Нябышына. Акупацыя вачыма падлетка
Ілля Копыл
Памер: 288с.
Мінск 2014
Толькі пазней, калі я ўбачыў забітых і спаленых аднавяскоўцаў мне стала зразумела, якой небяспецы я падвяргаў сябе гэтай неабдуманай выхадкай. Я мог апынуцца ў руках немцаў ці паліцаяў і загінуць. А што перажылі мае бацькі?
На балоце мы кожны дзень мянялі месца знаходжання. Агонь не палілі. Заўсёды ў першую чаргу будавалі з яловых галінак ша-
лаш для начоўкі. Аднойчы мама ўтаварыла бацьку распаліць маленькі касцёр, каб спячы аладкі. Запаслівая мама ўзяла з сабой крыху мукі і маленькую патэльню. Як толькі ўзвіўся дымок, у небе над намі з'явіўся нямецкі самаёт-разведчык «рама». Мы ўжо добра ведалі павадкі гэтага самалёта. Мы затапталі касцёр і затаіліся. Як толькі «рама» зрабіла над намі круг і адляцела, бацька скамандаваў: «Хапайце свае рэчы і хутчэй бяжым адсюль». Мы адбеглі ад шалаша на 300—400 метраў і ўбачылі, як у небе з’явіўся другі самалёт. Ён скінуў тры бомбы, адна з якіх трапіла ў шалаш. У ім я ў паспешлівасці забыў губную гармошку, тую самую, якую падарыў мне немец пры сустрэчы на мосце ў 1941 годзе. Я ўжо зноў ледзьве не кінуўся назад да шалаша, але пападанне бомбы ўсё вырашыла. Больш касцёр мы не палілі. У немцаў не хапала сіл, каб акружыць і прачасаць адразу ўвесь лясны ці балотны масіў. Яны гэта рабілі шырокімі палосамі. I пакуль яны пераходзілі на чарговую паласу, мы непрыкметна перабіраліся на пракантраляваную і там хаваліся. Трэбы адзначыць, што немцы непралазныя хмызнякі абыходзілі, адпускаючы ў іх бок некалькі аўтаматных чэрг. Тое ж было і на балотах. А мы, каб уратавацца, былі гатовы налюбыя выпрабаванні.
17. Смерць партызана
У час блакады да адной групы вяскоўцаў далучыўся партызан. Ён заблудзіўся на балотных абшарах, адстаўшы ад свайго атрада, а мясцовасці не ведаў. Да слова сказаць, гэты партызан мне быў добра знаёмы. Ён быў мужам маёй стрыечнай сястры Клаўдзіі. Звалі яго Уладзімірам, родам ён быў з Ленінграда.
Клаўдзія яшчэ да вайны паехала ў гэты горад на працу і там хутка выйшла замуж. За тыдзень да вайны яны прыехалі ў нашу вёску на адпачынак. У нас была вельмі прыгожая прырода: лес, рэчка, лужкі, пакрытыя кветкамі, крыніцы і ручайкі. 3 кветкі на кветку пераляталі пчолы, чмялі, восы, усялякія матылькі, стракозы... Сярод травы і кветак стракаталі конікі. Наўсе лады спяваліп птушкі. У рацэ вадзіліся рыбы і ракі, а ў лесе раслі ягады, грыбы, арэхі... Зараз нічога гэтага няма. Ужо пасля вайны па плану меліярацыі раку Поню спрамілі. пераўтварылі ў брудную канаву, і ўсё жывое загінула. Дажывае апошнія гады і наша вёска.
Дзядзька Лаўрэн, бацька Клаўдзіі, быў і рыбак, і грыбнік, і цікавы субяседнік. Уладзіміру наша вёска падабалася. Калі пачалася вайна, вярнуцца ў Ленінград магчымасці не стала. Так Уладзімір з Клаўдзіяй і жылі ў нашай вёсцы, пакуль гэта было магчыма. Я часта бегаў да дзядзькі Лаўрэна, каб паслухаць цікавыя аповеды пра вялікі горад Ленінград. Калі з’явіліся партызаны, Уладзімір і Клаўдзія адразу пайшлі да іх. I вось блакада. Убачыўшы знаёмых вяскоўцаў, Уладзімір абрадаваўся, папрасіў вывесці яго з балота, паказаць дарогу. Добраахвотнік адразу знайшоўся і павёў партызана. Праз хвілін 10-15 людзі пачулі адзіночны выстрал. Неўзабаве вярнуўся назад і «праваднік». Ён загадкава сказаў: «Я паказаў яму дарогу куды трэба. Болып ён сюды не вернецца». Як потым высветлілася, адбылося наступнае. Спачатку яны ішлі мірна, размаўлялі. Партызан быў вельмі стомлены. Калі «праваднік» прапанаваў яму дапамагчы паднесці вінтоўку, Уладзімір з радасцю яе перадаў. Ён адчуў палёгку, расслабіўся, згубіў пільнасць. А «праваднік» падлавіў зручны момант і стрэліў у партызана. Смерць наступіла імгненна. ІІотым, як ні ў чым не бывала, забойца далучыўся да сваёй групы аднавяскоўцаў. Чаму ён так паступіў, якая былаўтым неабходнасць, што яго падшіурхнула на злачынства, на што ён разлічваў — я не ведаю. Але адказ на гэтае пытанне далі мне мае аднавяскоўцы, калі прачыталі маю кнігу. Партызаны яго некалькі разоў рабавалі і збівалі. Ён затаіў зло і крыўду на ўсіх партызан. I вось здарыўся выпадак, каб адпомсціць. Партызаны здзекаваліся не толькі над ім, але людзі трывалі, каб выжыць любым коштам.
Пасля блакады партызаны расстралялі злачынцу пасярод вуліцы нашай вёскі. Такі ж лёс чакаў і ўсю яго сям’ю, але партызаны яе не знайшлі. Жонка разам з дзецьмі змагла своечасова ад’ехаць да сваякоў у горад Быхаў, дзе яны і пражылі да канца вайны. Пасля вайны вярнуліся ў Нябышына, але больш іх ніхто не чапаў. Я вагаўся, ці называць прозвішча таго аднавяскоўца, які стаў злачынцам, забойцам, каб не напамінаць яго дзецям і ўнукам пра тую трагічную трагедыю мая 1943 года, у якой іх бацька і дзед быў галоўным вінаватым. Палічыў, што можна. У нашай вёсцы ўжо даўно няма яго нашчадкаў. Як расказалі мне вяскоўцы, старэйшы сын памёр у турме. За што ён быў асуджаны, ніхто не ведае. Раней я памылкова лічыў, што ён загінуў на фронце. Малодшы Уладзімір меў буйны характар, п’янстваваў, учыняў бойкі, за што некалькі разоў сядзеў у турме, дзе і памёр. Яго ўнук (сын
Уіадзіміра) працаваў міліцыянерам у Мінскім раёне, таксама быў асуджаны. Пра яго далйшы лёс нічога не ведаю. Усе яны насілі мянушку Самсура, прозвішча іх — Ляўко. Але ў вёсцы людзей ведалі і называлі па мянушках.
На жаль, прозвішча забітага партызана Уіадзіміра я не ведаю. Што здарылася з Клаўдзіяй, жонкай Уладзіміра, маёй стрыечнай сястрой, даведацца не ўдалося. Яе сляды згубіліся. Пасля вайны ніякіх звестак пра яе мы не атрымалі.
18. Малыя дзеткі — малыя бедкі?!
На балоце ў час блакады адбылося яшчэ некалькі падобных адна на другую трагедый. Адна жанчына, маці-адзіночка, павесіла сваю маленькую дачку. У другой групе дзве жанчыны задушылі сваіх маленькіх дзетак. Балотныя вандроўнікі паставілі дзяцей у невыносныя ўмовы: хмары мошак і камароў, вільгаць, недаяданне, недасыпанне, хваробы. Дзеці пакутавалі, плакалі. Людзі замест падтрымкі сталі выказваць незадавальненне, папракаць: дзіцячы плач могуць пачуць немцы, а гэта канец. I тыя жанчыны, тыя маці, замест таго каб плюнуць на вяскоўцаў, з якімі нельга было знайсці паразумення, замест таго каб кінуць іх і ратаваць сябе і сваіх дзетак у адзіночку, пайшлі на крайні крок — пазбавілі сваіх немаўлятак, сваіх дзетак жыцця.
Мужамі дзвюх апошніх жанчын былі якраз тыя прымакі. Калі яны вярнуліся з вайны і даведаліся пра тое, што ўчынілі іх жонкі, яны кінулі іх і адразу ад’ехалі да сябе на радзіму. А жанчыны тыя ўсё жыццё да старасці ў адзіноце з цяжкім грузам на сэрцы, з цяжкім грахом на сэрцы так і пражылі.
Так гэты трагічны эпізод быў расказан мной у першым выданні кнігі. Але калі кнігу прачыталі мае аднавяскоўцы, яны мяне паправілі. Яны расказалі мне, што не праганялі гэтых трох жанчын са сваіх груп. У шмат якіх сем’ях былі маленькія дзеці і ўсе з гэтым мірыліся, вытрымалі і перажылі блакаду. Гэтыя тры жанчыны вырашылі ратавацца разам з партызанамі, думалі, што з імі бяспечней. Але партызаны паставілі ўмову: далучыцца да іх можна, але без дзяцей. Што адбылося далей, вышэй мной расказана ўсё правільна.
Mae землякі запыталіся ў мяне, чаму я ў сваёй кнізе не назваў імёны гэтых жанчын. Таму зараз я іх называю. Першую жанчы-
ну звалі Надзя. Ад вяскоўцаў я пачуў жудасныя падрабязнасці. У Надзі не было чым задушыць сваю дачку. Яна звярнулася да жыхара нашай жа вёскі 17-гадовага Рыгора Салянкі, каб ён пазычыў ёй сваю дзягу. Рыгор адмовіўся браць грэх на сваю душу, дзягу не даў. Тут я ўпершыню даведаўся, што дачцэ Надзі было ўжо 6 гадкоў. Уся гэта падрыхтоўка к злачынству адбывалася ў яе прысутнасці, на яе вачах і яна добра разумела, што рыхтуе для яе ўласная мама. Дзяўчынка стала прасіць: «Мамулька, не забівай мяне, я больш не буду плакаць, буду вясці сябе ціха». Але вырак ужо вынесены, і партызаны падштурхоўваюць: «Давай, Надзя! Хутчэй канчай, Надзя!» Пра ўсё гэта Рыгор расказаў пасля блакады.
Дзве другія жанчыны дзве родныя сястры, Вера і Валя Мікалайка. Іх дзеткам было па годзіку з паловай, таму іх маці здзейснілі свае злачынствы лёгка. Гэтыя тры выпадкі дзетазабойства красамоўна характарызуе і партызан, якімі яны былі абаронцамі насельніцтва. У гэтых выпадках яны былі ініцыятарамі і саўдзельнікамі забойства дзяцей. Пасля вайны гэтых жанчын да адказнасці не прыцягнулі.
19. Трагедыя ў вёсцы
Пакуль мы хаваліся на балоце, у нашай вёсцы разгортваліся трагічныя падзеі. Свае хаты пакінулі не ўсе жыхары. На месцы засталіся хворыя і састарэлыя людзі, а таксама тыя, хто не пажадаў расставацца са сваёй маёмасцю. Былі і такія, хто лічыў, што ім нічога не пагражае. Большасць іх схавалася побач са сваімі хатамі ў ямах, у кустарніках, у высокай траве, у бульбяных барознах, і нават на гарышчы сваіх хат. Такіх людзей у вёсцы засталося шмат, але колькі ўсяго, не ведаю.
Калі немцы ўвайшлі ў Нябышына, то першай жывой душой, якую яны ўбачылі, была мая бабуля Наста. Ей надакучыла сядзець у адзіноце ў сховішчы і яна пайшла ў вёску да сваёй хаты. Тут і сустрэлася з немцамі. Як потым расказвалі людзі, якія назіралі са сваіх сховішчаў за падзеямі і ацалелі, немцы цераз перакладчыка паразмаўлялі з бабуляй, нечым яе пачаставалі і загадалі прайсці па вёсцы і сказаць людзям, каб яны нічога не баяліся. Але гэта было не зусім так. Хоць немцы зачыстку ў вёсцы і не рабілі, але калі яны выпадкова напароліся на некалькіх чалавек, то працаз-
дольных тут жа накіравалі ў Докшыцы для далейшай адпраўкі на працу ў Нямеччыну. Старых і хворых адпусцілі, нікога не забілі.
А мая бабуля так і пайшла вольна па вуліцы, пакуль не зайшла ў хату да сваёй сяброўкі — аднагодкі паразмаўляць. Немцы ўпэўніліся, што ў нашай вёсцы партызанамі і не пахне, падпалілі чатыры крайнія хаты, у тым ліку і нашу, і пайшлі далей у бок Бягомля. Яшчэ раз напомню. што гэтыя хаты спалілі па той прычыне, што ў мінулым месяцы партызаны вялі стральбу з нашага двара па групе немцаў. Убачыўшы пажар, людзі, якія хаваліся no634 з вёскай, прадбачліва кінуліся ў лес. Вось якраз у гэты момант я і прыбег да сваёй хаты, каб уратаваць сабачку, але хата ўжо гарэла.
Між тым і ў гэты момант у вёсцы заставаліся жыхары. Праз нейкі час у яе ўвайшлі паліцаі. Іх было не надта многа, чалавек 15-20, можа, крыху больш, і з імі каля дзесятка падвод. Якая мэта была ў іх, можна здагадацца. Яны сталі рабаваць пустыя хаты і грузіць скарб на вазы.