• Газеты, часопісы і г.д.
  • Незвычайнае падарожжа ў Краіну Ведзьмаў  Алесь Бадак

    Незвычайнае падарожжа ў Краіну Ведзьмаў

    Алесь Бадак

    Выдавец: Звязда
    Памер: 200с.
    Мінск 2014
    47.2 МБ
    — Затое цяпер можна спадзявацца, што валадарка гэтай краіны нам усё ж дапаможа, раз ведзьма перашкаджае сустрэцца з ёй.
    — Ага, толькі тую валадарку яшчэ знайсці трэба! Я не здзіўлюся, калі ў наступны раз ведзьма ператворыцца ў якога-небудзь лятучага мядзведзя. Ад яго не вельмі ўцячэш! Глянь, — Граня паказаў на зараснікі малінніку, — колькі тут маліны. He хочаш пакаштаваць?
    — А раптам яна атручаная? — засумнявалася Карына.
    — Баязліўка!
    Граня не мог не скарыстаць магчымасць, каб хоць тут паказаць сваё геройства, і першы адправіў у рот цэлую жменю ягад.
    — Смачная! — радасна ўсклікнуў ён.
    Праз імгненне падарожнікі ўжо рвалі ягады ў чатыры рукі, пакуль уволю не наеліся маліны, надзіва буйнай і салодкай.
    Тым часам насунуўся вечар і ў лесе стала зусім цёмна. Карына і Граня вырашылі пераначаваць пад разлапістай елкай. Яны стаміліся так, што заснулі адразу ж, і прачнуліся толькі тады, калі зусім развіднела.
    Падарожнікі зноў паелі салодкай маліны і рушылі далей. Хутка яны патрапілі на сцежку, шырокую і добра ўтаптаную, — ісці стала лягчэй і весялей.
    Раптам Карына і Граня ўбачылі вельмі мурзатую дзяўчынку гадоў васьмі з рыжымі раскудлачанымі валасамі. Яна сядзела пад дрэвам і ела сыраежку, адкусваючы ад грыба па каліву.
    — Ты не скажаш, як нам знайсці валадарку Краіны Ведзьмаў? — звярнулася да яе Карына.
    — А што там шукаць, — не перастаючы жаваць, адказала тая грубым недзіцячым голасам. — Ідзіце так, як ішлі, і гэтая дарога прывядзе вас да яе палаца.
    Падарожнікі падзякавалі рыжай дзяўчынцы, але як толькі крыху адышліся, Карына задумліва прамовіла:
    — Дзіўны ў яе голас — як у старой. I пярсцёнак... Ты бачыў на яе руцэ пярсцёнак з рыбіным вокам? — трывожна спытала яна ў Грані.
    — Бачыў! А можа, гэта была малая ведзьма? Знахарка гаварыла, што ўсе ведзьмы носяць пярсцёнкі з рыбіным вокам.
    Сцяжынка некалькі разоў паварочвала то ўлева, то ўправа, пакуль перад падарожнікамі, як і абяцала рыжая дзяўчынка, не паўстаў вялікі дом. Праўда, зусім не велічны, як гэта звычайна бывае з апартаментамі казачных валадароў. Бярвенні былі складзены так, што сям-там у сценах засталіся шчыліны.
    Толькі падарожнікі наблізіліся да дома, як з яго шырокіх дзвярэй выйшла маладая жанчына, маленькая, вастраносая, у доўгай чорнай сукенцы і старых чаравіках з завостранымі наскамі — ну, зусім як у ведзьмы, што заяўлялася ў іх горад.
    — Хто вы такія і што вас прывяло да мяне, валадаркі Краіны Ведзьмаў? — строга спытала яна.
    Карына і Граня пераглянуліся: ці сапраўды перад імі тая, за каго сябе выдае? Відаць, іхнюю насцярожанасць заўважыла жанчына.
    — Можаце не адказваць. Я — валадарка Краіны Ведзьмаў, я — чараўніца, таму і так бачу, што ў цябе, — яна тыкнула пальцам, паказваючы на Граню, — баліць рука. I ты прыйшоў да мяне, каб я зняла з яе чары. Хіба не так?
    — Так! — збянтэжыўся Граня. Цяпер ужо ён не сумняваўся, што перад ім сапраўды валадарка Краіны Ведзьмаў.
    — Але чаму прыйшла ты сюды? — звярнулася Вастраносая да Карыны.
    — Я таксама прыйшла прасіць у вас дапамогі, — сказала Карына. — Адна ведзьма зрабіла так, што ў майго брата раптам пачала балець нага, і цяпер ён не можа хадзіць.
    — Хм, — хітравата ўсміхнулася жанчына, — з ведзьмамі часам такое здараецца. Любяць яны пасваволіць.
    Твар жанчыны раптам пасуровеў.
    — Але не трэба на іх нагаворваць! Ты, — звярнулася яна да Грані, — не паднёс ведзьме сумку, а твой брат, — вастраносая халоднымі вачыма паглядзела на Карыну, — не саступіў ведзьме месца ў аўтобусе. Хіба не так?
    Карына і Граня маўчалі, апусціўшы галовы.
    — Так, — адказала за іх чараўніца і ўхмыльнулася. — Але вам пашанцавала: я добрая валадарка, і мне няцяжка зняць з яе чары.
    3 хвіліну жанчына думала пра нешта сваё, пасля загадала Граню:
    — Пойдзеш са мной у дом. А ты, — загадала яна Карыне, — будзеш чакаць яго тут. Толькі нікуды не ідзі, калі хочаш, каб я зняла чары з твайго брата.
    Карына хацела запэўніць, што без дазволу валадаркі Краіны Ведзьмаў яна і кроку не зробіць, але чараўніца не стала яе слухаць і, прапусціўшы наперад Граню, знікла за дзвярыма.
    Карыне давялося чакаць даволі доўга. Нарэшце з дому выйшаў Граня. Вочы яго дзіўна блішчэлі.
    — Ну што? — нецярпліва спытала Карына.
    — Бачыш? — хрыпла прамовіў Граня і патрос правай рукой. — Валадарка Краіны Ведзьмаў зняла з мяне чары. I з твайго брата зняла.
    — Праўда? — узрадавалася Карына. — Трэба ёй падзякаваць. Можна зайсці ў дом?
    — He, — прахрыпеў Граня. — Яна чытае Кнігу заклінанняў і не хоча, каб яе дарэмна турбавалі.
    — А што з тваім голасам?
    — А што з голасам? — сумеўся Граня. — А, ды гэта ведзьма дала мне выпіць халоднага зёлкавага настою, і я ахрып. Затое цяпер мая рука зноў здаровая. I брат твой цяпер здаровы. Так што можаш вяртацца дадому.
    — А ты? Ты сказаў так, быццам не збіраешся ісці разам са мной?
    — Я... я хачу яшчэ пабыць тут, — адказаў Граня, стараючыся не глядзець Карыне ў вочы. — ведзьма абяцала навучыць мяне чараваць.
    — Чараваць? — здзіўлена перапытала Карына.
    — Ну, не задарма ж, — крыху раздражнёна патлумачыў Граня. — Ёй хочацца пабываць у нашай краіне, паглядзець, як мы жывём... Я запрасіў яе ў госці, а яна паабяцала, што навучыць мяне чараваць.
    Карына слухала Граню і не магла паверыць у шчырасць яго слоў. Здавалася, ён нешта недагаворваў. Што? I тут яна зірнула на правую руку хлопчыка і ўбачыла на ёй пярсцёнак з крышталікам, у якім пагойдвалася рыбіна вока! Карына ледзь не ўскрыкнула. Няўжо? Значыць, перад ёй ведзьма, якая прыняла знешні воблік Грані?!
    Але дзіўна: Карына нават не адчула страху перад усёмагутнай ведзьмай. Можа, таму, што бачыла ўсяго толькі хлопчыка, разам з якім прайшла шмат кіламетраў і нават паспела пасябраваць? Аднак дзе сапраўдны Граня? Што зрабіла з ім ведзьма?
    Стараючыся гаварыць спакойна, каб чараўніца нічога не западозрыла, Карына прамовіла з прытворным шкадаваннем:
    — Як сабе хочаш. А мне трэба спяшацца назад. Я ж нікому не сказала, куды збіраюся. Напэўна, мяне ўжо даўно кінуліся шукаць па ўсім горадзе. Вось толькі як мне патрапіць на дарогу, па якой можна вярнуцца дадому?
    — А яе і шукаць не трэба, — сказала ведзьма ў вобліку Грані. — Ідзі па гэтай сцежцы, нікуды не зварочвай.
    Карына ўздыхнула, маўляў, ёй, вядома, не вельмі хочацца вяртацца адной, але што зробіш, і пайшла па сцежцы, на якую паказала ведзьма ў вобліку Грані. Але як толькі сцежка павярнула ўбок і ведзьмін дом схаваўся за кашлатымі елкамі, Карына з усіх ног кінулася ў гушчар.
    Старая Варона
    Хутка лес пачаў радзець. Карына спынілася, каб аддыхацца, як раптам пачула над галавой працяглае:
    — Ка-а-ар-р!
    Задраўшы галаву, дзяўчынка ўбачыла на бярозе Старую варону, якая з цікаўнасцю пазірала на яе.
    — А я ўжо думала, што ў гэтай краіне жывуць адны ведзьмы, — узрадавалася Карына нечаканай сустрэчы. — Калі ты яшчэ і гаварыць умееш, то мне вельмі пашанцавала.
    — Ка-а-ар-р! Ка-а-ар-р! — некалькі разоў паўтарыла варона.
    — He ўмееш, — уздыхнула Карына. — Відаць, у казачных краінах размаўляць умеюць толькі белыя вароны, — успомніла яна пра валадарку Краіны Сонечных Зайцоў.
    — He смяшы мяне! — раптам адазвалася Старая Варона. — Я нават здагадваюся, пра якую Белую Варону ты мелеш.
    — Загаварыла! Загаварыла! — узрадавалася Карына.
    — Знайшла каго мне ставіць у прыклад! Гэтая шэльма і круцелька не ведае і паловы тых слоў, што ведаю я.
    — Можа быць, — лёгка пагадзілася Карына, абы каб не пакрыўдзіць Старую Варону: можа, яна дапаможа ёй сустрэцца з Ганестай?
    — Так і ёсць, не сумнявайся! Яна лічыць, раз стала валадаркай цэлай краіны, то цяпер разумнейшая за ўсіх варон. Як бы не так! Шэльма і круцелька! Я справілася б не горш за яе. Але не вароніна гэта справа — валадарыць краінай.
    — Вы так лічыце? — Карына хацела пахваліць Старую Варону. — Краіны ж бываюць розныя...
    — 0, я пражыла на гэтым свеце вельмі шмат і ведаю, што гавару, — змрочна прамовіла птушка. — Нас, варон, усе называюць неразумнымі. Але, скажы, пакуль мы з табою размаўляем, ты западозрыла, што ў мяне мала розуму?
    — He, — шчыра прызналася Карына.
    — Вось бачыш! А ўсё таму, што я проста сяджу на бярозе і балбачу з табой. А калі б я пачала валадарыць якой-небудзь краінай, сунуць дзюбу не ў свае справы, мая неразумнасць адразу б вылезла наверх. I вось з-за такіх, як гэтая белая шэльма і круцелька, ва ўсім свеце і ведаюць, што мы неразумныя.
    — А вы знаёмы з Белай Варонай? — пацікавілася Карына.
    — Ці мы знаёмы! — у голасе птушкі адчулася пагарда. — Вядома, знаёмы! Гэта мая стрыечная сястра, век бы мне яе не бачыць. I адкуль яна такая белая ўрадзілася! Іншая ад сораму крылы на сябе б налажыла, а гэтая ўбіла ў галаву, што яна нейкая асаблівая.
    Старая Варона яшчэ доўга лаяла сваю сваячку, а Карына цярпліва чакала, калі яна выгаварыцца.
    Нарэшце, скарыстаўшы паўзу, Карына спытала:
    — Скажыце, а вы добра ведаеце гэты лес?
    — Ха! Ці добра я ведаю гэты лес! Ды я магу лётаць па ім з заплюшчанымі вачыма!
    — Тады вы, можа, пакажаце мне сцежку, якая вядзе да дома валадаркі Краіны Ведзьмаў?
    — Да дома Ганесты вядуць усе сцежкі, якія ёсць у гэтым лесе, але не кожны, хто ходзіць па іх, можа патрапіць да яе, — напышліва сказала Старая Варона.
    — Дзіўна, — нясмела заўважыла Карына.
    — Нічога дзіўнага, — не пагадзілася Старая Варона. — Проста Ганеста іх так заблытала, каб абы-хто не сноўдаўся каля яе дома. А ў цябе якая справа да яе? — насцярожылася яна.
    Карына расказала сваю сумную гісторыю ад пачатку да канца.
    — Гэта ўсё штучкі Аўгі, — упэўнена прамовіла Старая Варона, як толькі дзяўчынка замоўкла. — Яе даўно трэба як след правучыць за шкадлівасць. Так і быць, я пакажу табе дом Ганесты. Ідзі за мной.
    I з гэтымі словамі Старая Варона зляцела з бярозы.
    Валадарка Краіны Ведэьмаў гневаецца
    Варона ляцела крыху паперадзе. Карына ледзь паспявала за ёй. Яна то выходзіла на сцежку, то збочвала з яе і прадзіралася скрозь кустоўе, аб якое падзерла ўсе ногі.
    Нарэшце Старая Варона апусцілася на вершаліну невысокай елкі і сказала:
    — Далей ідзі адна. Толькі нікуды не зварочвай.
    Карына падзякавала Вароне за дапамогу, пралезла праз густы алешнік і апынулася на шырокай паляне, пасярод якой стаяў
    Гвялікі драўляны дом з двума двухпавярховымі вежамі па баках. А	Ніжнія паверхі ве-