Незвычайнае падарожжа ў Краіну Ведзьмаў
Алесь Бадак
Выдавец: Звязда
Памер: 200с.
Мінск 2014
— Ідыёт! — зашыпела мамачка Тарэза. — Замаўчы!
— He, — уздыхнуў Гардзей, — не пагодзіцца, я ведаю. Ды і ў дом Ваўкалака трапіць, здаецца, немагчыма. Вакол яго высокая цагляная агароджа з адзінымі варотамі, якія выпадковаму чалавеку адчыніць немагчыма. Я ўжо некалькі разоў хадзіў туды, стукаўся, крычаў, і ўсё дарэмна, ніхто не падышоў да іх, не адгукнуўся.
— Божа мой, — зноў падроблена трагічным голасам сказала мамачка Тарэза, — як гэта несправядліва — такую харошанькую
дзяўчынку трымаць у палоне! Вы, відаць, многае зрабілі б для таго, хто змог бы яе вызваліць!
— 0, я зрабіў бы ўсё, што ў маіх сілах! — усклікнуў Гардзей. — Я б выканаў любое яго жаданне! Я... Але... Я перабраў у галаве тысячы варыянтаў — Луізу немагчыма вызваліць адтуль.
— Ну, сказаць «немагчыма» прасцей за ўсё, — хітра прыжмурыла вочы мамачка Тарэза. — А калі гэтага Ваўкалака пераможа прыгожы, разумны юнак, ну, скажам, як мой сын, — жанчына кіўнула галавой у бок Фокі, — я думаю, вы былі б не супраць, каб яна выйшла за яго замуж?
— Эх, каб жа знайсці такога чалавека, які б змог вызваліць Луізу, — уздыхнуў Гардзей, не вельмі ўнікаючы ў сэнс апошніх слоў мамачкі Тарэзы.
— Здаецца мне, што гэты чалавек стаіць перад вамі, — урачыста прамовіла мамачка Тарэза і павярнулася ў бок Фокі. — Што скажаш на гэта, Фокачка?
I яна непрыкметна пачала падміргваць яму, маўляў, згаджайся.
Але Фоку такі паварот падзей зусім не спадабаўся.
— Я? Я павінен змагацца з Ваўкалакам? — спалохана спытаў ён і заматляў галавой. — Ну не! Я збіраўся жаніцца, а не паміраць! Прабач, мамачка, але мне надакучыла цэлымі днямі бегаць за табой па ўсім горадзе, уцякаць ад каструль і патэльняў, якія чамусьці лётаюць самі па сабе. А цяпер я яшчэ павінен і рызыкаваць сваім жыццём?! Ну не! Калі б я напачатку ведаў, што жаніцьба — такая нялёгкая і небяспечная справа, я б ніколі не паслухаўся цябе!
I, крута развярнуўшыся, ён подбегам кінуўся на двор.
Як толькі дзверы за ім з шумам зачыніліся, мамачка Тарэза сказала, нібыта просячы прабачэння ў Гардзея за свайго сына:
— Ведаеце, ён у мяне такі гарачлівы, агонь, а не хлопец. А ўвогуле, ён харошы, ён такі разумны, смелы, дужы. Вы не слухайце яго! Вось пабачыце, ён вызваліць Луізу! Але і вы не забывайцеся на сваё абяцанне!
I яна, не развітаўшыся, кінулася следам за сынам.
«Пра якое абяцанне? — недаўменна падумаў Гардзей. — Хіба я ім што-небудзь абяцаў? I ўвогуле, дарэмна я расказаў ім пра Ваўкалака — хоць бы ўсё не зрабілася яшчэ горш, чым цяпер».
Паміж жыццём і смерцю
Луіза памалу пачала папраўляцца. Яе шчокі зноў заружавелі, а на вуснах усё часцей з'яўлялася ўсмешка.
Ваўкалак з ранку да вечара прападаў у яе пакоі, і з ім рабілася нешта незвычайнае: заўсёды пахмурны, незадаволены ўсім, ён раптам перастаў злавацца, грубіяніць і ўвогуле хмурыцца.
Ён як мог забаўляў дзяўчынку, чытаў ёй кніжкі, расказваў розныя неверагодныя гісторыі, ахвотна выконваў усе яе просьбы. А яшчэ ён вельмі любіў, калі яму што-небудзь расказвала Луіза. Ён лацвей усаджваўся ў крэсла і, пакуль дзяўчынка гаварыла, сядзеў нерухома.
Праўда, час ад часу яго вочы раптам напаўняліся невымоўнай тугой і болем, і тады ён адварочваўся да акна і доўга моўчкі глядзеў некуды ўдалеч.
Луіза спрабавала выпытаць у Ваўкалака прычыну такой рэзкай перамены настрою, але Ваўкалак тады рабіў выгляд, быццам нічога не здарылася, і тут жа пераводзіў размову на што-небудзь іншае.
Затое ад астатніх жыхароў дома Ваўкалак не хаваў прычыну сваёй частай тугі. Праходзячы неяк міма кухні, ён сутыкнуўся з Сіямскай Кошкай, якая якраз накіроўвалася да Луізы з гарачым малінавым чаем, спыніўся перад ёй і ціха сказаў:
— Усё. He сёння-заўтра ён памрэ.
Ваўкалак заўважыў, што кубак з чаем у лапах Сіямскай Кошкі пачаў дрыжэць, вось-вось гатовы выслізнуць на падлогу, спакойна забраў яго і падаўся на другі паверх.
Сіямскай Кошцы не трэба было тлумачыць, хто памрэ. Як і ўсе ў доме, апроч Луізы, яна ведала, што калі Ваўкалак глядзіцца ў люстэрка, то бачыць у ім Гая, які за гэтыя тры гады з юнака ператварыўся ў нямоглага старога. I як толькі заплюшчацца яго вочы, яны да канца свайго жыцця застануцца такімі, як цяпер.
Ніхто не сумняваўся, што Луіза не ведае чароўныя словы, якія зноў могуць ператварыць іх у людзей. Таму, перастаўшы верыць у цуд, зачараваныя жыхары дома апошнія дні часта ўздыхалі пра сябе: «Хутчэй бы ўжо... Няма нічога цяжэй, чым чакаць таго імгнення, калі будзе ясна, што ты ўжо ніколі не станеш чалавекам».
Такія думкі прыходзілі ў галаву і Ваўкалаку, калі ён у пакоі Луізы адварочваўся да акна і падоўгу глядзеў некуды ўдалеч.
Калі б дзяўчынка ведала сапраўдную прычыну зменлівасці настрою Ваўкалака, яна б, відаць, расплакалася, шкадуючы яго і ўсіх жыхароў гэтага дома, — у яе ж такое добрае сэрца!
Але Луіза думала, што Ваўкалак перажывае з-за яе хваробы, і старалася быць вясёлай і бесклапотнай, нягледзячы на тое, што, калі яна падымалася з ложка, ногі не вельмі слухаліся і кружылася галава.
Аднойчы раніцай Ваўкалак быў як ніколі сумны і раз-пораз адварочваўся да акна. Луіза недаўменна глядзела яму ў спіну: чаму ў яго такі дрэнны настрой, калі яна ўжо амаль паправілася?!
Раптам дзверы расчыніліся, і на парозе з'явіўся нечым вельмі ўзрушаны і ўстрывожаны Сенбернар.
— Што здарылася? — рэзка спытаў Ваўкалак, прадчуваючы нядобрае.
— Там, каля варотаў, стаіць старая жанчына. Яна хоча бачыць цябе, — дрыготкім голасам прамовіў Сенбернар.
На хвіліну ў пакоі зрабілася зусім ціха, пасля Ваўкалак змрочна выдыхнуў, ці то пытаючы, ці то сцвярджаючы:
— Гэта — яна?!
— Напэўна, — глуха сказаў Сенбернар.
— Хто — яна? — спытала Луіза, нічога не разумеючы.
Але яе нібы не чулі.
— Я зараз вярнуся, — ціха прамовіў Ваўкалак і выйшаў з пакоя. Сенбернар падаўся следам.
На першым паверсе ў гасцёўні сабраліся ўсе жыхары дома. Усе з трывогай пазіралі на Ваўкалака: што ён вырашыць?
Ваўкалак накіраваўся да выхаду, але затрымаўся каля дзвярэй і сказаў:
— Што ж, Вядзьмарка, відаць, прыйшла, каб паведаміць, што час, адведзены нам, скончыўся. Можа, і лепей, што ён нарэшце скончыўся.
3 гэтымі словамі Ваўкалак выйшаў на двор.
Жанчына стаяла каля варотаў, нізка апусціўшы галаву, абапёршыся на крывы дубовы кіёк. На галаве жанчыны была старая зашмальцаваная хустка, якая збілася і закрывала сабой амаль увесь твар. Жанчына здавалася залішне поўнай, ва ўсялякім разе, у мінулы раз яна выглядала больш зграбна.
«Бач ты, як яе расперла, — з'едліва падумаў Ваўкалак. — Ці, можа, начапляла на сябе ўсю адзежу, якая ў яе дома была?»
— Добры дзень, гаспадар, — жаласна сказала госця. — Ці не пусціш мяне ў свой дом крыху адпачыць з дарогі?
«Яшчэ і здзекуецца з мяне!» — злосна падумаў Ваўкалак, але ўголас прамовіў дружалюбна:
— Чаму ж не пусціць, заходзь, калі ласка.
Жанчына яшчэ ніжэй апусціла галаву і, цяжка перастаўляючы ногі, паплялася паперадзе Ваўкалака.
— Добры дзень у хату! — сказала яна з парога, спадылба разглядаючы жыхароў дома, выбрала вачыма адно з крэслаў і рушыла да яго.
— Стамілася я, цэлы дзень без пярэдыху ішла. У горле перасохла, не дыхнуць.
— Я прынясу чаю, — замітусілася Сіямская Кошка.
— Два кубачкі, калі можна, — папрасіла госця.
Калі кубачкі з чаем апынуліся на стале, яна сказала:
— Доўга я ішла, а ваш дом выбрала невыладкова, бо маю што сказаць вам вельмі важнае.
Усе, хто быў у пакоі, здавалася, нават перасталі дыхаць.
— Але найперш я хацела б ведаць, ці тут знаходзіцца дзяўчынка па імені Луіза?
Тут, — адказаў Даберман. — Толькі яна захварэла.
— Захварэла? — усклікнула госця.
— Дакладней, ужо амаль паправілася. Яна там, наверсе. Паклікаць яе?
— He, не трэба пакуль, — як быццам спалохана пакруціла галавой госця. I ўжо спакойна дадала, кіўнуўшы ў бок Ваўкалака: — Пакіньце нас удвух.
Калі ў пакоі нікога не засталося, жанчына падсела да стала, падсунула да сябе адзін з кубачкаў і спытала:
— А хлеб? У вас ёсць кавалачак хлеба?
— Зараз.
«Здаецца, яна вырашыла паздзекавацца з нас, — злосна падумаў Ваўкалак, накіроўваючыся на кухню. — Няўжо яна думае, што мы не здагадаліся, хто яна і чаго завітала сюды?!»
Як толькі Ваўкалак знік за дзвярыма, жанчына нешта дастала з кішэні і хуценька ўкінула ў адзін з кубачкаў. Пачулася шыпенне, быццам там быў не чай, а маленькая змяя. Госця адсунула кубачак далей ад сябе і задаволена ўсміхнулася.
Праз хвіліну вярнуўся Ваўкалак з хлебам на сподачку.
Жанчына, нібы яна тут была гаспадыня, прапанавала:
— Сядай ды выпі са мной чаю. За чаем размова лепш ідзе.
Ваўкалак паслухмяна сеў насупраць госці.
— Я ведаю, аб чым ты хочаш са мной пагаварыць, — змрочна сказаў ён.
— Ведаеш? — госця не змагла схаваць свайго здзіўлення.
Яна падсунула бліжэй да Ваўкалака кубачак.
— Пі, пі.
Ваўкалак зрабіў доўгі глыток і паўтарыў:
— Ведаю. Толькі чым я так моцна правінаваціўся перад табой, што ты вырашыла загубіць мяне?!
— Загубіць?! — ускочыла жанчына. — Дык ты, праўда, усё ведаў?!
— He здзекуйся, хопіць! Я не баюся смерці! Яна лепш, чым такое жыццё!
Ваўкалак таксама ўскочыў. I раптам ён пачаў цяжка дыхаць, схапіўся лапамі за жывот і паволі асунуўся на падлогу.
— Вось і добра, што не баішся! — ухмыльнулася жанчына. — I атрута добрая. Аднаго глытка хапіла.
Яна асцярожна абышла Ваўкалака, які, стогнучы, усё яшчэ курчыўся на падлозе, і кінулася наверх, да Луізы.
Дзяўчынка ляжала ў ложку, калі дзверы з шумам расчыніліся і на парозе з'явілася нечаканая госця. Яе хустка з'ехала на патыліцу, адкрыўшы твар жанчыны.
Луіза павярнула галаву і здзіўлена ўсклікнула:
— Вы?!
— Я, — узрадавалася жанчына, што яе пазналі, — я, Тарэза, мамачка Фокі, самага прыгожага хлопца ў нашым горадзе!
— Але як вы сюды трапілі? I чаму на вас гэтыя лахманы?
— Для канспірацыі, — зірнуўшы за дзверы, прыцішаным голасам сказала мамачка Тарэза. — Хутчэй збірайся, ты вольная! Мне ўдалося атруціць Ваўкалака!
— Што? — спалохана прашаптала Луіза. — Ат... ат... атруціць? He можа быць!
— Чаго б я стала цябе падманваць, — занервавалася мамачка Тарэза. — Давай жа, хутчэй збірайся, a то гэтыя сабакі чаго добрага на нас накінуцца.
Луіза паднялася з ложка і, хістаючыся, пайшла да дзвярэй.
— Э, ды ты, відаць, яшчэ зусім хворая, — заківала галавой мамачка Тарэза. — Нічога, дома мы цябе хутка на ногі паставім.