Незвычайнае падарожжа ў Краіну Ведзьмаў
Алесь Бадак
Выдавец: Звязда
Памер: 200с.
Мінск 2014
— Хм, а вы не сказалі ёй, што ваш верталёт самы надзейны ў свеце? — пацікавіўся Галоўны Канструктар.
— Сказала, але яна не верыць і хоча, каб ты першы палётаў на ім, — растлумачыла фея.
— Вядома, я зраблю ўсё, што вы пажадаеце, але, павінен нагадаць, я атрымліваю грошы за тое, што займаюся канструяваннем, а не выпрабоўваннем сваіх мадэляў, — з крыўдай у голасе прамовіў Галоўны Канструктар і з гэтымі словамі накіраваўся да верталёта.
Паколькі верталёт для яго быў залішне вялікім, Галоўнаму Канструктару давялося падымацца ў кабіну па лесвіцы. Нарэшце запрацаваў прапелер, і верталёт адарваўся ад зямлі. Аднак, зрабіўшы невялікі круг над садам, ён раптам нібы папярхнуўся і заціх, прапелер перастаў круціцца.
К анстру ктарысамавукі
Верталёт упаў у сад і цудам не разваліўся на часткі. Пакуль маленькая фея і Карына дабеглі да машыны, з яе ўжо вылез Галоўны Канструктар.
— А хто мне гаварыў, што гэты верталёт самы надзейны ў свеце? — грозна спытала ў Галоўнага Канструктара Неаніла.
— А хіба не так? — пытаннем на пытанне адказаў Галоўны Канструктар. — Паглядзіце, ён упаў з такой вышыні і зусім не разбіўся. Праўда, у ім трэба замяніць прапелер — гэта зойме некалькі дзён.
Карына ўявіла, што з ёй было б, калі б яна падчас падзення верталёта з такой вышыні знаходзілася ў ім, і гнеўна сказала Галоўнаму Канструктару:
— Ды табе не тое што верталёт, табе нельга канструяваць нават... нават... Табе нічога нельга канструяваць! Таму што ўсе твае канструкцыі — гэта адны недаробкі. Верталёты падаюць з неба, цягнікі сыходзяць з рэек. А пластмасавыя чалавечкі! Іх ногі і рукі пастаянна адвальваюцца, бо мацуюцца на ненадзейных болціках і гайках.
— Што яна такое гаворыць? — нахмурыўся Галоўны Канструктар. — Хто яе падвучыў? Ваша Вялікасць, не верце ёй!
— Ах, перастань, — паморшчылася Неаніла. — Я сама не раз табе гаварыла, што твая работа часам бывае нікуды не вартая. Але, на жаль, — звярнулася яна да Карыны, — у нас няма лепшых канструктараў.
— Ёсць! — запярэчыла Карына. — I, я думаю, яны ўжо стаяць каля варотаў замка.
— He слухайце яе, Ваша Вялікасць! — залямантаваў Галоўны Канструктар. — Я ведаю ўсіх пластмасавых чалавечкаў нашай краіны. Усе лепшыя канструктары працуюць у вашым замку. He слухайце гэтую іншаземку! Адкуль яна тут узялася? Хто яе прапусціў?
Але Неаніла толькі ўсміхнулася, узяла Карыну за руку і сказала: — Пойдзем паглядзім, хто там стаіць каля варотаў замка.
Галоўны Канструктар нехаця паплёўся следам за дзяўчынкамі.
Расчыніўшы вароты, Неаніла і Карына ўбачылі чатырох пластмасавых чалавечкаў, перад якімі са стрэльбамі наперавес стаялі афіцэры-вартаўнікі, не пускаючы іх у замак.
— Вы хто? — звярнулася Неаніла да пластмасавых чалавечкаў.
Адзін з чалавечкаў зрабіў крок наперад і, працягнуўшы феі вялікія скруткі паперы, сказаў:
— Баюся, мы яшчэ не маем права называцца канструктарамі, бо ўсё, што мы прыдумалі, пакуль можна ўбачыць толькі на гэтых чарцяжах. Але мы спадзяёмся, яны вас зацікавяць. Тут мадэлі цягнікоў, аўтамабіляў і нават пластмасавых людзей. Яны больш надзейныя і даўгавечныя, чым тыя, што робяць вашы канструктары.
— Гэта змова! — замітусіўся Галоўны Канструктар. — Гэта змова! Што цяпер будзе?
Неаніла не ўзяла чарцяжы, аднак сказала:
— Добра, пойдзем у замак, і там вы мне ўсё раскажаце.
— He верце ім, Ваша Вялікасць! — заенчыў Галоўны Канструктар. — Гэта вядомыя махляры і няздары, якія толькі і думаюць аб тым, каб заняць у замку месца вашых лепшых у свеце канструктараў.
— Дазволь мне самой вырашаць, каму верыць, а каму не, — холадна прамовіла маленькая фея і павярнулася, каб ісці ў замак.
У прыгожай летняй альтанцы канструктары-самавукі расклалі на круглым століку свае чарцяжы.
— Вось, — сказалі яны, — тут усё распісана. Можаце паглядзець самі.
— Але я нічога не кемлю ў чарцяжах, — прызналася маленькая фея.
— Затое я кемлю! — крыкнуў Галоўны Канструктар, які спрабаваў дацягнуцца падбародкам да століка, але ў яго нічога не
атрымлівалася. — Я кемлю і бачу, што гэтыя чарцяжы нікуды не вартыя.
— Замаўчы! — паківала пальчыкам на Галоўнага Канструктара Неаніла і звярнулася да канструктараў-самавукаў. — Можа, вашы чарцяжы і добрыя, толькі я хацела б праверыць здольнасці кожнага з вас у канкрэтнай справе.
— Тады няхай яны адрамантуюць твой верталёт, — прапанавала Карына.
— Правільна, — пагадзілася Неаніла, — адрамантуйце мой верталёт — гэта будзе для вас першым выпрабаваннем.
Канструктары-самавукі вельмі ўзрадаваліся магчымасці паказаць свой спрыт у такой адказнай справе.
Праз паўгадзіны яны вярнуліся ў альтанку і даклалі:
— Вінтавая вось была замацавана вельмі кепска і не стаяла на сваім месцы. Мы ліквідавалі непаладку, аднак сама па сабе машына вельмі недасканалая. У нас ёсць схемы, па іх можна будаваць верталёты, якія лётаюць не толькі ўперад, але ўбок і нават назад.
— Лухта! — усклікнуў Галоўны Канструктар. — Такога не можа быць!..
— Скажыце, — перабіваючы Галоўнага Канструктара, звярнулася да майстроў-самавукаў Карына, — на верталёце, які вы толькі што рамантавалі, цяпер можна лётаць?
— Можна, хоць ён і не вельмі надзейны і разлічаны на кароткія адлегласці, — адказалі тыя.
— Ты дазволіш мне пашукаць на ім Граню? —спытала ў Неанілы Карына.
— Ну, вядома, — пяшчотна сказала маленькая фея. — Я буду рада, калі ты знойдзеш свайго сябра.
Зноў у Краіне Ведзьмаў
Верталёт ляцеў над дарогай, па якой нядаўна ішла Карына. За штурвалам сядзеў адзін з канструктараў-самавукаў.
— Дзіўна, — сказала дзяўчынка, разглядаючы кабіну, — мне здавалася, што ў верталётах павінна быць шмат розных кнопачак і правадкоў, а туг, апроч штурвала, нічога няма. Як жа ён ляціць?
— Пра гэта лепш спытаць у нашай феі, — адказаў МайстарСамавучка. — Яна ажыўляе нас і робіць так, каб маглі рухацца пластмасавыя цягнікі, машыны, верталёты.
— Значыць, ад вас, канструктараў, тут мала што залежыць? — расчаравана спытала Карына.
— Яшчэ як залежыць! — не пагадзіўся пластмасавы верталётчык. — Хіба машына можа ехаць, калі ў ёй адвальваюцца колы? Тут ніякая фея не дапаможа.
Карына мусіла пагадзіцца: і як ёй прыйшло ў галаву задаць такое недарэчнае пытанне?!
Тым часам наперадзе паказаўся лес.
— Усё, — сказаў Майстар-Самавучка, — там ужо іншая краіна.
— Табе забаронена туды ляцець? — з сумам у голасе спытала Карына.
— Можа, і не забаронена, не ведаю, але гэта вельмі небяспечна, — развёў пластмасавымі рукамі Майстар-Самавучка.
— Калі ласка, — папрасіла дзяўчынка, — мы далёка не будзем залятаць, толькі крышачку — туды і назад.
Майстар-Самавучка ўздыхнуў, але не стаў больш пярэчыць. Верталёт паляцеў над вузенькай сцежкай — і так нізка, што ледзь не чапляў вершаліны дрэў.
— Думаю, нашай феі гэта не спадабаецца, — прамармытаў Майстар-Самавучка.
Раптам наперадзе паказалася бурная лясная рака. Праз раку вяла вузенькая кладачка з трох жэрдак — далёка не кожны асмеліўся б перайсці па ёй на другі бераг.
— Дзіўна, — ледзь чутна прамовіла дзяўчынка, — няўжо я ішла па гэтай кладцы? Нічога не помню.
Рака засталася ззаду.
Нечакана сцежка, над якой яны ляцелі, злучылася з шырокай і прамой лясной дарогай, з якой у гэтым жа месцы злівалася яшчэ адна вузенькая сцежка.
— Стой! — закрычала Карына, нібы яны ехалі на аўтамабілі, а не ляцелі на верталёце. — Вось дарога, па якой мы павінны былі вярнуцца дадому. Значыць, я сышла з яе! А Граня альбо пайшоў па ёй далей, альбо павярнуў на тую сцяжынку.
— Што будзем рабіць? — спытаў Майстар-Самавучка.
— Калі Граня нікуды не зварочваў, то ён ужо, магчыма, дома. А калі ён звярнуў на тую сцежку... Давай паляцім над ёй!
Майстар-Самавучка паслухмяна развярнуў верталёт. Некалькі хвілін яны ляцелі над сцежкай, і раптам наперадзе зноў паказалася бурная рака з такой жа вузенькай кладкай з трох жэрдак.
— Ах! — усклікнула Карына. — Калі ён спрабаваў ісці па ёй...
Яна не дагаварыла.
— А цяпер што будзем рабіць? — спакойна пацікавіўся МайстарСамавучка.
— Давай сядзем каля ракі, — папрасіла Карына.
— Гэта яшчэ больш небяспечна, чым проста ляцець над тэрыторыяй чужой краіны, — папярэдзіў пілот, але, тым не менш, зрабіў так, як сказала дзяўчынка.
Карына вылезла з верталёта і агледзелася. Раптам яна заўважыла, што пад ніцай вярбой, якая расла каля самага берага, нехта ляжыць. Карына падышла бліжэй і радасна ўсклікнула:
— Граня!
Ад гучнага воклічу Граня абудзіўся, расплюшчыў вочы і недаўменна ўтаропіўся ў дзяўчынку, спрабуючы спрасонку зразумець, дзе ён і што з ім.
У наступны момант хлопчык усхапіўся на ногі і, паглядзеўшы па баках, расчаравана прамовіў:
— Ну вось, а мне снілася, што я ўжо дома, сяджу за сталом і ем смачныя аладкі са смятанай. I трэба было табе разбудзіць мяне якраз тады, калі я толькі што ўзяўся за шостую аладку, — уздыхнуў ён.
— Я разбудзіла цябе, каб ты мог не ў сне, а папраўдзе вярнуцца дадому, — сказала Карына. — Зірні, на чым мы зараз паляцім.
Убачыўшы верталёт, Граня недаверліва пакасіўся на Карыну: — Слухай, а ты ўпэўнена, што разбудзіла мяне?
— Усё залежыць ад таго, што ты бачыш перад сабой —
верталёт ці аладкі, — засмяялася дзяўчынка.
Калі яны падышлі да верталёта, Граня разгублена сказаў:
/ — Дык ён жа пластмасавы!
/ 7 " — Пачакай, ты яшчэ не так
ft z здзівішся, калі ўбачыш пілота, — St паабяцала Карына.
Праз хвіліну верталёт падняўся ў паветра і зрабіў круты разварот. У той жа момант рака ўспыхнула блакітным полыt мем і знікла. Там, дзе яна толькі што цякла, з'явіліся дрэвы. Між імі стаяла старая Аўга і трасла кулаком у бок верталёта, які хутка знікаў з яе вачэй.
— Вось ён які, твой сябар, — сказала Неаніла, з цікавасцю разглядаючы Граню, калі дзеці вылезлі з верталёта. — Ростам такі ж, як і я.
— Мой тата ў школе таксама кепска рос, — буркнуў Граня. — Затое цяпер ён самы высокі ў нашай сям'і.
— Хіба гэта так важна? — узняла бровы Неаніла, пасля звярнулася да Карыны:
— Я рада, што ты знайшла свайго сябра. Думаю, цяпер вы хутка трапіце дадому, бо ў маёй краіне ёсць дарога, якая вядзе проста ў Краіну Людзей. Але спачатку я хацела б, каб вы ў мяне павячэралі.
Карына і Граня не сталі адмаўляцца ад запрашэння і разам з маленькай феяй накіраваліся да альтанкі, у якой на століку ўжо стаялі талеркі з апетытнымі кавалачкамі смажанага мяса, гароднінай і садавінай.