Нябышына. Акупацыя вачыма падлетка
Ілля Копыл
Памер: 288с.
Мінск 2014
Але мяне цікавіла яшчэ адно пытанне, і я яго задаў: «Вера, амерыканцы цябе вызвалілі ў красавіку 1945 года, а дадому ты вярнулася толькі на пачатку чэрвеня 1946 года. Чаму ты так доўга дабіралася?» Яна адказала: «Ты ж ведаеш, як гэта рабілася. У амерыканскую зону акупацыі прыбылі прадстаўнікі савецкай адміністрацыі, павіншавалі нас з вызваленнем, з хуткім вяртаннем на Радзіму. Нас размясцілі ў пасажырскіх вагонах. Праваднікі нас сустракалі ветлівымі ўсмешкамі, частавалі гарбатай, было радасна да слёз. Але як толькі мы выехалі з амерыканскай зоны акупацыі і апынуліся ў савецкай зоне, прыветлівасць з твараў праваднікоў знікла. Яны раптам пераўтварыліся ў наглядчыкаў і канваіраў. Нас, як арыштантаў, перагрузілі ў таварныя вагоныцялятнікі і адвезлі ў фільтрацыйны лагер, дзе цэлы год фільтравалі. Ад Сібіры мяне выратаваў мой фізічны недахоп».
Пасля вяртання дадому Вера ўладкавалася на працу правадніком вагона пасажырскага цягніка. Калі ў яе нарадзіўся сын
Аляксандр (Шура), яна звольнілася з працы і вярнулася ў вёску да сваіх бацькоў, стала працаваць паштальёнам. Сын падрастаў, закончыў школу. Пасля школы пераехаў у Мінск, уладкаваўся на працу, але цяжка захварэў і памёр у 40-гадовым узросце. Пахаваны ён на Паўночных могілках. Калі я прыязджаю ў Нябышына, Вера пытаецца ў мяне, ці быў я на магіле Шуры. Я ёй адказваю, што бываю, магіла дагледжана.
22. Радзіёнаўцы
Блакада скончылася раптоўна, як і пачалася. Даты дакладна я не памятаю, але мяркую, што тыя падзеі пачаліся 1618 мая, а закончыліся 25-27 мая 1943 года. Хата наша згарэла, уся скаціна прапала, маёмасць, якую мы схавалі ў ямах, рабаўнікі знайшлі. У нас нічога не засталося. Але свае агароды і поле мы паспелі засеяць да блакады, была надзея на новы ўраджай. Як і калі адбылося пахаванне аднавяскоўцаў, якія загінулі ў час блакады, у тым ліку і маіх бабулі Насты і дзядзькі Івана, не памятаю. Чамусьці гэта адбылося без майго ўдзелу. Магчыма мае бацькі не ўзялі мяне з сабой на пахаванне, каб не траўмаваць маю псіхіку.
Ужо ў наш час, бываючы ў вёсцы, я спрабаваў выстветліць, дзе іх магілы, але ніхто нічога не ведае. Няма магілы і Фані Пашэвіч, якую забіў раз’юшаны партызан. Мая стрыечная сястра Валя Салянка, якая пражывае ў Санкт-Пецярбурзе, у тэлефоннай размове патлумачыла мне, як адшукаць магілу бабулі Насты. Валя старэйшая за мяне на 2 гады і прысутнічала на пахаванні. Па прыкметах я знайшоў тое месца. Але замест магілы я ўбачыў неглыбокую ўпадзіну. Мая мара аднавіць магілу бабулі Насты.
Часова нашу сям’ю прытуліў у сваёй хаце аднавясковец Цімафей Салянка. Жыццё працягвалася. Аднойчы на ўскрайку лесу я збіраў шчаўе і ўбачыў, што па жыце ідуць немцы. Іх было вельмі многа. Я бачыў толькі іх галовы на ўзроўні калосся. Прыгнуўшыся, я кінуўся ў лес, дабег да балота і там схаваўся. Колькі часу я там прасядзеў, не ведаю. Стала цямнець, а на балоце акрамя мяне больш нікога няма, боязна. Прыйшлося вяртацца ў вёску. Па вуліцы мірна, як ні ў чым не бывала, хадзілі людзі. Мяне апанаваў жах, калі я ўбачыў бацьку, які спакопна размаўляў з немцам! Рабіць было нечага і я накіраваўся ў іх бок. Убачыўшы мяне, бацька сказаў: «Ну вось, і ўцякач вярнуўся», і яны засмяяліся.
Гэта быў першы прыход радзіёнаўцаў у нашу вёску. Усе яны былі апрануты ў новую нямецкую форму, былі добра ўзброеныя: аўтаматы, кулямёты, гарматы, шматствольныя мінамёты, аўтамабілі, палявыя кухні, радыёстанцыі і шмат іншага. Хадзілі чуткі, што на іх галоўнай базе ў Докшыцах ёсць нават танкі, але я іх не бачыў. Нам, дзецям, усё было цікава, і яны, радзіёнаўцы (мы іх называлі яшчэ і народнікамі), давалі нам магчымасць патрымаць у руках зброю. Асабліва падабаліся аўтаматы і пісталеты. Калі гэтыя салдаты хацелі зайсці да каго-небудзь у хату, то пыталіся
Аўтар кнігі каля роднай вёскі.
дазволу. Людзі сустракалі іх ветліва, ахвотна ўступалі з імі ў размову. Яны ад нас нічога не патрабавалі ні адзення, ні харчу, ні самагонкі, як гэта звычайна рабілі партызаны. Хутка мы зразумелі, што радзіёнаўцы для нас самая надзейная абарона ад усялякіх нечаканасцяў. Мы былі абаронены і ад партызан, і ад паліцыяў, і нават ад немцаў. Радзіёнаўцы некалькі разоў пакідалі нашу вёску і вярталіся зноў. Нават калі мы ведалі, што яны знаходзяцца ў суседняй вёсцы, мы адчувалі сябе спакойна.
Аднойчы мой бацька да нас у хату (мы па-ранейшаму жылі ў Цімафея Салянкі) прывёў радзіёнаўца. Ён прывітаўся з намі і назваўся: «Цімафееў». Я вельмі здзівіўся, палічыўшы яго сынам нашага гаспадара Цімафея. А ён тым часам паставіў на стол бутэльку шнапса. Мама тое-сёе падрыхтавала закусіць. У нас было
вялікае жаданне ўбачыць і паслухаць самога Радзіёнава. Але ён разам са штабам брыгады знаходзіўся ў Докшыцах. Убачыць яго мне так і не ўдалося. Затое Цімафееў каротка расказаў нам захапляльную гісторыю пра яго. Я перадаю з яго расказу ўсё, што мне ўдалося запомніць.
Сам Цімафееў — былы савецкі лётчык, капітан. Яго самалёт падбілі, і ён трапіў у палон. Зараз Цімафееў — ад’ютант Радзіёнава. Прозвішча самога Радзіёнава насамрэч Гіль. Ен — былы падпалкоўнік.
Мы ўважліва слухалі Цімафеева.
У баі пад Талачыном Уладзімір Гіль быў кантужаны, страціў прытомнасць. Калі апрытомнеў вакол была ціш, страляніны не чуваць. Ён зразумеў, што фронт адсунуўся далёка на ўсход, не дагнаць. Што рабіць у тых абставінах? Нідзе не схаваешся. Адно выйсце — палон. А там будзе бачна. Характар у Гіля быў рызыковы, авантурны. Яму вельмі хацелася папаліць, але папяросаў не было. На полі нядаўняга бою ляжала шмат загінуўшых чырвонаармейцаў. Уладзімір Гіль звярнуў увагу на труп афіцэра. Ён быў раздзеты па пояс, гімнасцёрка ляжала побач. Праверыў кішэні забітага, але папяросаў там не было. Зірнуў у яго пасведчанне, гэта быў палкоўнік Радзіёнаў. Гіль прыняў рашэнне: калі ісці ў палон, дык лепш палкоўнікам Радзіёнавым, чым падпалкоўнікам Гілем, і пайшоў да лясной дарогі, па якой рухалася вялікая калона ваеннапалонных чырвонаармейцаў. Пякло сонца. Канваіраў было няшмат, але палонныя разбягацца не збіраліся. На павароце дарогі Гіль непрыкметна прыстроіўся да калоны. Праз некалькі дзён прыбылі на станцыю Сувалкі, дзе немцы арганізавалі фільтрацыйны лагер.
Камендант лагера выйшаў перад строем палонных і падаў каманду: «Камуністы, палітработнікі і камандзіры выйсці са строю на 5 крокаў!» Над строем павісла цішыня. Усе даўно павыкідвалі свае пасведчанні і пазрывалі з каўняроў знакі адрознення. Ніхто не варухнуўся. I толькі падпалкоўнік Уладзімір Гіль выйшаў са строю цвёрдым крокам і прадставіўся каменданту: «Палкоўнік Радзіёнаў», — і падаў яму свой пісталет. Камендант аж аслупянеў ад нечаканасці і пабялеў (пісталет быў з патронамі), але хутка ўзяў сябе ў рукі і сказаў: «Гут, гут», — і нават паціснуў яму руку. Ён пранікся да Радзіёнава даверам і на наступны дзень вярнуў яму пісталет і прызначыу яго сваім намеснікам. А гэта ўжо зусім іншы
статус: улада, абавязкі, адказнасць і, часткова, свабода. Усім гэтым трэба карыстацца разумна.
Уладзімір хадзіў па тэрыторыі лагера і не аднойчы чуу у спіну: «Здраднік, нямецкі халуй». Яго гэта не бянтэжыла, а, наадварот, павышала настрой. Ён падабраў сабе надзейных памочнікаў, была створана картатэка, сабраны звесткі на кожнага палоннага. У галаве Гіля-Радзіёнава зарадзілася думка, якая перарасла ва ўпэўненасць: шлях на Радзіму можна пракласці толькі са зброяй у руках. Атрымаць яе ва ўмовах палону было магчыма толькі з рук немцаў. У пісьмовай форме Гіль звярнуўся да каменданта з прапановай стварыць з палонных рускі полк. Камендант пагадзіўся. Паслалі запыт у Берлін. Адтуль далі згоду на стварэнне не толькі палка, але і брыгады.
Гіль-Радыёнаў штабіст вопытны, таму ён у першую чаргу сфарміраваў штаб брыгады. Потым пачалася крапатлівая праца па камплектаванні часцей і падраздзяленняў. Гіль-Радзіёнаў гэту справу рабіў вельмі старанна. Тых палонных, якія былі гатовы заўзята служыць фашыстам, ён у склад брыгады не залічваў, а адпраўляў на працу ў Нямеччыну. Былі выпадкі, калі самых небяспечных пускалі ў расход. Урэшце фарміраванне закончылася. Колькасць асабовага складу брыгады па штату складала: баявыя падраздзяленні 2500 чалавек, тылавыя 300 чалавек. Потым пачалася цяжкая баявая падрыхтоўка, зладжванне падраздзяленняў і часцей. Адбыліся заліковыя тактычныя вучэнні, якія прайшлі паспяхова. Спачатку немцы трымалі брыгаду на другарадных ролях: ахова чыгункі, станцый, мастоў, складоў і іншае. Узбраенне было адпаведным. Калі ў немцаў не стала хапаць сіл, каб трымаць пад кантролем акупаваную тэрыторыю, яны звярнулі ўвагу на брыгаду Гіль-Радзіёнава. Яе пераапранулі ў новую форму, забяспечылі ўсім неабходным, узброілі аўтаматамі і кулямётамі, узмацнілі мінамётнай і гарматнай батарэямі, танкавай ротай, забяспечылі аутамабілямі і для перавозкі асабовага складу і коннай цягай. Пасля гэтага брыгадзе была пастаўлена задача на правядзенне баявых аперацый супраць партызан. Але што гэта былі за аперацыі, якія іх былі вынікі, ці закранулі яны мірнае насельніцтва, у якіх абласцях і раёнах Беларусі яны адбыліся, капітан Цімафееў нічога не сказаў.
Крыху памаўчаўшы, ён працягнуў свой расказ: «Мы добра ўзброены, мы — моцная баявая адзінка. Гэта разумеюць як партызаны, так і немцы. Пра Радзіёнава ведае Берлін. Гітлер яго
ўзнагародзіў двума жалезнымі крыжамі. Гэта вышэйшая нямецкая ўзнагарода». Але Цімафееў зноў прамаўчаў, за якія подзвігі Гіль-Радзіёнаў быў узнагароджаны. Толькі дадаў, што пра яго ведае і Масква, Сталін яго ўзнагародзіў ордэнам Баявога Чырвонага Сцяга і прысвоіў яму званне палкоўніка. Так падпалкоўнік Гіль ураўняўся ў чыне з загінуўшым палкоўнікам Радзіёнавым. Я ў той час гэтаму не здзівіўся. Я не ведаў, хто такія Сталін, Гітлер, Ленін, у нашай сям’і пра іх ніколі нічога не ўзгадавалася. Толькі пра Варашылава і Будзённага я ведаў ад сваіх старэйшых братоў па гульням у вайну. Зараз, калі я пішу гэтыя нататкі, у мяне ўзнікае пытанне: за якія заслугі Гіль-Радзіёнаў атрымаў высокую ўзнагароду ад Сталіна? У мяне няма магчымасці знайсці адказ на гэтае пытанне.
Калі ж расказ капітана Цімафеева падышоў да канца, ён з нейкім смуткам сказаў: «Мы не ведаем, што нас чакае наперадзе. He выключана, што пасля пра нас будуць складаць міты, будзе шмат хлусні. Мы такія як ёсць, так склаўся наш лёс. Можа, гэтыя хлапчукі (ён кіўнуў у бок мяне і майго брата Андрэя) выжывуць у гэтай вайне і калі-небудзь раскажуць пра нас». Я раблю гэта праз 62 гады, якія мінулі з таго часу. Я разумею, што капітан Цімафееў расказаў нам не ўсё. Магчыма, з яго расказу я штосьці ўпусціў. Але ўсё, што я прыпомніў, занатаваў праўдзіва, ад сябе я нічога не дадаў.