• Газеты, часопісы і г.д.
  • Нябышына. Акупацыя вачыма падлетка  Ілля Копыл

    Нябышына. Акупацыя вачыма падлетка

    Ілля Копыл

    Памер: 288с.
    Мінск 2014
    76.37 МБ
    Бацька працягваў расказ, але мяне паклікаў Міша. Ён паказаў мне каршуна, які спакойна сядзеў на вяршаліне сасны. Міша даваў мне стрэліць ужо шмат разоў. Я нават трапляў у бляшанку з-пад кансерваў. Ён аддаў мне ў рукі карабін і сказаў, каб я пастараўся пацэліць у птушку. Ад мяне залежала, што будзе на вячэру. I я пацэліў, каршун упаў на зямлю. Міша мяне пахваліў. На вячэру мама зварыла бацвінне з птушыным мясам. Каршун быў вельмі тлусты.
    Раніцай бацька абняў нас па чарзе і пайшоўу Бягомль, пайшоў не вуліцай вёскі, а аселіцамі, каб не сустракацца з людзьмі. Мы засталіся ў шалашы. 3 фронту ад бацькі прыходзілі лісты. Мама іх чытала ўслых, а мы, я з братам Андрэем і ўся сям’я дзядзькі Лаўрэна, уважліва лавілі кожнае слова, што бацька напісаў нам з фронту. Часам прыходзілі суседзі і звярталіся да мамы: «Дуня, калі ласка, пачытай нам, што піша Піліп з вайны». Пасля мая 1945 года мы лічылі дні, калі наш бацька вернецца дадому. Але, як высветлілася, СССР і яго непераможная Чырвоная Армія без майго бацькі не маглі разбіць Японію, і яго накіравалі туды.
    Ён загінуў 19 жніўня 1945 года ў Манчжурыі пад горадам Мукдэнам.
    А старшынёй калгаса прызначылі Мішу Кузьміча. 3 яго дачкой Клавай я вучыўся ў адным класе.
    28.	Выпадковыя ахвяры
    Такім чынам, Чырвоная Армія вызваліла нашу мясцовасць ад немцаў, акупацыя закончылася. Людзі паціху сталі вяртацца ў вёску. Дарослыя хадзілі на працу ў калгас, а ў вольны час
    ладкавалі сваё жыццё. Мы, дзеці, засталіся без нагляду. Бацькі папярэджвалі нас, каб мы не хадзілі ў лес па грыбы ці па ягады там яшчэ блыталіся адстаўшыя ад фронту немцы. Гэтаксама ў 1941 годзе мы баяліся адстаўшых чырвонаармейцаў. Але мы не надта слухаліся бацькоў. Мы збіраліся ў купку і шукалі «трафеі». Паколькі баёў вакол нашай вёскі не адбывалася, то і трафеі былі бедныя: бляшанкі з-пад кансерваў, драўляныя скрынкі, кардонныя каробкі. Усё гэта мы неслі ў свае двары. Трапляліся і больш небяспечныя цацкі. Я ўжо пісаў, што ў майго стрыечнага брата Мііпы быў нямецкі карабін і запас патронаў.
    Адзін 10-гадовы падлетак знайшоў ракетніцу. Яна была зараджана. У час гульні ён націснуў на спускавы кручок, адбыўся стрэл і сігнальнай ракетай другому падлетку прапаліла штаны і абпаліла скуру на назе. Віноўнік уцёк дадому, а пацярпелы, наадварот, баяўся паказацца на вочы бацькам, але не з-за раны, а з-за прапаленых іптаноў.
    Аднойчы і я асабіста правёў небяспечны эксперымент. Я разабраў вінтовачны патрон, адсыпаў частку пораху, прапіхнуў кулю ўнутр гільзы, а зверху насыпаў той на порах. Потым порах падпаліў сярнічкай. Адбыўся стрэл. Куля паляцела ўвыіпыню на 15—20 метраў. На гэтым мае прыгоды не скончыліся. Я падняў кулю і вырашыў выплавіць з яе свінец на грузіла для вуды. Але я не ведаў, што куля была разрыўная. Адбыўся выбух, вогнішча раскідалаў розныя бакі. Дробныя асколкі прадзіравілі мне штаны і ўпіліся ў скуру ног. Пацякла кроў. Асколкі ад кулі я павыкалупваў лязом кішэннага нажа. He толькі маме, але нікому я не расказваў пра гэты выпадак. Пішу пра гэта ўпершыню.
    Сярод нашых знаходак часта былі капсулі-дэтанатары для толавых шашак. Мы іх кідалі ў агонь і разбягаліся ў розныя бакі. Бывала, што хто-небудзь непрыкметна кідаўу вогнішча патрон ці дэтанатар. I калі знянацку адбываўся выбух, нас гэта вельмі палохала, а «жартаўнік» рагатаў.
    Але неўсё нам сыходзіла з рук. Былі выпадкі вельмі трагічныя, са смяротным канцом. Так, 11-гадовы хлопец (звалі яго Ваня) знайшоў унітарны пушачны боепрыпас-снарад. Ен прынёс яго на свой двор, усеўся на прызбу і стаў аддзяляць снарад да гільзы. Маці была на працы, яму ніхто не перашкаджаў займацца гэтай небяспечнай справай. Хутка вакол Вані сабраўся цэлы натоўп падлеткаў. Ваня стукаў боепрыпасам аб зямлю, выбух мог адбыцца ў любы момант. Вынік быў бы непапраўны. Магчыма, і я не пісаў
    Дзеці вайны. Пасля заканчэння Нябышынскай сямігадовай школы (1951 г.)
    бы гэтыя радкі. Нас ад немінучай смерці выратавала тое, што зямля была рыхлая, а снарад быў фугасны, узрывацель быў закрыты металічным калпачком. Нарэшце гільза аддзялілася. Яна была запоўнена доўгім, як макароны-спагеці, порахам, даўжынёй 15— 20 см. У гэты час на двор зайшоў 14-гадовы хлопец Валодзя (зараз ён жыве ў Бягомлі). Ен у сваёй руцэ трымаў толавую шашку з капсулем-детанатарам. He хапала бікфордавага шнура. Убачыўшы доўгі порах, ён палічыў, што ім можна замяніць бікфордаў шнур, і прапанаваў падарваць шашку. Яе вага хутчэй за ўсё складала 200 грамаў. Мы ўсе накіравалі за вёску ў бок могілак. Учадалыіік шашкі скруціў з махоркі цыгарку, закурыў, замацаваў у капсуль-дэтанатар адну трубачку пораху і ад цыгаркі падпаліў яе. Рабіў ён усё гэта не спяшаючыся. Порах задыміўся і патух. I тут на дапамогу прыйшоў Ваня: «Давай я падарву, у цябе рукі дрыжаць». Мы ўсе на ўсякі выпадак адбеглі на 25—30 метраў і залеглі. Ваня надзейна падпаліў порах і імгненна ў яго руках адбыўся выбух. Ваня загінуў. Ен быў адзіным дзіцём у сям’і. Мы з перапалоху разбегліся хто куды. Што засталося ад Вані пасля выбуху, не ведаю, на яго пахаванні мяне не было.
    3 гэтага здарэння мы не зрабілі высноў. Праз некалькі дзёп другі хлопец, якому было гадоў 14—15, знайшоў супрацьтанкавую гранату. Ён сабраў нас і павёў да ракі глушыць рыбу. На беразе ракі ён выняў засцерагальную чаку і кінуў гранату на сярэдзіну плёсу. Але выбух неадбыўся. Тады ён раздзеўся і нырнуў у ваду. Я не памятаю, як таго хлапца звалі, таму што ён быў нашмат старэйіпы за мяне. Адшукаўшы гранату, ён вылез на бераг. У яго хапіла розуму папярэдзіць нас, каб мы адышлі на 30—40 м і залеглі, што мы ўсе і зрабілі. У момант замаху для кідка граната выбухнула. Хлопца разнесла ўшчэнт. Гэта было жудаснае відовішча. Мы ляжалі за купінамі, баяліся паварушыцца. Ён таксама быў адзіным дзіцём у маці. Якраз у гэты час вербавалі людзей для засялення горада Кенігсберга, і Вольга, яго маці, ад’ехала туды адразу пасля пахавання сына. Міліцыя па гэтых няшчасных выпадках ніякага следства не праводзіла і нават не прыязджала ў вёску. Магілы гэтых двух хлопцаў знайсці ўжо немагчыма.
    29.	Я адмовіўся помсціць
    Праз некалькі тыдняў, калі фронт быў ужо далёка на захадзе, праз нашу вёску рухалася невялікае армейскае падраздзяленне, чалавек 20—25 на 8-10 павозках. У кожную павозку было запрэжана па два кані. На нашым гумне яны спыніліся на прывал, распалілі паходную кухню і сталі рыхтаваць сабе абед. Я тут жа падключыўся да іх, стаў збіраць і падносіць дровы. За гэта атрымаў кавалак хлеба, чарпак супу, які налілі ў салдацкі кацялок, а ў накрыўку ад кацялка паклалі кашу. Ежа была смачная, з мясной тушонкай.
    Сярод салдат быў палонны немец. Ён атрымаў на абед такую ж порцыю, як і ўсе. Пасля абеду камандзір стаў са мной размаўляць колькі мне гадоў, дзе мой бацька. Потым запытаўся, ці ёсць у нашай сям’і загінуўшыя ў часы акупацыі. Я адказаў: «Так, ёсць», — і пералічыў усіх загінуўшых сваякоў. Ён сказаў, што наша сям’я моцна пацярпела ад акупантаў. Запытаўся. ці ўмею я страляць. Я адказаў, што ўмею, і мне прыпомнілася, як я пацэліў у каршуна. Афіцэр даў мне карабін і сказаў, што я за ўсё магу адпомсціць, магу застрэліць палоннага немца. Немец насцярожыўся, магчыма, ён зразумеў, аб чым ідзе гаворка. Я зірнуў на яго, а ён глядзеў на мяне шырока расплюшчанымі вачыма. Мне не хацелася помсціць ні гэ-
    таму немцу, ні любому іншаму. Я сказаў афіцэру, што маіх сваякоў забілі паліцаі. Я хацеў яшчэ дадаць, што брата Мікалая забілі партызаны, але ён мяне спыніў і ўдакладніў, што немцы і паліцаі усе яны фашысты. Я адчуў жахлівасць моманту, мне стала не па сабе, заныла пад лыжачкай. Дрыжачымі рукамі я паклаў карабін на зямлю і кінуўся на ўцёкі.
    Прыйшлося прасядзець шмат часу ў кустах, пакуль салдаты не пакінулі наша гумно. Я пра гэта нікому не расказваў. I калі зараз прыпамінаю той выпадак, то с павагай стаўлюся да сябе. Я ўспамінаю таго немца і думаю, ці ўдалося яму выжыць і вярнуцца на сваю Радзіму ў Нямеччыну. I яшчэ, я ўспамінаю таго савецкага афіцэра, які паспрабаваў укласці зброю ў рукі 10-гадовага падлетка і скалечыць яго дзіцячую душу. Дзякуй Богу, мая мараль аказалася вышэй за мараль таго афіцэра, хоць слова «мараль» я тады яшчэ не ведаў.
    30.	Жыццё працягваецца
    Бацька пайшоў на фронт, а мы мама, брат Андрэй і я засталіся ў шалашы. Жыццё працягвалася. Але якое гэта было жыццё? Гады акупацыі ў параўнанні з ім маглі здацца раем. Нас чакалі цяжкія выпрабаванні. Знайшоўся бацька Мішы, і мой стрыечны брат разам са сваім карабінам пакінуў наш шалаш. Мы пазбавіліся хоць і мізэрнага, але мяснога рацыёна, які ён здабываў для ўсіх нас. Маму і брата Андрэя штодзённа ганялі на калгасную працу. За гэта нічога не плацілі, толькі ставілі палачкі-працадні. I людзі імкнуліся іх зарабіць, таму што была ўстаноўлена гадавая норма выпрацоўкі працадзён. За невыкананне нормы існавала пакаранне.
    Кожную раніцу брыгадзір Іллюк Спічонак заходзіў у кожную хату і даваў загад, каму на якую працу трэба ісці ў гэты дзень. Так, майму брату ён часта казаў: «Андрэй, сёння пойдзеш прычэпшчыкам на трактар, а ты, Дуня — выкідваць гной з кароўніка». Гэта была вельмі цяжкая праца катарга. Палеткі пуставалі, таму што па віне партызан не было магчымасці восенню 1943 года пасеяць азімыя, а вясной 1944 года яравыя. Фармальна партызаны лічылі, што ўраджай можа дастацца немцам. Як будзе выжываць насельніцтва, іх не турбавала. Тое, што ўдалося пасадзіць на сваіх
    палетках, не вырасла без дагляду. Наперадзе нас чакала халодная і галодная зіма, і яшчэ болып галодная вясна.
    3 Бягомльскай МТС прыгналі калёсны трактар ХТЗ, пачалі араць поле, рыхтваліся да сяўбы азімых. Мы, падлеткі, пільна сачылі, калі будуць араць поле, дзе раней расла бульба. Мы збіралі марожаную гнілую бульбу, якую называлі «лагуны», таму што лупіна лёгка здымалася. 3 такой бульбы мама пякла ляпёшкті, якія былі вельмі цвёрдыя і чорныя. Але тады здавалася, што яны вельмі смачныя. У першыя пасляваенныя гады ўдосталь наеліся травы. У ежу ішло ўсё: свірэпа, кветкі канюшыны, шчаўе і іншыя расліны.
    Сем’і, у якіх былі мужчыны, пачалі будаваць сабе хаты. Першым пабудаваўся Аляксей Ляўко. Ён быў добрым цесляром. Пабудавалі сабе хаты Пётра Кузьміч, Кастусь Шульгат, Міша Кузьміч, Мікалай Бычок, Іллюк Спічонак. Мы, як і шмат іншых сямей, заставаліся жыць у шалашах і часовых пабудовах. На двары ўжо стаяла сярэдзіна жніўня 1944 года. Пара было рыхтавацца да школы. Мая хросная мама Юстына была добрай швачкай. У яе нейкім цудам збераглася даваенная швейная машына, і яна пашыла мне штаны з нямецкай маскіровачнай плашч-палаткі.