Няўстойліваму становішчу ў краіне спрыялі выбары новага караля. У гэты смутны час неаднаразова ўспыхвалі паўстанні сялян і гараджан, нават і ў Вялікім княстве Літоўскім. Уся паўднёвая частка была ўжо ахоплена імі. У 1649 годзе Януш Радзівіл адбіў у Багдана Хмяльніцкага Пінск, Тураў, Мазыр, Бабруйск. Пасля гэтага пачаліся перамовы з казацкім гетманам, але яны ні да чаго добрага не прывялі. Новы польскі кароль Ян Казімір загадаў Янушу, каб той палову свайго войска аддаў Кароне пад яе ўладу. Але літоўскі сейм, які сабраўся ў маі 1649 года, не пагадзіўся з такім патрабаваннем. Большасць дэпутатаў выказалася супраць падзелу літоўскага войска, з якім у змаганні за землі княства Януш Радзівіл паказаў сябе таленавітым правадыром, бліскуча правёў бітву пад Лоевам у 1649 годзе і выйграў шмат іншых. У жніўні пераможна ўвайшоў у Кіеў. Ваявода кіеўскі, Ян Ляшчынскі тады пісаў: «У вядзенні вайны і заключэнні міру ніхто не можа быць больш таленавітым за Радзівіла, хацеў бы, каб гетманіў ён сам». Дзякуючы перамозе Януша Радзівіла пад Зборавам было заключана перамір’е паміж казакамі і польскім каралём. 16 снежня 1649 года ён прыехаў у Варшаву на сейм і перад каралём і сенатам урачыста злажыў здабытыя ў бітве пад Лоевам сцягі разгромленых казацкіх атрадаў, за што ад Сената атрымаў Невель і Себеж, a польскі кароль, каб улагодзіць Радзівіла, надаў яму годнасць старосты Барысава. Але, на жаль, самы папулярны ў краіне князь быў у няміласці ў караля, бо ўвесь час стаяў за самастойнасць і незалежнасць княства. Вось чаму той не хацеў аддаваць яму булаву гетмана. Разглядаючы гэтае пытанне, сейм наогул спыніў паседжанне, бо не здолеў прыняць адпаведнага рашэння. Януш абураўся, злаваў, пісаў, што сейм сарвалі «на зло Вялікаму княству Літоўскаму». Прапанаваў каралю пачаць перамовы, каб стварыць кааліцыю супраць казакаў. У яе маглі б увайсці гаспадар Малдавіі Базыль Лупул, князь сяміградскі і крымскі султан. Кароль згадзіўся з ім. У Януша былі тут свае далёкія планы. Ён хацеў пры дапамозе кааліцыі прымусіць парваць унію Кароны з Літвой. 6 ліпеня 1651 года ў бітве пад Лоевам з казакамі, якімі кіраваў палкоўнік Нябаба, літоўскае войска ў чарговы раз перамагло. Януш Радзівіл пераправіўся праз Дняпро і завалодаў Чарнігавам. 3 жніўня ён быў пад Кіевам, які здаўся без бою. 4 верасня 1651 года Януш Радзівіл злучыўся з войскам Кароны, каб даць рашучую бітву Багдану Хмяльніцкаму, але той раптоўна заключыў з каралём мір, вядомы як Белацаркоўскі. На памяць аб узяцці Кіева Януш Радзівіл загадаў адліць медаль з надпісам: «Гэта табе, каралю Яну Казіміру, Радзівіл аддае ў рукі разбураныя муры Кіева і сайдакі бунтаўшчыкоў». 26 лютага 1652 года на сейме ў Варшаве Януш Радзівіл, гетман літоўскі, дакладаў аб дзеяннях кароннага і літоўскага войска ў барацьбе з казакамі. Гэта выклікала зайздрасць сярод пыхлівых польскіх магнатаў. Яны пачалі весці інтрыгі супраць Радзівілаў, перш супраць Багуслава, потым і самога Януша. Дайшло да шабляў. Каб яшчэ больш распаліць атмасферу, хтосьці пусціў чутку, што памёр вялікі гетман літоўскі Януш Кішка. Кароль, не вельмі давяраючы Радзівілам і баючыся іх, паабяцаў Паўлу Сапегу аддаць таму булаву вялікага гетмана княства. Сапегі варагавалі з Радзівіламі. Раззлаваны і абураны, Януш пакінуў Варшаву, нават не развітаўшыся з каралём, што па тым часе было нечуванай дзёрзкасцю. У 1653 годзе на сейме ў Брэсце Януш Радзівіл атрымаў ад караля кіраўніцтва Віленскім ваяводствам. У сакавіку 1654 года пасля смерці Януша Кішкі Радзівіл зноў пачаў барацьбу за булаву вялікага гетмана літоўскага і выйграў яе, хаця гэтая перамога дасталася яму нялёгка. У гэты час Багдан Хмяльніцкі пачаў рыхтаваць нечаканы ўдар па Рэчы Паспалітай насуперак Белацаркоўскаму міру. Ён накіраваў паслоў у Маскву і заключыў у Пераяслаўлі дагавор, па якому Украіна добраахвотна ўз’ядналася з Расіяй. Шок быў страшэнны. Польскі кароль Ян Казімір звярнуўся з Універсалам да казакаў, але схіліць іх на свой бок не змог. Масква аб’явіла вайну Рэчы Паспалітай. Гэтая вайна 1654—1667 гадоў лічыцца самай трагічнай старонкай у гісторыі Беларусі XVII стагоддзя. Адкрыта пачынаць агрэсію рускі цар Аляксей Міхайлавіч «Цішайшы» не адважыўся. Трэба было дыпламатычна яе замаскіраваць і таму маскоўскія пасольствы ў Рэчы Паспалітай шукалі розныя прычыны, каб выказаць сваё незадавальненне і ўцягнуць краіну ў крывавую вайну. Яны патрабавалі, каб Сенат прыняў умовы Хмяльніцкага і каб былі пакараны тыя падданыя Рэчы Паспалітай, хто памыліўся ў напісанні царскага тытулу. Да сярэдзіны мая 1654 года ўсё было завершана. Гіганцкія па тых часах арміі занялі пазіцыі на іраніцах княства і чакалі пачатку дзеянняў. Войска Трубяцкога крычала: «Гатовы за веру праваслаўную, за вас, Гасудароў нашых, і за ўсіх праваслаўных хрысціян без усякай літасці галовы пакласці». На Смаленск ішла 41 тысяча ратнікаў і магутная артылерыя. Групоўка ваяводы князя Шарамецьева налічвала 15 тысяч, асобнае войска Страшнёва ў колькасці 15 тысяч было накіравана на Невель, Полацк, Віцебск, у паўднёва-заходняй арміі, якой кіраваў ваявода князь Аляксей Трубяцкой, налічвалася больш за 15 тысяч ратнікаў. На дапамогу Масковіі па загаду цара Багдан Хмяльніцкі накіраваў на Беларусь 20 000 казакаў. Нежынскі, Чарнігаўскі, Старадубскі палкі рушылі на паўднёвыя рубяжы княства. Ім было загадана ўдарыць з флангаў, захапіць Гомель, Чачэрск, Прапойск, Стары Быхаў. Усяго ў баявых фарміраваннях, накіраваных на Беларусь, налічвалася больш за 100 тысяч чалавек. У гэтай арміі былі і палкі іншаземнага строю — рэйтарскія, салдацкія, драгунскія, гусарскія, забяспечаныя найноў- шай зброяй, узначаленыя заходнімі афіцэрамі. У арсенале Маскоўскай дзяржавы было каля 5 тысяч гарматаў. Княства такую армію не магло выставіць. 10—12 тысяч вояў — вось усё, што мела княства падчас барацьбы з арміяй Хмяльніцкага. Нават вольны сейм у Брэсце прыняў каштарыс толькі на 15 тысяч жаўнераў. Была праведзена некаторая работа па абароне гарадоў Смаленска, Віцебска, Полацка. Гэтага было вельмі мала, каб абараніць краіну. Затрымалася місія і з назначэннем вялікага гетмана Рэчы Паспалітай. Варшаўскі сейм, які засядаў з 11 лютага па 28 сакавіка 1654 года, доўга вырашаў пытанне аб булаве. Сімпатыі большасці былі на баку Януша Радзівіла, які сам, як мог, рыхтаваўся да абароны і вайны. Хацеў апярэдзіць Маскву і 16 лютага выдаў Універсал аб зборы войска, у якім пісаў: «Паколькі да мяне даходзяць пэўныя звесткі аб набліжэнні магутных маскоўскіх войскаў да межаў дзяржавы, задумаўшы, як найхутчэй збіць той непрыяцельскі імпэт, нагадваю... і з улады сваёй сурова загадваю, каб вашыя міласці харугваў і камандаў сваіх трымаліся і ад іх ні на крок ад’язджаць не мерыліся... бо я на сейме дзень-другі толькі затрымаюся і потым удзень і ўночы пабягу да Оршы». Казакам ён пісаў, каб тыя «ярма царскага, горшага ад няволі паганскай, на сябе не бралі», а лепей далучаліся б да яго. Але Хмяльніцкі адаслаў гэты зварот у Маскву. A шляхта баялася пакідаць межы сваіх паветаў і не вельмі спяшалася да гетмана. Пытанне аб булаве вялікага гетмана Рэчы Паспалітай было вырашана толькі 9 чэрвеня 1654 года, калі на Беларусь ужо рушыла вялізнае маскоўскае войска, пра якое Радзівіл гаварыў: «Устрымаць такое вялікае войскаў нашэсце няма ніякай магчымасці». Да таго ж маскоўскі цар рабіў стаўку на праваслаўнае насельніцтва Беларусі. Ён пісаў: «В Польское королевство н Лятовское княжество, матерп нашей святовосточной церквн сынам... от мнопіх времен от святыя восточные церквн к вам, чадам ее, от всех православных хрнстнан Малые Росснн моленне было, да законным вспоможеннем, елнко верным по верных достонт помогать, поможем. Н вот теперь умшіостнвшінсь мы н Малую Россню, православных хрнстнан, под еданого словесных овец пастыря Хрнста Бога нашего дзержаву решшшсь прннять». Тым, хто пяройдзе на бок Масквы, апрача захавання маёмасці абяцалі ўзнагароды, прывілеі, матэрыяльную падтрымку. Калі маскоўскае войска было ўжо ў 70 км ад Смаленска, толькі тады Януш Радзівіл атрымаў, нарэшце, ад караля на Варшаўскім сейме булаву вялікага гетмана. Проста з сейма ён рушыў да Оршы і пачаў збіраць войска. 3 11 тысяч чалавек толькі 4 тысячы было жаўнераў. Ён пісаў: «Што туг рабіць? 4 тысячы на кавалкі рваць ды ісці на падмогу? Ці Літву бараніць?.. Толькі на Спадара Бога спадзяёмся, той няхай сам нас ратуе». Нават у такіх цяжкіх умовах войска Радзівіла шмат шкодзіла ворагу. «Нашы навалілі трупаў мноства, здабылі 5 сцягоў і, пабушаваўшы з непрыяцелем больш трох гадзін, нарэшце адступілі: непрыяцель не меў столькі духу, каб ладзіць пераслед, а толькі страляў з лукаў, баючыся хоць на крок адступіцца ад сваёй пяхоты і гарматаў». Януш Радзівіл горка наракаў, што не прывезлі са Слуцка гарматаў, пораху, ядраў і кнатоў. Ён пісаў, што не па яго віне войска не мае самага неабходнага. Рускія ваяводы пачалі паляванне на невялікі корпус Януша Радзівіла. 12 жніўня пад Шкловам той прыняў бой з пераўзыходзячымі сіламі войска Чаркаскага і перамог, але, на жаль, гэта была апошняя вялікая перамога гетмана. Ваявода Трубяцкой паспяшаўся да Шклова на дапамогу Чаркаскаму. У няроўным баі Януш быў цяжка паранены і адступіў да Барысава. На дапамогу яму прыйшоў стрыечны брат канюшы Вялікага княства Багуслаў Радзівіл з 200 драгунамі. Януш Радзівіл не змог у гэты час уступіць у адкрыты бой з ворагам. Яшчэ не прыйшоўшы да сябе пасля цяжкай раны, ён аддаўся дыпламатычнай місіі: пачаў пасылаць ганцоў да Хмяльніцкага, Юрыя II Ракачы і да шведскага караля Карла X Густава. Тым часам рускія войскі занялі Магілёў, Мінск, Коўна, і, нарэшце, падышлі да Вільні. Абложаная ворагам Вільня не магла спадзявацца на дапамогу. У тыя дні Радзівіл з жалем пісаў: «Шляхта замест таго, каб ісці да войска, разбеглася». Баронячы той ці іншы горад альбо край, Радзівіл быў вымушаны здымаць харугвы з аднаго месца і пераводзіць у іншае. На дапамогу Кароны не было аніякай надзеі. У Масковіі пачаліся перамовы са Швецыяй, каб падзяліць Вялікае княства на дзве часткі. Мяжа павінна была прайсці ці то праз Слуцк, ці то праз Нясвіж і Мінск. Але хутка Масква пад уздзеяннем перамог ўвогуле не захацела дзяліцца. Цар сам вырашыў давесці вайну да пераможнага канца. Шведскі кароль Карл X Густаў, выкарыстаўшы зручны момант, вырашыў пачаць вайну з Рэччу Паспалітай. На Вялікае княства рушыў маршалак Магнус Дэлягардзі і заняў Біржы. Галоўныя сілы Швецыі пайшлі на Карону. Што магло ў тых умовах рабіць княства? Януш Радзівіл, па словах Багуслава, «аддаў перавагу шведскай пратэкцыі перад маскоўскай тыраніяй». Як піша Генадзь Сагановіч у сваёй кнізе «Невядомая вайна», «гэта быў свядомы і паслядоўны крок вялікага гетмана».