Нябышына. Акупацыя вачыма падлетка
Ілля Копыл
Памер: 288с.
Мінск 2014
* Мікіта Карацупа (1910—1994) — знакаміты савецкі памежнік, Герой Савецкага Саюза (1965 г.). За 20 гадоў службы непасрэдна на памежжы (1932—52 гг.) ён забіў 129 так званых «парушальнікаў мяжы», а яшчэ 338 злавіў. Болыпасць з гэтых 467 чалавек былі звычайныя кантрабандысты, якіх тагачасная прапаганда паказвала як «агентаў» замежных выведак, альбо простыя людн, намагаўшыяся збегчы з савецкага «рая». Карацупа так любіў паляваць на людзей, што лепш за усё да яго падыходзіць вызначэнне «крыважэрны сабака». — Рэд.
Мы, дзеці, перад вайной гулялі ў вайну. Зброяй служылі палкі і рагаткі, камяні. Неаднойчы была праліта кроў, былі разбіты насы, галовы, многія не раз хадзілі з сінякамі і гузамі. Ад бацькоў свае раны па магчымасці хавалі. Мы падзяляліся на белых і чырвоных, выбіралі начальнікаў, займалі вызначаныя пазіцыі, і пачыналася бойка. Пацярпелыя (раненыя) не крыўдзіліся.
2. Пачатак вайны
Прыкладна 15 верасня 1939 года ў нашу вёску ўступіла і размясцілася тут вайсковая часць Чырвонай Арміі. Гэта былі вершнікі і нейкі абоз. Іншай тэхнікі: гармат, танкаў, аўтамабіляў — я не бачыў. На нашым гумне, якое пачыналася за хатай, і на выгане за вёскай было пастаўлена шмат палатак. Чырвонаармейцы чамусьці ўсе былі ў касках. У стасункі з вяскоўцамі, нават з намі, дзецьмі, яне не ўступалі, мабыць, каб не выдаць ваенныя сакрэты. Да палатак нас не падпускалі, калі я спрабаваў наблізіцца, вартавы спыняў мяне воклічам: «Стой! Назад!» А мне так хацелася пабываць унутры палаткі.
Таму за ўсім гэтым я назіраў праз плот са свайго двара. Мне запомніліся брызентавыя вёдры, з якіх чырвонаармейцы паілі вадой сваіх коней, і круглыя шчоткі для чысткі поўсці. 17 верасня раніцай на зямлю лёг вельмі густы туман, бачнасць была на 2—3 крокі. Калі туман парадзеў, то я ўбачыў, што наша гумно апусцела. Hi чырвонаармейцаў, ні палатак там ужо не было. Я пабег на тое месца, дзе стаялі палаткі, і знайшоў там з дзесятак драўляных лыжак. Мабыць, чырвонаармейцы іх у спешцы забылі, не заўважылі ў траве і тумане. Лыжкі былі пафарбаваныя ў светла-карычневы колер і пакрыты лакам. Яны былі зусім новыя і пахлі пакостам. Калі мама ўбачыла маю знаходку, чамусьці не абрадавалася, а, наадварот, напалохалася. Яна загадала мне палажыць лыжкі на месца, таму што чырвонаармейцы могуць вярнуцца за імі. Я зрабіў гэта з нежаданнем і вартаваў іх, каб хто іншы не забраў. Але чырвонаармейцам было не да лыжак. Яны пайшлі ў бок мяжы з Полыпчай, адна калона — на Гняздзілава, другая — на Восава. Страляніны мы не пачулі, пераход мяжы адбыўся мірна. А тымі лыжкамі, якія я зноў прынёс у хату, уся наша сям’я карысталася вельмі доўга.
Хоць мяжа была ліквідавана, нашым вяскоўцам яшчэ доўгі час не дазвалялася наведаць сваіх сваякоў і знаёмых у Восаве, Докшыцах і іншых месцах Заходняй Беларусі. Калі мы, мой тата і я, у першы раз наведаліся ў Восава, то аслупянелі. Мы ўбачылі там чыстую роўную вуліцу, светлыя, добрыя хаты, двары, агароджаныя штакетнікам і прыгожа пафарбаваныя, стрэхі хат, пакрытыя чарапіцай ці адынкаванай бляхай. У нашай савецкай вёсцы Нябышына стрэхі былі саламяныя, двары агароджаны як папала. Мяне больш за ўсё ўразіла тое, што на вуліцы Восава я не ўбачыў кароў і іх ляпёшак. Вуліца ў нашай вёсцы была цалкам забруджана, асабліва раніцай, калі кароў выганялі ў поле. Убачыўшы ўсё гэта, мой бацька сам сабе тады сказаў: «Вось табе і польскі прыгнёт».
А тое, што заходніх беларусаў нкусаўцы пагналі на расстрэл у Катынь і Курапаты, што заходніх беларусаў эшалонамі адпраўлялі ў савецкі ГУЛАГ за Урал і ў Запаляр’е, ні мой бацька, ні я не ведалі.
Другая сусветная вайна для беларусаў пачалася 1 верасня 1939 года, але мы, усходнія беларусы, гэтага не заўважылі і не адчулі. I вайну тую супраць нас распачалі два агрэсары, два хаўруснікі Сталін і Гітлер.
3. Новы паварот у вайне
Напрыканцы 1939 года некалькі нашых вяскоўцаў забралі на фінскую вайну, у тым ліку і нашага суседа Косцю Паўловіча. Праз нейкі час ён, паранены і абмарожаны, вярнуўся дадому.
22 чэрвеня 1941 года Германія напала на СССР. Магло адбыцца і наадварот. I Сталін і Гітлер чакалі зручнага часу для нападу адзін на другога.
Аб тым, што пачалася вайна, вёска даведалася ад майго бацькі. У той час у нас не было электрычнасці, не было радыё, не было аўтобуснага руху. Адзіны тэлефон быў толькі ва ўправе калгаса. Патэлефанавалі з Бягомля, перадалі, што пачалася вайна. Што рабіць, як быць далей, нічога не сказалі, сувязь парушылася і больш яна з раённым цэнтрам не аднавілася. У нашым двары вечарамі сталі збірацца вяскоўцы. Надвор’е было цёплае, але ўсе былі адзеты не па-летняму, быццам бы ўжо ніколі больш не вернуцца дадому. Людзі былі напалоханы, гаманілі напаўголаса. Нам, дзецям, было незразумела, чаму дарослыя так напалоханы
вайной. Мы ж кожны дзень гулялі ў вайну і нічога жахлівага ў гэтым не бачылі. Мы з цікавасцю яе чакалі разам з дарослымі, каб уключыцца ў гэтую агульную «гульню».
Можа, праз два-тры дні сталі чутны выбухі і былі бачны трывожныя зарніцы ў напрамку Докшыц. Потым гэтыя выбухі сталі перасоўвацца на поўнач, паўночны ўсход і зусім заціхлі дзесьці на ўсходзе. Мой бацька называў невядомыя мне гарады — Полацк, Віцебск, Лепель, Барысаў, куды. на яго думку, пасунуўся фронт.
У 1941 годзе мы так і не адчулі, што такое вайна. Мужчыны ўсе засталіся дома, на вайну нікога не забралі, мабілізацыя спазнілася. Апынуліся на вайне толькі тыя вяскоўцы, якія ў гэтыя дні былі па нейкіх справах у раённым цэнтры Бягомлі. Іх там проста пахапалі і павезлі на Барысаў. Сярод іх апынуўся і наш сусед Зміцер Маскалейчык, шафёр калгаснай палутаркі. Ен прайшоў амаль усю вайну і толькі ў канцы быў лёгка паранены.
Так склаліся абставіны, што праз нашу вёску ў 1941 годзе не адступала Чырвоная Армія, не наступалі немцы, не ішлі натоўпы бежанцаў, не гналі статкі буйной рагатай жывёлы на ўсход, каб яны не дасталіся ворагу. Нашу вёску не бамбілі, не абстрэльвалі з гармат, немцы не ўрываліся ў нашы хаты, нікога не забівалі, не рабавалі, не гвалтавалі. I калі, будучы дарослым, я чытаў творы пра вайну, бачыў кінастужкі, мая свядомасць уступала з гэтым у супярэчнасць. Я пражыў усю вайну ў акупацыі і добра ведаў, як усё адбывалася ў адной, асобна ўзятай вёсцы.
4. Роспуск калгаса
Фронт адсунуўся далёка на ўсход, а ў глыбокім тыле ў немцаў засталася наша вёска і некрануты, неразрабаваны калгас «Чырвоны расцвет», і старшынёй гэтага калгаса заставаўся мой бацька Піліп Гіляравіч Копыл. Трэба адзначыць, што афіцыйна яго прозвішча па бацьку было Іларыёнавіч. Калі расейскія акупанты ў XIX стагоддзі перапісвалі нашу вёску, то іх чыноўнікам не падабалася імя майго дзеда Гілярый і яго перайменавалі ў Іларёна. Відаць, гэта быў пачатак русіфікацыі ў нашай вёсцы, такіх перайменаванняў было шмат. Але новыя імёны не прыжыліся, яны засталіся толькі на афіцыйных паперах.
На пачатку вайны калгаснікі па-ранейшаму хадзілі на працу. Трэба было даглядаць скаціну. У калгасе былі коні, каровы, авечкі,
свінні. Малако здаваць не было куды, ім кармілі парасят, цялят, раздавалі калгаснікам. Ураджай у 1941 годзе
ўрадзіўся небывалы, жыта шугала вышэй чалавечага росту.
Напрыканцы чэрвеня (а можа, на пачатку ліпеня) нарэшце ў нашу вёску завіталі прадстаўнікі нямецкай адміністрацыі: валасны стараста і нямецкі афіцэр з перакладчыкам. Яны прыехалі на легкавой машыне. Іх суправаждала ахова з 6 чалавек на двух
Бацька аўтара кнігі Піліп Копыл (злева) і яго сябра, жыхар суседняй вёскі Старае Запонне па прозвішчу Клоп. Эшалон з войскам ад Кенігсберга рухаўся на Далёкі Усход цераз Маскву (/945 г.)
матацыклах з каляскамі. Валасны стараста выклікаў майго бацьку і загадаў сабраць людзей на сход. Вёска Нябышына ў той
час налічвала 120 двароў і была падзелена на дзве часткі ша-
шой Бягомль — Докшыцы. Бацька адразу паслаў некалькі юнакоў у абодва бакі вёскі, каб заклікаць людзей на сход. Праз хвілін 15—20 усе вяскоўцы былі ў зборы, прыйшлі сем ’ямі, нават з дзецьмі. I мяне, сямігадовага хлапчука, бацька ўзяў з сабой. Сход адбыўся на вуліцы, клуба ў вёсцы не было, а школа згарэла перад вайной.
Спачатку нямецкі афіцэр давёў да нас ваеннае становішча. Ён сказаў, што Мінск вызвалены ад камуністаў, нямецкая армія пад Смаленскам. Ён павіншаваў і нас з вызваленнем. Людзі стаялі
моўчкі. Потым дайшоў да пытання прызначэння старасты. Хосьці з натоўпу крыкнуў: «Няхай старастай будзе старшыня калгаса Піліп Гіляронак. Кіраваць людзьмі — для яго справа звыклая». Я з гонарам паглядзеў на бацьку, але на яго твары ўбачыў жах і разгубленасць. Нямецкі афіцэр і валасны стараста параіліся паміж сабой і аб’явілі, што старшыню калгаса прызначаць старастай немэтазгодна і для яго самога небяспечна.
Потым мой бацька казаў, што ён перажыў самы крытычны, самы небяспечны, самы жахлівы момант у сваім жыцці. Ен з цеплынёй успамінаў таго нямецкага афіцэра, які ўратаваў яго ад немінулай смерці, не прызначыўшы старастам. Праз нейкі час па беларускіх вёсках пачалі шастаць карнікі атрадаў асобага прызначэння НКУС СССР. Адным з такіх атрадаў камандаваў Ваўпшасаў*. Яны расстрэльвалі ўсіх, хто, каб пракарміць свае сем’і, уладкаваліся на працу да немцаў. Гэта былі медработнікі, настаўнікі, інжэнеры, журналісты, артысты, кухары і вялікі шэраг іншых. Галоўнай жа мішэнню з’яўляліся старасты.
А старастам нашай вёскі на тым сходзе празначылі Кастуся Шульгата. Гэта быў статны, высокі, шыракаплечы мужчына, які выдзяляўся ў натоўпе. Таму, відаць, немцы і звярнулі на яго ўвагу. Гэта быў вельмі сціплы. бяскрыўдны чалавек. Адказацца ад пасады было немагчыма, перад намі былі акупанты, хоць і паводзілі яны сябе міралюбна, але чакаць можна было ўсяго.
Прызначыўшы старасту, немец абвясціў аб роспуску калгаса. Коні, інвентар, зямля вярталіся іх уладальнікам — сялянам. Калгас распаўся на 120 індывідуальных гаспадарак. Нягледзячы на тое, што ўжо быў прызначаны стараста, дзяліць калгас загадалі майму бацьку. Я не буду апісваць, як адбывалася гэта складаная
* Станіслаў Ваўпшасаў (1899—1976) — адзін з самых жорсткіх савецкіх «чэкістаў». У 1920—24 гг. узначальваў банду так званых «чырвоных партызан» (на самой справе дыверсійна-тэрарыстычную групу), якая ўчыніла шмат рабункаў і забойстваў на тэрыторыі Заходняй Беларусі. У 30-я гг. быў начальнікам лагера зняволеных, што будавалі канал Масква — Волга. У 1937—39 гг. узначальваў дыверсійна-тэрарыстычны аддзел у Гішпаніі падчас Грамадзянскай вайны. 3 сакавіка 1942 да ліпеня 1944 г. камандаваў спецыяльным атрадам НКДБ «Мясцовыя», які дзейнічаўу Мінскай вобласці. У 1944 г. атрымаў зорку Героя Савецкага Саюза. 3 1946 г. служыў у ворганах МДБ Літоўскай ССР, дзе на працягу 8 гадоў (да 1954) ваяваў з «ляснымі братамі».