Нябышына. Акупацыя вачыма падлетка
Ілля Копыл
Выдавец:
Памер: 288с.
Мінск 2014
Інстытут Беларускай гісторыі і культуры 2014
Серыя заснавана ў 2009 годзе Заснавальнік серыі «Невядомая гісторыя» А. Я. Тарас
Мастак Б. Г. Клюйка
Аўтар і рэдактар шчыра дзякуюць Зміцеру Калесніку,
з дапамогай якога гэтая кніга пабачыла свет!
Копыл, I. П.
К65 Нябышына. Акупацыя вачыма падлетка / Ілля Копыл. — Рыга : ІБГіК., 2014. — 288 с.: мал.
ISBN 978-9984-897-11-0.
Кніга I. Копыла ў 2009 г. была апублікаваная асобнымі выпускамі ў газеце «Народная воля». Яна выклікала вялікую цікавасць у чытачоў, а таксама моцную незадаволенасць сярод той часткі нашага грамадства, якая працягвае стаяць на платформе савецкай ідэалогіі.
Новы варыянт кнігі значна павялічаны за кошт 3-й часткі («Рэзананс»), якая адсутнічала ў папярэднім выданні. У ёй аўтар падрабязна разгледзеў зласлівыя выбрыкі сваіх апанентаў і даў вычарпальныя адказы на іх паклёпніцкія выдумкі.
ISBN 978-9984-897-11-0
© Копыл I. П„ 2014
© ІБГіК, 2014
«Замест птушыных песень...»
Словы беларускага мастака Васіля Шаранговіча: «Самая страшная трагедыя, якую толькі можна ўявіць сабе, — гэта трагедыя дзяцей вайны. Чалавек толькі зірнуў шырока расплюшчанымі вачыма на свет — і замест ласкавай матчынай усмешкі ўбачыў чорныя вачніцы смерці, замест птушыных песень пачуў аўтаматныя чэргі», — у якасці эпіграфа вельмі і вельмі пасуюць да кніжкі Іллі Копыла «Нябышына. Вайна (Акупацыя вачыма і гіадлетка)». Памерам кніжка — невялікая, але аўра кожнай яе старонкі сваёй шчырасцю, сумленнасцю і безагляднай праўдай пагружае цябе ў такі стан, што ты адчуваеш недахоп паветра ў грудзях.
Падзеі, якія абрынуліся на жыццё шасцігадовага хлопчыка, яго сям’і і роднай вёскі Нябышына, ахопліваюць перыяд з 1 верасня 1939 г. (менавіта тады для беларусаў пачалася вайна) па 3 верасня 1945 года (дата, калі капітулявала Японія і калі сям’я Копылаў атрымала «пахавальную», у якой паведамлялася, што 19 жніўня 1945 г. у Манчжурыі, пад Мукдэнам, загінуў Піліп Копыл — галава шматпакутнай сям’і.
Дарэчы, Піліп Копыл ужо быў непрызыўнога ўзросту і меў кепскі стан здароўя пасля кантузіі на Першай сусветнай вайне (у яго быў дрэнны слых). Адразу пасля адступлення нацыстаў камуністычная ўлада прапанавала яму, не камуністу, аднавіць калгас. Да вайны ён узначальваў калгасную гаспадарку Але, пачуўшы цяпер ад аднавяскоўцаў: «Піліп. Няўжо зноў у нас будзе гэты ненавісны калгас, уноў галеча? Мы нават пры немцах жылі лепш» ён катэгарычна адмовіўся ад прапановы ўлады. I вось за гэта Піліп Копыл быў накіраваны «дапамагаць СССР і яго непераможнай арміі дабіваць Японію».
Але вернемся да вогненнай вёскі Нябышына, у якой некалькі хат падпалілі немцы, а рабавалі яе, забівалі і дабівалі яе жыхароў (каб потым не было сведак), дапальвалі разам з людзьмі паліцаі і былая мясцовая жыхарка са сваім мужам. «Вось такая была вайна: свае жахлівей, чым немцы», — так завяршае аўтар свой жудасны аповед «Трагедыя ў вёсцы».
Тут трэба дадаць, што лёс Нябышына загадзя быў прадвырашаны — спланаваны вышэйшым кіраўніцтвам партызанскага руху яшчэ ў Маскве. А на месцы трагічнай падзеі толькі справакаваны. Такіх жудасных аповедаў у кнізе — безліч. Асабліваў першай яе частцы, названай — «Такая праўда». Яе складаюць 38 рэпартажаў памяці — дакументальнамастацкіх запісак. Без перабольшанняў можна сказаць, што «Такая праўда» — гэта сапраўдны шэдэўр. I ён па шчымлівай праўдзе адкрытай
душы аўтара, па напоўненасці псіхалагічным, гістарычным і бытавым матэрыялам, па шматсказанасці пры нешматслоўі (кароткасць — сястра таленту), па дакладнасці мовы годна і пераканальна ўпісваецца ў шэраг такіх выдатных твораў, як «На імперыялістычнай вайне» М. Гарэцкага, «Рэпартаж з пятлёй на шыі» Ю. Фучыка, «Дзённік Ганны Франк» Г. Франк. Як і ў пералічаных творах, у «Такой праўдзе» не знойдзеш ні аднаго моманту нейкай позы ці рысоўкі. Там толькі горкая і пякучая праўда.
Другую частку кнігі «Нябышына. Вайна» складаюць дыялектычнааналітычныя разважанні пра трагічны лёс Беларусі і беларусаў падчас гітлераўскай акупацыі, паліцэйскага і партызанскага «самадурства і бязмежжа». Гэта частка асноўным сваім генезісам мае тую ж жудасную факталогію, што пададзена ў «Такой праўдзе». Як бачым, эмацыянальнае ўспрыняцце рэчаіснасці падлетка супадае з рацыянальным успрыняццем тых жа з’яў сталага чалавека.
I што паказальна. Гэтыя два ўспрыняцці пад пяром аўтара супадаюць яшчэ і ў сваёй высокай маральнасці, гуманізме. Як тут не ўспомніць эпізод, калі чырвонаармейскі афіцэр прапанаваў дзесяцігадоваму Іллі застрэліць палоннага немца, а падлетак адмовіўся. Праз многія дзесяцігоддзі I. Копыл напіша: «Дзякуй Богу, мая мараль аказалася вышэй за мараль таго афіцэра. Хоць слова «мараль» я тады яшчэ не ведаў». Ужо тады, як і пазней, яго душа пры розных нялюдскіх умовах жыцця працівілася асатанеласці. I, бадай, I. Копыл першыму нашым сучасным пісьменстве наводзіць на думку аб халакосце, які адбыўся для беларусаў.
Пры чытанні «Нябышына. Вайна» нявольна прыходзіць думка, што гэты твор не можа быць не заўважаны і ў іншамоўнай прасторы. I таму ёсць спадзева, што ён будзе перакладзены на іншыя мовы.
I колькі слоў пра аўтара выдання. Чалавек ён незвычайны, асоба неардынарная. Яму ўжо пайшоў 76-ы год, але і па знешнім выглядзе, і па светаадчуванні, ён значна маладзейшы. За яго нестандартныя паводзіны і ў войску яму, прафесійнаму вайскоўцу, як кажуць, даставалася, і ў адстаўку прыйшлося пайсці толькі ў званні маёра, а не, хаця б, палкоўніка ці падпалкоўніка. I. Копыл — высока адукаваны чалавек. Сярод асноўных яго зацікаўленняў — беларуская гісторыя, культура і літаратура. Ён — беларусацэнтрыст. Многія з яго знаёмых (і аўтар гэтых радкоў) казалі, што яму трэба было быць журналістам ці літаратарам. He будзе перабольшаннем сказаць, што і як працаўнік пяра I. Копыл адбыўся. Ён многа друкаваўся ў СМІ, ён — пастаянны аўтар многіх радыёперадач на беларускай «Свабодзе», ён у інтэрнеце — актыўны. А цяпер вось і кніга, кніга звышадметная. I. Копыл — актыўны ўдзельнік амаль усіх масавых грамадзянскій акцый і культурных мерапрыемстваў; ён сталы падпісчык «Нашага слова».
У заключэнне варта падаць адзін абзац з «Нябышына. Вайна», які дае зразумець прыроду і стан унутранага ўкладу героя і аўтара гэтай невялікай кніжкі:
«Нарэшце мы прыйшлі на сваё папялішча. Яно ўжо зарасло травой. Бацька сказаў: «Нічога, адбудуемся. Галоўнае мы жывы, хоць і не ўсе». Ен меў на ўвазе смерць Мікалая. «Я паставіў перад сабой мэту — выжыць і вас зберагчы. I мы гэтага дасягнулі — прадоўжыў свой маналог бацька, — гэта болыпае геройства і мужнасць, чым абстраляць з засады нямецкую машыну ці забіць немца з-за вугла». Потым, калі я ўспамінаў гэтыя словы, я пагаджаўся з імі. Мне не зразумела, для чаго Аляксандр Матросаў закрыў амбразуру сваім целам. Можна ж было закрыць яе шынялём, бушлатам ці закінуць у амбразуру гранату.
Але вернемся да папялішча. Бацька азірнуўся наўкола. А потым бадзёра прамовіў: «Хопіць марнаваць час, пачынаем будаваць жыллё».
Яуген Гучок
Прадмова аўтара
Пра Другую сусветную вайну і Вялікую Айчынную як яе частку напісана вельмі шмат, але, па-мойму аднабакова, скажона і хлусліва, у асноўным пра гераічнае. Пачынаючы з 60-х гадоў мінулага стагоддзя, убачылі свет шматлікія мемуары генералаў і маршалаў — удзельнікаў вайны. Потым мемуары сталі пісаць усе, аж да радавога.
3 дзесятак тых ўспамінаў прачытаў і я, але хутка зразумеў што ўсе яны, як блізняты-браты. Гэта голая статыстыка — пералік ваюючых армій з абодвух бакоў і іх камандуючых, колькасць самалётаў і бранятэхнікі, колькасць гармат на адзін кіламетр фронту. Панікёрскае бегства Чырвонай Арміі ў першыя два гады вайны падаецца як запланаваны адыход. У мемуарах я не знайшоў звестак пра колькасць чырвонаармейцаў, што апынуліся ў нямецкім палоне. Такое ўражанне, што ў палоне быў толькі адзін генерал Карбышаў які гераічна загінуў. У мемуарах не паказанылёс асобнага чалавека, простага салдата. Людзі для генералаў былі гарматным мясам. Толькі мемуары генерала Гарбатава заслугоўваюць увагі . Ен адзіны, хто рызыкнуў расказаць нам пра сталінскія рэпрэсіі, пра катаванні людзей, пра ГУЛАГ.
Памятаю, як у сярэдзіне 70-х гадоў мінулага стагоддзя мемуары генерала Гарбатава былі забаронены. У бібліятэку вайсковай часці, дзе я служыў прыбылі прадстаўнікі Асобага аддзела і ўсе асобнікі кнігі канфіскавалі.
У сваіх нататках я запісаў тыя падзеі ваеннага ліхалецця, якія адбывалісяпобачсамной,унашайвёсцыіваколяе, ітое, штояпачуўад свайго бацькі і ад аднавяскоўцаў Я тады быў падлеткам, усім цікавіўся, запамінаў упітваў у сябе навіны, як губка. Усё, аб чым пішу — праўда, пабачаная на свае вочы.
* Аляксандар Гарбатаў (1891—1973), кадравы афіцэр Чырвонай арміі, быў арыштаваны ў кастрычніку 1938 г., 22 месяцы знаходзіўся ў турме, прайшоў праз шматлікія катаванні, але не зламаўся. У 1940 г. яму далі прысуд — 15 год лагераў — і адправілі на Калыму. Але 5 сакавіка 1941 г. адпусцілі на волю і ўзнавілі ў войску. Вайну ён сустрэў на пасадзе намесніка камандзіра 25 стралецкага корпусу (Украін. ВА); скончыў камандзірам 3-й арміі. Герой Савецкага Саюза (з красавіка 1945 г.). Ягоныя мемуары «Гады і войны» былі выданыя ў 1965 г. — Рэд.
Частка 1.
УСПАМІНЫ
1. Перад вайной
Вёска Нябышына, у якой нарадзіўся і дзе прайшлі мае дзяцінства і юнацтва, уваходзіла ў склад Бягомльскага раёна Мінскай вобласці (зараз Докшыцкі раён Віцебскай вобласці). На той час гэта была апошняя беларуская вёска перад савецка-польскай мяжой. Наступная вёска Восава, да якой было 6 кіламетраў, знаходзілася ўжо на польскім баку. Між гэтымі дзвюма вёскамі пралягала савецка-польская мяжа. Вяскоўцы, бывала, парушалі памежную тэрыторыю, натыкаліся на малапрыкметныя сігнальныя прыстасаванні. Але гэта былі не наўмысныя, а выпадковыя парушэнні: збор ягад, грыбоў, арэхаў. Нам пашанцавала, што памежнік Карацупа нёс службу на Далёкім Усходзе, а не ў нас’.
У той час мой бацька быў старшынёй калгаса, а гэта на вёсцы галоўная ўлада. Яму часта даводзілася ўладкоўваць канфлікты між памежнікамі і «парушальнікамі» мяжы — вяскоўцамі, але не заўсёды ўдавалася іх пагасіць. Памежнікі часта бывалі ў нашай хаце, я іх не палохаўся, яны нават бралі мяне на рукі, заводзілі гульні. Мы да іх прызвычаіліся. У нашай вёсцы не было шпіёнаманіі. Гэта толькі ў кніжках можна прачытаць, што дзеці і дарослыя ў памежных вёсках толькі тым і займаліся, што лавілі «лазутчыкаў». I ўсё-такі чалавек 20-25 нашых вяскоўцаў нкусаўцы забралі. Назад ніхто з іх не вярнуўся.