іскрыста-блакітным, то блякла і зноў цьмяна свяцілася праз завесу дажджу.
Хлопчык завёз яе далёка. Можа быць, падсвядома хацеў трымацца як мага далей ад месца, якое так яго пужала. I, вядома, трымаць яе, сваю князёўну, далей адтуль. Наіўны — як быццам адна з нас, калі пажадае, не знойдзе дарогі назад, дарогі дамоў. Можа быць, ён проста не надта верыў, што ягоная абранніца калі-небудзь пажадае гэтага.
Капыты каня ўдарылі па чарапічным даху замка, а адзін узмах доўгага хваста вымусіў флюгер шалёна заскакаць і застрэсціся. Я скіраваў каня ніжэй — і падковы выбілі іскры на брукаванцы замкавага дворыка. Пёрка ўспыхнула ярчэй, а пасля рассыпалася, ападаючы яркімі кропкамі долу. Значыць, тут.
Я прайшоў праз замкнёныя дубовыя дзверы, пакрочыў, бразгаючы шпорамі, па гулкіх пустых залах. Натыркнуўся вачыма на герб над камінам — напяты лук ды тры стралы. На сцяне ў пацямнелых ад часу рамах — партрэты.
адзін па адным. Чалавечыя сыны, як я чуў, пакутліва прагнуць жыць вечна і таму намагаюцца ўвекавечыць хоць бы сваё падабенства. Я запаволіў крок і звузіў вочы, спрабуючы знайсці ў выявах на сцяне штосьці агульнае з тым упартым Падвеем, якога памятаў.
— Косткасей... — пранёсся ледзь чутны, але настойлівы шэпт, так што я сумеўся і не стаў затрымл івацца.
Яна зараней падрыхтавалася: у замку ўсе спалі. Я прамінаў вартавых, што пасопвалі стоячы, абапершыся на алебарды. Пакаёвак і служак, што паснулі за працаю — хто на стосе бялізны, хто ў абдымку з недачышчаным кацялком. Шэпт вёў мяне далей, да вузкай каменнай лесвіцы, што, закручваючыся, ішла ўверх.
На самым версе быў пакой, асветлены зыркім агнём у каміне. Мой цень на сцяне выкруціўся і пачварна разросся, а агонь сярдзіта патрэскваў, і сіпеў, і сыпаў непрыемнымі, калючымі іскрамі. Бадай, адзіны з усіх вартавых у гэтым замку, які не спаў.
— Ну, ну, — сярдзіта шапнуў я агню.— Мяне сюды паклікалі, ясна?
Побач з камінам на мядзведжай шкуры стаяла калыска, і ў ёй спала, падклаўшы дробны кулачок пад шчаку, дзіця. Побач з дзіцем у фатэлі спаў і Падвей — гэты значна пасталеў,
узмужнеў і, здаецца, пазмрачнеў. Спаў трывожна, хмурыўся ў сне і абяссілена варушыў пальцамі на ручцы фатэля, быццам марна спрабаваў паймаць чыюсь руку.
Марэна стаяла далей ад каміна, ля акна ў алавянай аплётцы, глядзела на дождж і нават не азірнулася, калі я ўвайшоў. Сукня на ёй была цяжкая і пышная, з зялёнага аксаміту, і валасы падабраныя наверх, узбітыя ў дзіўную высокую прычоску.
— Едзем, князёўна,— сказаў я, працягваючы ёй руку.
He пытаўся, а сцвярджаў, бо яна сама менавіта дзеля гэтага паклікала мяне сюды.
— Едзем... — глуха адказала Марэна.
Павярнулася на абцасах, закручваючыся вінтом, на імгненне стала языком белага агню і выслізнула з нязручнай сукні, так што валасы ўкрылі яе, быццам вогненна-залаты плашч. Князёўна, зноў ззяйкая і серабрыста-белая, безуважна пераступіла цераз скамячаны аксаміт на падлозе і абаперлася на мой локаць.
— Едзем! — паўтарыла весела, усміхаючыся так, што на белых шчоках паўмесяцамі прарэзаліся ямінкі.
У калысцы тоненька і жаласна заплакала дзіця. Падвей варухнуўся ў сне, прашаптаў нешта, але не прачнуўся.
—	Хутчэй,— папрасіла Марэна, калоцячыся, як ад холаду. — Прэч адсюль.
Я падхапіў яе, і мы пранесліся праз увесь замак, быццам парыў ветру. Вараны конь ужо чакаў нас, біў капытом, высякаючы іскры. Над самым замкам зноўку ўспыхнула блакітнае зарава, і пакаціўся, кульгаючы, гром. Мы пакаціліся прэч разам з ім, аглушаныя грымотамі, і князёўна, якую я пасадзіў перад сабою, аніводнага разу не азірнулася, Раз-пораз яе плечы скаланаліся, але твару яе я не бачыў, таму не магу сказаць — плакала яна ці смяялася.
Князь асабіста сустракаў яе на мяжы. Стаяў разам са світаю ля белага каменя, апаясанага пляценнем чароўных знакаў, і сярэбраная выкшталцоная вышыўка на доўгіх рукавах ягонага ўбору ззяла, быццам іней на сухой траве. I вочы ў яго ззялі таксама — халодныя, быццам іней.
Я прытрымаў гарачага каня, дапамог князёўне спешыцца. Яна адразу амаль бегма рушыла да бацькі. Той абняў яе, укрыў уласным плашчом.
—	Мы так сумавалі без цябе, любае наша дзіця, — спакойна сказаў ёй Сотвар. — Добра, што ты нарэшце з намі.
Ён павольна правёў тонкай рукой з унізанымі пярсцёнкамі пальцамі па галаве Марэны, схава-
най пад сіняй тканінай, — і абрысы фігуры пад плашчом вокамгненна зніклі. Я здранцвеў, я заскрыгатаў зубамі, сціснуўшы ў кулаку аброць. Мне падавалася, што дзяўчынка і так атрымала належную навуку, пакарала сама сябе.
А князь падхапіў нешта пад плашчом і пасля рэзка сцягнуў яго долу. Трымаў на пальчатцы маленькага натапыранага белага сокала, які ўспуджана біў крыламі і крычаў.
Крычаў так пранізліва і жаласна, што разрывалася сэрца.
— Косткасей,— князь падняў яркія шэрыя вочы на мяне. — Калі той чалавек з'явіцца, ты ведаеш, што рабіць.
Я нахіліў галаву. Здагадацца, чаго ён хацеў, было нескладана. Гэта чалавечыя сыны, на сваё шчасце, схільныя забываць, а мы, як і сама зямля, памятаем доўга, бясконца. Таму не ўмеем выбачаць.
Па шчырасці, я неяк падсвядома чакаў, што гэты ўпарты хлопчык хутка з'явіцца. Чакаў не дзеля княжага загаду — проста гэта падавалася мне прадвызначаным зараней, яшчэ ў той дзень, калі Падвей упершыню прыехаў сюды, на мяжу.
I ён з'явіўся. Зноў прыскакаў на белым кані — узмыленым, загнаным.
Па першым інеі пайшоў да стаячых камянёў — змрочны і ціхі, з хваравіта завостранымі
рысамі твару, з ценямі пад вачыма. Памежныя чары, мусіць, пазналі яго, таму што прапусцілі далей, і ён сам змог падняцца на курган. Стаўры пільна сачыў за ім, але не гыркнуў і не забрахаў. Таксама пазнаў.
— Я... я прыехаў па яе, чуеце? — хрыпла загаварыў Падвей, як толькі падняўся на вяршыню,Чуеце?.. Я прыехаў па сваю жонку. Марэна!
Ён кідаўся то ў адзін бок, то ў другі, і клікаў князёўну, і прасіў, і нават пагражаў. He варта было чакаць, пакуль камяням шумны чужынец надакучыць і яны вырашаць самі ад яго пазбавіцца, таму я зрабіў крок з ценю насустрач чалавеку.
— Я ж калісьці казаў табе вяртацца, адкуль прыйшоў, — змрочна сказаў я і, не стрымаўшыся, працадзіў з сэрцам: — Д-дурань!..
Падвей здрыгануўся ўсім целам і ўтаропіўся ў мяне.
— Кашч Меднабароды, — успомніў, нараспеў вымавіў маё імя і дадаў павольна і глуха, быццам размаўляў у сне: — Яна не прыйдзе, так?..
— He прыйдзе, — кіўнуў я.
Трэба было яго застрашыць, сказаць, што, калі не пакіне тут лямантаваць, з ценю пад каменем могуць з'явіцца тыя, хто зусім не схільны
спачуваць чалавечым сынам. Час для палявання яшчэ не настаў, але дзеля такой нагоды Сотвар быў бы толькі рады склікаць сваіх лепшых паляўнічых ды гончых. Князь наш суровы, быццам сівер, быццам снежная бура, і не мае літасці. Прынамсі, да чалавечых сыноў.
Але я бачыў вочы гэтага чалавека — вочы, у якіх нешта згасла, вочы, абведзеныя жалобнымі цёмнымі кругамі. I таму змоўчаў.
— Гэта ж усё праз пер'е? — спытаў Падвей пасля досыць працяглай цішыні.
Я ўскінуў брыво, а ён, таропка рассыпаючы словы, працягваў:
— Яе футра, дзіўнае такое футра з белага пер'я. Калі яна глядзела на гэтае футра, то рабілася... іншай. Як тады, перад тым як яна ўзнялася і паляцела ад возера. Я ж не мог... — Ён схаваў твар у далонях. — Я ж не мог дазволіць, каб яна зноў... У нас дзіця, Кашч. А яна з гэтым сваім футрам у любы момант магла б...
Ён не змог дагаварыць: сутаргай перахапіла горла. I тады я згадаў — і зразумеў.
Ва ўтульным пакойчыку на самым версе каменнай вежы востра пахла спаленым пер'ем. Няшчасны ёлуп настолькі не хацеў адпускаць ад сябе сваю князёўну, што вырашыў адцаць самую трапяткую і безабаронную частку яе зыркаму агню.
Toe, што неабачліваму чалавечаму сыну падасца футрам, адзеннем, для пярэваратня — драбок сутнасці. Усё адно, як ён адрубіў бы ёй ногі, каб не ўцякла.
— Вяртайся дамоў, Іван Падвей з Кудравіц, — сказаў я ціха. — Таго, што ты страціў, тут болей не знойдзеш.
He ведаю, ці пачуў мяне гэты ўпарты блазан — таму што ён не жадаў гэтага чуць. Але ён пайшоў прэч, згорбіўшыся, быццам пад невыносным цяжарам, і цень ад руннага каменя цягнуўся за ім драпежна і помсліва, навальваючыся зверху і паглынаючы. Праўда, нават крута замешаныя на помсце закляцці тут ужо мала што маглі змяніць: Падвей быў не толькі на мяжы Курганова Поля, але і на мяжы свету жывых. Стаўры таксама, як і я, адчуў гэта і са скрухаю завыў. Пашкадаваў. У сабак добрыя сэрцы, сабакі заўжды шкадуюць людзей.