Незвычайнае падарожжа ў Краіну Ведзьмаў
Алесь Бадак
Выдавец: Звязда
Памер: 200с.
Мінск 2014
~ Як табе сказаць... — дыпламатычна пачаў Сенбернар. — Для Ваўкалака ты, відаць, трымаешся цудоўна. Але як... кавалер... Ну, уяві сабе, што я — гэта ты, а Даберман — гэта Луіза.
Сенбернар накіраваўся да Дабермана і з усёй ветлівасцю, на якую толькі быў здатны, сказаў:
— Мілая Луіза, ці не зробіш ты нам ласку і ці не паснедаеш разам з намі?
Даберман расплыўся ва ўсмешцы.
— Чаго ты скалішся, боўдзіла лапавухае? — ускіпеў Сенбернар. — Ты адказвай, калі ў цябе пытаюцца.
— Я з радасцю з вамі паснедаю, — пакланіўся Даберман.
— 0, на табе сёння такая прыгожая аксамітная сукенка. Яна табе так пасуе, — працягваў Сенбернар. — Дзе ты яе купіла?
— Мне падарыў яе адзін французскі дыпламат, — заўсміхаўся Даберман.
— Дурань, — уздыхнуў Сенбернар і звярнуўся да Ваўкалака: _ карацей, усё павінна выглядаць прыкладна так. Ты павінен расцякацца перад ёй, як марожанае ў саракаградусную спякоту. Гавары, гавары і гавары з ёю. Чым больш яна будзе размаўляць, тым большая верагоднасць, што яна нарэшце скажа чароўныя словы.
— Добра, — паціснуў плячыма Ваўкалак, — я паспрабую. Хоць...
— Ну, што яшчэ? — нахмурыўся Сенбернар.
— Я не самая лепшая кампанія для такой дзяўчынкі. I варта мне толькі будзе ўсміхнуцца, вось так... — Ваўкалак выскаліўся, паказваючы свае страшныя іклы. Сенбернар, які стаяў побач, ад нечаканасці адскочыў убок, — як ёй захочацца не размаўляць са мной, а ўцякаць ад мяне куды вочы глядзяць, — закончыў Ваўкалак.
Сенбернар пачухаў галаву і прамовіў:
— Вядома, ёй давядзецца прывыкнуць да цябе... Мы таксама не адразу... Але, у рэшце рэшт, ты сам сказаў ёй, што яна застанецца тут назаўсёды.
— Я не магу чакаць доўга! — зароў Ваўкалак. — Яшчэ некалькі месяцаў, і ўжо ніякія чароўныя словы не дапамогуць нам зноў стаць людзьмі.
— Слухайце, — умяшаўся ў размову Даберман, — так мы будзем спрачацца бясконца. Я пайшоў клікаць дзяўчынку снедаць, а там будзе відаць, што нам рабіць далей.
Ваўкалак нічога не адказаў на гэта, адно цяжка ўздыхнуў.
Праз паўгадзіны ўсе сабраліся на кухні. Тут, як і ва ўсім доме, гарэлі свечкі. Іх было шмат, і зыркае святло даставала ва ўсе закуткі. Сіямская Кошка завіхалася каля газавай пліты, разлівала па талерках гарохавы суп. Папугай Лоры наразаў хлеб.
— Добрай раніцы! —сказала Луіза, выбіраючы позіркам месца, куды б ёй сесці.
Яна ўбачыла папугая, які наразае хлеб, з усмешкай кіўнула яму галавой, і паўтарыла:
— Добрай раніцы!
Сенбернар нахіліўся да самага вуха Ваўкалака і прашаптаў:
— Скажы ёй «добрай раніцы»!
Ваўкалак у нерашучасці пачаў круціцца ў крэсле, быццам сеў на нешта гарачае.
— Ну, давай жа, хутчэй! — падганяў яго Сенбернар. — А пасля скажы: «Як табе спалася, дзяўчынка?»
— Як вам спалася? — раптам спытала Луіза і абвяла ўсіх вясёлым позіркам.
Ваўкалак, які ўжо сабраўся з духам і раскрыў рот, каб задаць ёй тое ж самае пытанне, ад нечаканасці аж здрыгануўся і закашляўся.
— Вы не прастудзіліся часам? — спагадліва спытала Луіза.
— Так... хоць не... хоць... добрай раніцы... як табе спалася, дзяўчынка? — як заведзены, замармытаў Ваўкалак.
— 0, мне сніўся цудоўны сон, — летуценна прамовіла Луіза. — Быццам прыгожая фея, уся ў белым і зіхоткім адзенні, паслала мяне ў далёкую краіну, каб я расчаравала там аднаго юнага каралевіча, якога злая Вядзьмарка ператварыла ў мядзведзя.
Пачуўшы гэта, Папугай Лоры ўпусціў нож, а Сіямская Кошка ледзьве не звалілася з услончыка, пры гэтым чарпак з гарохавым супам пацэліў міма талеркі. Даберман раптам закашляўся, а Сенбернар падскочыў, быццам яго выцяла токам. Ваўкалак вырачыў
вочы і разявіў рот. «Ура!» — зразумеўшы словы дзяўчынкі пасвойму, запляскала ў ладкі Маленькае Сіямскае Кацяня, пасля чаго ўсе ўтаропіліся ў Луізу.
Луіза стаяла з заплюшчанымі вачыма, быццам у гэтае імгненне зноў апынулася недзе там, у сваім начным сне. Нарэшце яна расплюшчыла вочы, уздыхнула і сказала:
— Шкада, што гэта быў усяго толькі сон. Я так люблю розныя
прыгоды.
— Толькі сон? — расчаравана перапытаў Сенбернар.
— Толькі сон? — як рэха, паўтарыў Даберман.
— Значыць, табе гэта ўсё
прыснілася, — ціха прамовіла Маленькае Сіямскае Кацяня, — і ты не зможаш...
— Хопіць! — раптам крыкнуў Ваўкалак і з усяе моцы стукнуў кулаком па стале. — Больш ні слова! Есці! Я хачу есці!
візіт
Яна знікла! Яна збегла ад нас! — мамачка Тарэза нервова хадзіла з кутка ў куток. — Я ўчора паўдня прасядзела каля яе дома, але там так ніхто і не з'явіўся!
— Можа, вы яе чым пакрыўдзілі ці напалохалі? — нясмела сказаў Капітон — бацька Фокі.
Сам Фока сядзеў на канапе і, пакручваючы пальцам у носе, глядзеў па телевізары мультфільм.
^Мамачка Тарэза бліснула на мужа злымі вачыма, і гнеў, які доўга блукаў па закутках яе душы, нарэшце вырваўся на волю.
— А ты, стары пень, што ты зрабіў для шчасця свайго адзінага сына?!
— А што я... — прамармытаў Капітон.
w А тое, — не дала яму дагаварыць мамачка Тарэза. — Ты ўжо даўно павінен быў абабегчы ўвесь горад, знайсці і прывесці сюды гэтую дзяўчынку.
— Але яшчэ ўчора ты казала, што яна сама прымчыцца сюды, як міленькая, насустрач свайму шчасцю, — паціснуў плячыма Капітон.
Казала! I прымчалася б! Каб... каб... Каб не засаромелася. Фокачка!
— Ну? — нехаця адазваўся Фока.
— Я ведаю, што нам трэба зараз зрабіць.
— Ну?
Збірайся, мы ідзём да Варажбіткі. Яна, пэўна, ведае, дзе цяпер знаходзіцца твая нявеста.
— Думаеш, яна нам што-небудзь выкладзе пасля ўсяго, што мы ёй нагаварылі ў мінулы раз? — ухмыльнуўся Фока.
— Выкладзе! — упэўнена сказала мамачка Тарэза.
— Чаму?
— Таму што размаўляць з ёй будзем не мы.
— А хто ж тады? — здзівіўся Фока.
— Ён! — мамачка Тарэза паказала на Капітона.
Праз некалькі хвілін яны ўжо стаялі каля дома старой Варажбіткі. Капітон уздыхнуў і няўпэўнена націснуў кнопку ў жалезнай, на маленькіх дзірачках, скрынцы дамафона. Дамафон тут жа ажыў.
— Каго там яшчэ ліха прынесла? — спытаў ён голасам старой Варажбіткі.
— Мяне... Дакладней, нас... Хоць не, мяне... — запінаючыся на кожным слове, сказаў Капітон.
— Мяне, нас, — перадражніла Варажбітка. — Імя, прозвішча і чаго прыцягнуўся?
— Я Капітон, бацька Фокі, самага прыгожага жаніха ў горадзе.
— Як жа, як жа, чула, — насмешліва сказала старая. — А дзе ж твой сынок?
— Тут ён.
— А мамачка Тарэза? — ажывілася Варажбітка.
— Таксама тут, — адказаў Капітон, не звяртаючы ўвагі на тое, што мамачка Тарэза спачатку пацягнула яго за рукаво кашулі, а пасля шматзначна пакруціла пальцам каля скроні.
— Мы да цябе па справе, бабуля, — з ветлівасцю, на якую быў здатны, сказаў Капітон.
— Бабуля?! — зарагатала старая. — Ці даўно я для вас стала бабуляй? Раней вы мяне інакш называлі. Ці забылі, ці здарылася што? Ніяк вашаму сынку зноў мая дапамога спатрэбілася, га? Гэтаму таўстуну, з якога фанабэрства прэ, як вада з дзіравай бочкі.
— Ты прабач яго, бабуля, — спешна загаварыў Капітон. — Гэта ён ад моцнага кахання такі зрабіўся. Вось ажэніцца і слова кепскага нікому не скажа, муху не пакрыўдзіць.
— Ага, як жа, — буркнула Варажбітка. — А то я не ведаю вашага сынка ці вас.
— Ды хопіць табе, бабуля, мінулае ўспамінаць, — не вытрымала мамачка Тарэза. — Мы ж на цябе не крыўдуем, што ты нашы грошы тады ў смецце ператварыла. Усё роўна вось зноў да цябе прыйшлі.
— Ага, прыйшлі, але ж, мусіць, не ў карты гуляць, не каву з булкаю піць! Што вам яшчэ трэба?
— Ды вось Фокачка просіць, каб ты яму зноў паваражыла.
— Бач ты, паваражыла! Вы ж мне яшчэ мінулы доўг не аддалі. Ці ўжо забыліся пра яго?
— Памятаем, усё памятаем. I ўсе даўгі табе вернем. Адно паваражы.
— А ці ёсць у вас грошы? — спытала старая. — Мо вы за гэты час абжабрачыліся зусім, адкуль я ведаю?!
— Ну, гэта ўжо занадта! — заскрыгатала зубамі мамачка Тарэза. — Каб пра мяне такое гаварылі!
Але яна неяк стрымала сваю злосць і дастала з кішэні залатыя манеты:
— Вось грошы. Чуеш, як звіняць?
— Чую, чую, — адазвалася старая.
— Дык што, нам можна заходзіць?
— А колькі заплоціце? — спытала Варажбітка.
— Пяцьдзясят залатых манет, — адказала мамачка Тарэза.
— Выкіньце іх у сметніцу, — фыркнула Варажбітка.
— Колькі ж ты хочаш?
— Сто пяцьдзясят, — пасля кароткага маўчання адказала старая.
— Яна там, мабыць, з глузду з'ехала! — ціха прамовіла мамачка Тарэза, а ўголас, тым не менш, сказала: — Добра, мы згодныя.
— Ну, тады заходзьце, — праз смех прамовіла Варажбітка, і дзверы яе дома сталі павольна адчыняцца.
Першай зайшла мамачка Тарэза, за ёй Фока, апошнім заявіўся Капітон. У той жа момант пачуліся шум, крыкі, грукат. Няпрошаныя госці адзін за адным вылецелі з дому, быццам за імі гналася зграя сабак. Усе яны былі мокрыя з ног да галавы, нібы толькі што вылезлі з рэчкі. Следам за імі ляцелі талеркі, кубкі, патэльня, венік і яшчэ невядома што.
— Гэй, куды ж вы?! — рагатала старая. — А як жа варажба? Вы што, перадумалі?
— Ты бачыў, хто ў нас кідаўся? — спытала мамачка Тарэза ў Капітона.
— Ды яны, здаецца, самі паляцелі, — разгублена адказаў той, прыспешваючы хаду.
— Ну і вядзьмарка! — прашыпела мамачка Тарэза. — Каб за ёй самой усё жыццё талеркі ды патэльні лёталі!
Новыя клопаты
— Яна спускаецца па лесвіцы, — ціха сказаў Сенбернар Ваўкалаку, асцярожна высоўваючы з-за дзвярэй пысу.
Ваўкалак нервова хадзіў па сваёй спалыні, і ў яго вачах былі неспакой і насцярога.
— Яна прайшла міма кухні і накіравалася ў пярэдні пакой, — праз некалькі імгненняў паведаміў Сенбернар, стоячы каля лесвіцы.
Ваўкалак уткнуўся галавой у дзверы і нервова зашкроб па іх кіпцюрамі.
— Яна разглядае на сцяне карціну. Яна азіраецца па баках... Яна...
Сенбернар спалохана змоўк.
— Ну?! — глуха зароў Ваўкалак. — Што яна робіць?
— Яна адчыніла дзверы... і выйшла з дому, — разгублена прамовіў Сенбернар. — Спыніць яе?
— He трэба, — пасля хвіліннай паўзы змрочна адказаў Ваўкалак. — Хай...
У голасе яго чуліся боль і безнадзейнасць.
Луіза выйшла на ганак і азірнулася навокал. Да гэтага часу і дом, і сад яна бачыла толькі ў цемры, і тады яны здаваліся ёй змрочнымі і таемнымі. Цяпер усё ззяла ў сонечных промнях, ласкава спявалі птушкі, ціха шумелі дрэвы.
Дзяўчынка крыху пастаяла на ганку, а потым няўпэўнена ступіла на сцяжынку, якая вяла ў сад. Вакол расло шмат дрэў: яблыні, грушы, вішні, слівы. Паміж дрэвамі былі раскіданы клумбы, але, бог