• Газеты, часопісы і г.д.
  • Незвычайнае падарожжа ў Краіну Ведзьмаў  Алесь Бадак

    Незвычайнае падарожжа ў Краіну Ведзьмаў

    Алесь Бадак

    Выдавец: Звязда
    Памер: 200с.
    Мінск 2014
    47.2 МБ
    Алесь
    падарожжа ў Краіну
    Ведзьмаў
    Казачныя аповесці
    Выдавецкі дом «Звязда» Мінск
    2014
    УДК 821.161.3-93
    ББК 84(4Бен)-44
    Б15
    Мастак Марыя Міцкевіч
    Для дзяцей малодшага і сярэдняга школьнага ўзросту
    Выпуск выдання ажыццёўлены па заказу і пры фінансавай падтрымцы Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь
    Бадак, A. М.
    Б15	Незвычайнае падарожжа ў Краіну Ведзьмаў : казачныя аповесці : для дзяцей мал. і ся-
    рэд. шк. узросту / Алесь Бадак ; маст. Марыя Міцкевіч. — Мінск : Звязда, 2014. — 200 с. : іл. ISBN 978-985-575-004-9.
    Чытачоў твораў, якія ўвайшлі ў гэту кнігу, чакаюць захапляльныя падарожжы ў самыя незвычайныя і загадкавыя краіны: у адной з іх жывуць толькі гультаі, у другой — ведзьмы, а ў трэцяй і ўвогуле валадарыць Белая Варона. Сярод іншых герояў — добрыя Пластмасавыя Чалавечкі і мудрыя феі, вясёлыя Сонечныя Зайчыкі і змрочны Ваўкалак, a таксама звычайныя хлопчыкі і дзяўчынкі, якія з’яўляюцца ўдзельнікамі самых незвычайных і неверагодных гісторый.
    УДК 821.161.3-93 ББК 84(4Бен)-44
    ISBN 978-985-575-004-9
    © Бадак A. М., 2014
    © Міцкевіч М. Э., ілюстрацыі, 2014
    © Афармленне. РВУ «Выдавецкі дом «Звязда», 2014
    Незвычайнае
    падарожжа
    Непрыемная сустрэча
    На прыпынку людзей было многа, але Данік стаяў каля самай броўкі — як толькі аўтобус, чмыхнуўшы, расчыніў дзверы, ён ускочыў першы і заняў месца каля акна. Вы калі-небудзь ездзілі ў аўтобусах, седзячы каля акна? Ну, вядома ж, ездзілі! Тады вам не трэба тлумачыць, чаму пасажыры, нават калі іх на прыпынку мала, яшчэ да таго як пачуецца гэтае незадаволенае «чмы-х-х!», пачынаюць прабірацца бліжэй да броўкі. Правільна, каб заняць лепшыя месцы — каля акна, адкуль, напрыклад, вельмі зручна лічыць машыны, якія праносяцца міма. Граня, Данікаў сябрук з паралельнага класа, хваліўся, быццам аднойчы налічыў цэлую сотню, але Граню змахляваць — што чыхнуць. Паглядзіць так, быццам ты яму яшчэ і дзякуй павінен сказаць. Данікаў рэкорд — шэсцьдзясят чатыры машыны, і гэта без усялякага падману.
    Дзверы аўтобуса зачыніліся. Данік прымасціў у нагах цяжкі школьны ранец і затрымаў позірк на нечых дзіўных паношаных
    чаравіках з загнутымі, як лыжы, насамі. Гэта з якога музея яны сюды трапілі?! Даніку закарцела зірнуць, хто б мог насіць такі абутак, хоць і так было ясна, што іх гаспадар далёка не яго равеснік і чакае не дачакаецца, пакуль Данік саступіць яму месца. Вось табе і маеш, адно сеў, а ўжо трэба ўспорвацца! Аднак хлопчык вырашыў счакаць некалькі хвілін — а раптам хто-небудзь усхопіцца раней? Павінен жа ў гэтым аўтобусе ехаць яшчэ хоць адзін выхаваны пасажыр!
    I тут на спінку пярэдняга сядзення — ну, проста перад яго носам! — апусцілася рука, спрэс пасечаная дробнымі маршчынкамі. На пальцах былі доўгія пазногці, закручаныя на канцах літараю «г». Але не яны здзівілі хлопчыка. На ўказальным пальцы ён убачыў шырокі залаты пярсцёнак з круглым крышталікам, усярэдзіне якога мерна пагойдвалася рыбіна вока!
    Данік не вытрываў, ускінуў галаву і ўбачыў твар старой жанчыны — ссохлы, выцягнуты, з двума доўгімі сівымі валаскамі-антэнамі на падбародку. I вочы — такія ж халодныя, рыбіныя, як і на пярсцёнку.
    — Ты хіба не ведаеш, што трэба саступіць мне месца? — пагрозліва спытала бабулька нізкім непрыемным голасам.
    Папраўдзе, усё ў ёй Даніку было непрыемным: голас, твар, рукі, старая камізэлька і доўгая чорная спадніца з вялікімі латкамі, дзіўныя чаравікі...
    — Я не магу, мне нага баліць! — буркнуўшы, зманіў ён.
    I падумаў: «Ну, зараз пачнецца!»
    Але бабулька адно скрывілася, пры гэтым так зіркнула на Даніка, што ён міжволі ўцягнуў галаву ў плечы і апусціў вочы. Невядома,
    што было б далей, але тут аўтобус нечакана заглох і спыніўся. Бабулька праціснулася да выхаду і загрукала ў дзверы так настойліва, што шафёру давялося расчыніць іх. Толькі дзіўная пасажырка выйшла, як аўтобус сам па сабе завёўся. Шафёр недаўменна паціснуў плячыма — колькі разоў здаралася, што яго машына ні з таго ні з сяго глохла, але каб сама заводзілася!..
    Нарэшце аўтобус павярнуў на іншую вуліцу, з левага боку якой ужозаканчваўся горад і пачыналася поле, за полем цямнеў лес.
    Данік падняўся, каб прайсці да выхаду, але нечакана войкнуў і прысеў на правую нагу.
    — Хлопчык, што з табой? — пачуў ён над сабой нечы голас і, скрывіўшыся ад болю, адказаў:
    — Нага...
    Хатка на ўскрайку
    лесу
    Як вядома, усе хваробы дзеляцца на прыемныя і непрыемныя. Прыемна прастудзіцца адразу пасля зімовых канікулаў, цэлы дзень ляжаць у пасцелі, глядзець тэлевізар і ўяўляць, як у гэты час у школе твае сябры пакутуюць каля дошкі ці за партай. А вось калі баліць зуб — тут
    ужо прабачце. Лепш ужо вытрываць катаванне выклікам да дошкі.
    Даніку са сваёй нагой цяжка было
    вызначыцца: радасць яму нечакана выпа-
    ла ці, наадварот, непрыемнасць. Спачат пакуль у школе не скончыліся заняткі, ён, кульгаючы ад крэсла да тэлевізара, ад тэлевізара да кухні, ад кухні да ложка, уяўляў сябе сапраўдным героем, які толькі што ўратаваў сваю класную кіраўніцу (а яшчэ лепш — дырэктарку школы!). Аднак неўзабаве пачаліся
    летнія канікулы, і Даніку перастала хацецца быць героем, хацелася на вуліцу. Але не вельмі куды падасіся, кульгаючы — ні табе ў футбол пагуляць, ні на роліках пакатацца.
    Тым часам лепшыя дактары горада не маглі зразумець, што здарылася з нагой хлапчука.
    Праўда, пра тое, што ён не захацеў саступіць месца дзіўнай бабулі, Данік доўга нікому не расказваў — ні маці, ні сястры, ні, тым больш, дактарам. Ды і што з таго, калі б ён і прызнаўся? Граня вунь кожны раз, калі ўрокі не вывучыць, якую-небудзь хваробу выдумляе, і хоць бы адна з іх да яго прыліпла!
    Зняверыўшыся ў дактарах, Данікава маці паслухала добрых людзей і пачала рабіць настой з розных зёлак, каб націраць імі сынаву нагу. I тут нехта падказаў ёй, што за полем, на ўзлеску, у хатцы-шпакоўні, якая адна засталася ад колішняй вёскі, жыве старая знахарка. Калі возьмецца, любую хваробу як рукой здыме. Адно што не кожнаму яна дапамагае, а іншага і за парог не пусціць, або так зіркне спадылба — у самога прападзе ахвота заходзіць.
    Пачуўшы пра знахарку, Данік ні з таго ні з сяго заўпарціўся.
    — He хачу нікуды ісці! — замахаў ён рукамі.
    I чым больш маці з Карынаю, сястрой Даніка, яго ўгаворвалі, тым больш ён упарціўся.
    Калі маці пайшла на працу, Карына сказала:
    — I што ты ўпіраешся, як малое дзіця!
    Даніку ўвесну споўнілася дзесяць гадоў — вядома, якое ж ён малое дзіця!
    — Я б на тваім месцы пагадзілася да каго заўгодна ісці, абы толькі нагу вылечылі.
    Карыне было ўжо чатырнаццаць гадоў, і ёй здавалася, што гэта дастаткова важкая прычына, каб Данік яе ва ўсім слухаўся.
    — He пайду! — буркнуў брат.
    — Ну чаму?!
    I тут Данік не вытрымаў і расказаў сястры пра сустрэчу з незвычайнай бабуляй.
    — Можа, гэта і была тая знахарка! — панізіўшы голас, закончыў ён.
    — А ты папрасі ў яе прабачэння, — прапанавала Карына.
    — Ага, зараз! — чмыхнуў Данік. — Ты б паглядзела на яе! Страшнілка на дзвюх нагах, а не знахарка! Яна мяне не толькі не вылечыць, а зробіць, што я зусім хадзіць перастану!
    Карына хацела зноў запярэчыць брату, але ў ягоным голасе было столькі рашучасці, што яна змоўчала і больш ужо не чаплялася са сваімі парадамі. Аднак і думаць пра Даніка не перастала.
    Назаўтра, нікому нічога не сказаўшы, дзяўчынка выйшла з дому, перабегла цераз кальцавую дарогу і па зялёным полі накіравалася да лесу. Раніца была халодная. Сонца не паспявала выбрацца з адной хмаркі, нібы шэрай гурбы снегу, як тут жа правальвалася ў іншую.
    Хатка, у якой жыла знахарка, быццам дазорца, выглядала на поле з-за магутных лапаў высокіх елак маленькім вокам-акенцам. Другое вока-акенца пазірала ў глыб лесу.
    Карына падышла да пакрыўленых рассохлых дзвярэй і пастукала. He дачакаўшыся адказу, націснула на клямку, лёгка піхнула дзверы, і яны са скрыпам расчыніліся. Усярэдзіне хатка здалася яшчэ меншай, чым звонку. Справа ад дзвярэй стаяла печ, зле-
    ва — доўгі стол. За сталом на лаўцы сядзела бабулька ў пацёртай камізэльцы і хустцы, завязанай на падбародку. Яна перабірала зёлкі і кідала іх у чыгунок.
    — Добры дзень, — павіталася Карына.
    — От і добра, што прыйшла, — не падымаючы вачэй, сказала знахарка, быццам даўно чакала дзяўчынку. — Пайдзі назбірай сухога галля, a то трэба ў печы прапаліць, а я нешта занядужала.
    Карына хоць і здзівілася такому прыёму, аднак паслухмяна выйшла з хаты. Калі яна вярнулася з бярэмем галля, знахарка сказала:
    — Рэдка да мяне ходзяць госці, дый тых сюды гоніць хвароба, а не ахвота. А ты, бачу, здаровая.
    — У мяне брат хворы, — ціха адказала дзяўчынка. — У яго ні з таго ні з сяго пачала балець нага.
    — Hi з таго ні з сяго, — насмешліва паўтарыла знахарка. — Можа, пераступіў цераз саломінкі, якія ляжалі крыжам, вось і забалела.
    — Адкуль жа ў Мінску саломінкі? — здзіўлена запярэчыла Карына.
    — Значыць, доўга скакаў на адной назе.
    — Ды ў яго нага забалела ў аўтобусе, ён не мог там скакаць. Знахарка пакруціла галавой і нарэшце адклала сваю працу.
    — Ці ёсць у цябе якая-небудзь яго рэч?
    — Яго рэч? — разгублена перапытала дзяўчынка.
    — Альбо хай сабе што-небудзь, да чаго ён нядаўна дакранаўся.
    Карына паціснула плячыма.
    — Ёсць! — раптам усклікнула яна. — Гадзіннік! Мой гадзіннік зламаўся, і я ўзяла панасіць Данікаў — усё роўна ён не выходзіць на вуліцу.
    — Пакажы, — загадала знахарка.
    Карына выцягнула левую руку. Гадзіннік быў новенькі, на скураным раменьчыку — яны з маці падарылі яго Даніку пару месяцаў таму на дзень нараджэння.
    Знахарка падпаліла ў печы некалькі сухіх галінак і загадала:
    — Здымі раменьчык і кінь у агонь.
    — Навошта? — спалохалася дзяўчынка.
    Але знахарка нічога не адказала, адно ўздыхнула.
    Карына мусіла падпарадкавацца, хоць ёй было вельмі шкада скуранога раменьчыка. Што яна цяпер скажа Даніку?
    Як толькі ад раменьчыка застаўся адзін попел, знахарка зграбла яго на савок, затым перасыпала ў жалезны кубачак, спырснула вадой і, закрыўшы кубак далонню, патрэсла. Пасля яна доўга глядзела на попел, і ў яе глыбокіх вачах спачатку з'явілася недаўменне, a пасля трывога.
    — А ты нічога ад мяне не ўтойвала? — павярнулася яна да Карыны.
    — Я не ведаю... — разгубілася дзяўчынка. — Данік гаварыў мне пра бабульку ў аўтобусе. Ён думаў, што гэта вы, таму і не захацеў ісці да вас.