Незвычайнае падарожжа ў Краіну Ведзьмаў
Алесь Бадак
Выдавец: Звязда
Памер: 200с.
Мінск 2014
— Значыць, вы таксама навучыліся чараваць? — з захапленнем усклікнула Луіза. — I таму так лёгка даведаліся, што я ўчора плакала?!
— Ну, як табе сказаць... — пачухаў патыліцу дзядуля Афрыкан. — Вядома, было б дужа спакусліва паўстаць перад табой гэткім чараўніком, які ўмее чытаць чужыя думкі, але, калі шчыра, усё куды прасцей. Мне было зусім няцяжка здагадацца аб тым, што ты плакала, калі дачытвала гэтую кнігу, бо ты заўсёды так робіш. Ці не? — хітравата ўсміхнуўся дзядуля Афрыкан.
Луіза пачырванела.
— А вы не маглі б... ну, даць мне хаця б на дзень адну з тых чароўных кніг? — няўпэўнена спытала яна.
— 0, мая даражэнькая, не крыўдуй, але, баюся, табе яшчэ рана чытаць такія кніжкі. Усяму свой час, усяму свой час. Да таго ж, цябе і так хутка чакаюць незвычайныя прыгоды.
— Незвычайныя прыгоды?!
— Можаш не сумнявацца.
— Дзядуля Афрыкан, вы нешта хаваеце ад мяне! Ну, калі ласка, раскажыце! — узмалілася Луіза.
— Я? Хаваю? — замітусіўся дзядуля Афрыкан. — Пра што ты кажаш? Я меў на ўвазе, што з такімі прыгажунямі, як ты, заўсёды адбываецца што-небудзь незвычайнае. Яны трапляюць у розныя неверагодныя гісторыі, якія заўсёды добра заканчваюцца. Вось што я меў на ўвазе, і не больш таго. I наогул, загаварыўся я з табой. А ў мяне столькі работы, столькі работы! Дарэчы, я падабраў табе новую кнігу. Вельмі цікавая казка, можаш мне паверыць. Я табе яе дару.
— Ах, што вы!
— А чаму стары хворы кнігалюб не можа падарыць кнігу такому юнаму цудоўнаму стварэнню?! Я ж такі адзінокі... Буду паміраць, напішу завяшчанне, каб пасля маёй смерці ўся мая бібліятэка належала табе.
— Вы не памрэце, — упэўнена сказала Луіза.
— Чаму? — здзівіўся дзядуля Афрыкан.
— Вы ж самі казалі, што людзі не паміраюць, а проста пераходзяць у іншы стан. Тым больш, вам вядома столькі розных таямніц, пра якія не ведае болей ніхто ў нашым горадзе.
— Сапраўды, — пагадзіўся дзядуля Афрыкан, — я казаў пра гэта. Але ўся справа ў тым, што ў іншым стане я ўсё роўна не змагу чытаць кніжкі, таму складу такое завяшчанне.
— А чаму вы не зможаце чытаць кніжкі?
— Ну... не ведаю. Вось твая казка, — дзядуля Афрыкан падаў Луізе свой падарунак, гэтым самым даючы ёй зразумець, што размова закончана.
Луіза падзякавала за кнігу, развіталася і выйшла на вуліцу.
Пра баязлівага Фоку і яго мамачку
Настаў час пазнаёміцца яшчэ з адным героем нашай гісторыі. Звалі яго Фока, і жыў ён у тым жа горадзе, што і Луіза, толькі на другім канцы. Бацькі яго вельмі любілі і ва ўсім яму патуралі, ведама, ён быў адзіным дзіцем у сям'і. Яны куплялі яму самыя лепшыя цацкі, кармілі яго самай смачнай ядой і апраналі яго ў самае лепшае адзенне.
— Ты самы прыгожы хлопчык ва ўсім нашым горадзе, — кожны дзень пяшчотна гаварыла яму мамачка Тарэза і гладзіла сынка па галоўцы.
Хоць, шчыра кажучы, далёка не ўсе іх знаёмыя так лічылі. Фока, як і яго мамачка, быў невысокага росту, пухленькі, аж занадта, таму, напэўна, і непаваротлівы. Калі ён пачынаў бегаць, то рабіў губамі вось так: «Пф-пф-ху-у-у! Пф-пф-ху-у-у!»
— Ты самы дужы хлопчык ва ўсім нашым горадзе, — кожны раз дадавала мамачка Тарэза, хоць, прызнацца, усе знаёмыя Фокі ў гэтым вельмі сумняваліся. А што ён быў надта баязлівы, дык гэта ведалі ўсе дзеці ў двары. Убачыць Фока сабаку — такога крыку наробіць, што ў тых, хто побач з ім знаходзіцца, звон у вушах
некалькі гадзін стаіць. — Мы нікому не дамо ў крыўду нашага сынка, — калыхала Фоку на каленях мамачка Тарэза і не заўважыла, як той паспеў вырасці. А калі нарэшце заўважыла, усклікнула: — Капітон! Ты толькі паглядзі: наш сын стаў ужо зусім дарослы!
Капітон — бацька Фокі — пачапіў на нос акуляры і стаў уважліва, з недаверам разглядаць свайго сына.
— I праўда, — нарэшце сказаў ён, — вырас.
— Яго трэба ажаніць! — зноў усклікнула мамачка Тарэза. — Я сама выберу нашаму хлопчыку нявесту! Гэта будзе самая прыгожая дзяўчына ва ўсім горадзе.
Мамачка Тарэза кінулася да шафы і стала выцягваць з яе самае лепшае адзенне.
— Паглядзі, які прыгожы зялёны касцюм, — сказала яна Фоку. — У гэтым зялёным касцюме ў цябе магла б закахацца нават якая-небудзь каралеўна. Мы зараз жа адпраўляемся з табой шукаць нявесту. Мы абыдзем увесь горад, мы будзем хадзіць тыдзень, месяц, а калі спатрэбіцца, і цэлы год, але знойдзем табе такую дзяўчыну, што ўсе лопнуць ад зайздрасці. I
I яны накіраваліся на пошукі нявесты. Фока і ' Jk мамачка Тарэза падоўгу блукалі па гарадскіх скверах і парках, па некалькі разоў на дзень праходзілі па самых людных вуліцах k
і праспектах, ездзілі сюды-тюды ў ,
перапоўненых аўтобусах і тралейбусах, J х /
але мамачка Тарэза адно крывілася ды цяжка ўздыхала, прыдзірліва разглядаючы дзяўчат, якія ім трапляліся.
На дзясяты дзень пошукаў мамачка Тарэза стукнула сябе рукой па лбе і ўсклікнула:
— Якая ж я дурная!
— Ну?! — здзівіўся Фока. — Атата кажа, штоты самая разумная.
— Ты мяне не так зразумеў. Я дурная, бо адразу не здагадалася, як нам знайсці найпрыгажэйшую дзяўчыну ў горадзе. А тата твой заўсёды кажа праўду.
— А як нам знайсці найпрыгажэйшую дзяўчыну ў горадзе?
— Нам трэба звярнуцца да Варажбіткі!
— Да Варажбіткі?
— Вядома. Хто-хто, а яна ўсё ведае.
Праз гадзіну яны ўжо сядзелі ў змрочным напаўпустым пакойчыку, за сталом, на якім гарэла тоненькая свечка.
Старая Варажбітка са зморшчаным тварам, з носам, які, здавалася, вось-вось дакранецца да яе падбародка, сядзела ў вялікім цвёрдым крэсле і тасавала карты.
Перад ёй на стале стаяў кубачак з кавай.
— Чорная ноч, наступі. Чорнае возера, пакажы твар, — шаптала Варажбітка.
Прамовіўшы гэтыя словы, яна кідала адну карту на стол, глядзела ў кубачак і зноў шаптала:
— Чорная ноч, наступі. Чорнае возера, пакажы твар.
— Якая ноч, якое возера?! — мармытала мамачка Тарэза. — Цяпер раніца.
— He замінай, — злосна сказала Варажбітка, кінула чарговую карту, паглядзела ў кубачак і, мабыць, зноў у ім нічога не ўбачыла. — Чорная ноч, наступі. Чорнае возера, пакажы твар.
Мамачка Тарэза не стрывала.
— Мы сядзім тут ужо цэлую гадзіну. Мы самі зможам убачыць яе твар, скажы толькі імя і адрас гэтай дзяўчыны!
— Давай, гавары! — аж падскочыў на табурэтцы Фока. — Які яе адрас?
— Дзівак, — прамармытала старая, — я магу табе сказаць нешта такое, што крута паверне тваё жыццё. Яшчэ дзесяць залатых манет.
— Што? — усклікнула мамачка Тарэза.
— Яшчэ дзесяць залатых манет пакладзіце на стол — твар ніяк не хоча з'яўляцца.
— Дзесяць?! А ці не замнога табе будзе?!
— Мая варажба наогул не мае цаны, а ты, жанчына, трасешся над нейкімі дзесяццю дробнымі манетамі.
— Дзесяццю? Ды мы ўжо выклалі не менш пяцідзесяці! — закрычала мамачка Тарэза.
— Ну, хай — над пяццюдзесяццю, — спакойна сказала старая. — Якая розніца?!
— Але яшчэ пяцьдзясят мы выклалі, калі ўвайшлі сюды, — нагадала мамачка Тарэза.
— Ага, выклалі, — пацвердзіў Фока.
— Ну і што? — паціснула плячыма Варажбітка, быццам не разумеючы, з-за чаго тут спрачацца.
— I яшчэ пяцьдзясят павінны будзем выкласці, калі ты назавеш імя гэтай дзяўчыны?!
— Зноў пяцьдзясят, — кіўнуў галавой Фока.
— Ну, павінны, — абыякава сказала Варажбітка. — Чым больш залатых манет вы дасце, тым больш я змагу вам расказаць.
— Дык нам трэба толькі... — пачала мамачка Тарэза, але Варажбітка яе перабіла.
— Я ж вас папярэджвала, што такімі дробязямі я не займаюся, — пакрыўджана сказала яна. — Імя хай адгадваюць тыя, што цэлымі днямі ходзяць па горадзе з працягнутай рукой. А зараз не замінайце мне, пакуль зямныя і нябесныя духі не пакрыўдзіліся на мяне.
I яна зноў зашаптала:
— Чорная ноч, наступі. Чорнае возера, пакажы свой твар.
— За такія грошы, — прамармытаў Фока, — я б і сам навучыўся размаўляць з духамі і расказваў бы, што з кім некалі адбудзецца.
Але Варажбітка не чула яго. Яна ўважліва глядзела ў кубачак, вочы яе рабіліся ўсё большымі, а губы шапталі незразумелыя словы:
— Шардома зандоры... атома чарборы...
Апошняя з кінутых Варажбіткай на стол карт раптам пачала рухацца сама па сабе.
Рукі старой затрэсліся, і яна зашыпела:
— Грошы, кідайце грошы!
Мамачка Тарэза дастала з сумачкі некалькі манетак і кінула іх на стол, заварожана пазіраючы на карту, якая рухалася да краю стала.
Нечакана кава ў кубачку пачала святлець і ператварылася ў люстэрка.
— Чорнае возера, дзякуй табе, — шаптала старая. — Чорная ноч, дзякуй табе.
Раптам у кубачку, быццам на экране тэлевізара, з'явіўся твар Луізы. Дзяўчына сядзела на лаўцы каля свайго дома і чытала кнігу— Божа, якая яна харошанькая! — усклікнула мамачка Тарэза. — Я хачу ажаніцца з ёй! — запляскаў у далоні Фока.
— Цішэй вы! — зашыпела Варажбітка. — Вы замінаеце слухаць.
— Што слухаць? — здзіўлена спытала мамачка Тарэза. — Хіба ты што-небудзь чуеш?
— Яе імя... — закаціўшы вочы, прашаптала старая, — яе імя Луіза. Яна жыве... яна жыве... на вуліцы Сонечнай.
Але нечакана твар Луізы знік, і замест яго з'явіўся твар Фокі.
— Глядзі, — здзіўлена ўсклікнула мамачка Тарэза, — глядзі, Фокачка, гэта ж ты!
Фока заззяў ад радасці:
-Гы-гы-гы!
I тут яго твар у кубачку знік. Замест Фокі паказалася нейкая пачвара.
— Мама! — спалохана адскочыў ад стала Фока. — Хто гэта?
— Хто гэта? — паўтарыла сынава пытанне мамачка Тарэза.
Але Варажбітка маўчала.
Раптам кава ў кубачку закіпела і пачала вылівацца з яго. Кава была пунсовага колеру, нібыта кроў.
— Што гэта такое? — закрычала мамачка Тарэза.
Фока са страху палез пад стол.
Адна Варажбітка нерухома сядзела ў крэсле і моўчкі глядзела, як разліваецца па стале кава пунсовага колеру.
— Старая вядзьмарка! — не вытрымала мамачка Тарэза і сціснула кулакі. — Што ўсё гэта значыць?
Але Варажбітка адказала толькі тады, калі ў кубачку не засталося ні кроплі вадкасці.
— Забудзься на Луізу, — змрочна сказала яна Фоку, які спалохана высунуў галаву з-пад стала.
— Што ты плявузгаеш, старая вядзьмарка?! — ускіпела мамачка Тарэза. — Мой сын возьме яе ў жонкі!
— Забудзься на Луізу, — паўтарыла Варажбітка. — Яна не для цябе.
— Замаўчы! — не сунімалася мамачка Тарэза. — Якраз-такі яна толькі для яго.
Фока разгублена лыпаў вачыма і не ведаў, што казаць.
— He спяшайся насустрач сваёй смерці, — паківала галавой Варажбітка.
— Што?! — громам пранёсся па пакоі голас мамачкі Тарэзы. — Старая вядзьмарка! Як ты магла такое ляпнуць?! Прайдзісветка! Фокачка, мы ідзём адсюль!