• Газеты, часопісы і г.д.
  • Нясвіж і Радзівілы  Клаўдзія Шышыгіна-Патоцкая

    Нясвіж і Радзівілы

    Клаўдзія Шышыгіна-Патоцкая

    Выдавец: Беларусь
    Памер: 240с.
    Мінск 2002
    70.73 МБ

     

    Аўтаматычна згенераваная тэкставая версія, можа быць з памылкамі і не поўная.
    Стратэгія, якуіо распрацаваў найвышэйшы гетман Мікалай Руды і дворны гетман Рыгор Хадкевіч, не дазволіла злучыцца дзвюм арміям і прадухіліла акупацыю большай часткі Беларусі і захопу Вільні.
    26 студзеня 1564 года маскоўская армада на чале з ваяводам П. Шуйскім падышла да ракі Вулы. Тут іх чакалі ў засадзе рыцары найвышэйшага гетмана. Атака была раптоўная, а бітва маланкава-хуткацечная. Радзівілаўскі корпус налічваў не больш за 5 тысяч ваяроў, але гэта была выдатна ўзброеная мабільная конніца беларускай шляхты — спрадвечнай абаронцы краіны. Найвышэйшы гетман Мікалай Руды біўся поплеч са сваімі рыцарамі. Маскавіты былі поўнасцю разбіты. Ваявода Шуйскі з паловай войска загінуў, а астатнія разбегліся.
    Другая частка армады ў гэты час падыходзіла да Оршы пад кіраўніцтвам князя Сярэбранага. Оршу бараніў двухтысячны корпус аршанскага старосты Філона КмітыЧарнабыльскага. Чуткі пра перамогу пад Вулай і падыход Радзівіла да Оршы пасеялі паніку ў войску князя Сярэбранага. Маскавіты ў паніцы разбягаліся, баючыся помсты, пакідаючы абозы з нарабаваным дабром.
    Бліскучая вайсковая аперацыя каля Вулы, якая прынесла перамогу беларускім ваярам на чале з найвышэйшым гетманам Мікалаем Рудым Радзівілам, стала вядомай ва ўсёй Еўропе, прадэманстраваўшы выдатную вайсковую арганізацыю ў Вялікім княстве, высокае вайсковае кіраўніцтва ягоных палкаводцаў і, галоўнае, неўтаймаваны баявы дух беларускага рыцарства. Шмат яшчэ было перамог у найвышэйшага гетмана Радзівіла, і ў тым ліку вызваленне Полацка ў 1579 годзе. Перамога на рацэ Вуле спрыяла адцягненню падпісання уніі ВКЛ і Польскай Кароны і акупацыі Беларусі.
    Цяжкія абставіны ў сувязі з агрэсіяй Івана Жахлівага ўсё ж змусілі княства падпісаць у 1569 годзе ганебную Люблінскую унію. Праслаўлены пераможца дзесяткаў бітваў Мікалай Радзівіл Руды плакаў, стоячы на каленях перад каралём Жыгімонтам і заклінаючы таго імем Ягайлы не падпісваць унію, улічыць інтарэсы Вялікага княства. Выступаючы супраць уніі, літоўскія патрыёты пісалі Мікалаю Рудому гнеўныя пратэсты. Вось невялікі ўрывак
    з пісьма Хадкевіча: «Я нават адмаўляюся гаварыць, якое вялікае зло Люблінскай уніі для «убогай і нужднай Літвы». Моцна баліць сэрца, гледзячы на тое, што з намі робіцца, бо нас сустракае зло іменна з таго боку, адкуль мы аднаго толькі дабра спадзяваліся». У другім лісце той жа Хадкевіч працягваў: «Паведамляю аб трагічнай канчыне майго стрыя Ераніма Хадкевіча, трокскага пана. Размаўляючы ў мяне за абедам з Асалінскім аб тым, якую згубу прыносіць нам гэтая унія, ён, пад уплывам любові да Айчыны, пажадаў сабе не дачакацца яе. Так і здарылася: пад раніцу ён аддаў душу Богу».
    Нягледзячы на тое, што Люблінская унія запісала дамоўленасць аб роўнасці і вольнасці Кароны і Вялікага княства, але хутка яны пачалі парушацца.
    Мікалай Руды даказваў каралю: «Якая ж гэта будзе унія Літвы з Польшчай, калі ад Літвы адарвалі шмат абласцей дэкрэтамі. Пасля гэтага можна сказаць, што Літвы больш не існуе, а разам з гэтым і нейкай уніі». Ад’язджаючы з Кракава пасля таго, як скончыліся перагаворы, Мікалай з болем і горыччу сказаў: «Нават вораг падчас перамір’я не парушае ўласнасці, а нас, жывушчых у вечным міры і братэрстве з вамі, вы, палякі, пазбавілі гэтага права. Справядлівасці на зямлі мала! Але Бог такой няпраўды з намі не прапусціць: рана альбо позна, але расплата будзе!».
    Пасля смерці бацькі ў 1541 годзе Мікалай Руды атрымаў вялікую спадчыну, у тым ліку Біржы Жупраны, Дубінкі і дзесяткі іншых маёнткаў. За заслугі перад радзімай быў узнагароджаны гарадамі Барысавам, Лідай, Мозырам, Ашмянамі, Койданавам і іншымі тэрыторыямі.
    Пасля смерці Мікалая Чорнага біржанскі князь узначаліў пратэстантаў ВКЛ. Шмат вядомых палітычных і рэлігійных дзеячаў прысвяцілі яму свае творы. Нават пісьменнікі-католікі славілі яго за перамогу пад Вулай.
    Мікалай Руды памёр у Вільні ў 1584 годзе, а пазней быў пахаваны ў Дубінках у кальвінскім зборы.
    ПЕРШЫ ПАДАРОЖНІК БЕЛАРУСІ, СВЯТЛЕЙШЫ ПІЛІГРЫМ
    МІКАЛАЙ КРЫШТОФ РАДЗІВІЛ СІРОТКА (1549—1616)
    ]\4ікалай Крыштоф Радзівіл найвышэйшы маршалак літоўскі, ваявода трокскі і віленскі, I ардынат нясвіжскі, сын князя Мікалая Чорнага і Елізаветы Шыдлавецкай нарадзіўся 2 жніўня 1549 года. Пачатковую адукацыю атрымаў у пратэстанцкай нясвіжскай школе, у якую бацька Радзівіл Чорны запрасіў вядомых у той час у навуковым і культурным асяроддзі людзей: Францыска Лісманіні, Яна Ласкага, Сымона Завуцішу, Францыска Станкара, Георгія Бландрату, Мартына Кравіцкага. Паэты, мастакі, вучоныя, якія валодалі амаль усімі еўрапейскімі мовамі, стварылі ў той час у Нясвіжы сапраўдны культ філалагічных ведаў.
    Першае імя Мікалай ён атрымаў па сямейнай традыцыі, а мянушку Сіротка звязваюць з гісторыяй, якая
    апісана ў старажытнай хроніцы: «Хутка пасля яго (Мікалая Крыштофа) нараджэння бацькі паехалі да каралеўскага двара, узяўшы з сабою немаўлятка. Там ён і атрымаў мянушку Сіротка, пад якім быў вядомы ва ўсім краі. Калі кароль Жыгімонт Аўгуст, здаволіўшыся назіраннем феерверкаў у гонар вяселля аднаго з сенатараў з дамай каралеўскага двара, то схаваўся ціхенька ў апартаментах, дзе спыніўся Мікалай Радзівіл Чорны. Там ён знайшоў маленькага княжыча, які быў усімі пакінуты і жаласна плакаў на сваім маленькім ложачку. Кароль пачаў з ім ласкава гаварыць, называючы сіроткай, пакінутым усімі блізкімі. Пачуўшы яго словы, дваровыя пачалі так называць маленькага Мікалая, расказаўшы пра гэта ўсім».
    Калі юнак у 1563 годзе быў пасланы ў Нямеччыну вывучаць замежныя мовы, бацька пісаў яму, каб не забываўся сваёй роднай, каб не быў, «як той балван Павел, каб з цябе не смяяліся родныя браты і сёстры». Аднойчы ў Нясвіж прышла вестка, што кароль Швецыі Эрых XIV хоча ўкрасці маладога Радзівіла, каб потым абмяняць яго на Крыштофа Мекленбургскага, які ў еэты час знаходзіўся ў польскім палоне. 3 Нясвіжа паляцелі шматлікія пісьмы, але, на шчасце, усё скончылася добра.
    За мяжой нясвіжскі князь працягваў вучобу ва універсітэтах Страсбурга, Цюрыха, Цюбінга, Хайдальберга. Выконваючы апошнюю волю бацькі, ён зрабіў аб’езд еўрапейскіх уладароў у Германіі, Францыі, Італіі, пабываў пры двары імператара Максіміліана, пад кіраўніцтвам Рамана Сангушкі ўдзельнічаў у рыцарскіх турнірах.
    У 1566 годзе ў Рыме Мікалай Сіротка перайшоў у каталіцкую веру, але прасіў айцоў царквы пакуль трымаць гэта ў тайне, каб не абвастраць адносіны з апекуном Мікалаем Радзівілам Рудым, шчырым кальвіністам. «Дапамог,— як расказвае Відзевіч,— вялікі цуд. У пятніцу, калі Сіротка ад’язджаў з Варшавы ў Вільню, пастаўленыя яму на стол прыгатаваныя каплуны пачалі рухацца, a потым увогуле зваліліся. Сэнс гэтага цуда быў у тым, што мёртвыя птушкі ажылі, каб Радзівіл не парушыў вялікі пост, які быў неабходным па каталіцкай веры». Як апавядае далей Відзевіч, птахаў напаілі, абскублі і паклалі на стол. Там яны ажылі, калі да іх дакрануліся нажом. Што ў легендзе гэтай было праўдай, цяпер цяжка сказаць. Магчыма, прычына, чаму перайшоў Сіротка ў
    каталіцкую веру, заключана ва ўздзеянні на яго вялікага прапаведніка, геніяльнага езуіта Пятра Скаргі. Па аналогіі можна ўспомніць і выпадак з Мікалаем Рудым. Пасля перамогі пад Вулай над войскам Івана Жахлівага вялікі гетман літоўскі паехаў у Чанстахоў, каб падзякаваць Богу за перамогу. Гэтае места славілася рознымі цудамі. Асабліва цудадзейным лічыўся абраз Маці Божай, які знаходзіўся ў манастыры паўлінаў. Вітаючы князя-гетмана, паўліны паказалі яму чалавека, апантанага д’яблам. Яны пачалі выганяць д’ябла, у чым мелі поспех. У гетмана з’явіліся сумненні, і ён загадаў прывесці да сябе таго чалавека. Ад яго ён даведаўся, што ніякага д’ябла не было, усё аказалася камедыяй. Гетман, вельмі абражаны тым, што з яго хацелі зрабіпь дурня, вырашыў прыняць веру свайго стрыечнага брата Мікалая Чорнага. Так, гаворыцца ў паданні, ён перайшоў у пратэстанцтва.
    У пачатку 1567 года Мікалай Сіротка быў прызнаны паўналетнім і ўзяў кіраўніцтва над наследнымі ўладаннямі і апеку над вялікім сямействам. Неўзабаве пасля смерці Юрыя Іллініча ў 1569 годзе Мікалай Крыштоф Радзівіл афіцыйна быў таксама запісаны ўладальнікам памесцяў Міра і Белай.
    У 1574 годзе Мікалай Сіротка прымаў удзел у выбарах новага караля на віленскім сейме. Яго сімпатыі належалі французскаму прынцу Генрыху Валезія (Валуа), таму ў складзе дэлегацыі ён быў адпраўлены ў Парыж, каб запрасіць Генрыха на польскі прастол. Калі той збег з Рэчы Паспалітай праз некалькі тыдняў, Мікалай Сіротка зноў быў вымушаны ехаць у Францыю, каб угаварыць караля-ўцекача вярнуцца, але поспеху ўгаворы не мелі. Пасля гэтага было вырашана запрасіць на польскі прастол трансільванца Стэфана Баторыя, палітыку якога, і ўнутраную, і знешнюю, актыўна падтрымліваў Мікалай Крыштоф Радзівіл. Ён удзельнічаў у баявых паходах караля, які ўкамплектаваў і ўзброіў моцную армію і пайшоў у наступленне на Масковію. Хутка быў вызвалены Полацк, затым заняты Вялікія Лукі, а ў 1581 годзе войскі Рэчы Паспалітай аблажылі Пскоў. У адной з бітваў Сіротка быў цяжка паранены ў галаву і пакінуў службу. Стан здароўся паспрыяў абету здзейсніць паломніцтва да Гроба Гасподняга.
    За ўдзел у ваеннай кампаніі Сіротка атрымаў пасаду найвышэйшага маршалка літоўскага. Некаторы час ён
    правёў у Італіі, папраўляючы здароўе і рыхтуючыся да паломніцтва ў Іерусалім, але пагроза эпідэміі на Блізкім Усходзе ў пачатку 1581 года прымусіла яго вярнуцца на Радзіму.
    Падарожжа пачалося 16 верасня 1582 года. 3 Нясвіжа Сіротка накіраваўся ў Венецыю, дзе перачакаў зіму, a вясной 1583 года на караблі накіраваўся да порта Трыпалі, па дарозе наведаўшы востраў Крыт і Кіпр. У час пешага пераходу да Іерусаліма падарожнікі наведалі старажытныя руіны Баальбска і Дамаска. Пасля пакланення Гробу Гасподняму і Галгофе падарожжа працягвалася ў Віфлеем і ў пустыню да Мёртвага мора.
    Са свайго падарожжа Радзівіл прывёз у Нясвіж археалагічныя калекцыі і егіпецкія муміі, некалькі экзатычных жывёлін з мэтай стварыць у Нясвіжы ўласны звярынец. Тут былі малпы, леапарды, папугаі, пара «фараонавых пацукоў» — суслікаў. Незвычайную гісторыю з нясвіжскімі суслікамі апісаў Уладзіслаў Сыракомля.
    У 1586 годзе Мікалай Сіротка разам з братамі Станіславам і Альбрыхтам стварылі тры ардынацыі — Нясвіжскую, Алыкскую і Клецкую, якія ахоплівалі ўсе багацці князёў. Спадчына ў ардынацыі перадавалася старэйшаму «па мячу» (на мужчынскай лініі).