• Газеты, часопісы і г.д.
  • Незвычайнае падарожжа ў Краіну Ведзьмаў  Алесь Бадак

    Незвычайнае падарожжа ў Краіну Ведзьмаў

    Алесь Бадак

    Выдавец: Звязда
    Памер: 200с.
    Мінск 2014
    47.2 МБ
    пералатаных шорціках, які ляжаў пад дрэвам і задумліва пазіраў на неба.
    — Прабач, ты не бачыў, тут ніхто не прабягаў? — спытала Карына нецярпліва і ў той жа час далікатна.
    Але карантышка ў зялёных шорціках нават не павярнуў у яе бок галавы, і ёй давялося спытаць яшчэ раз і ўжо больш настойліва.
    Нарэшце карантышка адарваў свой позірк ад неба і перавёў яго на Карыну. У вачах чалавечка было недаўменне, і Карына падумала, што зараз ёй давядзецца зноў паўтараць сваё пытанне.
    Але толькі яна раскрыла рот, як карантышка незадаволена сказаў:
    — Можна падумаць, калі некалькі разоў задаць адно і тое ж пытанне, то хутчэй атрымаеш адказ.
    — Можна падумаць, ты не мог адказаць на яго, калі я спыталася першы раз, — узлавалася Карына.
    — Ну, мне ж трэба было спачатку падумаць, — крыху здзіўлена сказаў чалавечак.
    — Хіба я спытала нешта такое, пра што трэба доўга думаць?!
    — Вядома, — спакойна адказаў чалавечак. — Я ляжу гадзіны чатыры, і за гэты час тут шмат хто мог прайсці альбо... Хоць, не, прабягаць тут ніхто не прабягаў, інакш гэта б я запомніў.
    — Ну, вось, бачыш, — незадаволена прамовіла Карына, — мог бы сказаць адразу. Я столькі часу на цябе патраціла.
    — I ўчора тут ніхто не прабягаў, і пазаўчора, — быццам не чуючы дзяўчынку, прадаўжаў карантышка. — I ўвогуле, калі табе трэба нехта, хто любіць бегаць, то ты яго шукаеш не ў той краіне.
    — Ты хочаш сказаць, што ў тваёй краіне ніхто не бегае? — недаверліва спытала Карына.
    — He, я хачу сказаць, што ў нас гэта не прынята, — уздыхнуў чалавечак так, быццам размаўляў з надакучлівым немаўлём.
    Карына азірнулася вакол і раптам усклікнула:
    — А, гэта, відаць, Лясонія? Краіна гультаёў?
    Сказаўшы «гультаёў», дзяўчынка спалохана прыкрыла рукой рот — як гэта ў яе з языка сарвалася?!
    Але чалавечак не толькі не пакрыўдзіўся на «гультаёў», але нават з гонарам дадаў:
    — Вядома. Самых сапраўдных.
    — Ну і ну, — разгублена прамовіла Карына. 3 хвіліну яна маўчала, раздумваючы, што ёй рабіць далей. — Паслухай, а ты можаш паказаць мне, дзе жыве ваша валадарка?
    Чалавечак здзіўлена паглядзеў на яе, але не спяшаўся з адказам.
    «Цікава, — падумала Карына, не рызыкуючы зноў паўтарыць сваё пытанне, — колькі часу яму спатрэбіцца, каб сабрацца з думкамі?»
    I Карына пачала лічыць: «Раз, два, тры, чатыры...»
    Чалавечак адазваўся, калі яна далічыла да дваццаці.
    — А Вірынея ведае, што ты хочаш з ёй сустрэцца? — пацікавіўся ён.
    — He, — пакруціла галавой дзяўчынка.
    — Тады можаш не спяшацца, — чамусьці ўзрадавана сказаў карантышка.
    — Я не магу не спяшацца — мне трэба як мага хутчэй убачыць валадарку вашай краіны, — запярэчыла Карына.
    — Можа, табе і трэба, — паціснуў плячыма чалавечак, — але Вірынея цябе ўсё роўна зараз не прыме.
    — Чаму?
    — Таму што яна спіць.
    — Спіць? — здзіўлена ўсклікнула дзяўчынка. — Але ж да вечара яшчэ далёка!
    — Ну і што? — сказаў чалавечак. — Ты хіба ясі толькі тады, калі цябе паклічуць за стол, а не заўсёды, калі табе хочацца есці?
    Пра яду карантышка нагадаў зусім няўчас, у Карыны слінкі пацяклі ад аднаго гэтага слова, і ёй захацелася хутчэй змяніць тэму.
    — Я — гэта я, а валадарка — гэта валадарка, — сказала яна — праўда, не зусім упэўнена.
    — Вядома, — падхапіў чалавечак. — Таму Вірынея павінна ва ўсім нам паказваць прыклад. I спаць столькі, колькі ніхто з нас не здолее.
    Карына зразумела, што далей спрачацца не мае сэнсу, і сказала:
    — I ўсё ж, калі табе не вельмі цяжка, пакажы мне, дзе яна жыве.
    ш кола гультаёў
    Чалавечак ішоў вельмі марудна, раз-пораз то азіраючыся па баках, то задзіраючы галаву ў неба, дзе плыло маленькае белае воблачка. Але Карына ўжо была рада і таму, што ён увогуле
    пагадзіўся паказаць ёй замак Валадаркі Лясоніі, і не падганяла яго. Яна спрабавала з ім загаварыць, аднак чалавечак адказваў неахвотна, а часам і не да месца, таму адзінае, што дзяўчынка змагла даведацца больш-менш пэўна, гэта яго імя — Ор.
    Хутка наперадзе сталі паказвацца невялікія домікі, якія мелі даволі дзіўны выгляд. Яны былі пабудаваны так, што маглі разваліцца ў любое імгненне. У адным не хапала вокан, у другім — дзвярэй, у трэцім не было даху.
    Каля домікаў валялася столькі смецця — розных паперак, шалупіння, агрызкаў, старых паламаных рэчаў, — быццам гаспадары ніколі не прыбіралі свае надворкі.
    «Ну і запусценне!» — падумала Карына.
    I, быццам падслухаўшы яе думкі, Ор сказаў:
    — Гэта яшчэ што! Прыходзь да нас праз год, паглядзіш, якая тут будзе любата!
    — Mary сабе ўявіць, — іранічна прамовіла Карына.
    — А што! Газоны, клумбы — усё гэта зусім запусціцца, і тады можна будзе хадзіць дзе захочаш.
    Карына паглядзела па баках — газоны і клумбы, пра якія гаварыў Ор, і так зараслі пустазеллем, куды ўжо далей!
    Тым часам яны наблізіліся да будынка, на касабокіх дзвярах якога вісела шыльда: «Магазін».
    — Калі ў вас ёсць свой магазін, значыць, у ім нешта прадаюць. А раз у ім нешта прадаюць, значыць, вы не такія ўжо і гультаі, — заключыла Карына.
    — Ха! Знайшла дурняў! — усклікнуў Ор. — Прадаюць! Ды і не магазін тут, а школа.
    — Школа? — недаўменна перапытала Карына.
    — Ага, — кіўнуў Ор. — Гэтую шыльду нехта аднекуль прыцягнуў. Перапісваць, зразумела, паленаваліся, так і павесілі.
    — Значыць, вы ўсё ж вучыцеся! — заўважыла Карына. — А раз вы вучыцеся, значыць...
    — Вядома, вучымся, — перабіў яе Ор. — Круглы год.
    — Ты хочаш сказаць, што ў вас не бывае нават летніх канікулаў? — сумелася Карына.
    — Можаш сама пераканацца, — хітравата ўсміхнуўся Ор і павёў яе ўсярэдзіну будынка.
    У школе аказаўся толькі адзін кабінет, у якім за партамі сядзела чалавек трыццаць вучняў. На дошцы вялікімі літарамі была напісана тэма ўрока:
    «ЯК ПРАЖЫДЗЬ СТО ГАДОЎ КАЛІ НІЧОХА HI РАБІДЗЬ?»
    — Нічога сабе тэмачка, — прамармытала Карына, налічыўшы на дошцы аж пяць памылак. — У вас на ўроках праходзяць такую... такія тэмы?
    — А то! — з гонарам сказаў Ор.
    — Чаму жтады ты не на занятках?—іранічна спытала дзяўчынка, якой пачало здавацца, што яе тут проста вырашылі разыграць.
    — А яны яшчэ не лачыналіся, — растлумачыў Ор.
    I праўда, вучні займаліся чым хацелі. Адны размаўлялі, іншыя шамацелі папяровымі мяшэчкамі, у якія клапатлівыя бацькі паклалі
    бутэрброды, пончыкі і фрукты, нехта спаў, а нехта задумліва пазіраў у акно — калі, вядома, акном можна назваць пусты праём у сцяне.
    — I невядома, ці сёння пачнуцца, — дадаў Ор.
    — А дзе ж ваш настаўнік? — спытала Карына.
    — Настаўнік?
    Ор выцягнуў шыю і зазірнуў пад настаўніцкі стол.
    — Ды вунь спіць!
    — Настаўнік спіць? — не паверыла Карына і таксама зазірнула пад стол.
    Неверагодна! Падклаўшы доўгія рукі пад галаву, там пасопваў маленькі чалавечак у старой, у некалькіх месцах залатанай шэрай камізэльцы і памятых чорных штанах.
    — Ціха! — зашыпелі на іх вучні. — He разбудзіце яго!
    Ор паказаў Карыне рукой, каб яна нахілілася, і прашаптаў ёй на вуха:
    — Ведаеш, колькі мы шукалі такога настаўніка? Цэлы год! Гультай з гультаёў! Яму цаны няма! Ён нават лянуецца нам адзнакі ставіць! Мы самі сабе ставім, хто якія хоча.
    — Напэўна, у вас тут адны выдатнікі? — ухмыльнулася Карына.
    — Што ты! — абурыўся Ор. — Яшчэ чаго не хапала! У нас ва ўсіх амаль адны двойкі!
    — Па-мойму, двойкі трэба ставіць не толькі вам, але і вашаму настаўніку, раз ён без памылак не можа напісаць нават тэму ўрока.
    — Я ж і кажу: яму цаны няма! — па-свойму расцаніў словы Карыны Ор.
    — I ён што — адзін вядзе ўсе прадметы?
    — Што значыць усе прадметы? У нашай школе адзін прадмет!
    — Хацелася б ведаць, як ён называецца, — з усмешкай сказала Карына.
    — Гультайствазнаўства, як жа яшчэ! — з гонарам прамовіў Ор.
    — I праўда, як я сама да гэтага не дадумалася, — паціснула плячыма Карына: якія яшчэ прадметы могуць быць у школе, дзе вучацца адны гультаі і дзе настаўнік — несусветны гультай, які не мог прыдумаць нічога іншага, як заснуць пад сталом у класе!
    — Калі ты думаеш, што гэта самае лепшае, на што ён здатны, то памыляешся, — усцешана сказаў Ор. — Сёння ён хаця б да школы дайшоў, a то бывае, што на паўдарозе ляжа пад якім-небудзь дрэвам і спіць.
    У замку Вірынеі
    Ор некалькі разоў пазяхнуў і сказаў Карыне:
    — Слухай, я, відаць, застануся тут. Ніхто не ведае, калі прачнецца настаўнік, а мне не хочацца прапусціць пачатак урока. — Ён зрабіў паўзу, каб яшчэ некалькі разоў пазяхнуць. — А да замка Вірынеі адсюль блізка, толькі нікуды не зварочвай з дарогі, па якой мы ішлі.
    Пазіраючы ў сонныя вочы Ора, Карына не сумнявалася, што ён вырашыў застацца ў класе, каб крыху паспаць. «Ну і дрыхні, — нязлосна падумала яна. — Ды і чаго яшчэ ад цябе чакаць, раз ты жывеш у краіне адных гультаёў».
    Дзяўчынка падзякавала Ору і выйшла са школы.
    Да замка Вірынеі, і праўда, было хвілін дзесяць хады. Карына не раз бачыла ў кніжках малюнкі старажытных замкаў, таму адразу здагадалася, што перад ёю. Хоць, трэба сказаць, не кожны б на яе месцы здагадаўся. Замак выглядаў так, быццам нядаўна трымаў варожую асаду. Драўляныя абарончыя сцены былі амаль разбураныя. Праўда, калі Карына падышла бліжэй, то зразумела, што ніхто іх не разбураў, — іх проста паленаваліся дабудаваць.
    Дзяўчынка думала, каля варотаў яе спыніць грозная варта, але там нікога не аказалася. Толькі каля дзвярэй палаца, таксама запушчанага і недабудаванага, яна ўбачыла лясона, які мірна драмаў, прытуліўшыся спінай да сцяны і трымаючы ў руках вялізную рагатку, якая, па ўсім відаць, служыла яму зброяй.
    Карына доўга думала, будзіць ёй вартаўніка ці не. «Раз у гэтай краіне паўсюль спяць сярод белага дня, — нарэшце вырашыла яна, — значыць, ён займаецца тым, чым і павінен займацца. Ва ўсялякім разе, яму не павінна папасці ад Вірынеі за тое, што прапусціў мяне без яе дазволу».
    Карына ўвайшла ў палац і апынулася ў вялікай люстэркавай зале. Па праўдзе кажучы, палацы ёй уяўляліся іншымі. У іх усё павінна зіхацець золатам і срэбрам, на сценах і на столі павінна гарэць шмат свечак. I, вядома ж, зірнуўшы на падлогу, пад ногі, дзяўчынка павінна была б убачыць сваё адлюстраванне.
    У зале ж пахла сырасцю і стаяў паўзмрок, бо ўсе аканіцы аказаліся наглуха зачыненымі, і святло трапляла толькі праз дзірку ў даху. На люстэрках, якія віселі на сценах, ляжаў такі вялікі пласт пылу, што глядзецца ў іх не мела ніякага сэнсу.